Мроя першая. Дзецi грэшнiкаy

Гэта ўжо адбывалася. Калісьці даўно, неймаверна даўно, была золкая ноч, такая ж, як сёння. Ветах глядзеў з-за свінцовых хмар, бялеў у цемры верставы слуп, небрукаваная дарога стужкай вілася між зжатымі палямі, а далёка на ўзлессі чырвоным і зялёным успыхвалі воўчыя вочы. Я стаяла на ўзбочыне, чакаючы паўночны дыліжанс, і ўсё было, як цяпер: і касмылі туману, што падымаліся з лагчын, і грудок сельскіх могілак воддаль дарогі, зарослай па краях шыпшынай і высокім, у рост чалавека, чарнабыльнікам. Тады я была гадоў на дваццаць маладзейшая, і са мной было маё дзіця. Мой сын. Кволы хлапчук у куртачцы з лапікамі на рукавах, з бялявымі валасамі і скурай такой тонкай, што здаецца, пад ёй свецяцца ўсе костачкі. Малы капрызіць, просіцца на рукі, я з прыкрасцю адштурхваю яго, і ён, плачучы, садзіцца на зямлю. А я не маю больш сіл, каб трымаць яго на руках, не адчуваю ні любові, ні жалю, адно злосць на ўвесь свет, таму што ў мяне не засталося грошай нават на дыліжанс, я не ведаю, як мы даедзем дадому, а наперадзе ноч...
Цяпер я старая, і грошай у мяне аж занадта, надоечы мне шчодра заплацілі, у руках у мяне кошык, у якім ляжыць немаўля, спавітае ў чырвоны ядваб – каралеўскую барву, і дзіця гэта не маё, не маё...
Калі маё дзіця паявілася на свет, павітуха сказала, каб я не прывязвалася да яго, бо пражыве яно нядоўга. Мой хлопчык пражыў пяць гадоў. За гэты час я збілася з ног, абышоўшы ўсіх знахароў у акрузе і аддала не адну сотню талераў за лекавыя зёлкі, за малебны, якія чытаюць нараспеў манахі ў храмах Творцы Усеўладара, і абярогі, што абараняюць слабое цела ад сясцёр-ліхаманак і кашчавай Мары. Неяк вяртаючыся з імшы я сустрэла вандроўніцу-багамолку, якая дала мне параду: "Ідзі ў Ліндале, сталіцу нашага Каралеўства. Там ёсць лякарня, дзе вылечваюць усе хворасці". Я паслухала багамолку, сабрала свае апошнія зберажэнні і разам з сынам рушыла ў стольны горад на трох узгорках. Лякарню я знайшла, ды было ўжо запозна. Помню бальнічны калідор, ярка асветлены, сцены, пафарбаваныя ў белы колер, доўгія лавы, шкляныя дзверы – адна прыадчынена, я бачу край вузкага ложка, на ложку стары з бледным, нібы васковым, абліччам, сівая барада паўзверх коўдры. Мой сын сядзіць на лаўцы, гуляе са склянкай з-пад лекаў. Я гутару з доктарам – маладым чалавекам у вусах і бародцы, якую ён адпусціў, пэўна, для таго, каб выглядаць больш самавітым. У яго смешныя круглыя акуляры, якія ўвесь час спаўзаюць яму на кончык носа. Ён выглядае збянтэжаным. "Спадарыня Мілна, мне вельмі шкада. Магу прапанаваць вам хоспіс. Гэта будзе каштаваць... – яго акуляры зноўку з'язджаюць уніз, і ён звыклым жэстам вяртае іх на месца. – Мне вельмі шкада". Я не мела сродкаў, каб плаціць за хоспіс. Мы вярнуліся дадому начным дыліжансам. Фурман не ўзяў з мяне грошай.
