Вясновы вальс. казка

Надышла вясна. На лясным лужку вырасла зялёная трава, і зацвiлі рознакаляровыя палявыя кветкі. Іх далікатны духмяны пах адчулі пчолы, мушкі і нават матылькі.
Маленькі серабрысты Матылёк лётаў над лужком, з асалодай удыхаючы прыемны кветкавы пах, які ўздымаўся ад зямлі. У яго быў цудоўны вясновы настрой, і Матылёк нават адчуў гучанне Ветра, які абдзімаў яго крылцы. Раптам аднекуль да яго данеслася музыка, у якой ён інтуітыўна ўлавіў нешта вельмі знаёмае. "Ды гэта ж Вальс!" – здагадаўся Матылёк. Мелодыя Вальса была настолькі прыгожая і пяшчотная, што ў Матылька ад асалоды нават прабеглі мурашкі па спіне. Ён так расчуліўся, што не змог стрымаць велізарнае жаданне танцаваць – і… закруціўся ў рытме Вальса. У галаве памутнела, і небарака наляцеў на дрэва. Злёгку ўчапіўшыся за ствол, ён прысеў на галінку і злучыў свае стомленыя крылцы. Вусень, які выпадкова аказаўся на дрэве, пацікавіўся:
– Што з табой здарылася, Матылёк?
– Ты ведаеш,– адказваў той, – я толькі што танцаваў пад цудоўную мелодыю Вальса. Такой прыгожай музыкі я раней ніколі не чуў. Мне так хочацца патанцаваць пад яе яшчэ раз! Паляцім са мной, Вусень! Ты адчуеш штосьці незвычайна цудоўнае!
– Што ты, Матылёк!– адказваў Вусень. – Я не ўмею танцаваць. Да таго ж, я ніколі не чуў, як гучыць Вальс, і мне гэта зусім не патрэбна. Тут, на дрэве, спакайней і прыемней.
Шкада стала Матыльку, што Вусень не жадае пачуць і зразумець тую выдатную мелодыю, якую адчуў ён. Каб не пераконваць гэтага непаваротлівага дамаседа, Матылёк пырхнуў ад яго далей. Рассякаючы сваімі далікатнымі крылцамі цёплае вясновае паветра, ён ізноў пачуў тую ж цудоўную мелодыю Вальса і закруціўся ў танцы яшчэ хутчэй і з большай асалодай, чым раней!
Праз нейкі час, задыхаўшыся, маленькі Матылёк зноў вырашыў адпачыць i прысеў на жоўтую галоўку Дзьмухаўца.
– Ты чуў мелодыю Вальса? – спытаў ён у кветкі.
– Не, – адказваў Дзьмухавец. – Я расту на зямлі, і да мяне не далятае такая музыка. Ды яна мне і не патрэбна. Я больш люблю мелодыю дажджу, які поіць мяне вадой.
Крыўдна стала Матыльку, што і Дзьмухавец не зразумеў яго, і ён паляцеў далей. Так і пырхаў Матылёк ў адзіноце над зялёным лужком, глыбока ўдыхаючы яго вясновы пах. Ён з задавальненнем танчыў свой чароўны танец – кружыўся і кружыўся ў рытме Вальса, нікога і нічога не заўважаючы, пакуль на штосьці не натыкнуўся. Агледзеўшыся, Матылёк убачыў побач дзяўчынку-Матылька з вялікімі карымі вачыма і залатымі крылцамі. Яна кружылася, як зачараваная, штосьці паціху напяваючы і гледзячы на яго блiскучым позіркам.
– Ты што таксама танцуеш гэты вальс? – спытаў ён у незнаёмкі.
– Так,– адказвала яна.
– І чуеш гэтую дзіўную мелодыю?
– Вядома!
Ад радасця, што, нарэшце, ён знайшоў таго, хто разумее яго, Матылёк яшчэ хутчэй замахаў сваімі крылцамі і закружыўся, ствараючы неймаверныя "па" вакол сваёй партнёркі.
Вось так яны і пырхалі над каляровым лужком, быццам звар'яцеўшыя ад прыдуманай імі самімі незвычайна цудоўнай мелодыі вясновага Вальса. А Ветрык, гледзячы на шчаслівы танец, паціху дзьмухаў на маленькія крылцы Матылькоў.
Так, так! Ён вельмі стараўся патрапіць у рытм Іх Вальса!

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра
Ў струнах сэрца залатых, -
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.

І ліецца хваляй песня, -
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці не сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не дадуць мне думак зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.
 
Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.

(Маёвая песня. Словы М.Багдановіча, муз. І.Паліводы)
https://www.youtube.com/watch?v=BaAMACVu4ig

https://soundcloud.com/tuzinhitou/1992a

 27.07.11

На русском языке эта сказка  http://proza.ru/2009/01/21/662


Рецензии