Нядрэмны свет
Ян падхапіўся на койцы, спрасонку не адразу сцяміўшы, дзе ён знаходзіцца. Навокал панавала мітусня, чуліся тупаценне і прыглушаная лаянка, ляпалі дзверы. Начлежка, пэўна, зачынялася ўдзень, і пастаяльцы разбрыдаліся хто куды. Ён павольна спусціў ногі на падлогу і пасядзеў так з хвіліну, збіраючыся з думкамі. Шмат гадзін ён праляжаў без сну тварам да сценкі і толькі недзе пад раніцу праваліўся ў кароткае забыццё. Абуджэнне было, як заўсёды ў апошні час, жудасным – у цемры, з абсалютнай пустатой у галаве, калі па звычцы спрабуеш расплюшчыць вочы, пакуль не ўсвядоміш. Ён дакрануўся да металічнай спінкі ложка, правёў рукой уздоўж ножкі ўніз і намацаў на падлозе пару чаравікаў – іх, на шчасце, не скралі, пакуль ён спаў. Пагрэбавалі тырыць у калекі, абыякава думаў ён, нацягваючы абутак. Альбо проста пагрэбавалі, шнуркоў жа няма, у СІЗА канфіскавалі, каб зэк па добрай волі не павесіўся, вешаць у нас дазволена толькі спецыяльна навучаным людзям...
– Прывітанне, – ён здрыгануўся, калі нечая далонь легла на ягонае плячо. – Мяне завуць Дар'я.
– Што? – спытаў ён збянтэжана.
– Дар'я, – паўтарыў дзявочы голас. – Учора ты заплаціў таму дзядзьку на вахце, каб ён дазволіў мне застацца. Рубель. Цяпер я табе вінная.
– Ты...а сям'я твая дзе? – Ян пацягнуўся за курткай.
– У мяне няма сям'і, – адказала дзяўчынка. – Я адна ў гэтым горадзе і нічога тут не знаю. Ты таксама адзін? У цябе няма...гэтага... – яна сумелася, – ну, памагатага?
– Павадыра? – сказаў ён наўпрост. – Пэўна, не.
– То мабыць, я ім пабуду?
Ян памаўчаў, разважаючы. У бягучых абставінах выбар у яго невялікі, але сёння ён выбраў прачнуцца і неяк пражыць гэты дзень.
– Давай паспрабуем, – сказаў ён.
Калі Ян, прытрымліваючыся за плячо Дар'і, выйшаў на вуліцу, яго крыху павяло ад свежага, марознага паветра. Пад нагамі пахрустваў снег. Навокал было ціха, глуха і бязлюдна, як у першую раніцу новага года.
– Куды ісці-то? – спытаў Ян.
Дар'я тузанула плячом.
– Я думала, ты знаеш гэты горад.
– Першы раз тут.
Ян узняў твар да неба, спрабуючы вызначыць месцазнаходжанне сонца. У ясныя дні, калі няма хмар, можна адчуць дотык прамянёў да скуры.
– Дар'я, што там у небе дзеецца? Сонца ёсць?
– Паказалася было, але хутка набеглі хмары, і зараз усё шэрае.
– Зразумеў.
– Цікава, тут ёсць грамадскія душавыя? – спытала Дар'я.
– Наўрад ці.
– Мне так праціўна, – у ейным голасе чулася прыкрасць. – Думала памыцца ў прыбіральні, а там ні мыла, ні гарачай вады. А мае зубная шчотка з расчоскай засталіся ў гасцініцы.
– А ты што хацела? Начлежка не санаторый. Як і турма, дарэчы. У СІЗА таксама ні мыла, ні гарачай вады.
– Адкуль ты ведаеш?
– Быў там.
– Ого! – выклікнула яна са шчырым здзіўленнем. – Калі?
– Ды ўчора. Закрылі на суткі, не паспеў нават горад паглядзець.
– За што закрылі?
– Ну дапусцім, за бадзяжніцтва.
– А потым пачалася пошасць і ўсіх выпусцілі. Правільна?
Ян прамаўчаў. Ісці было складана, бо ногі загрузалі ў снезе па самую шчыкалатку. Ноччу, пэўна, добра мяло, а вуліцы дагэтуль не расчышчаныя. Іншая справа Мінск, дзе ўсю зіму ходнікі сухія і белыя ад рэагентаў, прынамсі, у цэнтральных кварталах...
Схіліўшыся, Ян падхапіў у прыгаршчы снегу і сунуў яго ў рот.
– Халера, піць хочацца.
– На снезе мікробы, – заўважыла Дар'я.
– Ага, і моравая язва. А што рабіць?
Дар'я падалася ўбок. Штосьці храбуснула.
– Лядзяш, – сказала дзяўчынка, разгрызаючы яго, як карамель. – Ад падстрэшка адламала.
– Лёд, думаеш, чысцейшы?
– Па ім хоць ніхто не таптаўся. А ты так і не назваў сваё імя.
– Ян.
– Ян... – паўтарыла дзяўчынка. – Слухай, у мяне ногі адмёрзлі!
– У мяне таксама. І чаравікі звальваюцца, у СІЗА шнуркі забралі.
– Напярэдадні я была на вялікай вуліцы з царквой, – узгадала дзяўчынка. – Там ячшэ помнік і ліхтары прыгожыя. У царкве можна схавацца ад холаду. Учора, прынамсі, пускалі, толькі на ноч дзячок усіх выгнаў і павесіў замок на дзверы.
– Царкву тую знойдзеш?
– Паспрабую.
Яны перайшлі дарогу (Дар'я дысцыплінавана пастаяла на святлафоры, хаця машын не было і знаку) і занурыліся ў пустынны сквер. З галіны на галіну грузна пераляталі, ляпаючы крыламі, ці то груганы, ці то вароны, і долу з шамаценнем асыпаўся снег. Выйшаўшы са скверу, яны апынуліся на вуліцы, якую дзяўчынка не магла пазнаць.
– Дар'я, што тут? – спытаў Ян.
