Iнспектар

– Чума на гэты горад! – сказаў Інспектар.
Фраза павісла, як гаворыцца, у паветры, а зрэшты, ён і не разлічваў, што на ягоныя словы нехта адзавецца. У гасцінічным нумары ён быў адзін.
Інспектар паўляжаў у ванне, звесіўшы далонь цераз край і ўтаропіўшыся на ўласнае калена, што ўздымалася над паверхняй вады. На акрылавых борціках раставала, шыпячы, духмяная пена. Інспектар адкінуў з ілба мокрыя валасы і працягнуў руку да шклянога століка на храміраваных ножках, які стаяў поруч ванны. Намацаўшы на стальніцы мельхіёравы партабак з цісненнем па матывах "рускага палявання", ён выняў самакрутку з тонкай паперы і пстрыкнуўшы запальніцай, павольна, з асалодай зацягнуўся. Смалісты шызы дымок узнімаўся да кафлянай столі, змешваючыся з водарамі гасцінічнай парфумерыі. Інспектар імкнуўся трымаць строгі ўлік колькасці папярос з мешанню, выпаленых цягам дня. Злоўжыванне магло прывесці да непрыемных наступстваў накшталт дрыжыкаў у пальцах і сноў наяве, аднак у разумных межах рэчыва праясняла галаву і супакойвала нервы. Гэта было менавіта тое, у чым Інспектар меў вострую патрэбу проста зараз – ясная плынь думкі і душэўны супакой.
Інспектар адчуў нарастальнае раздражненне, ледзь ступіўшы на ходнікі гарадка. Мураўёў-Віленскі аказаўся тыпова правінцыяльнай дзірой з панэльнай забудовай і прыватным сектарам, дзе не было нават водаправода (сям-там пад платамі вытыркаліся сінія калонкі), а па вуліцах сноўдаліся меланхалічныя жуброні, запрэжаныя ў вазкі. Інспектар мог, канешне, упікнуць сябе ў некаторай распешчанасці і прыхільнасці да сталічных выгод. Апошнюю пяцігодку ён праслужыў у Мінску, які ў плане тэхналагічнага аснашчэння не саступаў Пецярбургу і Маскве, а што да гужавага транспарту, то ім не карысталіся нават у рабочых прадмесцях.
Выпраўляючы Інспектара ў палескі райцэнтр, палкоўнік Язеў згадаў пра агульную адсталасць і дэпрэсіўнасць рэгіёна. Балоцісты рэльеф і суседства з Балта-Чарнаморскім альянсам не спрыялі працвітанню, а падчас абвастрэння канфлікту тут рабілася па-сапраўднаму горача. Балазе гарачая фаза мінула, варагуючыя бакі часткова адвялі войскі і ўселіся за стол перагавораў. Інспектар ведаў гэтыя гульні: спачатку прылёты ракет, пабітая ў сутычках ваенная тэхніка і глыбокая заклапочанасць Лігі нацый, затым уступкі на карысць, як правіла, Імперыі і перамір'е. Сучасная дыпламатыя выглядае менавіта так.
Сёлетнія перамовы прасоўваліся цяжка, дыпламатыя кульгала і пагражала забрысці ў тупік, а ў памежжы не спыняліся дыверсіі. Аб'ектамі нападу звычайна станавіліся чыгункі і базавыя станцыі – без ахвяр, затое ўрон наносіўся сур'ёзны. Абстаноўка была напружаная. Агульны Захад нерваваўся, абвінавачваў Імперыю ў правакацыях і марудзіў з падпісаннем мірных пагадненняў. Спецслужбы стаялі на вушах. Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з экстрэмізмам даймалі званкамі з Крамля. Пачуўшы ў трубцы раздражнёнае: "Что у вас?", жалезны палкоўнік тушаваўся і б л я д н е ў. Ён не гатовы быў назваць імя падазраванага. Справа тычылася чалавека з Найбліжэйшага кола, які належаў да сям'і губернатара і быў на добрым рахунку ў самога Самадзержца. Патрэбны былі доказы, важкія доказы, якіх таварышу палкоўніку бракавала. Прынамсі, да сённяшняга дня.
