Iнтэрмедыя другая

Блізняты Фініст і Агхі былі сынамі Пракаветнага Хаосу і Змеядзевы, што нарадзілася з крыві Першаістоты і выйшла з вод на досвітку часоў. Агхі ўладарыў над цемрай, Фініст – над святлом, і пакуль была паміж імі згода, свет зямны трымаўся ў раўнавазе.
Парадак свету быў парушаны толькі аднойчы, калі Агхі, пазайздросціўшы брату, пажадаў сам-адзін кіраваць і цемрай, і святлом. Сілы блізнят былі роўныя, і калі б сышліся яны ў двубоі, то згінулі б абодва, і не было б у той бітве ні таго, хто перамог, ні таго, хто прайграў. Каб зрабіцца мацнейшым за брата, вырашыў Агхі адправіцца ў Краіну мёртвых і там здабыць Кветку-мрою, у пялёстках якой тоіцца сіла, невядомая ні людзям, ні багам Існага свету.
Паклікаўшы сваю прыслужніцу – стракатую саламандру, Агхі загадаў прынесці яму карэньчык Дрэва атруты, што вырастае з сэрцаў крывадушнікаў. Увішная саламандра шмыгнула пад камень і неўзабаве вярнулася, трымаючы ў зубах невялікую трэску, з якой, нібы дзёгаць, сачыўся яд. Агхі прыкусіў атрутны корань і пагрузіўся ў нябыт, убачыў перад сабой раку Рудзіцу, у якой не вада, а кроў, і ўзышоў на мост з чалавечых касцей, перакінуты па-над крывавымі плынямі, ды рушыў у Краіну мёртвых, што ляжыць на другім беразе Рудзіцы, па той бок Жалезных скал, ахутаных цемрай.
Тры дні і тры ночы Агхі блукаў у Тагасвеце. Першы дзень ішоў ён берагам Рудзіцы, дзе ні дрэў, ні травы, а толькі засмяглая кроў, нібы слізкая галька. Шуміць, грыміць крывавая Рудзіца, варочае прыдонныя камяні, круціць у вірах душы грэшнікаў, і не свецяць над ёй ні Сонца, ні Месяц, адно барвовыя зарніцы шугаюць у Жалезных скалах. На другі дзень Агхі выйшаў з цясніны і апынуўся ў Палях сну, дзе мурожная трава калышацца без ветру, і душы памерлых, што не здзейснілі цяжкіх грахоў, лунаюць у чаканні новага нараджэння. Тут пануе вечная ноч, у небе вісіць перакулены Месяц і свецяць, не мігаючы, зоркі, якія не маюць імёнаў. Агхі, не ведаючы страху, крочыў між памерлымі цераз цямравыя палі. На трэці дзень на даляглядзе затрымцела святло, і неўзабаве паўстала перад ім магутная дубрава, над якой уздымалася чырвонае ззянне, нібы ад пажару.
Па той бок Жалезных скал, за Палямі сну, у самым сэрцы запаветнай дубравы стаіць сяліба Дзядоў – гаспадароў Краіны мёртвых. Ніхто з народжаных не бачыў іх абліччаў, нічыя нага не ступала ў гэтую мясціну. Абнесена сяліба высокім парканам, жалезная брама зачынена на завалу, вакол натыкана колле з конскімі чарапамі, а паабапал брамы пастаўлены два стоды з сабачымі галовамі. За сялібай сярод дубравы ўзвышаецца стромы курган, а на вяршыні яго не сонца ззяе і не вогнішча палае – цвіце Кветка-мроя вогненным цветам.
Агхі крадком абышоў сялібу, праслізнуў міма каменных стодаў і нікім не заўважаны, падняўся на курган. Рос на кургане нявідны, прысадзісты хмыз з перыстым лісцем, як птушынае крыло, і быў ён нібыта ахоплены агнём. Незлічонае мноства кветак з пялёсткамі, падобнымі да языкоў полымя, цвілі на хмызе, іншыя адцвіталі, рассыпаючыся ў прысак, замест іх распускаліся новыя, і сыходзіла ад іх сляпучае святло. Працягнуў Агхі руку да адной з палымяністых кветак і сарваў яе.
