Што гаворыць вулiца

Што гаворыць вуліца
“Што вы ведаеце пра Смаргонь?” — з такім пытаннем я выйшаў на вуліцы Мінска. З сарака апытаных сталіцы дакладна адказалі на пытанне, дзе знаходзіцца Смаргонь, і чым знакаміты горад? — адзінкі. Два іракцы кідалі на мяне хуткія позіркі, не разумеючы, чаго ад іх хочуць. Трапіўся адзін азербайджанец, тры расіяніны, адна жыхарка Прыбалтыкі, і адна госця з Украіны. Астатнія — беларусы, хоць прыкра прызнаваць, але зусім мала ведаюць пра Смаргонь.
“Ну ёсць такі горад”, — “А чым ён адметны? — пытаюся”. — “Без паняцця”. — “Можа і чуў нешта, але ніякай асацыяцыі не ўзнікае”.
Мужчына сярэдніх гадоў успомніў, што ў Смаргоні “ёсць аўтатрактарны завод”.
Ваеннаслужачы: “Напэўна, там ёсць пагранатрад, бо горад знаходзіцца недалёка ад мяжы”.
— Там будзе праводзіцца Дзень беларускага пісьменства, дакладна, шостага верасня. Добры горад, ціхі і спакойны. А яшчэ Смаргоншчына —  радзіма Багушэвіча, знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці, — нарэшце-такі, дачакаўся я больш падрабязнага адказу, бо напаткаў на вуліцы сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Праўдзіна.
Жанчына гадоў 50-ці: “Добры старажытны горад. Заходні, Гродзенскай вобласці. Людзі шляхетныя там жывуць, і культура на належным узроўні”. На маё пытанне, ці ведае яна, што ў Смаргоні будзе праходзіць чарговы Дзень беларускага пісьменства, адказала: “Чула па радыё”.
— Я не мясцовая. Жыву ў Шаўляі. Напэўна, невялікі гарадок.
“Назву ведаю і ўсё. Сорамна, але нічога не ведаю пра саму Смаргонь”.
— Ведаю, што ён на Паўночным Захадзе Беларусі, Гродзенская вобласць.
— Чым ён цікавы ў гістарычным аспекце? Дакладна не ведаю, але ведаю, што ўсе нашы гарады — шматпакутныя і патрабуюць вялікай увагі. Канешне ж, там хапае знакамітых гістарычных мясцін і помнікаў. Словазлучэнне “мядзвежая акадэмія”? Нешта чула, але не ўспомню… Разумеце, я раней працавала настаўнікам, дык пра Дзень беларускага пісьменства ведала шмат, усе настаўнікі рыхтаваліся  да першага ўрока, але цяпер я на пенсіі.
Мая ўнучка вучыцца ва ўніверсітэце, прыходзіцца вучыцца разам з ёю: вывучаем беларускую мову, гісторыю беларусі, і старажытную беларускую літаратуру. Колькі я адплакала над гэтай беларускай гісторыяй. Гэта багацейшы пласт, які мала хто ведае, акрамя спецыялістаў ды студэнтаў. І наша гісторыя — не меньш багатая, чым гісторыя любой краіны. Мова цудоўная. Трэба вывучаць. І над Філіповічам мы плакалі, і над Скарынам…
Гістарычная даведка: у ХVІІ ст Радзівілы заснавалі так званую Смаргонскую акадэмію — жартоўная назва промыслу адлову і дрэсіроўкі мядзведзяў. У краязнаўчым музеі могуць паказаць спецыяльныя капаніры-печы — прыстасаванні для  дрэсіроўкі. Распальвалася печ, і на разагрэты чарэн выпускалі мядзведзя, білі рытмічна ў бубен — і калі мядзведзю пачынала прыпякаць пяткі, ён пачынаў перамінацца з нагі на нагу, пад такі своеасаблівы танец падбіраўся барабанны бой — замацоўваўся ўмоўны рэфлекс. І пазней, засвоіўшы навуку, касалапы, пачуўшы гук бубна ці барабана, пачынаў танцаваць.
Часта людзі, адказваючы на пытанне, быццам і не чуюць самога пытання, а пачынаюць гаварыць пра тое, што ім баліць — так, сустрэты мною на вуліцы дзядок-пенсіянер аб’явіў: “Пра Смаргонь мала што ведаю, але я ведаю іншае…” — і пачаў гаварыць пра засілле падхалімажу, лізаблюдства, халопства, скончыўшы ўрэшце тым, што “народ выключны, добразычлівы і ён годны лепшай долі”.