Дарога ў палескую глуш была не столькі стамляльнай, колькі нуднай. Інспектар сядзеў, адкінуўшыся, у крэсле ведамаснага верталёта, і рассеяна пазіраў у бакавое акно. Унізе праплывалі цёмныя абшары лясоў і пустынныя, зацярушаныя снегам палі з свінцова-шэрымі стужкамі рэк, ля берагоў прыхопленых лёдам. Снежань выдаўся дажджлівым ды слотным, і толькі на Вадохрышча ўдарылі сапраўдныя маразы і надышла доўгачаканая зіма. Інспектар адвярнуўся ад акна і паглядзеў на верталётчыка, які сядзеў леваруч яго.
– Чуеш, любезны?.. – прамовіў Інспектар, папраўляючы мікрафон навушнікаў.
– Так точна! – прагучала ў адказ.
Пілот быў з тутэйшых. Бялявы і светлавокі, знешне ён не розніўся з этнічнымі, але яго выдавала гаворка, у якой не-не ды праскоквалі фрыкатывы і няправільныя канчаткі. Кажуць, за часамі Першай Імперыі маленькіх тубыльцаў настаўнікі білі ўказкамі за памылкі ў маўленні. Сучасная школа адышлася ад гэтай традыцыі, а дарма.
– Гэта праўда, што палешукі закопваюць малако ў гной, каб вырабіць сыр? – спытаў Інспектар.
– Не ведаю пра такі звычай, Ваша Благароддзе, – адказаў верталётчык, не адрываючы вачэй ад прыборнай дошкі. – Аднак у часы літоўска-польскай акупацыі сапраўды існаваў гатунак сыру пад назвай, калі не памыляюся, "мярцвяк". Працэс яго прыгатавання апісаны ў кулінарнай кнізе, мясцовымі ўладамі прызнанай экстрэмісцкай.
– Экстрэмісцкай? – з падазрэннем перапытаў Інспектар.
– Толькі ў Паўночна-заходняй акрузе, Ваша Благароддзе, у маскоўскай "Ленінцы" кніга ў свабодным доступе. Для прыгатавання сыру бярэцца густая смятана і загортваецца ў некалькі слаёў адмысловага палатна. Затым скрутак апускаецца ў выкапаную ў зямлі яміну, закідваецца зверху чарназёмам і прыціскаецца каменем. Праз суткі ў чарназёме выспявае беласнежны сыр, які смакам і кансістэнцыяй не саступае найлепшым французскім...
– Зрабі ласку, змоўкні! – з агідай перапыніў яго Інспектар.
– Есць змоўкнуць, Ваша Благароддзе! – адчаканіў верталётчык. Паціснуўшы плячыма, ён засяродзіўся на кіраванні.
"Доўбень! – вылаяўся ў думках Інспектар. – Трэ будзе праверыць гэтага кадра. Падазроны суб'ект, чытае экстрэмісцкую літаратуру. Магчыма, звязаны з дыверсійнымі групоўкамі..." Ён знервавана заёрзаў у крэсле. Апынуцца зачыненым у цеснай кабіне сам-насам з меркаваным экстрэмістам – такая сабе перспектыва. Верталёт якраз перасякае балоты Пінскага Палесся, што, калі гэты камікадзэ скіруе машыну наўпрост у багну?.. "Адставіць паніку!" – абарваў сябе Інспектар. У ведамаснай авіяцыі служаць выключна лаяльныя грамадзяне з бездакорнай біяграфіяй. Перад кожным вылетам пілот мусіць прайсці ідэалагічную падрыхтоўку, псіхалагічны тэст і праверку на дэтэктары хлусні. Хаця пры пэўнай трэніроўцы і дэтэктар можна падмануць... Інспектар увогуле не меў даверу да тутэйшых. Нядобранадзейны народзец. Перад Уз'яднаннем мясцовыя ўлады зладзілі татальную зачыстку, аднак здраднікі ды іншадумцы нікуды не падзеліся, яны проста сышлі ва ўнутраную эміграцыю. Кожны тутэйшы – сам сабе "спячая ячэйка". Халера ведае, што ў іх наўме, кланяюцца табе, як начальству, ломяць шапку, а толькі адвернешся – зараз жа плюнуць табе ў спіну. Змрочныя падазрэнні крыху выбілі Інспектара з каляіны. Каб адцягнуцца, ён адчыніў чамаданчык, які трымаў у сябе на каленях, выняў адтуль скураную папку і прыняўся перачытваць справаздачу.
