Мроя другая. Адступнiк

Многае змянілася з тых часоў, як Гвіліён – Сын ахмістрыні ўзышоў на трон, зрабіўшыся Сюзерэнам. Правільней было б сказаць – захапіў карону, але з кожным годам усё менш заставалася тых, хто пасмеў бы ўсумніцца ў законнасці яго кіравання. Пагатоў прамовіць услых яго абразлівую мянушку: "Гвілі-байструк". Некаторыя ўсё ж асмельваліся. Іх галовы з адрэзанымі языкамі гнілі на калах пасярод гарадскіх плошчаў – у навучанне астатнім. І людзі маўчалі, бо каму ахвота страціць язык, а пасля і жыццё.
Нестар сядзеў за сталом, збітым з груба абчасаных дошак. За акном шумела залева, па шыбах беглі частыя кроплі. Скрозь полаг дажджу праглядала рачная роўнядзь колеру свінцу і скалы над ёй, парослыя густым сасоннікам. Праз непагадзь змрок згусціўся заўчасна. У карчомнай зале было цёмна, але свяцільні яшчэ не запальвалі. Людзей у карчме было няшмат. Большасць з іх маўчалі. Некаторыя перамаўляліся між сабой – апасліва, напаўголаса. Нават тут маглі быць шпегі Сюзерэна.
– Бачыў гэтых?
Хрыплы шэпт вывеў Нестара з задумення. Ён адвярнуўся ад акна і зірнуў на чалавека, які сядзеў насупраць. Лодачнік. Мужчына гадоў сарака, апрануты ў буры непрамакальны плашч і рыбацкія боты. Светлыя вочы і белыя валасы выдавалі ў ім ураджэнца прыморскай Дольнай зямлі.
– Гэтых вось – бачыў? – паўтарыў лодачнік, тыцнуўшы пальцам у бок каміна, у якім палаў агонь.
Каля каміна проста на падлозе сядзелі, скурчыўшыся, дзве істоты. Ростам мне больш за дзесяцігадовае дзіця. Абедзве захутаныя ў бясформенныя скураныя плашчы з нізка насунутымі капюшонамі – не разгледзець ні твараў, ні абрысаў цел. Поруч ляжалі дзве дзіды з каменнымі наканечнікамі і сякера, зробленая з завостранай крамянёвай пласціны, сяк-так прыкручанай да дзяржальна.
– Падземныя, – хрыпла зашаптаў лодачнік. – Пажыральнікі мярцвячыны. Швэндаюцца тут, падымаюцца з лёх. Бач ты, ад дажджу хаваюцца. Паскудства!
Ён схапіў са стала пустую драўляную місу і шпурнуў яе ў бок каміна. Тыя двое не зварухнуліся, нібы занураныя ў дзіўнае здранцвенне.
– Чакаюць свайго часу. Калі мы ўсе здохнем, яны будуць тут гаспадарамі, – змрочна сказаў лодачнік
Нестар моўчкі паднёс да вуснаў кубак з падагрэтым віном. У былым Каралеўстве многа чаго памянялася, але ў корчмах, як і раней, з сярэдзіны лістапада падаюць каляднае гарачае віно з імберцам. Віно не забаронена, хаця Каляды ў снежні даўно не святкуюцца.
– Сёння многія жывуць з думкай аб блізкай гібелі свету, – прагаварыў Нестар, адпіўшы глыток.
Гэта было праўдай. Канца свету чакалі яшчэ летась, калі ў небе віселі хвастатыя зоркі, бачныя нават удзень, а Месяц пацямнеў, і з яго сачылася атрута, пралівалася на зямлю чорнымі дажджамі. Сонца, аднак, не згасла, і жыццё працягвалася.
У зале з'явіўся хлопчык-служка з лампадай у руцэ. Ён моўчкі абыходзіў карчму, запальваючы свяцільні. Змрок за акном пагусцеў.