“Гэта на мяжы з Літвой. Гродзенская вобласць”.
— Мы не мясцовыя, з Волгаграда прыехалі.
Мікола Гіевіч: “Там будзе адкрыты помнік Францішку Багушэвічу. Гэта вельмі старажытны і прыгожы гарадок. Раней — яўрэйскае мястэчка”.
* * *
Хоць і гавораць, што язык да Кіева давядзе, я засумняваўся: ці давёў бы мяне язык са сталічнай вуліцы, хаця б да Смаргоні?
Прыйшла ідэя — ужо ў іншых людзей спытацца пра другое: “Каго з беларускіх пісьменнікаў вы любіце, ведаеце і чытаеце?”.
Каля сотні апытаных не расшырылі межы маёй абазнанасці ў веданні нацыянальнай літаратуры. Дзевяноста працэнтаў адказаў аказалася аднатыпнымі: “Якуб Колас, Янка Купала і Максім Багдановіч”, сёй-той дадаваў да “святой тройцы нацыянальнай літаратуры”, яшчэ некалькі прозвішчаў: Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Максім Танк, , Янка Брыль, Ніл Гілевіч … І зусім  рэдка ўзгадваліся прозвішчы іншых пісьменнікаў.
 “Вершы чуў, але назваць прозвішчы не магу. Таму што цяпер радыё і тэлебачанне вельмі мала часу адводзяць пісьменнікам, мастацтву і культуры. Усё большы акцэнт робяць на бізнесе, ідзе суцэльная рэклама і камерцызацыя”.
“Якуб Колас, Янка Купала… Сучасных, на жаль, ведаю мала. Нікога не ўспомню. З класікаў — Мележ, Быкаў, Чорны, Крапіва… Працую ў медыцыне”.
“Мне болей падабаюцца нашы беларускія рок-гурты, яны спяваюць добрыя тэксты на роднай мове: “Нейрадзюбель”, “Крама”, “Палац” — самі пішуць і спяваюць па-беларуску, вось гэтых пісьменнікаў мы і слухаем разам з музыкай, — адказала купка маладых людзей”.
“Шмат каго ведаю з класікаў. Самыя любімыя — Якуб Колас і Максім Багдановіч. Кузьму Чорнага люблю. З сучаснікаў — складана. Чытала вершы Леаніда Дранько-Майсюка ў перыядычных выданнях, нават зборнік яго ёсць. Паэтаў апошніх дзясяцігоддзяў амаль не ведаю”.
І зноў аднатыпныя адказы з двух-трох успомненых прозвішчаў. І раптам адказ маладой дзяўчыны прыемна здзівіў: “Вам якіх, тых што жывуць, ці якіх ужо няма? — удакладніла яна”. І пайшоў пералік класікаў: Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Кандрат Крапіва, Францішак Багушэвіч, Уладзімір Караткевіч, Максім Танк, Янка Брыль…
З Маладзейшых успомніла Віктара Шніпа і Людмілу Рублеўскаую, Міколу Мятліцкага, з самых маладых — Рагнеда Малахоўскага і Зміцера Вішнёва.
Аказалася, натрапіў на журналістку беларускага радыё Вольгу Семашка — яна займаецца на радыё беларускай літаратурай. Задаў больш канкрэтнае пытанне адносна захавання беларускай мовы: “Наколькі цяперашні стан з ужываннем роднай мовы ў грамадстве можа сказацца на развіцці беларускай літаратуры?”.
— Беларускія пісьменнікі, на тое і пісьменнікі, каб захоўваць мову. Літаратура, перш за ўсё — паэзія і проза, і ўсе астанія пісьмовыя крыніцы — гэта захавальнікі мовы. Так было спрадвеку. Так павінна заставацца і цяпер. Беларускія пісьменнікі (не тое, што абавязкова павінны, але асабіста я аддаю перавагу тым, якія пішуць на роднай мове), хаця ні ў якім разе не хачу дыскрэдытаваць тых, якія пішуць па-руску. Часам таксама з’яўляюцца цікавыя творы і на рускай мове. Сярэднестатыстычныя беларусы не чытаюць белетрыстыку на роднай мове, яны яе чытаюць па-руску. І калі чытаюць, то думаюць, што гэта рускія аўтары. А калі капнуць глыбей — усе яны беларусы. Але высокаінтэлектуальная літаратура з’яўляюцца перш за ўсё на роднай мове.
