Мiраж на беларусскай мове

 

Па дарозе на работу я нечакана выявіў, што выбраўся з дому без грошай. У маей кішэні аказалася дробязь недзе каля рубля. Да зарпла­ты было яшчэ два дні, i таму ў такога, як я, маладога работніка міністэрства i не магло застацца болыш, бо зарабляў я не багата. На мой заробак жыць у горадзе было не проста, грошы разыходзіліся імгненна. Таму мне не заставалася нічога іншага, як паціху цягнуць з бацькоў, Але так рабіў, напэўна, не толькі я адзін.

Сённяшні ранак не абяцаў мне нічога добрага — у кішэні бразгала драбяза, капітал, з якім не так проста жыць, нялёгка марыць пра светлую будучыню. Любая нечаканасць можа абярнуцца самымі непрадбачанымі непрыемнасцямі. Вось перайдзі я не там, дзе трэба, вуліцу ды нарвіся пры гэтым на міліцыянера — мне ж нізашто не даказаць яму, што ў мяне ў кішэні драбяза. А чаго-чаго — непрыемнасцяў той можа нарабіць мне безліч. Адньш словам, калі ў кішэні ні капейкі, то лепш за ўсе быць ніжэй травы ды цішэй вады. Таму я рыхтаваўся да самых невёрагодных прыгод, хутчэй за ўсе не вельмі прыемных.

На работу я прыйшоў крыху раней звычайнага i першачарговай задачай вызначыў «стральбу»  па  чужых кішэнях:  трэба  было  ў  каго-небудзь пазычыць хоць рубель, каб паабедаць. Я меў надзею, што сярод маіх таварышаў па службе зачасаўся які-небудзь Карэйка з рублём для такога, як я, небаракі.

Калі пачалі збірацца на рабочыя месцы таварышы па службе, то я, як шаптуха, пачаў падыходзіць да кожнага з ix паасобку i нашэптваць сваю замову-просьбу, але ж, на жаль, у маім аддзеле не знайшлося ніводнага падпольнага мільянера, які б мог паз'ычыць мне рубель. Таму пасля абходу я зусім скіс. Сёння мяне чакала нулявая дыета, бо нават на жабрацкі абед не было чаго разлічваць з такой драбязой, што заставалася ў маёй кішэні. Праўда, паснедаць я мог нядрэнна, але ж толькі сёння.

Апошнім ў наш рабочы пакой зайшоў начальнік аддзела. Ен акінуў вокам пакой i сур'ёзна аб'явіў:

- Сёння ў нашага галоўнага,— меўся на ўвазе начальнік глаўка,— чакаецца вялікая дэлегацыя са сталіцы. Пa аддзелах не швэндацца без патрэбы, не маячыць на калідоры. Няма чаго даваць падставы для нядобрых размоў. Усім быць на сваіх месцах, бо ў любы час можа спатрэбіцца якая-небудзь даведка. А - вы, Мікалай Пятровіч,—звярнуўся ён да мяне,— павінны сабраць звесткі пра тое, як выканалі план за першае паўгоддзе нашы прадпрыемствы. Хоць да канца паўгоддзя яшчэ тыдзень, але ж нешта ўжо можна падагульніць. Самі ведаеце, rocцi могуць i гэтым пацікавіцца.

Адным словам, сёння я павінен быў цэлы дзень тэлефанаваць у розныя куткі рэспублікі, каб задапь адно-адзінае пытанне: «Ну, як у вас з планам?»

Я падсунуў бліжэй да сябе тэлефон  i пачаў сваю працу. Акурат у гэты час да нас у аддзел зайшлі хадакі з раёна, трое вельмі прыстойнага выгляду дзецюкоў. Мне было зразумела, што зараз начальнік аддзела ці павядзе ix на калідор, каб пачаць там перамовы ў канфідэнцыяльнай абстаноўцы, ці дасць нам, сваім падначаленым, знак выйсці на некалькі хвілін з кабінета. Усе будзе залежаць ад таго, наколькі высокага рангу гocцi. Для кожнага работніка міністэрства хадакі з раёна былі нечым накшталт мецэнатаў. На гэтых хадаках трымалася многае, калі не ўсё, у жыцці многіх з нас, а асабліва тых, хто нешта мог выбіць, выпрасіць. Кожны ўладкоўваўся ў жыцці ля якой-небудзь кармушкі, i ўсім  хапала.