Нестар помніў часы, калі ў корчмах гралі скрыпачы ды лірнікі, а наведвальнікі спявалі застольныя песні. Цяпер музыка і спевы забароненыя, за выключэннем тых, што гучаць у храмах падчас набажэнстваў.
Так было не заўсёды. Сюзерэн не цураўся простых зямных уцех. У першы год свайго кіравання, калі Дзяды і Каляды яшчэ адзначаліся, ён выходзіў на плошчу разам з двума-трыма целаахоўнікамі і далучаўся да святочнага натоўпу. Гвіліён стаў асцярожней пасля таго, як падчас аднаго з такіх свят з натоўпу да яго кінулася юродзівая – проставалосая, з пенай на вуснах – і паспрабавала ўсадзіць яму ў горла гарбарнае шыла. "Братазабойца! – нема крычала вар'ятка. – Гвіліён – братазабойца!" Яе пасеклі шаблямі перш, чым яна паспела прычыніць Сюзерэну якуюсьці шкоду.
Пасля гэтага прыкрага здарэння Сюзерэн больш не хадзіў у народ, але наглядаў за гуляннямі з тэрасы сваёй крэпасці ў Ліндале. З той жа тэрасы ён глядзеў на пакаранні адступнікаў. У апошнія гады на галоўнай плошчы сталіцы не ладзяцца святы, затое смяротныя пакаранні вядуцца спраўна.
Пашукаўшы ў складках сваёй манаскай расы, Нестар выцягнуў кашэль і падаў знак карчмару, што жадае расплаціцца.
– Зарана збіраешся, – сказаў лодачнік. – Трэба дачакаць, каб дождж перастаў. Нядобра выходзіць, пакуль лье. Прыкмета ёсць.
Нестар уздыхнуў, разумеючы, што спрачацца няма сэнсу. Як бы ні змагалася Царква з перажыткамі язычніцтва, народ у былым Каралеўстве рабіўся ўсё больш прымхлівым. Ледзь не штодня здараліся злавесныя знакі. Па начах мары забіраліся ў вокны дамоў і душылі немаўлят у калысках. Па-над дарогамі ў віхрах пылу насіліся паўдніцы. Пасля заходу сонца па вуліцах блукалі здані, з плачам скрэбліся ў вокны і дзверы, прасіліся ў хату. Людзі сядзелі, зачыніўшыся на ўсе замкі, дрыжэлі ад страху і шапталі заклёны.
– Нечуваны разгул нячыстай сілы, ойча, за старымі каралямі такога не было, – лодачнік шматзначна паківаў і дадаў, перайшоўшы на шэпт: – Гэта кара нябесная. На троне сядзіць крывапіўца, які забіў брата, каб захапіць карону, а народ маўчыць, як быццам так і трэба. Творца-Усеўладар карае нас за нашае маўчанне.
– Мяркую, Творца бачыць, што гэта не віна народа, – запярэчыў Нестар.
Паспрабуй толькі ўзвысіць голас – назаўтра ж апынешся на пласе. Назваць Сюзерэна "братазабойцам" лічылася асабліва гнюснай абразай, за якую не толькі выдзіралі язык, але ў дадатак залівалі ў глотку расплаўленае волава. Нестар часам задаваўся пытаннем: адкуль у народзе гэтая перакананасць? Гвіліён не забіваў брата Адальгіза, пра гэта Нестар ведаў дакладна. Пасля таго, як Адальгіз падпісаў грамату аб адрачэнні ад кароны, Нестар – тае пары не манах, а епіскап – уклаў яму ў руку фіял са смяротнай атрутай. Як добры пастар Нестар, канешне, паведаў яму пра жахі Апраметнай, што чакаюць усіх язычнікаў ды самагубцаў, і заклікаў устрымацца ад непапраўнага кроку, прыняўшы веру сапраўдную, якой вучыць Рамейская Царква і ў якой зрынуты валадар, пэўна, знойдзе сабе суцяшэнне. Адальгіз толькі рассмяяўся яму ў твар. І стоячы прад гэтым чалавекам, зламаным ды знішчаным, Нестар раптам адчуў сябе апошнім крывадушнікам. Мабыць, менавіта тады пачалося яго адступніцтва.