"Восьмага студзеня (па новым стылі) 20... года паблізу пагранзоны N-скага павета адбылося ўзброенае сутыкненне паміж экстрэмісцкай групоўкай і атрадам цывільнай гвардыі імя В. Парфіяновіча. Пасля непрацяглага, але напружанага бою вораг не вытрымаў і распачаў панічнае адступленне, церпячы людскія і матэрыяльныя страты. Атрад працягваў пераслед, аднак праціўніку ўдалося скрыцца, пакінуўшы забітымі 1 (аднаго) і палоннымі 1 (аднаго). Сярод апалчэнцаў страт не зафіксавана".
– Неакуратна, – адзначыў пра сябе Інспектар. Група захопу спрацавала б чысцей, прынамсі, урон праціўніку быў бы значна большым. Цывільная гвардыя падпарадкоўвалася Галоўнаму ўпраўленню. На баявыя заданні апалчэнцы выходзілі, як правіла, разам з штурмавікамі-прафесіяналамі, але зараз было зроблена выключэнне. Тыдзень таму, акурат пад Новы год, экстрэмісты расстралялі ва ўпор двух "цывілаў" на лясной дарозе. Апалчэнцы былі раззлаваныя не на жарт, у іх проста рукі часаліся выцягнуць тых "свядомых" з-пад зямлі, чацвертаваць ды спаліць жыўцом, і таварыш палкоўнік даў адмашку: няхай робяць, што хочуць. Бой адбыўся напярэдадні ноччу, раніцой далажылі ў Галоўнае ўпраўленне, палкоўнік выклікаў да сябе ў кабінет Інспектара і тэрмінова адкамандзіраваў яго ў Мураўёў-Віленскі. Палонны, які зараз знаходзіўся ў гарадскім СІЗА, меўся быць дастаўлены ў Мінск, паводле пратаколу, спецтранспартам, пад узброеным канвоем і ў суправаджэнні ведамаснага верталёта. Пачэсную місію – суправаджэнне канвою па шляху следавання – начальнік Упраўлення даверыў Інспектару як свайму першаму намесніку. Справа была надзвычайнай важнасці. У руках палітычнай паліцыі апынуўся не якісьці там экстрэміст-няздара, які папаўся на чытанні забароненых анекдотаў. Апалчэнцы схапілі дыверсанта, сябра падпольнай групоўкі. Галоўнае ўпраўленне займела нітку, што неўзабаве прывядзе да галоўнага здрадніка, які таемна кіруе ўсёй гэтай хеўрай.
– Рыбка на кручку, дарагі мой таварыш, цяпер глядзі не спужай, а то наш "мянтуз" зжарэ прынаду і брызне капытамі! – сказаў таварыш Язеў і выбухнуў рогатам – жарт паказаўся яму дасціпным.
Інспектар стаічна ўсміхаўся і ківаў. Палкоўніка многія недалюблівалі за ўбоства думкі і салдафонскія замашкі, але трэба аддаць належнае – начальнік ён быў ад бога. Пад яго кіраўніцтвам Галоўнае ўпраўленне рабіла па-стаханаўску, у разы перавыконваючы план па штрафах і арыштах (пяцігодку ў чатыры гады!), крыкі з камер допыту нікога не бянтэжылі (нам тут не да ліберальных каштоўнасцей), мянушка "гестапаўцы" лічылася знакам пашаны (ненавідзяць – значыць баяцца, баяцца – значыць паважаюць). Метады ў палітычнай паліцыі былі надзейныя і простыя, як кавадла, а галоўнае – заўжды навідавоку, не тое што таварышы з Камітэта бяспекі, якім даводзілася нешта выштукоўваць, разыгрываць цэлыя камедыі з пагоняй і стральбой, каб паказаць сваю значнасць. Як бы там ні было, абодва ведамствы працавалі дзеля агульнай мэты – дабрабыту і працвітання Імперыі.