– Пляц з фантанам і кінатэатр, – адказала яна. – Вакол панэлькі ў тры паверхі. Магазіны нейкія, бібліятэка. Усё зачыненае. Удалечыні кацельная, з трубы ідзе дым. І тут ёсць людзі. Стаяць па двое і болей. Здаецца, яны напалоханыя.
– Дзіва што.
Яны павольна крочылі па тратуары, выкладзеным пліткай. Снегу паменшала, затое зрабілася коўзка – тут пэўна чысцілі, ды забыліся пасыпаць пяском.
– Давай спынімся, – папрасіў Ян.
Яны затрымаліся каля купкі людзей, якія ціха перагаворваліся паміж сабой. Прыслухаўшыся, Ян улавіў абрывак гутаркі:
– ...Сатана з Вавілонскай блудніцай. Іх бачылі на пустках за шашой, акурат перад пачаткам эпідэміі. Яны ішлі пад руку і рагаталі. Блудніца трымала над галавой чашу, з якой паўзлі змеі.
– Піць трэба менш, – кпліва заўважыў хтосьці.
– Ну не скажы, – запярэчыў першы голас, які гучаў крыху гамзата. – Брыгадзіра нашага зяць учора працаваў у другую, вяртаўся позна. Ідзе ён, значыцца, па Аляксандраўскай, а царква зачыненая ўжо, у вокнах ні агеньчыка, глядзіць – на цвінтары чорт цалуецца з манашкай. Той самай, прыезджай, што першай памерла.
– Ха-ха, мабыць, не з манашкай, а з маёрам? – весяліўся Кплівы. – Надысь на верталёце прыляцеў, гламурны такі, адразу бачна, што з гэтых.
– Цьху ты, лухту не лухці! – абурыўся трэці голас, які мог належаць старому чалавеку. – Верталёт, дарэчы, так і стаіць у ангары. Маёр, значыць, застаўся ў горадзе. Імаверна, ужо памёр.
– Дар'я, спытай іх, як прайсці да царквы з помнікам, – шапнуў Ян.
– Добра, зараз.
Дзяўчынка выслізнула з-пад ягонай рукі і падышла да людзей, якія загаварылі з ёй даволі добразычліва. Ян стаяў напаўпаварота да іх, пільна ловячы кожнае слова: "Спярша пад арачку цераз двары (перабіваючы адзін аднаго, тлумачылі Кплівы і Гамзаты), потым пад гару, дзе старыя могілкі, там спусціцеся да рэчкі, а царква на тым беразе, адтуль ужо недалёка, хадой хвілін дзесяць, толькі па мосце перайсці..."
– Рака – прыток Заходняга Буга, – адзначыў Стары Чалавек. – А царква збудавана ў стылі віленскага барока, адціснута ў палякаў і названа ў гонар Аляксандра Неўскага. Вуліца, на якой яна стаіць, таксама Аляксандра, толькі Другога, – ён змоўк. Зачыркала запалка, над вуліцай паплыў пах цыгарэтнага дыму. Стары Чалавек сплюнуў у снег і закругліў: – Прыемнага падарожжа!
– Яны кажуць, што тут недалёка, – паведаміла дзяўчынка, вярнуўшыся.
– Я чуў. Дварамі, потым цераз могілкі.
– Чаму ты сам не спытаў?
– А сапраўды – чаму? – Ян паправіў капюшон курткі, які закрываў яму палову твару. – Мордай не выйшаў, такія справы.
– Ды нармальна ты выглядаеш, – яна дакранулася да тыльнага боку ягонай далоні. – Бярыся за мяне. Вунь тая арачка. Хадзем!
Дагэтуль толькі незвычайная цішыня і бязлюддзе паказвалі на тое, што адбываецца штосьці нядобрае. Збочыўшы з вуліцы ў двары, яны сутыкнуліся наўпрост з наступствамі пошасці, якая другі дзень запар спустошвала горад.
– Ян, я далей не пайду, – сказала дзяўчынка, спыніўшыся.
– Што там, Дар'я?
– Машына страшная без вокнаў. Стаіць пасярэдзіне двара. Тут поўна людзей, на іх белыя балахоны і маскі са шкельцамі. Усе ў гумовых пальчатках, сініх такіх.
– Санітары ў касцюмах біяаховы, – вызначыў Ян.
– Вадзіцель таксама ў балахоне, а маску спусціў на падбароддзе. Ён сядзіць у кабіне з адчыненымі дзвярыма і з кімсьці сварыцца па рацыі. Кажа, што ў іх машына зламалася.
– Дар'я, я ж не глухі. Я чую, як ён сварыцца.
– Каля пад'ездаў чорныя мяхі, такія даўгаватыя. Ляжаць проста ў снезе. Гэта ж не...
– Мерцвякі, – пацвердзіў Ян. – Памерлі ад моравай язвы ў сваіх кватэрах. Санітары зараз пагрузяць іх у машыну і павязуць. Калі яна, канешне, завядзецца.
– А нас не пагрузяць?
– Не, Дар'я, мы ім нецікавыя, – адказаў Ян, не стрымаўшы смеху. – Яны займаюцца толькі памерлымі, а таксама тымі, хто захварэў. Заражаных прыраўноўваюць да памерлых, бо гэтая дрэнь не лечыцца.
– А мы не захварэем?
– Гэта ўжо як пашанцуе. І знаеш што? Не забывай час ад часу паглядваць на свае запясці, і на мае таксама. Калі ўбачыш чырвоныя плямы, то...
– Усё, смерць?
– Накшталт таго.
Дзяўчынка маўчала.
– Дар'я?
– Я не хачу паміраць, – у ейным голасе чуліся слёзы.
– Калі мы так і будзем тут стаяць, то дакладна памром, ад холаду. Давай знойдзем гэтую царкву. Куды там далей – пад гару, потым цераз рэчку?