Нестар зірнуў за акно. Вячэрні прыцемак змяніўся апраметнай цемраддзю. У чорных шыбах адбіваліся агеньчыкі свяцільняў.
– Дождж перастаў, – прамовіў ён. – Час рушыць у дарогу.
 *
Нестар сядзеў ля кармы, гледзячы, як лодачнік кіруе вяслом. Напачатку іх сустрэчы мужчына назваў сваё імя, на якое Нестар адразу ж забыўся. Апошнім часам былы епіскап стаў заўважаць за сабой неўласцівую яму рассеянасць. Дождж перастаў, але неба было зацягнута хмарамі. Над ракой плылі пасмы туману. Агеньчыкі карчмы засталіся далёка ззаду. Процілеглы бераг патанаў у суцэльным змроку. Там, за лесам, пачыналася Паўночная Багна, якая прасціралася да самага мора. Гняздоўе язычнікаў.
Багна лічылася гібельным месцам. Толькі язычнікі ведалі пра таемныя сцежкі, па якіх можна было прайсці праз бурыя тарфяныя палі з вокнамі прорваў, над якімі курыліся атрутныя выпарэнні. Чужынцам Багна абяцала смерць.
Калі Гвіліён заключыў хаўрус з Аўгустай і Каралеўства зрабілася часткай Рамейскай Імперыі, царградскія навукоўцы праявілі найжывейшы інтарэс да загадкавага балота на поўначы новай правінцыі. Аднак рамейцы так і вынайшлі спосабу дабрацца да сэрца Багны. Рамейскія самаходныя машыны грузлі ў зыбкай балотнай глебе. Верацёнападобныя паветраныя караблі і лёгкія крылатыя "птэрыксы" гублялі кіраванне і падалі ў дрыгву. Прасталюдзіны пагаворвалі пра чорную магію. Навукоўцы сышліся ў меркаванні, што маюць справу з невядомай прыродная з'явай. Так ці іначай, Паўночная Багна заставалася недасягальнай. Ніхто не ведаў, што дзеецца там, сярод прорваў. У народзе хадзілі смутныя чуткі пра селішчы сярод балот, дзе жывуць язычнікі-чараўнікі, ды храмы па-над багнішчамі, у якіх збеглыя святары старой веры спяваюць гімны тутэйшым багам.
Хто б мог падумаць, што Нестар, у мінулым епіскап, цяпер просты манах, будзе шукаць сустрэчы з гэтымі паганцамі?
Плёскат вёслаў і рыпенне ўключын разносіліся далёка над ракой, ахутанай туманам. Лодачнік маўчаў, і Нестар быў гэтаму невымоўна рады. Зараз ён не меў ніякага жадання выслухваць чужую балбатню.
Схіліўшыся над кармой, Нестар працягнуў руку да цёмнай вады. Край шырокага рукава адразу ж намок. Вада была, як сцюдзёны метал. Ён здрыгануўся, пачуўшы голас лодачніка. Той штосьці гаварыў, але Нестар, занураны ў свае думкі, не разабраў слоў.
– Я кажу, не нахіляйся да вады, – цярпліва паўтарыў лодачнік. – А то яны ўчэпяцца табе ў вопратку і ўцягнуць на дно.
– Хто?
– Ды тапельніцы, – лодачнік рыўком выхапіў вясло з вады, нібы яно за штосьці было зачапілася. – Тут яны. Параспускалі валасы, грэбці немагчыма.