Маё дзіця адышло ў той жа год, ціха згасла, як свечка. Больш я не нараджала. Мабыць, з гэтай прычыны я зрабілася павітухай. Сваё дзіця я не ўберагла, але дапамагла паявіцца на свет іншым. Іх першы ўздых, першы плач былі мне суцяшэннем, і як прад Творцам кажу: ні адзін нованароджаны не памёр у мяне на руках. За некаторых прыходзілася змагацца, здаралася, немаўля не дыхала, не білася сэрца, але штораз я перамагала смерць і бачачы ўсмешку маці, усміхалася сама і пачувалася шчаслівай. Усё змянілася, калі пачалася вайна і сталі нараджацца дзеці, зачатыя ў крыві і нянавісці.
Яны прыйшлі з усходу. На выгляд такія ж, як мы, толькі ў вачах чарната, нібы вынаходлівы злы чараўнік уклаў ім у вачніцы кавалкі базальту, і цяпер яны бачаць свет перакуленым – там, дзе святло, ім мроіцца цемра, а цемра ім падаецца святлом. Іх краіна звалася Рамейскай імперыяй, а сябе яны звалі – рамейцы, абраныя Богам. Яны адпраўлялі малебны перад тым, як ісці забіваць, і доўгабародыя святары ў вастраверхіх клабуках давалі ім благаслаўленне. Смерцю яны пагарджалі, жыццё, што сваё, што чужое, не ставілі ні ў грош, валілі ардой – наперад, наперад, лёзы іх шабель цьмянелі ад крыві, гарэлі сялібы, па-над нівамі плыў чорны дым. Яны забівалі мірных людзей – сялян, местачкоўцаў, якія зроду не трымалі ў руках зброі. Целы забітых рамейцы скідвалі ў яміну, а часцей кідалі на вуліцах непахаванымі. Дзяцей сілком везлі ў Рамейскую імперыю, каб перавярнуць у сваю веру і навучыць сваім парадкам. Жанчын бралі сабе, каб наздзекавацца. Да мяне прыводзілі згвалтаваных дзяўчат, часам дзяўчынак, якім ледзь споўнілася чатырнаццаць, і я давала ім зелле для спарону, хаця заўжды была супраць падобных рэчаў. Лепей так, чым народзіць ды кіне ў крапіву, здаралася і такое. Страшныя надышлі часы, чорныя, як дзёгаць, горкія, як палын. Будзь праклятая гэта вайна!..
Пошчак капытоў і грукат колаў вырвалі мяне з задуменнасці. Я падышла да краю дарогі і ўзмахнула рукой. Дыліжанс спыніўся. Храплі шараватыя коні, пазвоньвала вупраж, міргалі свечкі ў бакавых ліхтарах. Каля ног фурмана ляжала крамянёвая стрэльба, поруч карбач, сплецены са скуры і жалезнай ніткі. Зараз ніхто б не наважыўся падарожнічаць па начных дарогах без зброі.
Я працягнула грошы фурману, і асцярожна перахапіўшы кошык, у якім ляжала немаўля, паднялася ў дыліжанс. У салоне былі пасажыры – бязвусы юнак, падобны да шкаляра, і бледная, худая жанчына з дзіцём на руках. Юнак спаў, жанчына ціхенька напявала, люляючы дзіця. Калі я ўвайшла, яна змерыла мяне пільным позіркам, відаць, жаночае чуццё падказала ёй, што немаўля мне чужое. Толькі б яна не прычапілася да мяне з роспытамі!.. Я ўладкавалася на лаве, паставіўшы кошык сабе на калені, і адвярнулася да акна. Фурман хвастануў коней, зарыпелі рысоры, кузаў стаў гайдацца. Я заплюшчыла вочы. Ехаць усю ноч, мабыць, мне ўдасца крыху паспаць.
Напярэдадні мяне выклікалі да парадзіхі. Я прыехала на рамізніку позна ўвечары і здзівілася, калі ўбачыла перад сабой крапасныя сцены. Будынак з вежкамі і гаўбцамі, абнесены каменнай агароджай, выглядаў рэзідэнцыяй князёў. Мяне ніколі яшчэ не запрашалі да такіх заможных людзей. Я грукнула ў браму. За агароджай забрахалі сабакі. Да мяне выйшаў вартаўнік з ліхтаром у руцэ. Адагнаўшы сабак, ён правёў мяне да дома, у якім гарэла толькі адно акно. Там была жанчына, якой надышоў час нарадзіць. Я жахнулася, калі зірнула на яе. Яна была страшна знясіленая, проста скура ды косткі, валасы зрэзаныя, як у манашак, а на запясцях глыбокія раўкі, нібы сляды ад кайданкаў. Выдавала на тое, што яна доўгі час прабыла ў палоне ці вязніцы, дзе цярпела здзекі. Трэба быць не чалавекам і нават не зверам, каб так абыходзіцца з цяжарнай. На падобнае здатная толькі нежыць, што не мае ні душы, ні сэрца.