– Прыток Заходняга Буга, – маркотна сказала дзяўчынка. Уздыхнуўшы, яна ўзяла яго пад руку, і яны рушылі наўскос цераз двары, раз-пораз спыняючыся, каб саступіць дарогу людзям у шапаткіх ахоўных касцюмах, якія валаклі штосьці цяжкае.
– Як ты наогул апынулася ў гэтым горадзе? – спытаў Ян.
– У Мураўёў-Віленскім? Я мелася сустрэць тут чалавека, які адвязе мяне да бацькоў. То-бок, у прыёмную сям'ю. Маіх сапраўдных бацькоў я не помню.
– А сама ты адкуль?
– З прытулку Свята-Елісавецінскага манастыра.
– З Мінска, значыць. Далёка ж цябе занесла.
– Гэта яшчэ недалёка! Мая прыёмная сям'я ажно ў Свірску. Гэта горад на рацэ Ангара, што ў Сібіры. Я карту глядзела. Наша радзіма такая агромная.
– Ты ўзрадавалася, што паедзеш на Ангару?
Дзяўчынка пацепнула плячыма.
– Праўда – не ведаю. Там, пэўна, вельмі холадна. Але ў прытулку мяне лічылі шчасліўкай. Прыёмныя сем'і вельмі неахвотна бяруць дзяцей палітзэкаў.
– У сэнсе, твае старыя былі "палітычнымі"?
– Толькі бацька. Маці атруцілася, калі яго забралі. Мне было тры гады і я нічога не помню. Цяпер мне трынаццаць.
Ян не знайшоўся, што сказаць. Калі ты з сям'і "палітычных", то гэта кляймо на ўсё жыццё. Ягоны бацька таксама быў абвінавачаны па палітычным артыкуле і памёр за кратамі, але навошта ёй пра гэта ведаць? Чым і як гэта можа дапамагчы, вось зараз?..
– Нам зладзілі сапраўдныя агледзіны, – працягвала дзяўчынка. – Манашкі вывелі ў актавую залу выхаванак ад дванаццаці да чатырнаццаці гадоў. Нам загадалі пастроіцца ў рад. У залу ўвайшла наша ігумення, а з ёй гэтая жанчына. Славаміра Алегаўна. Ігумення звярнулася да яе па імені, і я запомніла, бо гучыць прыгожа. Спачатку яна мне спадабалася. У прытулку ўсе ходзяць у глухім і мехаватым, а на ёй было чорнае плацце па фігуры і барвовы жакет. Валасы ў яе былі белыя і зачасаныя на патыліцы ў вузел, і ніякіх упрыгожанняў, толькі акуляры з каменьчыкамі на аправе. Пазней манашкі шапталіся, што гэта былі сапраўдныя дыяменты. Ад яе пахла парфумай, прыемнай, хоць і занадта моцнай. Ігумення стаяла ўбаку, а Славаміра Алегаўна падыходзіла па чарзе да выхаванак, брала іх за падбароддзе і ўглядвалася ў іхнія абліччы. Некаторым яна запускала руку ў валасы альбо дакраналася да іхніх грудзей і сцёгнаў, а пасля загадвала ўсміхнуцца ва ўвесь рот – паказаць зубы. Яна падышла да мяне ўшчыльную, і тут я ўбачыла, якая яна страшная. У яе былі зморшчыны вакол рота і носа, як быццам яна ўвесь час крывіцца ад агіды, а позірк люты, я проста адчула, як яна ўсіх ненавідзіць – не толькі нас менавіта, а ўсё чалавецтва. Славаміра Алегаўна злёгку ўшчыкнула мяне за шчаку, пасля нахілілася і стала глядзець, ці няма ў мяне твары прышчоў альбо плямак, і тут мяне ледзь не званітавала, бо ў яе жудасна смярдзела з рота, нібыта яна наелася гнілога мяса, не дапамагала нават ейная парфума. Мне прыйшлося не дыхаць, калі яна загаварыла: "Ты вельмі прыгожая дзяўчынка, проста юная прынцэса. Нашто табе тут прападаць?" Я не паспела адказаць, бо яна хутка адвярнулася і пайшла да выхаду, ігумення за ёй, а нас павялі на заняткі. У той дзень я даведалася, што мяне бяруць у прыёмную сям'ю.
– Так, пачакай, нешта я заблытаўся. Ты кажаш, што сям'я ў Сібіры. А паехала ты ў Мураўёў-Віленскі. Гэта Брэсцкая вобласць, як бы не ў той бок.
– Тут жыве чалавек, які мусіў суправаджаць мяне ўсю дарогу да Сібіры, а там перадаць з рук у рукі новым бацькам. Мы з ім так і не сустрэліся, бо пачалася пошасць.
– Не, Дар'я, усё роўна не стыкуецца, – сказаў Ян, паразважаўшы. – Дый уся гэтая гісторыя выглядае неяк херова. Прабач, лаюся, як яфрэйтар.
– Нічога. Чуў бы ты, як гарлапаняць манашкі.
– Здаецца мне, што гэты дзядзька да Ангары цябе б не давёз. Добра, што вы з ім не сустрэліся.
– Яго завуць Уладзілен Францавіч Падлепрык. Ігумення сказала, каб я запомніла гэтае імя, бо ён вельмі важны для мяне.
Дзяўчынка памаўчала і раптам ціха засмяялася.
– Знаеш, Ян, я за ўсё жыццё столькі не гаварыла, як сёння. Не думала, што я такая балбатуха.
– Стамілася ад гаварыльні?
– Наадварот. Калі мы размаўляем, мне не так страшна. Я і не заўважыла, як мы прайшлі гэтыя двары з мерцвякамі.
– Дзе мы зараз?
– Тут дарога са святлафорам, за ёй гара, напалам падзеленая лесвіцай, і надмагіллі ў снезе. Тыя самыя могілкі. Сюды павязуць памерлых?
– Наўрад ці. Разумееш, ёсць правілы санітарнай бяспекі на выпадак эпідэміі. Памерлых ад моравай язвы спальваюць у перасоўным крэматорыі, а калі яго няма, то скідваюць у спецыяльную траншэю і заліваюць антысептыкам.