Здзіўлены, Нестар стаў углядацца ў цёмную роўнядзь. У нейкі момант яму падалося, што ў вадзе калышацца светлыя локаны, нібы сцёблы рачной расліны. Пачуўся ўсплёск, і над кармой ускінулася бледная рука. Нестар не паспеў адхіліцца, і ледзяныя, слізкія пальцы абхапілі яго за шыю. Ён убачыў аблічча тапельніцы. З яе мокрых валасоў струменямі збягала вада, шырока раскрытыя вочы былі бялёсага колеру, як у мёртвых рыб. Ссінелыя вусны рассунуліся, бліснулі белыя зубы. Нестар ускрыкнуў і адхіснуўся, адганяючы насланнё. Твар тапельніцы сказіўся, нібы ў бязгучным плачы, тонкія, бледныя рукі ўзняліся да неба. Яна павольна пагрузілася на дно, знікла ў непранікальнай чарнаце вод.
– Я ж папярэджваў, – прабурчаў лодачнік.
Ён з сілай рвануў вёслы і прыняўся штосьці мармытаць сабе пад нос, пэўна, словы малітвы. Туман пагусцеў. Нестар зачаравана глядзеў, як над ракой адзін за адным успыхваюць агеньчыкі, нібы чыясьці нябачная рука запальвае свечкі, якія лунаюць проста ў паветры. Узняўся вецер, закружыў над ракой жмуты туману. Напружыўшы зрок, Нестар разгледзеў у тумане зыбкія вобразы. Абліччы. Твары мерцвякоў, з якіх даўно сышла плоць. Пустыя вачніцы, касцяныя ўхмылкі. В смузе вымалёўваліся то кашчавыя рукі, то зблытаная пасма валасоў, то край савана. Ужо не жмуты туману, а бясплотныя прывіды кружыліся над ракой у маўклівым танцы. Над цёмнай вадой уздымаліся сотні бледных рук, слізкія пальцы скрэблі аб барты чоўна, гайдалі, спрабуючы перакуліць.
Лодачнік кінуў вёслы і абхапіўшы галаву рукамі, утаропіўся сабе пад ногі.
– Адыходзьце, адлятайце, згіньце прэч... – пачуў Нестар яго мармытанне. – Не губіце заблукалых уначы... Свечкі вашы хай гараць ля алтара... Душы вашы няхай знойдуць супакой...
Нестар усвядоміў, што рука яго слізганула за пазуху і пальцы сашчапіліся вакол васьміканцовага крыжа, які вісеў у яго на грудзёх. З прыкрасцю ён прымусіў сябе расціснуць далонь. Зараз было б крывадушнасцю спадзявацца на заступніцтва Творцы.
Нестар быў народжаны ў Каралеўстве Семгален, але яго юнацтва прайшло ў Царградзе – сталіцы Рамейскай Імперыі. Там ён вучыўся ў семінарыі, спасцігаючы Божы Закон, там жа, у царскай сталіцы, ён атрымаў сан епіскапа. У родныя землі ён вярнуўся сталым чалавекам. Вярнуўся з адзінай мэтай – выкараніць паганства і навярнуць свой народ да Творцы.
Народ Каралеўства вызнаваў веру нібыта тую ж самую, што ў Рамейскай Імперыі, вось толькі Творцу-Усеўладару тут маліліся неяк няправільна і храмы будавалі не такія, як трэба. Апроч таго, у Каралеўстве меўся добры тузін тутэйшых багоў, якіх шанавалі не менш за Творцу: Сонца-Коннік у абліччы віцязя з мячом у руцэ, і барадаты Пяркунас – валадар навальніц, і браты Вуж ды Сокал, і Жытняя Цётка – апякунка ўрадлівых палёў, ды многія іншыя, якіх Нестар ужо не помніў. З пункту гледжання Рамейскай Царквы гэта было найчысцейшым язычніцтвам.