Мае таварышы па службе пачалі выходзіць з кабінета па нейкіх нечаканых тэрміноўках. Я круціў дыск і, напэўна, не заўважыў знак «пакінуць кабінет». Хадакі былі даволі значнага рангу.

Я падняўся з месца, каб падацца перакусіць, бо ўсё роўна на абед не было чаго разлічваць. Папрасіў дазволу выйсці i накіраваўся ў буфет.

Эканомліва прыкінуўшы, як патраціць свае апошнія капейкі, узяў у буфеце бутэльку кефіру i два піражкі, а рэшту вырашыў пакінуць на вечар. Але ж піражкі аказаліся сухімі, халоднымі i зусім нясмачнымі, кефір — кіслым. Мне не шанцавала з самага ранку. I я са сваей жабрацкай эканомлівасцю быў галодны як воўк.

Не ведаю, можа, піражкі, а можа, кефір сталі прычынай таго, што мой страўнік не ўспрыняў гэтых далікатэсаў i пачаў пратэставаць. У маім жываце пачалася «рэвалюцыя», i я павінен быў зачасціць у туалет. Але ж з кім такога не здаралася...

I вось ужо ў каторы раз за дзень я зайшоў туды. На падаконніку ў пакойчыку, дзе былі тры кабіны, нехта пакінуў чамаданчык-дыпламат. Спачатку мне падумалася, што, можа, нехта зайшоў у кабіну і паставіў чамаданчык, каб мець свабодныя рукі. Але ж калі праз некалькі хвілін я ў чарговы раз зноў забег у гэты ж пакойчык, то заўважыў, што чамаданчык на тым жа самым месцы. Я рашыў паглядзець, што ў тым чамаданчыку, каб вызначыць ягонага гаспадара і паспрабаваць вярнуць знаходку ўладальніку. Гэта магло зрабіць мне нядрэнную паслугу; рэкламу сумленнага работніка, што, безумоўна, было вялікай каштоўнасцю, гарантыяй кар'еры. Але ж нейкая незразумелая асцярожнасць перашкаджала мне быць больш рашучым i адважным. Праўда, думаць i вагацца не было чаго. «Не я, дык які-небудзь іншы шчасліўчык нaтрaпiць на гэты чамаданчык, i невядома, ці будзе ён такі, як я, асцярожны. Можа, проста прысвоіць яго, i ніякіх праблем»,— падумаў я i ўзяў чамаданчык у рукі. Націснуў на замочкі, i яны нечакана легка пстрыкнулі. Я адчыніў чама­данчык — ад таго, што было ўнутры гэтага новенькага дыпламата, можна было крануцца розумам i ўжо нічога i ніколі ў жыцці больш не ўспрымаць. Асабліва калі ў тваёй кішэні не бывала больш як за сотню-дзве рублёў. Чамаданчык быў поўнасцю забіты пaчкамi рознакаляровых банкнотаў. I якраз у тэты, такі хвалюючы для мяне, момант рыпнулі дзверы, сюды нехта зайшоў. Я хуценька з трэскам зачыніў чамаданчык і адскочыў ад яго крокі на два. У пакойчык зайшоў мой сусед па кабінеце, Яўген Генадзьевіч. Ён глянуў на мяне і, ведаючы пра маю сённяшнюю бяду, пацікавіўся:

-   Ну як ты, Пятровіч?

У адказ я толькі паціснуў плячыма, мне не хацелася нічога тлумачыць. Галава пачынала кружыцца. Я думаў толькі пра чамаданчык ці, дакладней, пра тое, што ў ім знаходзілася. I праўда, тэта ж колькі ў ім грошай? Трэба нешта рабіць, каб не ўпусціць са cвaix рук такую знаходку.

Мой сусед зайшоў у кабіну, запытаў з-за дзвярэй:

-  Ты, Мікалай Пятровіч, што-небудзь з лекаў прымаў?

-   Не! — неахвотна  адказаў  я,— Не давяраю я лекам,  можа,  i  без ix усе пройдзе.

Я не ведаў, што рабіць. 3 аднаго боку — не стаяць жа вартавым каля гэтага чамаданчыка, а з другога — i не кідаць жа яго тут. Гэта ж сама ўдача ў рукі просіцца. Можа, трэба было ўзяць чамаданчык ды падацца да сябе ў кабінет, але я, як зачараваны, не мог крануцца з месца. У тэты час Яўген Генадзьевіч выйшаў з кабіны i падышоў да мяне.

-   Мікалай Пятровіч, — пацікавіўся ён.— Што? Kyпiў дыпламат? Дай паглядзець?