Дзяўчынку перасмыкнула.
– Жудасна. Мне б не хацелася...
Яны прайшлі колькі крокаў і спыніліся.
– Зараз трэба пачакаць, святлафор чырвоны, – сказала дзяўчынка.
Ян хмыкнуў. Звычка тутэйшых стаяць на святлафоры – гэта ўжо свайго роду безумоўны рэфлекс, які не адолеюць ні чума, ні вайна, і ніякае ліха.
Могілкі выглядалі занядбанымі, прынамсі, Дар'я не ўгледзела ніводнага свежага пахавання, адно ззелянелыя ад часу надгробкі, над якімі навісалі старыя вербы з каравымі, расшчэпленымі стваламі. Стромкая лесвіца вяла да вяршыні могілкавай гары, дзе стаяла, нібы свечка, каменная капліца з трыкутным дахам. Унізе пад гарой было абгароджана, як для будоўлі, скрозь пластыкавую сетку віднеліся гусенічныя машыны з кранамі, падобнымі на шыі дыназаўраў. У схіле быў пракапаны неглыбокі катлаван, з-пад снегу праступала чорная зямля. Каля агароджы проста на асфальце ляжала некалькі расколатых надмагілляў. Дар'ю гэта непрыемна ўразіла.
– Што тут сабраліся будаваць? – спытала яна.
– Што заўгодна. Жылы квартал альбо гандлёвы цэнтр.
– На могілках? А труны і...ўсё астатняе?
– Выкапаюць і выкінуць. Звычайная справа.
– Так жа нельга!..
– Столькі цудоўных адкрыццяў, а дзень толькі пачаўся, – іранічна сказаў Ян. Яе наіўнасць пачынала яго забаўляць. Зусім жыцця не знае. Кажа, што ёй трынаццаць, а ў некаторых пытаннях як першакласніца. Зрэшты, чаго ад яе хацець, чалавек, лічы, дзесяць год прасядзеў пад замком. Чаму могуць навучыць гэтыя манашкі? У ваеннай школе ўсё-такі павесялей, і на выходныя адпускаюць...
– Не смешна ні разу, – з прыкрасцю сказала дзяўчынка.
– Пакрыўдзілася?
– Не, – коратка адказала яна. – Асцярожна, прыступкі.
Яны сталі падымацца па вышчарбленай бетоннай лесвіцы. Прыступкі былі зацярушаныя снегам, па якім беглі ланцужкі слядоў.
– Выглядае, як адбіткі босых ног, хаця такое немагчыма, – прагаварыла дзяўчынка. – І па ўсіх могілках сляды, паміж надгробкамі пратаптаныя сцежкі. Тут пахадзілі з рання.
– Будаўнікі, ці што?
– На будоўлі нікога няма, толькі машыны стаяць.
Прыступкі скончыліся, і яны апынуліся на роўнай пляцоўцы, якая з лёгкім ухілам ішла ўгору.
– Каплічка проста перад намі, і вакол яе таксама сляды, – сказала дзяўчынка. – Цікава, туды можна ўвайсці? Пачакай, я збегаю гляну!
– Давай, – Ян адпусціў яе руку. Снег зарыпеў пад таропкімі, лёгкімі крокамі, якія неўзабаве заціхлі – пэўна, дзяўчынка павярнула за сцяну капліцы. Недзе паблізу пакрыквалі галкі, і ні з вуліцы, ні з могілак не даносілася больш ні гуку. Ян стаяў, насцярожана прыслухваючыся, і спакваля яго апаноўвала пачуццё панічнага жаху, як было напярэдадні, калі ён у разгубленасці кружыў вакол машыны з мерцвяком на сядзенні, адзін у чужым горадзе, без разумення, куды ісці і ў каго прасіць дапамогі... Ён сціснуў кулакі і зрабіў глыбокі ўдых, прымушаючы сябе супакоіцца. Дар'я зараз вернецца, казаў ён сабе, хоць яна і не абавязаная. Не вялікае шчасце цягнуць яго за сабой цераз увесь горад. Любому б ужо абрыдла.
Адчуўшы пад нагой штосьці цвёрдае, Ян нахіліўся і падняў са снегу абламаную сухую ветку дрэва. Ён павольна правёў па ёй пальцамі – трывалая, амаль роўная, хіба толькі закароткая. На сядзібе далёка хадзіць не даводзілася – ад ложка да акна, ад акна да парога, трымаючыся рукой за сценку. Сама думка пра тое, каб узяцца за мыліцу, была яму агідная, бо гэта азначала б прызнаць сябе калекай. "А што, хіба не?" – ён кінуў ветку сабе пад ногі.
Дзяўчынка аббегла наўкруг капліцы і вярнулася расчараваная.
– Тут нават няма дзвярэй, уваход закладзены цэглай. Шкада, я думала, што можна будзе зайсці пагрэцца.
– У капліцы асабліва не сагрэешся.
– Калі свечкі гараць, то можна.
– Слухай, Дар'я, – сказаў ён, памарудзіўшы. – Ты казала, тут вербы кругом... Карацей, ты можаш знайсці які сук абламаны, ці ветку, недзе такой даўжыні? – ён паказаў далонню ад зямлі. – Метра паўтара, прыблізна.
– Навошта?
– Ды кій мне патрэбны! Так я змагу ісці, не трымаючыся ўвесь час за тваё плячо.
– Авой, не скеміла спачатку! – яна звонка ляпнула сябе па лбе. – Тут поўна вецця, а ў глыбіні могілак цэлае паваленае дрэва. Я магу што-небудзь падабраць.
Дзяўчынка рванулася была бегчы на пошукі, але Ян спыніў яе.
– Дар'я, пачакай. Падвядзі мяне да гэтай капліцы, калі ласка. Трэба на штосьці абаперціся. Так спакайней, разумееш?
– Я разумею, – сур'ёзна адказала дзяўчынка.