Епіскап Нестар быў добрым прапаведнікам. Праз яго клопаты ў Каралеўстве быў збудаваны дзясятак рамейскіх цэркваў і адчыненыя два манастыры, мужчынскі і жаночы. Справа, аднак, прасоўвалася марудна. Жыхары Каралеўства ў большасці сваёй заставаліся язычнікамі. Для ўсталявання веры сапраўднай і канчатковай перамогі над паганствам неабходна была падтрымка тутэйшых правіцеляў.
Калі пасля смерці старога караля пачалася сварка між яго сынамі – Гвіліёнам, які быў незаконнанароджаным, і Адальгізам, які ўспадкаваў карону, епіскап Нестар без роздуму стаў на бок Гвіліёна. Епіскап асабіста пахадайнічаў за "Сына ахмістрыні" перад царградскім мітрапалітам і самой Аўгустай. Яго выбар быў вызначаны пытаннем веры. Адальгіз быў зацятым язычнікам. Гвіліён адрынуў язычніцтва і пахрысціўся ў Рамейскай Царкве. Нестар ведаў, што "Сын ахмістрыні" мае свае ўласныя інтарэсы. У барацьбе за трон яму патрэбныя былі моцныя хаўруснікі, а Аўгуста абяцала вайсковую дапамогу. Гвіліёна не надта бянтэжыла тое, што прысягнуўшы Імперыі, ён назаўжды скасуе ўладу каралёў, і надалей Каралеўства будзе звацца "правінцыяй", а сам ён зробіцца, па сутнасці, губернатарам. Зрэшты, губернатары правінцый мелі амаль неабмежаваную ўладу і маглі рабіць што заўгодна, каб трымаць народы ў пакоры. Такі расклад Гвіліёна цалкам задавальняў...
Начны морак спакваля адступаў. Парыў ветру развеяў туман, гонячы прывідаў прэч. Мёртвыя агеньчыкі згасалі адзін за адным. Тапельніцы зніклі ў цёмных глыбінях. Міг, і няма нічога, толькі плёскаецца пад кармой вада ды шапочуць на водмелі чараты. Бераг ужо блізка. Лодачнік уздыхнуў з палёгкай і ўзяўся за вёслы.
– Ніяк не магу прызвычаіцца, – сказаў ён, быццам апраўдваючыся. – Думаеш, першы раз такое бачу? Толькі малітва і ратуе.
Ён зірнуў на чалавека ў манаскай расе і ўсміхнуўся.
– Не раздумаўся? Гэта мы яшчэ ў дарозе. Можаш уявіць, што дзеецца ў самой Багне? Яшчэ не позна вярнуцца.
Нестар адмоўна пахітаў галавой.
– Ты многіх пераправіў, апроч мяне? – спытаў ён.
– Сёлета дваіх, – адказаў лодачнік. – Ты трэці. І ні адзін не раздумаўся.
*
Гвіліён быў сынам караля і ключніцы. Бацька-кароль выхоўваў яго так, каб ён не адчуваў сябе ў чымсьці пакрыўджаным. Гвіліён жыў у каралеўскім палацы, маючы ўсе прывілеі, вучыўся ў найлепшых настаўнікаў і ніколі, ні разу ён не пачуў пра сябе зняважлівага слова. Аднак Гвіліён вельмі рана ўсвядоміў сваё нізкае паходжанне. Кажуць, гэтаму паспрыяла яго маці-ключніца, якая затаіла смяротную крыўду на караля, бо чакала, што той зробіць яе каралевай. "Не варта думаць, Гвіліён, – настаўляла яна сына, – што ты роўны брату Адальгізу. Ты не роўны, ніколі не будзеш роўным, і калі стары кароль сканае, не ты, але Адальгіз атрымае карону, таму што ён законнанароджаны, а ты байструк, прасталюдзін, усімі пагарджаны, як твая бедная матуля!" Навука не прайшла дарэмна. Горыч засела ў яго сэрцы, як цярновы шып. З цягам часу яго нянавісць да брата рабілася ўсё мацней, а душа напаўнялася атрутай. Лютасць тлела ў ім доўгія гады, нібы пажар на тарфяным балоце. Гвіліён умеў хаваць свае пачуцці. І толькі пасля смерці старога караля, калі між братамі пачалася сварка за трон і Аўгуста кінула войскі на Каралеўства, Гвіліён даў волю сваёй нянавісці.