Апошняя восень толькі ўсіх падкасіла. Аперацыя па захопу трох нацыянал-свядомых скончылася правалам, загінуў элітны афіцэр, таварыш Язеў атрымаў баявое раненне, а ў Камітэце бяспекі змянілася начальства, і цяпер там вядзе рэй нікчэмнасць і выскачка Алесь Валога. Інспектар мімаволі скрывіўся, прыгадаўшы пацучыную фізіяномію генерал-палкоўніка. Адзінай яго перавагай была прыналежнасць да сям'і губернатара, прычым Валога быў тым самым "вырадкам", пра якога гаворыцца ў прымаўцы. Вырадкам у літаральным сэнсе слова: ён з нараджэння быў крывы на адно вока, і фізічная загана не магла не адбіцца на ягоным характары. Уласцівыя тутэйшым скрытнасць і двудушнасць, памножаныя на пачуццё непаўнавартаснасці, маглі даць выбуховы эфект – людзі такога складу нярэдка становяцца псіхапатамі. Яго прызначэнне на пасаду старшыні Камітэта выглядала пачварнай недарэчнасцю, абразай усім сілавым структурам. Таварыш Язеў, які не хаваў сваёй непрыязнасці да Валогі, неяк абмовіўся, што падазрае генерал-палкоўніка ў дзяржаўнай здрадзе і збірае супраць яго кампрамат. Інтуіцыя рэдка падводзіла начальніка Упраўлення – экстрэміста ён чуў за вярсту, нібы ганчак. Калі падазрэнні пацвердзяцца, "пацука" чакае не проста адстаўка, а найвышэйшая мера, расстрэл ці нават шыбеніца, і ніякія сямейныя сувязі тут не ўратуюць. Самадзержац не даруе здраднікам.
Паглыблены ў паперы, Інспектар не заўважыў, як мінула рэшта дарогі. Наперадзе замаячылі трубы кацельняў з доўгімі шлейфамі пары, складскія будынкі і раскоўзаныя коламі дарогі паміж грамадскімі гаражамі. Пачыналіся прадмесці Мураўёў-Віленскага. Пілот павярнуў рычаг кіравання, заводзячы верталёт на пасадку. Напэўна, ён зрабіў штосьці не так, бо вінтакрылая машына кіўнулася і рэзка завалілася направа. Калі б не рамяні бяспекі, Інспектар бразнуўся б галавой аб бакавую шыбу. Чамаданчык выслізнуў у яго з рук, і дакументы разляцеліся ва ўсе бакі, абляпіўшы вокны кабіны.
– Што ты дзееш, крэцін?! – выклікнуў Інспектар.
Верталётчык не азваўся. Прытрымліваючы штурвал, ён працягнуў свабодную руку да прыборнай дошкі і засяроджана зашчоўкаў пераключальнікамі. Верталёт, быццам нехаця, выраўняўся. Секунду-дзве пратрымаўшыся ў вертыкальным палажэнні, машына нахілілася ўлева і прынялася марудліва круціцца вакол сваёй восі. Унізе закружлялі, набліжаючыся, дахі панэльных дамоў, над якім луналі дзяржаўныя сцягі і шчацініліся рашоткі антэн.
– Выправі гэты чортаў гелікоптар! – зароў Інспектар. Ён дужа злякаўся і з перапуду азвярэў.
– Я спрабую, Ваша Благароддзе, – адказаў верталётчык.
Ён да адказу павярнуў рычаг. Верталёт, зрабіўшы няроўную дугу над кварталам, скіраваўся да футбольнай пляцоўкі ў адным з двароў і павольна пайшоў на зніжэнне.
– Пад трыбунал цябе падвяду, – паабяцаў Інспектар, выдыхаючы.
Пасадка прайшла даволі мякка. Верталёт стаяў пасярод пляцоўкі ў воблаку снегу, узнятага вінтамі. Рухавікі заглухлі, але лопасці працягвалі круціцца па інерцыі. Расшпільваючы рэмень бяспекі, Інспектар адчуў, што ў яго трасуцца рукі. Сабраўшы раскіданыя дакументы, ён падхапіў чамаданчык і адчыніў дзверцы кабіны.
– Асцярожна! – крыкнуў пілот.