-  Не! Не! — спужана падскочыў я да чамаданчыка. I раптоўна для самога сябе, дадаў: — Ды тут адзін мой знаёмы пaпpaciў прыгледзець за ягоным набыткам, а сам пабег па кабінетах.

-  А! — шматзначна працягнуў Яўген Генадзьевіч.

Пасля гэтага мне не заставалася нічога іншага, як узяць чамадан­чык і накіравацца на свае рабочае месца. У думках я радаваўся таму простаму рашэнню, якое прыйшло само па сабе. Мне было прыемна ад таго, што я ўсе ж такі не разгубіўся, знайшоў патрэбныя словы у такі хвалюючы момант.

Я ўзяў чамаданчык i занёс яго ў свой кабінет, паставіў каля стала. Сам жа проста зваліўся на крэсла побач. Сэрца ледзьве не выскоквала з грудзей. За мною ўвайшоў Яўген Генадзьевіч. Было ясна, што чамадан­чык нельга хаваць, трэба прытрымлівацца той легенды, якая так нечакана прыйшла на розум.

I як жа мне не цярпелася адкрыць чамаданчык, памацаць рукамі гэткую безліч грошай, пералічыць іх. Але ж першая хваля задаволенасці адцяснялася насцярожанай разважлівасцю. Недзе падсвядома я разумеў, што трэба адказаць на безліч пытанняў, простых i жудасных. Гэта ж колькі ў гэтым чамаданчыку грошай? У нас жа не якая-небудзь Сіцылія, дзе грошы перавозяць мяхамі ды чамаданамі якія-небудзь мафіёзі. I я паспрабаваў прыпомніць, дзе i калі я хоць раз у жыцці мог бачыць такую колькасць грошай ці хоць бы прыкладна такую. Не! Не мог прыпомніць. Адназначна, такой сумы грошай я не бачыў нідзе i ніколі. Самая вялікая колькасць грошай, якую я бачыў i трымаў у сваіх руках,— гэта тры мае стыпендьп разам з пад'ёмнымі, якія я атрымаў у інстытуце перад адбыццём на месца працы па размеркаванню.

I як такія грошы маглі апынуцца ў Міністэрскім туалеце? Я не мог супакоіцца i працягваў сам у сябе дапытвацца. Можа, каго забілі? А можа, гэта хабар, падрыхтаваны для якога-небудзь работніка міністэрства? Як я не падумаў пра гэта раней? Грошы хутчэй за ўсе будуць шукаць, а значыцца, i мне можа не паздаровіцца. Хоць бы не аказацца ўцягнутым у якое-небудзь махлярства. Калі што — не адмыцца нізашто. А калі гэта пастка для хабарніка, падрыхтаваная работнікамі міліцыі? I каму, i што я дакажу? Скажу, што знайшоў грошы i чамаданчык у туалеце? Ды кто ж паверыць такім байкам, хоць бы то i праўда? Ды проста памруць са смеху.

Лезе нейкая лухта ў галаву. А можа, то i не грошы, а так — «кукла» ці як такую штуку яшчэ называюць. Імітацыя...

Я бяру чамаданчык i кладу яго сабе на калені. Хвалююся. Не хочацца, каб нехта з маіх таварышаў па службе заўважыў, што я корпаюся ў чужым чамаданчыку. Але ж лепей пачакаць абедзеннага перапынку, можа, усе разыдуцца, вось тады i займуся вывучэннем чамаданчыка.

I вось доўгачаканы перапынак на абед. Усе разбегліся хто куды: адны на абед, другія ў суседні аддзел «забіваць казла», а я застаўся вартаўніком каля тэлефона, бо чакаў званка.

Стрымліваючы хваляванне, адчыніў чамаданчык, які так i не змог зняць са сваіх каленяў да самага перапынку. Пачкі грошай шчыльна складзены ў чамаданчыку. Асцярожна бяру адзін з тугіх пачкаў, не веру ўласным вачам, абмацваю яго, абнюхваю, разглядваю. Разрываю папяровую стужачку, што абгортвае стос банкнотаў, дастаю адну. Дваццацьпятка. I як гэта ні дзіўна, але ж самая сапраўдная. На паперы добра бачны вадзяныя знакі ў выглядзе зорачак, светлых i цёмных. Ды i пах у ix — як у самых сапраўдных.

I тут жа дзіўлюся нечаканай думцы: «Ну i дурань жа я! Гэта ж само жыцце паслала мне грошы, а я замест таго, каб радавацца, пачынаю ў нечым сумнявацца, нешта вышукваць...»