У той жа міг унізе падняўся гоман, у сялібе забілі званы, вачніцы конскіх чарапоў зашугалі сінім полымем, а стоды з сабачымі галовамі забрахалі, завылі чалавечымі галасамі: "Хто, хто ў сад Дзядоў убіўся, на мройную кветку паквапіўся-спакусіўся? Ага-ту!" З грукатам звалілася завала, расхінулася жалезная брама, і выкацілася адтуль зграя сабак-прывідаў з ікламі, як заточаныя штылеты і вачамі, як распаленае вуголле. Агхі, схапіўшы з зямлі востры камень, рассек сабе далонь і ўклаў у рану агністую кветку. Рана адразу ж зацягнуліся – і шнару не засталося, адно Кветка-мроя свяціла скрозь скуру зыркай чырванню. Кінулася прывідная зграя шукаць рабаўніка, але дарэмна. Зрабіўшыся нябачным для пераследнікаў, Агхі спакойна спусціўся з кургана ды рушыў сваёй дарогай, а сабакі-прывіды вярнуліся ў сялібу ні з чым.
Калі Агхі пакідаў Краіну мёртвых, дарогу яму заступіў Вартавы – шасціногі бяскрылы цмок з рагатай галавой і бурай калматай грывай. Цмок дазваляў ўвайсці ў Тагасвет і людзям, і багам, але ніхто з памерлых не мог вярнуцца з-за Жалезных скал іначай, як праз новае нараджэнне. Сышліся ў бойцы Агхі і цмок, схапіліся на сярэдзіне касцянога моста па-над барвовымі вірамі. Біліся яны гадзіну, біліся другую, і калі ўбачыў цмок, што ворага не адолець, то адышоўся, кажучы:
– Я вартую Краіну мёртвых з часоў, калі Кантынент падняўся з хваль акіяна, але не сустракаў я нікога, хто, падобна табе, быў бы мне роўны па сіле. Саступіць адзін аднаму мы не жадаем, але і даць рады не можам. Як жа вырашыць нам гэтую спрэчку?
– Дай мне перайсці мост, – сказаў Агхі, – і вазьмі з мяне за гэта плату. Так будзе па справядлівасці.
– Годная здзелка! – узрадаваўся цмок. – Я бачу на табе палымяную кветку з кургана Дзядоў. Аддай яе мне і вяртайся ў Існы свет.
Агхі адмоўна пахітаў галавой:
– Я хутчэй аддам сваё ўласнае вока, чым Мрою.
– Што ж, можна і так, – пагадзіўся Вартавы.
Агхі, скрыгочучы зубамі, выдраў сабе правае вока і працягнуў яго цмоку, і Вартавы прыняў гэтую плату, дазволіўшы Агхі пакінуць Краіну мёртвых. З тых часоў Агхі мае бяльмо, а шасціногі цмок носіць ягонае вока ў сваёй жалезнай кароне, як каштоўны камень.
Вярнуўшыся ў Існы свет, Агхі распачаў вайну супраць брата. На вяршыні скалы над Вужалкай-ракой, што нясе свае воды да Паўночнага мора, узвёў Агхі абарончую вежу з чорнага каменю. І сабраў ён войска змей, і заклікаў сабе ў хаўруснікі дэманаў холаду і змроку, і Мораву Дзеву – багіню пошасці, і Падземны народ, які жыве ў цёмных гротах і сілкуецца мярцвячынай.
Усярэдзіне лета, у дзень, калі Сонца паварочваецца на зіму, на беразе Вужалкі-ракі сустрэліся войскі святла і цемры, і браты-блізняты схапіліся ў няроўнай бойцы. Нядоўга доўжылася змаганне, і зыход яго быў прадвырашаны, бо Агхі, завалодаўшы Кветкай-мрояй, здабыў цёмную моц Тагасвету і зрабіўся непераможным. Фініст адступіў, склаўшы зброю, і сілы цемры ўзялі верх. Сонца пацьмянела, чорныя хмары завалаклі неба, Кантынент агарнуўся змрокам, і прыйшлі халады, зямля пакрылася лёдам, а мора замёрзла да самага дна.
Пацярпеўшы паразу, Фініст пакінуў Кантынент і адправіўся да маці – Змеядзевы, якая жыла каля каранёў дрэва-ясеня, на вяршыні ўцёса, ля самага краю зямлі, дзе воды акіяна зрынаюцца ў прадонне. Пакланіўся Фініст маці і сказаў:
– Я не жадаю зла свайму брату, але ганарлівасць зацьміла яму розум, і цяпер ён уладарыць над усім белым светам. Зірні – зіма, холад і змрок апанавалі зямлю, па Кантыненце гуляе Морава Дзева, спустошвае людскія сялібы, а Падземныя грызуць памерлых, якіх няма каму пахаваць. Навучы, маці, як аднавіць мне парадак свету, і ў той жа час не зрабіцца братазабойцам?