Краіна захлынулася крывёй. Рамейская Царква закрывала вочы на тое, што аб'яднаныя войскі Гвіліёна і Аўгусты вынішчалі цэлыя селішчы, не шкадуючы ні старых, ні малых. Усе загінулыя былі язычнікамі, і прад вачыма Творцы іх забойства не лічылася злачынствам. Царква прамаўчала і тады, калі Гвіліён расправіўся з каралевай Ільматай, якая чакала дзіця. У той дзень былі забітыя яе бацька і маці, і абодва яе браты, старэйшаму з якіх ледзь мінула чатырнаццаць гадоў. Каралеву пакінулі ў жывых. Гвіліён узяў яе сілай, зрабіўшы сваёй наложніцай на знак адмысловай знявагі. На Ільмату ён меў асобную крыўду – у свой час яна адпрэчыла яго прапанову аб шлюбе, абраўшы Адальгіза.
Не абурыла Царкву і разня ў Ліндале. Сталіца тры дні трымала аблогу, але старыя сцены не выстаялі перад штурмавымі машынамі рамейцаў. Гвіліён аддаў горад на рабаванне. Цягам тыдня ў каралеўскай сталіцы бушавалі пажары, а рамейскія воіны прачэсвалі кварталы, выцягвалі на вуліцу гараджан, якія хаваліся ў сутарэннях, і пераразалі ім глоткі. Забойства не ўхвалялася Божым Законам, аднак той жа Закон заклікаў да вынішчэння ерэтыкоў і язычнікаў, якія ў свяшчэнных кнігах зваліся "змеямі ды яхіднамі".
Кароль Адальгіз быў узяты ў палон. Гвіліён загадаў асляпіць брата на абодва вокі і адправіць яго ў манастыр каля Чорнага Гаю на паўднёвым памежжы Каралеўства. Царква зноў прамаўчала. У Рамейскай Імперыі гэта было звычайнай справай, нават Аўгуста прыйшла да ўлады, зрабіўшы тое ж самае з уласным сынам. Двума днямі пазней Адальгіз адрокся ад кароны. Усё было законна, без відочнага прымусу і ў прысутнасці духоўнай асобы, то-бок, епіскапа Нестара. Адальгізу была абяцана атрута ў абмен на адрачэнне. Поўная свабода выбару: альбо хуткая, лёгкая смерць, альбо вартае жалю існаванне пад наглядам манахаў. Гвіліён клапатліва падтрымліваў руку брата, калі той падпісваў грамату аб адрачэнні. Пасля, шапнуўшы Нестару: "Заканчвай з гэтым," Гвіліён выйшаў. Ён не быў братазабойцам. Не ён падаў брату фіял з атрутай, перадаручыўшы гэта Нестару.
Дно чоўна заскрыгатала аб пясок водмелі.
– Вось мы і на месцы, ойча, – сказаў лодачнік.
Нестар саскочыў на бераг і працягнуў лодачніку некалькі манет. За свае паслугі ён браў па-божаску, хоць і ведаў, як рызыкуе, перапраўляючы ў Багну адступнікаў.
Стоячы на беразе, Нестар глядзеў, як лодачнік адштурхваецца вяслом ад водмелі і скіроўвае човен на сярэдзіну ракі. Неўзабаве ён знік, схаваўся ў цемры – да слыху даносіўся толькі размераны рып уключын ды ўдары вёслаў аб ваду. На бераг з ціхім пляскам набягала хваля. У зарасніках чароту насіліся прыцішаныя шолахі, нібы начны вецер шаптаўся з ракой. За спінай Нестара ўзвышаўся часты ельнік, які ў змроку здаваўся суцэльнай чорнай сцяной. За лесам ляжала Паўночная Багна.