А ці не лепш проста падзякаваць выпадку, пайсці ў сталоўку ды паабедаць як чалавек? Ці хоць бы перекусіць, каб не турбаваць свой страўнік? А заадно i лішні раз упэўнніцца, што грошы самыя што ні на ёсць сапраўдныя.

Калі мае калегі пачалі збірацца ў аддзеле пасля перапынку, я, спакойны i задаволены, сядзеў за сталом. У маёй кішэні ляжала дваццацьпятка, яна прыемна пахруствала пад маімі пальцамі. Я баяўся дастаць руку з кішэш, баяўся, што раптам банкнота знікне, згубіцца.

«Але ж колькі ў гэтым чамаданчыку грошай?» — спрабую прыкінуць я, i мне здаецца, што не адна тысяча, далека не адна. Але ж з якой прычыны такая неспадзяванка ў туалеце? I мне прыпамінаецца, што пачкі ўсе больш колеру аранжавага, вішнёвага i зялёнага. Можа, у чамаданчы­ку тысяч дваццаць, а можа, i больш. «I колькі ж гадоў мне трэба працаваць, каб столькі зарабіць? — зноў пытаюся я сам у сябе.— Божа, гэта ж недзе каля трьщцаці гадоў, ды i то калі тымі грашыма, што я зараблю, не карыстацца. Але ж як жыць?»

Я падняўся з-за стала i падаўся ў буфет, хоць i цяжка было кідаць каля стала чамаданчык з грашыма. Але мне яшчэ раз хацелася ўпэўніцца, што грошы не падробленыя, не фальшывыя. Мне здавалася, што буфетчыца можа быць тым адзіным экспертам, які можа развеяць усе мае сумненні.

I тут на мяне зноў абрынулася безліч нечакана жудасных думак. Але я адганяю іх: «А можа, то i не банкноты, а так, падробка якая-небудзь для каго...»

Праз некаторы час я вяртаўся з буфета, супакоены тым, што грошы не фальшывыя, бо за тую банкноту, што я выцягнуў з пачка, змог купіць кубачак кавы, шклянку смятаны i булачку. Рэшта ад «банкету» ляжала ў маёй кішэні, i гэта былі сапраўдныя грошы. Але спакайней мне не стала, я ўсе яшчэ фантазіраваў. Калі мяне зараз i схопяць, то даказаць мае дачыненне да чамаданчыка будзе не так ужо i проста, нават калі нумары банкнотаў перапісаны. Можа, у кабінеце мяне ўжо чакаюць, каб схапіць, скруціць мне рукі — адразу ж па гарачых слядах пачаць допыт. Я i рот, напэўна, адкрыць не паспею, як на маіх руках ужо бу­дуць халодныя металічныя бранзалеты, а мяне начнуць закідваць пытанням! Каму ж я дакажу, што гэта не мой чамаданчык, што я яго знай шоў у туалеце. I мне здаецца, што я ўжо чую насмешлівыя словы: «Вы сваей бабульцы расказвайце такія казачкі. I прыдумаў жа казачку: «У туалеце знайшоў...»

Мне страшна. Пад пахамі робіцца мокра, на лбе выступаюць вялізныя кроплі поту. У маім жываце халаднее i булькае. Кірую ў туалет.

У кабінеце працягваю свае разважанні наконт чамаданчыка i ягонага зместу. Я прыходжу да нечаканага вываду: не ўсе мною зроблена правільна. Мне, напэўна, трэба было перш за ўсе пазбавіцца ад чама­данчыка, пакуль усе мае таварышы па службе былі на абедзе. Я згубіў марна час. Колькі ж разоў у кіно я бачыў, як розныя там «дзелавыя людзі» перш за ўсе імкнуцца пазбавщца тых прыкметных рэчаў, якія могуць стаць зачэпкай для затрымання, Мне трэба было пра гэта ўспомніць, а не забіваць галаву рознымі нікчэмнымі сумненнямі ды меркаваннямі. Але ж чамаданчык такі прыгожы, такі новенькі... Ды ў мяне ніколі не было такога. Дарагі, напэўна. Куды я мог схаваць такую рэч? А грошы з чамаданчыка? Такія вялікія! Куды я мог схаваць такую колькасць? Я ж не які-небудзь міністр, у якога ў кабінеце абавязкова стаіць сейф. У кішэнях та­кую колькасць грошай не вынесці, штаны можна згубіць па дарозе. Трэба чамаданчык куды-небудзь схаваць. А калі ў маім кабінеце ўжо засада?