Лопасць вінта, які працягваў рухацца, ударыла па дзверцах і са скрогатам спынілася. Узбунтаваная машына, нібы расчараваўшыся ў сваіх спробах прыкончыць пасажыра і пілота, знерухомела. Верталётчык скінуў навушнікі і ўслед за Інспектарам выскачыў з кабіны. З вокнаў дамоў на іх пазіралі цікаўныя. Вакол пляцоўкі збіраўся натоўп. Па двары, сігналячы, імчаў белы "джылі" з ведамаснымі нумарамі. Інспектар звыклым рухам паправіў фуражку і змахнуў нябачную пылінку з рукава. Як прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення, ён мусіў выглядаць бездакорна ў любой сітуацыі.
*
Ён зрабіў апошнюю зацяжку і павольна раздушыў недапалак у попельніцы. Ад рэчыва і гарачай пары яго крыху размарыла. Інспектару не было ў чым сябе папракнуць. Калі ўжо яго місія зацягваецца, ён мае права на кароткі перадых.
Да месца аварыйнай пасадкі першым прыбыў мэр горада – чырванашчокі бадзёры таўстун, апрануты, адпаведна чыну, у паліто і футравую шапку, у якой пацее галава і мерзнуць вушы. Хвалюючыся, мэр паведаміў, што сёння раніцай дыверсанты вывелі з ладу перадаючую станцыю, і цяпер у горадзе праблемы з сувяззю, ведамствы камунікуюць між сабой па рацыі, бо бесправадныя тэлефоны не працуюць, камеры відэаназірання паказваюць "белы шум", а радыёкропкі былі звар'яцелі і сталі трансліраваць варожую прапаганду, балазе іх аператыўна адключылі. "Імаверна, – выказаў меркаванне мэр, – дыверсія выклікала перашкоды ў эфіры, якія і прывялі да крушэння". Пакуль ён справаздачыўся перад грозным прадстаўніком Упраўлення, на месца прыбыла паліцыя, "хуткая дапамога" і служба выратавання. Паднялася мітусня. Паліцыя разагнала зявак і ачапіла пляцоўку. Ратаўнікі, параіўшыся з пілотам, падагналі транспартную платформу і павезлі "вяртушку" ў рамонтны ангар. Інспектар адпусціў верталётчыка, загадаўшы заставацца на сувязі, ад медыцынскага агляду адмовіўся, але спытаў у мэра, ці ёсць у горадзе прыстойная гасцініца з ваннай і гарачай вадой. Пасля перажытага стрэсу неабходна было паправіць свой душэўны стан, бо яго чакаў яшчэ візіт у следчы ізалятар. Інспектара не адпускала прадчуванне, што дыверсія і паломка верталёта былі не апошнімі сюрпрызамі за сённяшні дзень. Заставалася спадзявацца, што рамонт лятальнага апарату не зойме шмат часу, бо яго ніколькі не вабіла захраснуць у правінцыі на суткі ці больш.
– Чума на гэты горад, – паўтарыў Інспектар і зрабіўшы над сабой высілак, выбраўся з ванны.
Накінуўшы махровы халат, ён рушыў да вешалкі-стойкі, на якой вісела ягоная ўніформа афіцэра палітычнай паліцыі: кіцель, штаны з лампасамі і зімовы шынель.


Рецензии
Здравствуйте, Нероли.
Читаю, и вспоминаю своего любимого Толкиена. Стиль очень похож: саги, сказки баллады... С удовльствием читаю.

Опечатка "Непонятно, правда, какого судья делал в храме посреди ночи" - явно в предложении слова не хватает, например, как вариант "какого чёрта" :-)

Альжбэта Палачанка   18.02.2013 10:34     Заявить о нарушении
"Какого лешего"?))) Ммм, подумаю, что тут можно сделать, но вообще такой оборот частенько попадается: "какого он делал на проезжей части и куда вообще ГАИ смотрит?..."

Нероли Ултарика   18.02.2013 11:34   Заявить о нарушении
какого лешего это будет лучше. :-) Вот, этого лешего, мне кажется, и не хватало :-)

Альжбэта Палачанка   18.02.2013 12:46   Заявить о нарушении