Вартаўнік сышоў, не сказаўшы ні слова. У пакоі быў толькі ложак ды пара крэслаў, зрэшты, я не мела часу, каб разглядваць абсталяванне. Я паспяшалася заняцца парадзіхай. Яна трымалася годна, трывала боль, і ні крыку, ні стогну не сарвалася з яе вуснаў. Калі я схілілася над ёй, яна адно шапнула мне:
– Я не перажыву гэту ноч, але ўратуйце дзіця. Не дайце ім забіць яго!
Я адказала:
– Не бойся, мілая, дзіця ніхто не пакрыўдзіць. Хутчэй я іх усіх пазабіваю.
Роды былі цяжкімі. Я рабіла, што трэба, і ўсё роўна выбілася з сіл, то змагаючыся з крывацёкам, то спрабуючы аднавіць схваткі, якія спыніліся. Мне замінаў стары, адзеты па-багатаму ў кунтуш, падпяразаны каляровым поясам. Ён увайшоў ціха-ціха і прарыпеў з парога: "Ці магу я дапамагчы?" Дапамога была б не лішняя, ды ён больш мітусіўся, падсоўваючы мне то ручнік, то міску з вадой, калі я пра тое не прасіла, і ўвесь час скрушліва ўздыхаў. Урэшце я выгнала яго прэч.
Калі дзіця паявілася і пачуўся яго першы крык, я засмяялася, як быццам сама нарадзіла. Перарэзаўшы пупавіну, я паклала яго маці на грудзі і выйшла з дома, каб глынуць паветра. На двары ў жароўні гарэла вогнішча, грэлася ў чане вада, поруч круціліся сабакі. Стары ў кунтушы бадзяўся паблізу, пануры, як філін. Прысеўшы каля вогнішча, я зачэрпнула вады з чана і стала змываць кроў са сваіх рук. Стары падышоў да мяне і загаварыў так блытана ды бязладна, што ў нейкі момант я падумала: ці не вар'ят перада мной? Калі я, нарэшце, усвядоміла сэнс яго слоў, мяне ахапіла лютасць.
– Ты збіраешся забіць гэтае немаўля, ты? – перапытала я, ледзьве стрымліваючыся, каб не накінуцца на яго з кулакамі.
– Гэта загад, – адказаў ён маркотна. – Ён сказаў мне: "Забі і выражы язык. У гэтым краі маўчаць павінны ўсе, нават немаўляты".
– Чый гэта загад?
– Сюзерэна. А яму наказала Аўгуста.
– Вось, значыць, як, – прагаварыла я.
Аўгуста – валадарка Рамейскай імперыі, што пайшла вайной на наша Каралеўства. Свайго каханка – сына ахмістрыні Аўгуста прызначыла сюзерэнам над захопленымі землямі пасля таго, як наш кароль быў забіты. Вайна яшчэ не скончылася, дзе-нідзе захаваліся выспачкі супраціву, але Сюзерэн пачуваецца спакойным і моцным, бо ведае, што ўжо перамог – за ім Аўгуста і ўся Рамейская імперыя.
– Я служыў каралю і дзяржаве, спадарыня, – гаварыў стары ў кунтушы. – Цяпер я служу Сюзерэну і Рамейскай імперыі, я даў прысягу, як многія, каб захаваць сабе жыццё. Парушэнне загаду – злачынства, якое караецца смерцю, але выканаць тое, што патрабуе Сюзерэн, я не магу, няхай лепш мая галава згніе на тычцы...