– Вы абодва дзеці Хаосу, але Агхі больш успадкаваў ад свайго бацькі, чым ты, – адказала Змеядзева, з усмешкай зірнуўшы на сына. – Прычынай усяму – Кветка-Мроя, халодны агонь Тагасвету. Чароўная кветка дае свайму ўладальніку тое, чаго ён найбольш прагне. Адбяры Мрою – і ён страціць усё.
– Як мне гэта зрабіць? – спытаў Фініст.
Змеядзева працягнула Фіністу доўгую тонкую іголку.
– На гэтай іголцы заклёны сну, – сказала яна. – Угані зачараваную іголку ў сэрца брату, гэта не заб'е яго, але пагрузіць у забыццё. Кветка-Мроя схаваная ў яго левай далоні. Выражы кветку і кінь у балота. Мроя, страчаная ці адабраная, больш да яго не вернецца, і парадак свету будзе адноўлены.
Фініст падзякаваў маці і ўзяўшы зачараваную іголку, рушыў да брата. Выйшаў ён да Вужалкі-ракі, падняўся на чорную вежу, што стаяла на скале па-над плынню, і ўвайшоў у бяседную залу, дзе Агхі і яго хаўруснікі, дэманы і Падземны народ, святкавалі перамогу. Тут ракою лілося віно, на сценах палалі паходні, і шыпелі на пожагах тушы ўлумаў ды хогаў. Гаспадар вежы сядзеў за сталом, праваруч яго – Морава Дзева з юным абліччам і сівымі валасамі, а па левую руку – Аліл, каралева Падземных, абліччам і паставай падобная да гіены. Спявалі дуды і смыкавыя ліры, бразгалі келіхі, Падземныя грызлі сваю страшную спажыву, дэманы вылі і рагаталі, і шум балявання разносіўся далёка над скалістымі берагамі. Убачыўшы брата, Агхі ўхмыльнуўся і сказаў са здзекам:
– Вітаны будзь, Фініст, хоць цябе і не звалі! Мабыць, помсціць прыйшоў за прайграную бітву? То давай, зладзім двубой, пацешым дарагіх гасцей. Не знаю, праўда, ці паспееш ты далічыць да трох, перш чым апынешся на зямлі.
Зарагаталі хаўруснікі, аж затрэслася чорная вежа, але Фініст, сцярпеўшы абразлівыя словы, схіліў галаву і рахмана прамовіў:
– Не біцца я прыйшоў, але мірыцца. Прызнаю тваю перавагу, бо сапраўды ты варты таго, каб усе ўсхвалялі цябе і служылі табе.
Здзівіўся Агхі, бо не чакаў ад брата такой пакорлівасці, і ўзрадаваўся, бо ліслівыя словы цешылі ягонае самалюбства. Узяўшы са стала келіх з віном, Агхі працягнуў яго Фіністу, кажучы:
– Калі так, то забудзем старыя крыўды і вып'ем міравую.
Фініст наблізіўся да брата, нібы жадаючы ўзяць келіх, і ўвагнаў яму ў сэрца іголку, якую хаваў у руцэ. Агхі збялеў з твару, чырвань сышла ў яго з вуснаў, позірк пацьмянеў, і зваліўся ён долу, пагрузіўшыся ў глыбокі сон, падобны да смерці. Мігам спусцела чорная вежа – музыкі пакідалі свае ліры ды дуды і разбегліся, дэманы зніклі, як начныя цені, Морава Дзева ўцякла, перакінуўшыся ў чорную кабылу, а Падземныя сышлі ў цёмныя лёхі, не забыўшы прыхапіць з сабой тое, што яны спажывалі. Фініст жа, укленчыўшы над братам, узяў яго бязвольную руку, вострым штылетам рассек яму далонь і выцягнуў з-пад скуры Кветку-Мрою, якая свяціла, як зыркая свечка. Паклаў Фініс агністую кветку ў свінцовую скарбонку, аднёс яе на балота, у непраходную твань, і кінуў у самую глыбокую прорву.