Калі яе крокі заціхлі, Ян прыхінуўся да сцяны капліцы і абхапіў сябе рукамі. Маючы нейкую апору, ён пачуваўся больш упэўнена. Сцяна была ў наплывах лёду, і на ёй крышылася тынкоўка. Капліца, пэўна, была зачыненая ўжо даўно. Хутка знясуць разам з могілкамі. Пошасць прыпыніла будаўнічыя работы, але ненадоўга. Каранцін будзе зняты, як толькі ў горад даставяць процічумную сываратку. Па правілах гэта павінна рабіцца аператыўна, у першыя ж суткі пасля ўспышкі эпідэміі. У жыцці ўсё не так гладка, бо прэпарат вязуць з цэнтра на запыт мясцовых улад, і нярэдка здараюцца накладкі. Такая іронія, у Паўночна-Заходняй акрузе маецца стратэгічны запас "ядзеркі", а каб атрымаць лякарства ад моравай язвы, сяму-таму прыходзіцца званіць у Маскву...
Поруч яго заляпалі крылы. Чымсьці спалоханыя галкі ўсёй зграяй узняліся ў паветра і з гвалтам закружыліся па-над капліцай. Ян мімаволі ўскінуў галаву, нібы ў спадзеве разгледзець птушак, што насіліся над ім. Невідушчы, а дагэтуль захавалася звычка азірацца на рэзкі гук. Мозг ніяк не можа ўсвядоміць, што вачэй больш няма, і часам выдае дзіўнае – то каляровыя плямы і выбліскі, то быццам сны наяве. Відзежы паяўляліся заўсёды знянацку і мелі надзвычайную яркасць. Ён разумеў, што гэта падманка, морак, хаця лепей усё ж, чым поўная цемра.
Карцінка, што паўстала перад ім цяпер, была чорна-белай з выкручанай да краю кантраснасцю: неба, ушпілянае мітуслівымі кропкамі, унізе спляценні ветак, вышчарбленыя надмагіллі, напалову патанулыя ў снезе, а на выраўненай пляцоўцы проста насупраць яго – тры істоты. Яны былі хутчэй кошкамі, чым ваўкамі, і нягледзячы на звярыныя рысы, мелі сваяцтва з людзьмі: іхнія целы былі пазбаўленыя поўсці, на пальцах не кіпцюры, а пазногці, на галовах пасмы, падобныя да чалавечых валасоў. У іхніх даўгаватых вачах з вейкамі свяціўся розум. Адна з істот сядзела верхам на паваленым надгробку, другая, ашчаціненая, прыпадала да зямлі з бязгучным гырканнем, трэцяя павольна падымалася на заднія ногі і хмылілася, паказваючы зубы, буйныя і вострыя, як частакол.
– Блін!.. – прамармытаў Ян і прыняўся церці твар далонямі, каб адагнаць насланнё.
– Знайшла, знайшла! – пачулася з-за капліцы. Дар'я вярнулася, валочачы за сабой доўгую жардзіну. – Там была паламаная агародка, не на чыёйсьці магіле, а проста так ляжала, з яе жардзіны павыпадалі, я адну ўзяла, паглядзі, падыходзіць?
– Дзякуй, Дар'я, – ён узважыў жардзіну ў руцэ і хутка прабег па ёй пальцамі. – Здаецца, тое што трэба.
Цяпер бы разабрацца, як правільна трымаць гэтую штуку. На сядзібе сто разоў мог бы навучыцца, але не думаў, што калі-небудзь спатрэбіцца. У той час ён увогуле не разлічваў, што дажыве да сярэдзіны зімы. Ён рушыў няпэўнай хадой, намацваючы дарогу кіем. Атрымлівалася так сабе, але нічога, прыйдзе з практыкай, галоўнае, не думаць, як гэта выглядае збоку. Дар'я, вызваленая ад абавязкаў павадыра, ішла парывістым крокам, то адстаючы, то забягаючы наперад.
– З гары ўжо відаць гэтую царкву, – сказала яна. – Белая з жоўтымі купаламі, так прыгожа стаіць па-над рэчкай, і берагі замёрзлі. Я была там учора, толькі хадзіла іншай дарогай, занурылася ў нейкія двары і заблукала. Цераз могілкі сапраўды хутчэй.
– Ты не дарасказала, як апынулася на вуліцы, – напомніў Ян. – І як цябе занесла ў тую начлежку?
– Мы прыехалі ў горад позна вечарам, – адказала дзяўчынка. – Мяне суправаджала сястра Марфа, манашка з прытулку, а вёз нас шафёр, які служыць пры манастыры. Спачатку мы накіраваліся ў катэджны пасёлак у межах горада, дзе жыў Уладзілен Францавіч. Шафёр спыніўся каля двухпавярховага дома з чыгуннай агароджай, сястра Марфа пазваніла ў браму, выйшаў ахоўнік і сказаў, што гаспадзін Падлепрык ужо спіць і прымаць будзе заўтра. Сястра Марфа раззлавалася, бо хацела хутчэй збыць мяне з рук і пайсці адпачываць. Для яе быў замоўлены гасцінічны нумар з толькі адным ложкам, і цяпер ёй прыходзілася думаць, куды мяне пакласці на ноч, у ванну, ці што? Яна бурчала ўсю дарогу да гасцініцы, а шафёр пажартаваў, што можа забраць мяне да сябе ў нумар, калі гаспадзін Падлепрык не пры справах, і манашка яго аблаяла. Ты што, смяешся?
– Уявіў у фарбах. А сваё меркаванне я выказаў. Добра, што ты з ім не сустрэлася.
– У гасцініцы сястра Марфа пераапранулася ў халат і тапкі і заказала вячэру ў нумар. Пасля яды ёй зрабілася блага, яна паскардзілася, што яе сушыць знутры і заказала мінералкі, пакаёўка прынесла дзве літровыя бутэлькі, сястра Марфа схапіла адну і выпіла залпам, пасля пабегла ў прыбіральню, і яе пачало ванітаваць. Бачна было, што ёй вельмі кепска, яна голасна стагнала і енчыла. На хвіліну ёй быццам бы стала лягчэй, яна выйшла з прыбіральні і хістаючыся, рушыла да тэлефона, пэўна, каб выклікаць урача, па дарозе яе зноў званітавала, жоўцю, яна павалілася на падлогу і больш не варушылася.