– Шаноўны, памаўчы хоць хвілінку, – прамовіла я не надта пачціва. Яго балбатня не давала мне сабрацца з думкамі. Ільмата, наша каралева, была ў благаславёным стане, калі пачалася вайна. Каралева магла б з'ехаць у замежжа, каб уратаваць і сябе, і сваё ненароджанае дзіця, але яна не пажадала пакідаць радзіму, якая цярпіць бедства. Калі рамейцы ўзялі штурмам стольны Ліндале, кароль быў забіты, а каралева Ільмата забрана ў палон. Я прыплюшчыла вочы, падлічваючы тэрміны. Памылкі быць не магло – дзесьці ў гэтыя дні мусіла паявіцца на свет яе дзіця.
Да вогнішча падчыкільгаў шчанюк вартавой сабакі і тыцнуўся носам мне ў спадніцу. У мяне не было часу на разважанні. Я падхапіла з зямлі камень і адным ударам прабіла шчанюку галаву. Расцяўшы яму сківіцы, я выразала ў мёртвай жывёлы язык – тым самым нажом, якім пераразала пупавіну.
– Няхай гэта бясслоўная істота адкупіць наша маўчанне, – сказала я. – Цяпер ідзі да сюзерэна, скажы яму, што ты падкупіў павітуху, каб тая забіла дзіця і выразала яму язык. Табе не прыйдзецца нават хлусіць.
– Творца-Усеўладар!.. – ашаломлена прамовіў стары. – Спадарыня, вы маглі б служыць шпегам.
Калі я вярнулася ў дом, жанчына ўжо не жыла. Я закрыла ёй вочы і забрала дзіця. Эдмунд – так звалі старога ў кунтушы – даў мне кашэль, поўны срэбра, і адрас сваёй сваячкі ў мястэчку Нярыс. "Цётка – асоба дзівакаватая, – сказаў Эдмунд, – затое мае добрае сэрца і ненавідзіць Сюзерэна і рамейцаў. Яна паклапоціцца аб немаўляці".
У Нярыс я прыбыла досвіткам. Гарадок сустрэў мяне цемрай. Ліхтары не гарэлі – алей сёлета моцна падаражаў. Па брукаванцы цягнуліся ў поцемках разносчыкі з кошыкамі ды палукашкамі на спінах. На вуліцах гандляры разгортвалі прылаўкі, раскладваючы свой няхітры тавар: познюю восеньскую гародніну, ячменныя праснакі, вяленую рыбу, драўляныя лыжкі, гліняныя гаршкі…
Я ішла, сціскаючы ў руцэ кавалачак пергаменту, на якім стары Эдмунд надрапаў назву вуліцы, дзе жыла ягоная сваячка. Яе дом я адшукала даволі хутка. Мяне чакалі – у вокнах гарэла святло. Эдмунд паведаміў пра мяне, звязаўшыся са сваячкай па "люстэрку". Я толькі чула пра гэтыя хітрыя штукі, якія дазволіць сабе маглі адно вельмі заможныя людзі. Як працуюць "люстэркі", я не ведала, мажліва, тут прысутнічала нейкае чараўніцтва. Я пазваніла ў дзверы. На парог выйшла мажная дама сярэдніх гадоў, апранутая ў ліловую сукенку з бантамі і фальбонамі. Яе твар быў крыху азызлы і вельмі бледны, быццам абсыпаны мукой, з-пад цяжкіх павекаў глядзелі цёмныя, пільныя вочы.
– Бедная дзяўчынка, – уздыхнула дама, зазірнуўшы ў кошык. – Эдмунд сказаў, што яе маці памерла, а бацька ў турме.
– Гэта так, – адказала я коратка.
Стары Эдмунд наказаў мне нікому не гаварыць праўду, нават сваячцы, ёй дастаткова ведаць, што бацькі немаўляці пацярпелі праз Сюзерэна. Апошняе, зрэшты, не было вялікай хлуснёй. Дама скрушліва паківала галавой.
– Ах, колькі людзей зараз пакутуюць у турмах толькі за тое, што не пажадалі прысягнуць Сюзерэну, гэтаму вупыру. Яго завуць сынам ахмістрыні, але яго маці ніякая не ахмістрыня, гэта балотная нежыць, што прыняла аблічча прыгожай жанчыны і пратачылася ў каралеўскі палац. Ну, хадзі сюды, мая прынцэса!