Разбурыў Фініст чорную вежу, зрынуўшы яе ў віры Вужалкі-ракі, і скончылася лютая зіма, пошасць сышла, і над зямлёй заззяла Сонца. У скале над ракой, дзе некалі стаяла вежа, Фініст зладзіў грабніцу. У каменным гроце ўсталяваў ён дамавіну з чорнага граніту, і паставіў вакол дамавіны восем каменных слупоў, на якіх пасяліў рудую ласку. І ўдзень і ўначы чароўная ласка снуе вакол дамавіны ўверх і ўніз па слупах, скача з аднаго слупа на другі, і цягнуцца за ёй хвасты агню, які забівае, падобна маланцы. Са жмені гліны і праху Фініст стварыў дванаццаць волатаў, і пасталі яны на горнай сцяжыне, што вядзе да грота, каб ахоўваць грабніцу ад няпрошаных гасцей. Апусціўшы ў дамавіну безжыццёвае цела Агхі, у апошні раз зірнуў Фініст на брата, і слёзы пабеглі з ягоных вачэй.
– Вось і скончылася нашая спрэчка, Агхі! – мовіў з горыччу Фініст. – Не хадзіў бы ты, браце, да мёртвых, не браў бы ў Дзядоў заклятую кветку. Ніколі не жадаў я табе зла, не думаў, што давядзецца несці мне пячатку братазабойцы, але ведай – здзейсніў я гэта не дзеля сябе і сваёй славы, а дзеля сыноў чалавечых, бо заслугоўваюць яны лепшай долі, чым жыць у вечным змроку.
Закрыў Фініст дамавіну цяжкім вечкам і пайшоў прэч, пакінуўшы брата спаць мёртвым сном у каменнай грабніцы.

У азёрным краі, сярод цёмных лясоў ды высокіх пагоркаў, блізка да неба, далёка ад мора, жыла дзяўчына на імя Суовахі, і была яна вядзьмаркай магутнай сілы. Ведала яна мову жывёл і птушак, і гаючую моц зёлак, і безліч песень-заклёнаў, і не было на свеце таямніц, якія былі б схаваныя ад яе. Людзі ставіліся да вядзьмаркі з пашанай, і паколькі была яна ў росквіце прыгажосці, віліся вакол яе жаніхі, але вядзьмарка нікога сабе не хацела, бо ўжо мела каханага, і быў гэта ніхто іншы, як Агхі, адзін з Блізнят – сыноў Хаосу.
Дазнаўшыся, што сталася з Агхі, вядзьмарка доўга і няўцешна рыдала ў сваім доме на азёрнай выспе, а выплакаўшы сваё гора, узялася за справу. Брала вядзьмарка медны кацёл, напаўняла яго вадой з балотных крыніц і падвесіўшы над агнём, кідала ў ваду пялёсткі аканіту, апускала ў кацёл галінкі амялы, спяваючы песні-заклёны, каб убачыць таго, каго шукала. Але колькі ні ўглядалася Суовахі ў аканітавую ваду, была перад ёй толькі чорная роўнядзь, бо Фініст надзейна схаваў каменную грабніцу ад старонніх вачэй. Тады паклікала вядзьмарка сваіх прыслужнікаў – пярэстых вужоў, шэрых мядзянак, чорных гадзюк і бледных серабрыстых мнаганожак, што жывуць пад камянямі, і загадала ім:
– Бяжыце, спяшайцеся, абыдзіце ўвесь Кантынент, але знайдзіце мне Агхі, жывога ці мёртвага!
Адправіліся яны на пошукі і доўга блукалі па Кантыненце, глядзелі і ў гарах, і долах, і ў лясах, поўных ценяў, і ў лугах, поўных красак, і на амшарыстых балотах, і на верасовых пустках, і ў далёкай чорнай пустэльні, і ў чужым парфіравым моры, але каханага Суовахі адшукаць не здолелі. Адна толькі сярэбраная мнаганожка, маленькая ды ўвішная, якая магла пратачыцца ў самыя вузкія шчыліны, занурыцца ў самыя глыбокія віры і забрацца ў самыя цёмныя гроты, даведалася пра грабніцу, схаваную ў скалах над Вужалкай-ракой. Вярнуўшыся ў азёрны край, сярэбраная мнаганожка распавяла сваёй гаспадыні-вядзьмарцы пра патаемны грот, дзе ў дамавіне з чорнага граніту Агхі спіць мёртвым сном.