– То-бок, ты была ў адным пакоі з заражанай і не злавіла моравую язву? Шчасліўка, насамрэч.
– Затое перапужалася да паўсмерці. Я спусцілася ў вестыбюль да адміністратара, той выклікаў дырэктара гасцініцы, і пачаўся дурдом. Знаю, што гэта непрыгожа, але па-другому не скажаш – усе бегалі і крычалі, як ненармальныя. Я хацела вярнуцца ў пакой, каб забраць свае рэчы, але мяне туды не пусцілі. Тады я легла на канапу ў вестыбюлі і заплюшчыла вочы. На мяне навалілася такая стомленасць, што зрабілася ўсё роўна, мне проста смяротна хацелася спаць. Я была ўжо ў паўдрымоце, калі хтосьці падышоў да канапы і накінуў на мяне паліто замест коўдры. У мяне не было сіл расплюшчыць вочы, я толькі прамармытала скрозь сон: "Дзякуй", а ён моўчкі пастаяў каля мяне і пайшоў. Ад яго пахла мужчынскай парфумай, абсалютна жахлівай, як быццам горкі расол.
– Сандал, – прагаварыў Ян. – Дрэнь найрэдкая, але некаторым падабаецца.
– Я прачнулася, калі развіднела. У вестыбюлі нікога не было, прапаў нават адміністратар, і смярдзела чымсьці хімічным, у мяне аж запяршыла ў горле. Мне стала страшна, што мяне замкнулі ў пустой гасцініцы, я падхапілася і падбегла да дзвярэй, было адчынена, я вярнулася да канапы, узяла паліто і выйшла.
– Значыць, ты так і швэндалася па вуліцах цэлы дзень?
– Ну, не цэлы. Я зайшла ў нейкую кавярню, умылася ў прыбіральні і села за столікам. Там былі яшчэ наведвальнікі, і на мяне не звярталі ўвагі. Было цёпла, але жудасна хацелася есці. Напярэдадні сястра Марфа аддала мне чарнічнае суфле са сваёй вячэры, бо яно ёй не спадабалася, а ўсё астатняе яна адна заглытала, сказаўшы, што гаспадзін Падлепрык мяне накорміць дасыта... А потым пачаліся беспарадкі.
– Страляніна?
– Не адразу. Праз вокны я ўбачыла натоўп на вуліцы. Людзей было так многа, што яны занялі ўсе ходнікі і праезджую частку. Гэта не было падобна да параду, бо ніхто не нёс ні сцягоў, ні транспарантаў, і людзі былі апранутыя не па-святочнаму. Наведвальнікі паўскоквалі з-за столікаў і прыклеіліся да шыб, нават цётка-буфетчыца кінула кавярнік на стойку і пайшла глядзець, мяне адцяснілі ад акна, і я бачыла толькі іхнія спіны. Тады я выйшла з кавярні і стала на прыступцы каля дзвярэй, а людзі ўсё ішлі ды ішлі міма, нібы рака плыла. Нейкі час я толькі назірала, а потым сышла з прыступкі і рушыла разам з імі.
– Вось гэта ты дарма.
– Мне проста стала цікава. Я не лезла ў сярэдзіну натоўпу, а крочыла з краю, на нас глядзелі з балконаў, у мяне калацілася сэрца і дух займала, але ў той жа час было лёгка і радасна, як бывае, калі гушкаешся на арэлях. Наперадзе ўтварыўся затор, натоўп спыніўся, і пачуліся выкрыкі. Я пабегла паглядзець, што дзеецца ў галаве калоны. Вуліца была перакрытая, паўзверх асфальту быў нацягнуты калючы дрот у некалькі слаёў і стаялі ваенныя з вінтоўкамі, накіраванымі проста на людзей.
– Гэта было чакана.
– Людзі сталі крычаць на ваенных: "Адчыніце горад! Забойцы! Мы ўсе тут здохнем!" У бок агароджы паляцеў нейкі прадмет, па-мойму, пустая пластыкавая бутэлька, і вось тады... – голас яе здрыгануўся. – Вайскоўцы адкрылі агонь. Натоўп змяшаўся, дзесьці залямантавала жанчына, і людзі кінуліся наўцёкі. Асфальт быў коўзкі, некаторыя падалі, астатнія беглі проста па іх. Мяне не затапталі толькі таму, што я схавалася за тумбай з афішамі. Страху не было, бо ўсё здавалася несапраўдным, як у фільмах пра Жнівеньскі Бунт, якія нас прымушалі глядзець у прытулку. На нейкі момант стрэлы сціхлі, і я пабегла разам з людзьмі.
– Таму што не трэба было ісці разам з натоўпам. Не рабі так больш, чуеш? Нават калі здаецца, што гэта мілыя людзі, якія не задумваюць нічога кепскага. Ваша шчасце, што стралялі ў паветра.
– Адкуль ты знаеш, што ў паветра? – спытала дзяўчынка і памаўчаўшы, працягнула: – Мы кідаліся з адной вуліцы на другую, усюды было перакрыта і стаялі ўзброеныя салдаты, якія крычалі: "Назад!" альбо "Направа!" Людзей папросту ганялі туды-сюды, як авечак. Урэшце мы апынуліся перад агароджай, у якой адчынілі праход і сталі прапускаць па адным, мы ішлі нібы па тунэлі з калючага дроту, і зблізку я ўбачыла, што на ім не калючкі, а лёзы, якімі, напэўна, можна перарэзаць чалавека напалам.