Зноў наплывае натоўп, ідуць насустрач людзі. Не ўсе спыняюцца хаця б дзеля таго, каб даведацца, што ад іх хочуць. Не ўсе ахвотна ідуць на кантакт і адказваюць на пытанне: “Класікаў заўсёды чытаю. З сучасных зараз успомню... А калі рускамоўных? Анатоль Андрэеў шмат выдаецца. Па-праўдзе кажучы, болей нікога не помню”.
Вось яшчэ некалькі тыпічных адказаў мінскай вуліцы: “Макаёнка, Коласа, Купалу… Артура Вольскага і Віталя Вольскага. Уладзіміра Караткевіча. Сучаснікаў не ведаю… Працую ў Тэатры юнага гледача”, “Максіма Багдановіча, Якуба Коласа. Сучаснымі не цікавілася. Я псіхолаг”, “Нікога не ведаю. Пытанне не да мяне”, “Пятрусь Броўка. Змітрок Бядуля”, “Я сам маскаль, але вельмі люблю Караткевіча і Васіля Быкава”, “Якуб Колас, Янка Купала. Сама родам са Стоўбцаў. Зараз жыву ў Амерыцы. Штат Нью-Джэрсі”.
“Рэдка чытаю кніжкі. Уладзімір Караткевіч — мой любімы пісьменнік. Колас, Мележ, Купала, Багдановіч… Сучаснікі? Алесь Камароўскі, Рыгор Барадулін, Яўген Хвалей, Мікола Маляўка… Адзін з іх мой бацька, але не скажу хто”.
“Шамякін, Быкаў, Мележ, Чыгрынаў… Я вучылася ў беларускай школе, у мяне была добрая настаўніца беларускай мовы. Зараз вучуся ў Беларускім педагагічным універсітэце імя Максіма Танка”.
“Пімен Панчанка, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, Янка Брыль. Вучуся ў тэхналагічным коледжы”.
“Якуба Коласа, Францыска Скарыну. Пімена Панчанку. З сучасных ведаю толькі свайго хроснага бацьку — Ігар Лосік, піша вершы па-беларуску”.
“Люблю ўсіх класікаў, пачынаючы з Коласа, Багдановіча, Купалы, Дуніна-Марцінкевіча. З сучасных, напэўна, нікога не назаву. Не так даўно памёр  Быкаў. Я выкладаю гісторыю ў гімназіі”.
“Васіля Быкава, Францішка Багушэвіча, Міколу Гусоўскага, Ларысу Геніюш. З сучасных забыўся імя. Зходу не скажу. Скончыў “Наргас”, зараз вучуся ў Вільні”.
“Якіх вы маеце на ўвазе? Аркадзь Куляшоў, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч — гэта паэты. Дранько-Майсюк, Тарасаў. Шмат яшчэ каго можна згадаць. Багдановіч, Кандрат Крапіва. З сучасных вельмі падабаецца Сыс, на жаль памёр Анатоль Сыс. Лера Сом — вельмі люблю яе вершы. Я — беларуска, і гэтым ганаруся. Магу назваць беларускіх бардаў, часта слухаю іх песні. Сержук Сокалаў-Воюш, Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, я яго часта слухаю. Андрэй Мельнікаў. Зміцер Бартосік — мы самі са Светлагорска. Прыехалі ў госці”.
“Якуб Колас, Янка Купала, Кандрат Крапіва. З сучасных — не! Яны нічога не пішуць добрага, усе прадаліся за сачавічную поліўку. Вы што думаеце, я не валодаю роднай мовай?”.
Пры пяці працэнтах ужывання роднай мовы ў побыце, не такая ўжо і благая статыстыка. Як вядома, статыстыка працуе на вялікіх лічбах. І нічога дзіўнага няма ў тым, што з сотні апытаных мною людзей, успомнілі толькі паўтара дзесятка прозвішчаў. Пэўна, калі б я спытаўся пра сучасных рускіх пісьменнікаў, вынік быў бы аналагічным. Сучасных  пісьменнікаў ведаюць мала — гэта факт. Для таго, верагодна, і задумваліся Дні беларускага пісьменства, каб пісьменнікі  самі ішлі да свайго патэнцыяльнага чытача.

2009 г


Рецензии