Атрымаўшы амаль неабмежаваную ўладу, Гвіліён больш не стрымліваў сябе. Помста за былыя крыўды, сапраўдныя ці выдуманыя, зрабілася мэтай яго жыцця. Расправіўшыся з братам, ён нястомна вышукваў новых ворагаў. Па гарадах і селішчах хадзілі шпегі, хапаючы кожнага, хто здаваўся ім падазроным. Прылюдныя пакаранні цяпер ладзіліся часцей, чым кірмашы ці гулянні. Галовы ерэтыкоў гнілі на плошчах, а целы ляжалі ў вапняных ямах разам з трупамі жывёл. Бок у бок са шпегамі працавалі глашатаі, чыім абавязкам было глуміцца і смяяцца з пакараных смерцю. А заадно слухаць, што кажуць людзі, і ўсякую спробу выказаць незадаволенасць перарываць пагрозай альбо кпінамі.
І народ маўчаў, а па зямлі гуляла нежыць.
Нестар стаяў, уперыўшы вочы ў рачную роўнядзь. Вада была чорная, як яго думкі. Ён хацеў навярнуць народ Каралеўства ў веру сапраўдную. Замест гэтага ён саштурхнуў сваю краіну ў бездань, аддаўшы ў рукі вар'ята. Нестар занадта позна ўсвядоміў, якую страшную зрабіў памылку.
Штогод царградскі мітрапаліт атрымліваў справаздачы аб стане спраў у правінцыях. Дзеянні губернатараў мітрапаліта не датычылася, яго цікавілі толькі пытанні веры. "Згодна справаздачам, у Паўночнай правінцыі – былым Семгалене будуюцца новыя цэрквы, людзі шануюць Божы Закон, а іх дзеці выхоўваюцца ў паслухмянасці і любові да Творцы, – гаварыў мітрапаліт падчас аўдыенцыі з епіскапам Нестарам. – Пачасціліся смяротныя пакаранні? Што ж, тут нічога не зробіш, ерась ды язычніцтва немагчыма выкараніць адным махам, гэта доўгі, пакутлівы шлях, на першых парах экзекуцыі непазбежныя. Сюзерэн Гвіліён – праведны і богабаязны чалавек. Не адмаўляю, ён дзейнічае некалькі жорстка, але выключна дзеля Закону і ў імя Творцы. Магчыма, некалі яго імя будзе ў сонме святых. Чаму не? Былы язычнік зрабіў для ўсталявання веры куды больш, чым іншыя епіскапы".
Апошняя заўвага, імаверна, датычылася Нестара. Той спрабаваў данесці да мітрапаліта, што Сюзерэн – шаленец. З юных гадоў Гвіліён быў апантаны дзіўнымі думкамі, яму мроілася, нібыта ўсе навокал смяюцца з яго і строяць яму падкопы. Цяпер дастаткова было неасцярожна сказанага слова, ненаўмысна кінутага позірку, каб быць абвінавачаным у ерасі. Народ жыве ў страху, штодня ляцяць галовы, асуджаных не дазваляюць нават пахаваць па-чалавечы, кідаюць іх у ямы, нібы жывёл – хіба гэта тое, чаму навучае Рамейская Царква?.. Нестар дамогся аўдыенцыі ў спадзеве, што мітрапаліт паспрыяе, паклапоціцца аб тым, каб Гвіліён пазбавіўся пасады сюзерэна. Аўдыенцыя не мела вынікаў. Нестара не сталі слухаць.