Тунэль вёў на вуліцу з царквой, і гэта была пастка – з аднаго боку дамы, з другога рака, і з абодвух канцоў кардоны, няма куды бегчы. Хтосьці закрычаў, што зараз пачнецца хапун. Людзі кінуліся да царквы, як да сховішча, і я разам з імі. Унутр паспела забегчы чалавек дзесяць, а потым дзверы зачыніліся, і больш нікога не пускалі. Царква была такая ж вялікая, як у Свята-Елісавецінскім манастыры, але знутры ўстроеная па-іншаму – выцягнутая ўдаўжыню і ўверх, а па баках дзве вузкія галерэйкі, адгароджаныя калонамі. Людзі паселі проста на падлозе, некаторыя маліліся, іншыя размаўлялі напаўголаса. Я пачула, што яшчэ ў двух кварталах адбыліся сутычкі з ваеннымі, а на выездзе з горада некалькі чалавек забілі.
Спакваля ўсё сцішылася, потым нехта сказаў, што кардоны знялі, і людзі сталі з асцярогай выходзіць адзін за адным. У царкве засталася толькі пара старых багамолак, а мне не было куды ісці, я ўладкавалася ў нішы за галерэйкай і рабіла выгляд, што таксама малюся, а сама думала пра сваё. Калі сцямнела, з'явіўся дзячок, якога прыкметна вадзіла ў бакі, і сказаўшы, што службы сягоння не будзе, прыняўся вешаць замок на дзверы. Я хацела папрасіцца заначаваць, але не наважылася.
І ведаеш, што самае неймавернае? Выйшаўшы, я чакала ўбачыць абязлюдзелы горад без прыкмет жыцця, а на вуліцы ярка гарэлі ліхтары і было поўна народу. Як быццам нічога не здарылася. На вуглах стаялі патрульныя ў рэспіратарах і з аўтаматамі наперавес, але на іх ніхто не звяртаў увагі. Працавалі кафэшкі, усе столікі былі занятыя, і наведвальнікі сядзелі без масак. Усе нібыта забыліся, што некалькі гадзін таму тут гучалі стрэлы і крычалі людзі.
– А што ім, у труну класціся?
– Я перайшла мост і рушыла наўздагад па шырокай вуліцы. Насустрач сталі трапляцца п'яныя кампаніі, якія шумелі і рагаталі. Я збочыла ў двары і спачатку ішла міма двухпавярховых домікаў, пафарбаваных у жоўты, а потым выйшла ў прыватны сектар. Перада мной была вулачка, засыпаная снегам, паабапал дамы з наглуха завешанымі вокнамі і ліхтары на слупах у выглядзе літары "Л". Пасярод вуліцы ляжаў, скурчыўшыся, чалавек тварам уніз, ягоная вывернутая далонь была ўся сіняя. Вакол яго стаялі кальцом прыгорбленыя постаці, і гэта былі не людзі.
– А хто тады?
– Гэта...прыступкі, Ян! – спахапілася дзяўчынка. – Мы перад мостам. Давай я вазьму цябе пад руку, бо тут лесвіца надта стромая.
Мост быў вузкі, з драўлянымі парэнчамі і дашчаным насцілам. Абледзянелыя дошкі былі слізкія, як коўзанка, і дзяўчынка не столькі падтрымлівала свайго спадарожніка, колькі абапіралася аб яго, каб самой не зваліцца.
– Я доўга думала, ці гаварыць табе, – пачала яна даверлівым тонам. – Што, калі існуюць два сусветы? Адзін – Нядрэмны, у якім мы жывём, другі – Мройны, які можна ўбачыць у сне. У Мройным свеце ёсць істоты, якіх называюць Падземнымі Жыхарамі. Яны паяўляюцца там, дзе многа памерлых, якія доўга ляжаць без пахавання – на палях бітваў, альбо ў гарадах, дзе лютуе чума. Падземныя сілкуюцца мёртвым, іх прыцягвае пах смерці. Я іх бачыла ўчора, у прыватным сектары, на той вуліцы з ліхтарамі. Яны стаялі вакол памерлага чалавека, гатовыя накінуцца на яго і зжэрці. У іх сківіцы, як жорны, не застаецца нават касцей. Я павольна адыходзіла, стараючыся не рабіць рэзкіх рухаў. Апынуўшыся на скрыжаванні, я павярнулася і пабегла з усіх ног. Не помню ўжо, як я выйшла да гэтай начлежкі, але і туды мяне не хацелі пускаць, бо мне не было чым заплаціць.
– Сама прыдумала? Пра Падземных?
– Думаеш, я хлушу? – маркотна спытала дзяўчынка.
– Думаю, што ты памылілася. На той вуліцы ты ўбачыла штосьці іншае, мажліва, бадзяжных сабак, якія грызлі мерцвяка. Зрок часам падманвае.
– А сляды, Ян? Мы зараз ішлі цераз могілкі, і там было мноства слядоў, як ад босых ног. Гэта Падземныя Жыхары. Гэта яны хадзілі па снезе, пратоптвалі сцежкі паміж надмагіллямі. Падземныя прыйшлі з Мроі, і яны ўсё яшчэ тут, хоць так не павінна быць, бо іхні сусвет і наш не сутыкаюцца.
"Не трэба мне пра мрою, чуў ужо," – падумаў ён. Выдае, што гэта нейкая новая прымха ў тутэйшых, накшталт вядзьмачага мораку. Мелкі казаў, што над сядзібай мроя, таму яна нябачная для чужынцаў – каму патрэбна, той знойдзе, астатнія пройдуць побач і не заўважаць. Лухта, канешне, усё тлумачыцца прасцей. Чарноў ведае пра сядзібу, а гэта значыць, што служба бяспекі ведае таксама, ён іхні чалавек. Падпольшчыкаў не чапаюць, тому што існуе нейкая дамоўленасць. Пра гэта не гаварылі ўслых, ён сам прыйшоў да такой высновы – калі не бачыш, нішто не адцягвае ўвагу, башка працуе ясна. Вось і ўсё іхняе вядзьмарства... Хаця, з іншага боку, на могілках сапраўды нешта прысутнічала, вунь як галкі былі раскрычаліся.