Дама ўзяла немаўля на рукі асцярожна і крыху нязграбна, нібы фарфоравую ляльку.
– Будзьце добрыя да гэтага дзіцяці, уберажыце яго, – сказала я.
Дама ўсміхнулася.
– Мілая, у мяне тры сястры і восем пляменнікаў ды пляменніц. Да вайны сястрычкі часцяком прасілі мяне пасядзець з немаўляткам, а самі ўцякалі на танцы альбо на званы вечар, як быццам незамужняя бяздзетная паненка накшталт мяне мае процьму вольнага часу. Цяпер ім, канешне, не да танцаў. Будзь праклятая гэта вайна і тыя, хто яе развязаў!
Развітаўшыся, яна павярнулася на абцасах і знікла за дзвярыма. Я засталася адна. Золкі восеньскі вецер хвастаў мяне па шчоках, і з вачэй маіх, мусіць, ад ветру, беглі слёзы. Мне карцела хутчэй прыбрацца з гэтага горада, але я пачувалася цалкам знясіленай. Я мусіла хоць крыху адпачыць, перш чым рушыць у дарогу.
Я спынілася ў мясцовай гасцініцы, таннай, але ніштаватай. Паслужлівая пакаёўка правяла мяне ў нумар наверсе. Там стаяў ложак, камода і рукамыйнік, блішчэлі наваскаваныя масніцы, духмяніла накрухмаленая бялізна. У галавах ложка ляжала пухлая кніжыца – малітоўнік на мове рамейцаў, якой я не ведала і ведаць не жадала. На сцяне, абклеенай бляклымі шпалерамі, віселі два алеаграфічныя партрэты. Першы адлюстроўваў Аўгусту – чырванашчокую тоўстую кабету з высокай прычоскай, усю ў золаце і ядвабе. На другім партрэце быў Сюзерэн – бялявы юнак з алавянымі вачамі. Цяпер у кожным доме мусілі быць рамейскія малітоўнікі, а таксама партрэты Аўгусты і яе каханка. Дзіўныя часы, дзіўныя законы. Наш край агарнула ноч – глухая, цёмная, беспрасветная, і ніхто не ведае, ці надыдзе світанак.
Я скінула чаравікі і ўлеглася ў ложак. Вочы мае заплюшчыліся самі сабой, і салодкая дрымота апанавала мяне. Калі прачнуся, то скажу пакаёўцы падрыхтаваць гарачую ванну і аддам у чыстку свой дарожны плашч, які ўпыліўся. Пасля я спушчуся ў карчму і замоўлю вячэру: мяса з горкімі травамі, ржаны хлеб, запечаную гародніну і чырвонае віно, разведзенае крынічнай вадой. Але гэта будзе пазней. Проста цяпер я хачу толькі аднаго – спаць, спаць, спаць…


Рецензии
Вот, кажется, читала, а так здорово перечитывать! Очень нравится. Очень зримо ведь получается, сразу в голове фильм начинает сниматься. Концептуальная нагрузка (война, топонимы, расы и т.п.) + сюжет + детали = густой, выразительный текст, который читается с большим удовольствием.

Янина Пинчук   05.04.2016 16:20     Заявить о нарушении
Спасибо. Рада, если так! Больше всего на свете я боюсь писать скучно - в смысле, что в итоге получиться нечто скучное и нудное:))
С расой "оккупантов" в процессе написания произошли трансформации, аж самой интересно. Изначально же орки орками, нечто схематичное, а потом я внезапно осознала, что они мне нравятся))

Нероли Ултарика   05.04.2016 18:10   Заявить о нарушении
О да, они тоже обладают какой-то странной зловещей притягательностью. И вот тем более, говорят - "не усложняй", а мне это выражение не нравится - усложнить можно и по-хорошему, т.е. повысить уровень! И очень здорово, что вы это делаете!)

Янина Пинчук   05.04.2016 22:00   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.