Суовахі адправілася ў дарогу. Доўга яна ішла, не адну пару чаравікаў збіла, пакуль не дабралася да Вужалкі-ракі. Халодная і вірлівая рачная плынь, скалы над ёй высокія і абрывістыя, а волаты-вартавыя не ведаюць літасці.
Але вядзьмарка перахітрыла вартаўнікоў. Абярнуўшыся шэрай мядзянкай, яна праслізнула незаўважанай міма волатаў на горнай сцяжыне. Скінуўшы змяінае аблічча, увайшла Суовахі ў патаемны грот і спевамі ўсыпіла рудую ласку, якая кідалася па каменных слупах, спараджаючы гібельны агонь. Без перашкод прайшоўшы між слупамі, Суовахі наблізілася да гранітнай дамавіны, адсунула цяжкае вечка і ўгледзела свайго каханага, які ляжаў у труне ні жывы ні мёртвы. Усцешаная, мовіла вядзьмарка:
– Нарэшце я знайшла цябе, Агхі!
Ухапіўшы пазногцямі зачараваную іголку, Суовахі вырвала яе з сэрца Агхі ды кінула прэч. Рассыпаліся заклёны сну, і Агхі абудзіўся да жыцця. Нярадасным было яго абуджэнне, бо ён страціў Мрою і застаўся ні з чым, прайграўшы вайну, якую сам жа распачаў.
З тых часоў няма ў свеце ранейшага парадку, бо Блізняты дагэтуль застаюцца заклятымі ворагамі, і цяпер не згода, а варажнеча рухае колам жыцця.
Скалы над Вужалкай-ракой, дзе некалі стаяла чорная вежа, сёння завуцца Змяінымі. Волаты-вартавыя, створаныя Фіністам, зрабіліся грудамі камення, абрысамі падобнымі да чалавечых постацей – нерухомыя, бязмоўныя, аж да сёння сцерагуць яны сцяжыну, што вядзе да патаемнага грота. У глыбіні грота, над пустой дамавінай з чорнага граніту, на каменным слупе дрэмле рудая ласка, зачараваная песняй вядзьмаркі. Па той бок Вужалкі-ракі, ад прыбярэжных скал ажно да сівых дзюн Паўночнага мора, распасціраецца Паўночная Багна – балота, куды Фініст кінуў заклятую Кветку-Мрою, зачыніўшы яе ў свінцовую скарбонку.
Праклятае гэта месца, зачараванае. Тут усё саткана са сноў, і як у снах, усё зменліва і зыбка: чорны ельнік раптам абернецца армадай прывідаў, з-за валуна пакажацца мярцвяк з нацягнутым лукам у кашчавых руках ды калчанам ледзяных стрэл за спінай, на роўным месцы ўздымецца гара, а цвёрдая глеба расцячэцца дрыгвой. А ў самым сэрцы Паўночнай Багны, сярод твані, між вокнамі чорных бяздонных азёр, цвіце палымяная Кветка-Мроя. Кінутая на дно балота, Мроя прарасла скрозь свінец і распусцілася па-над прорвамі, ззяючы зыркім агнём.
З той пары нямала смельчакоў выпраўлялася ў Паўночную Багну ў пошуках дзівоснай кветкі, але дарэмна, бо Дзяды – гаспадары Тагасвету наклалі на яе заклён. Варта толькі дакрануцца да пунсовых пялёсткаў, падобных языкам полымя, і яны рассыплюцца ў попел. Дзяды зрабілі так, каб больш ніхто ў Існым свеце не змог скарыстацца Кветкай-Мрояй з ліхімі намерамі і ператварыць яе ў крыніцу зла.
Кажуць, некалі прыйдзе ў Паўночную Багну дзіця, якое пераадолее сілу заклёну, возьме ў рукі агністую кветку, і тая не рассыплецца, не згасне, а заззяе яшчэ ярчэй, і тады пачнецца новая эпоха на зямлі.
А калі гэта будзе, ведае толькі Мройнік-Творца.


Рецензии
Красивый сказ. Язык певуч и понятен. Но не могу с уверенностью понять, какой именно? Подскажите, буде добре?
И, что значит Мроіць?

Михаил Протопопов   19.11.2018 02:17     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.