Чаго я так хвалююся, чаго?.. Я ж не хабарнік, не злачынец. Ну, а грошы — не ведаю я нічога. Якія грошы? Скажу, што мой знаёмы пакінуў мне гэты чамаданчык на некаторы час. I хай міліцыянеры чакаюць яго. Але які дурань можа пакінуць такую колькасць гро­шай нават добраму знаёмаму? На грашах жа адбіткі маіх пальцаў. А запытаюцца, хто такі той знаёмы?

Я ў поўнай разгубленасці. Нечаканая думка ператварае мяне ў біблейскую Лоту. «А што, калі нехта хоча, каб я вынес гэтьг чама­данчык з будынка міністэрства, а па дарозе дадому на мяне наскочыць якая-небудзь машына, i я буду ляжаць на асфальце пад коламі, а «мой» чамаданчык прападзе бясследна. А можа, мяне проста прыстукнуць». Мне робіцца жудасна. Нядобра. Я ўяўляю, як падаю на асфальт, па твары цячэ чырвоны ручаёк, i нечая рука расчапляе маю, забірае «мой» чамаданчык.

Пот засцілае мае вочы, рукі пачынаюць дрыжаць, робяцца мокрыя.

Імгненне здаецца бясконцым. Але ж у кішэні брынкае дробязь i шамацяць папяровыя банкноты i білеты. Ды толькі ж там, у кабінеце, у чамаданчыку ляжаць яшчэ большыя грошы. Я не магу да канца жыцця нават прыдумаць, на што іх растраціць. Ну, куплю машыну, мэблю ў кватэру, як толькі падыдзе чарга. Можа, нават дачу. Але ж застанецца яшчэ так многа. Многа...

Выходжу з туалета i ў дзвярах сутыкаюся з суседам па кабшеце. Ён паведамляе, што мяне нехта шукае.

I тут мне зноў робіцца нядобра. А што, калі мае прадчуванні недарэмныя? Калі міліцыя?

3 трывогай на сэрцы адчыняю дзверы ў кабінет, чакаю самага неверагоднага. I першае, што кідаецца ў вочы, дык тэта тое, што месца, дзе я пакшуў чамаданчык,— пустое. Ен знік. Стрымліваючы хваляванне i трывогу, цікаўлюся ў супрацоўнікаў:

-  Хто тут мяне шукаў?

-  Ды заходзіў тут нейкі хлапец. Сказаў, што пакідаў на нейкі час для  прыгляду   ў   вас   чамаданчык.   Падзякаваў   за   дагляд   i   пайшоў. Ветлівы   такі,    прыемны    хлопец,— спяшаецца    мяне    праінфармаваць Яўген Генадзьевіч.

— I?

–  I — усе!

Мне робіцца неяк не па сабе. У жываце пачынаюцца колікі, Hori здаюцца чыгуннымі.Трымаюся да апошняга — i праз нейкую хвіліну куляй вылятаю з кабінета, кідаюся ў туалет. Недзе глыбока ў сэрцы трымаю надзею, што на падаконніку зноў убачу знаёмы чамаданчык. Але ж падаконнік пусты.

I усе ж такі мне робщца прыемна, што не памьліўся, што мае прадбачанні не аказаліся пустым!. Не ўсе, праўда, выйшла так, як хацелася, але ж нешта такое я i прадчуваў. Я адчуў сябе дэтэктывам, які прадбачыў ход дзеі.

Перад тым як выйсці, яшчэ раз падыходжу да акна, абмацваю шурпаты падаконнік, на якім некалькі гадзін таму стаяў «чароўны» чамаданчык. Я не мог сам сабе ўпэўнена адказаць, цi ўсе тое, што здарылася са мною, было на самой справе, цi тольш мне здалося. Міраж.

Я выглянуў у акно. На вуліцы было хораша. Сонца ярка, асляпляльна ззяла, адлюстроўвалася ў вокнах дамоў. Зайчыкі гулялі на шэрых сценах нашага будынка. У адным з вокнаў насупраць нехта таксама, як i я, любаваўся надвор'ем. Я прыгледзеўся, цікавячыся гэтым назіральнікам,— i адскочыў ад акна, інстынктыўна схаваўся ў цень.

Аматар добрага надвор'я разглядваў мяне ў бінокль.

Мне зноў зрабілася нядобра.

Упершыню надрукавана ў часопісе "Маладосць"


Рецензии