Нягледзячы на ўсе перасцярогі, Гвіліён дазнаўся пра таемную сустрэчу епіскапа з мітрапалітам. Пэўна, шпегі былі ўжо ўсюды, нават у Царкве. Наступствы не прымусілі чакаць. Нестар быў пазбаўлены сану епіскапа і сасланы ў Чарнагайскі манастыр, той самы, дзе скончыў свае дні злашчасны Адальгіз. Разжалаванаму епіскапу пашанцавала больш – у яго заставаліся ўплывовыя сябры, якія дапамаглі яму збегчы з-пад арышту.
Нестар паднёс руку да грудзей і сціснуў у далоні сярэбраны васьміканцовы крыж. Яшчэ ў бытнасць юнаком-семінарыстам Нестар атрымаў яго з рук настаўніка і насіў на скураным шнурку, пад вопраткай, каля самага сэрца, як патрабаваў Божы Закон. Памарудзіўшы імгненне, Нестар рвануў шнурок. Пачуўся ціхі гук, нібыта лопнула струна. Крыж упаў яму пад ногі.
Нейкі час Нестар стаяў, затыхаючыся, яго біла дрыготка. Жудаснае блюзнерства, якое ён толькі што здзейсніў, назаўжды зачыняла яму дарогу ў Царства Творцы-Усеўладара. "Маё адступніцтва адбылося значна раней, – сказаў сабе Нестар. – Адрынуўшы свяшчэнны сімвал, я толькі падвёў апошнюю, відочную рысу". Ён накінуў на галаву капюшон і павярнуўся тварам да чорнага ельніку.
Балоты на поўначы былога Каралеўства былі ўвасабленнем жаху. Трэба быць у поўным адчаі, каб там шукаць паратунку. Людзі беглі ў Паўночную Багну па двое, па трое за год, і ні адзін не вяртаўся. Ніхто не ведаў, што з імі сталася – ці то яны згінулі ў дрыгве, ці то самі зрабіліся язычнікамі-чараўнікамі. Ці прымуць яны Нестара? Сваё мінулае ён адкінуў, яго будучыня гублялася ў нявызначанасці.
Нестар заплюшчыў вочы і рушыў да Багны.


Рецензии
Добрый день, Нероли.

1. "Ахмістрыні Сынок", я бы написала, например так, "Ахмістырнік". (это только предложение)
(в моём детстве сына тракториста дразнили "трактарысцік")

2. "у бок агмяню" - "у бок агменю"
3. "Ля агмяню" - "Ля агменю"
4. "ў бок агмяню" - "ў бок агменю"
5. "У тутэйшых карчмах" - "У тутэйшых корчмах"
6. "у карчмах Фарны" - "у корчмах Фарны"
7. "ў карчмах гучала музыка" - "ў корчмах гучала музыка"

карчма, але корчмы

8. "Пазней геральды" - "Пазней герольды"
9. "Багі караюць гэтую зямлю" Богі

Я такая невнимательная читательница. Не гарантирую, что всё нашла.

Альжбэта Палачанка   21.03.2013 18:26     Заявить о нарушении
На этом "агменю" я сама споткнулась! Сначала написала так, потом полезла проверять на слоунiк.орг, а у них ударение проставлено на последнем слоге. Плюнуть и написать "камин"?=)

1. Или "Ахмiстрынiн". "Ахмiстрынчык". Ой, я его люблю))

Спасибо большое, буду выправлять!

Нероли Ултарика   21.03.2013 21:17   Заявить о нарушении
...и еще вдруг подумалось: а причем тут герольды? Какие еще герольды? Это ж эти были, идеологи, то есть Охранители (Ахоунікі)

Нероли Ултарика   21.03.2013 22:46   Заявить о нарушении
Это я так неправильно поняла, значит. Если возникают вопросы, можно спрашисть у Гугла. Он может найти чужие стихи или прозу с такими же словами. Что я и делала.

Альжбэта Палачанка   22.03.2013 08:23   Заявить о нарушении