Дзякуй за перамогу

А вам калі- небудзь дзядулі ці бабулі расказвалі казкі на ноч? Можа і расказвалі, але прыгодніцкія казкі сучасных пісьменнікаў. А вось мая бабуля, была на дзіва ўсім  незвычайным чалавекам. Кожны вечар яна сядала каля майго ложка і расказвала мне дзівосныя, і ў той жа час, жудасныя, напоўненыя болем, ваенныя  гісторыі. Пад час такіх “падарожжаў у мінулае” яе твар змяняўся: вочы нібыта станавіліся цьмянымі, нежывымі, а ў голасе з’яўлялася нейкая напружанасць, быццам яна перажывае ўсё гэта зноў. У такія моманты я заплюшчвала вочы і спрабавала ўявіць карціны таго часу, адчуць усё гэта, каб зразумець, што перажыў мой самы блізкі і дарагі чалавек. Аднойчы ўвечары, калі на небе ўжо зіхацелі зоркі, бабуля пачала апавядаць адну са сваіх гісторый…
“Вайна – гэта ліхалецце.  Ведаеш, даражэнькая, у тыя гады я засынала з трывогай на сэрцы. Калі я заплюшчвала вочы, то думала толькі пра адно – пабачыць ранішняе сонейка і жораваў, якія, нібы прадвеснікі жыцця, ляталі ў блакітным небе.  У тыя часы кожны чалавек маліў Бога яшчэ аб адным дні, каб паспець развітацца з блізкімі…“  Пасля гэтых слоў яна цяжка ўздыхнула, выпіла глыток сцюдзёнай вады і працягнула: “Вёскі рабавалі, немцаў і паліцаяў адны  ненавідзелі, іншыя баяліся. На кожнай хаце павінна была быць дошчачка з імёнамі ўсіх жыхароў  будынка, а калі выпадкова “прышлыя” прыходзілі і бачылі лішніх, то дабра можна было не чакаць… Аднойчы да нас у вёску прыйшлі немцы. Жыла я тады ў вёсцы Стайкі Багушэўскага раёна. Наша вёска налічвала 50 дамоў. Немцы сагналі ўсіх жыхароў у чатыры хаты, забралі партызан, павялі на могілкі і расстралялі, а іх сем’і павінны былі выкапаць сваім родным магілы…” – яна заплакала. Я ніколі не бачыла, каб гэтая сталая, поўная жыцця асоба плакала. Я ўстала з ложка, абняла яе і сказала: “Усё добра, бабуля, не перажывай, гэта прайшло, зараз у цябе ёсць я… Абяцаю, што абараню цябе ад усяго!” Яна ўсміхнулася : ”Я ведаю, унучачка. Ну, што працягнем… Немцы забралі ўсіх жывёл, але мая маці паспела схаваць кароўку. Вось так і выйшла, што на вёсцы засталася адна кароўка. Маці давала малако ад яе хворым дзеткам, а калі нам не было чаго есці, то яна адпраўлялася ў Оршу за 25 кіламетраў ад дома, каб аднесці малако на продаж. За атрыманыя грошы яна купляла бохан хлеба і дзяліла яго паміж пяццю дзеткамі, а калі і суседскія дзеці прасілі есці, то яна ніколі ім не адмаўляла. Часам мы збіралі гнілую бульбу, бо ежы зусім не было, маці гатавала вельмі смачныя гацакі з яе, якія мы бралі ў школу. Дарэчы, і сумкі маці рабіла нам сама. Калі прыходзілі ў школу, то настаўнікі плакалі, бо хадзілі мы босыя. Памятаю, што адна настаўніца заўсёды паўтарала:
- За што, за што вам і нам такое гора!!!!!!!
Потым з’явілася яшчэ адна навала – тыф. Мой малодшы брат Лёня захварэў на тыф і памёр, маці вельмі гаравала. З кожным днём я ўсё больш і больш марыла пра перамогу і верыла, што такі дзень настане...” – яна замаўчала. Гэтае маўчанне азначала, што на сення расказаў хопіць. Яна пацалавала мяне, накрыла коўдрай і выйшла з пакоя. А я яшчэ доўга не магла заснуць, бо думала, як добра, што мы не пазналі гэтых жахаў, была ўдзячна ўсім ім за мірнае неба над галавой.

*гацакі – дранікі, дзіруны.


Рецензии
Дзякуй, для мяне гэта была асноўная мэта.

Белорусочка   26.07.2014 03:20     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.