– Чорт яго ведае, як яно там, – сказаў Ян не вельмі пераканаўча. – Вам бы з Мелкім сустрэцца, было б пра што пагаварыць
– З кім?
– Знаёмы адзін. Вось ён бы паслухаў пра мрою, і сам бы сёе-тое расказаў. Чалавек у гэтым валачэ, без жартаў.
– Ён твой сябар?
– Ды не сказаў бы. Але вы з ім паразумеліся б.
Дзяўчынка прымоўкла, а Ян сказаў сабе, што калі яна стане распытваць аб падрабязнасцях ягонага жыцця, то прыйдзецца хлусіць. Ён пакуль што – бяскрыўдны валацуга, які загрымеў у каталажку за бадзяжніцтва, пасля захрас у чужым горадзе, зачыненым на каранцін, і лепш бы яму і надалей заставацца ў гэтай ролі. Ці мала калек ды юродзівых цягаецца па дарогах Імперыі? Божыя людзі, як той казаў.
Перайшоўшы мост, яны апынуліся на вуліцы, якая насіла імя Аляксандра Другога і пэўна, лічылася гістарычным цэнтрам.
– Я ўчора асабліва не прыглядвалася, а тут прыгожа, – сказала дзяўчынка.
Вуліца была пешаходная, з брукаванкай і каменнымі домікамі "пад даўніну". Справа знаходзілася набярэжная, пасярэдзіне стаялі ў рад разгалістыя ліхтары, а па краях ходніка былі пасаджаныя дрэвы з абчыкрыжанымі на зіму стваламі.
– Нібы бярвенні, пастаўленыя стаўма, мне не падабаецца, – пракаментавала дзяўчынка. – А паміж ліхтарамі клумбы з мармуровымі борцікамі, падобныя да знакаў марзянкі – доўгая, круглая, доўгая, тры круглыя. Тут, мабыць, зашыфраванае пасланне для верталётчыкаў. І помнік, памятаеш, я казала, што тут ёсць помнік? "Імператар Аляксандр Другі і Міхаіл Нікалаевіч Мураўёў, генерал-губернатар віленскі, гродзенскі і мінскі", – прачытала яна на шыльдзе. Скульптурная група, выкананая ў граніце, адлюстроўвала гістарычны сюжэт: імператар, велічны і строгі, сядзіць на троне, паклаўшы рукі на падлакотнікі, і ўважліва слухае генерал-губернатара, які, падаўшыся наперад і прыціснуўшы далонь да сэрца, робіць справаздачу.
– Як жывыя, – з пашанай сказала дзяўчынка.
Яны ішлі па маставой, старанна вымеценай і нават пасыпанай ці то пяском, ці то соллю. Час набліжаўся да поўня, і рабілася ўсё халадней. Ян перакінуў кій у левую руку, а правую, змерзлую, сунуў у кішэнь курткі. У кішэні ляжаў жалезны рубель. Ён правёў пальцамі па рыфленым краі. Манета, якую ўчора аддаў яму незнаёмец, якой ён двойчы расплаціўся з камендантам начлежкі, і якая вяртаецца да яго зноў і зноў. Альбо манеты было тры, альбо хтосьці падкінуў цішком дзеля жарту. Павінна ж быць нейкае тлумачэнне.
– Тут у кожным будынку то шынок, то кавярня, – гаварыла дзяўчынка. – Учора ўсё працавала, а сёння сям-там зачынена, а ў некаторых вывешаныя аб'яўкі – просьба карыстацца маскамі і трымаць дыстанцыю. Хаця я не заўважыла, каб хтосьці быў у масцы, – яна ўдыхнула дурманлівы водар смажаніны, які даносіўся з нейкай карчмы, і пракаўтнула сліну. – Я зараз паўкабана б з'ела!
– А сапраўды, – Ян паспрабаваў успомніць, калі ён сам у апошні раз еў. У СІЗА гэтым пытаннем не заклапаціліся, а потым стала не да таго. – Дар'я, тут многа народу?
– Менш, чым учора. Вуліца вядзе да царквы, і вось там людзей нішто сабе, нібы на якое свята. Дзверы расхінутыя, адны ўваходзяць унутр, другія выходзяць, некаторыя стаяць на цвінтары і размаўляюць, жабракі на прыступках просяць міласціну, а каля ўваходу вельмі старая жанчына гандлюе свечкамі... Прабачце, ці скора пачнецца служба? – звярнулася яна да кагосьці з мінакоў.
– Пачнецца не скора, – пачулася ў адказ, – бо бацюшка з'ехаў. Але можна зайсці памаліцца.
– Ян, ты гэта чуў? – з абурэннем спытала дзяўчынка.
– Так, бацюшка дэзерціраваў, – Ян рассеяна круціў у пальцах манету. Адзін рубель – занадта мала, каб купіць ежы, а пасля яшчэ і расплаціцца за начлег. – Дар'я, нам грошы патрэбныя.
– А дзе возьмеш?
– Прыйдзецца прасіць.
– Міласціну? – яна рэзка спынілася. – Гэта ўжо неяк занадта.
– А што ты прапануеш?
– Зарабіць.
– Не падкажаш – дзе? Адзін сляпы, другой няма і чатырнаццаці, па-мойму, варыянтаў тут няшмат.
– Гэта ўжо занадта, – упарта паўтарала дзяўчынка.
– З голаду памерці, вось што занадта, – Ян працягнуў руку і дакрануўся да пляча дзяўчынкі. – Я, разумееш, таксама не прафесійны жабрак. Ну, уяві, што гэта гульня такая. Назбіраем манет, будзе і паўкабана, і койка ў начлежцы. Што скажаш?
Адказам было доўгае маўчанне, затым пачуўся цяжкі ўздых.
– Добра, – сказала Дар'я. – Давай паспрабуем.
Свидетельство о публикации №213032901297
Я из Сибири -
буду родной язык изучать,
читая Ваши произведения...
Андрей Тесленко 2 30.03.2013 12:02 Заявить о нарушении
Нероли Ултарика 31.03.2013 17:22 Заявить о нарушении