Сунiчны зайка

Адна вельмi дзiўная дзiцячая гiсторыя з даўніх  часоў

   Даўно гэта было, вельмi даўно. У той час, калi камянi за вёскай былi яшчэ малымi i дробнымi, як тая бульба, што ляжыць да вясны на насенне, а не цераз-быццам яны, волаты, з усix бакоў  пакрытыя сiвым мохам. У той час, калi апалены ў полi i счарнеўшы з гадамi, дзядок-дуб быў яшчэ маленькiм дубочкам i хiстаўся на ветры, як папяровы аркушык. У той час, калi добрае жылo каля вёскi разам са злым i не былo памiж iмi нi сварак, нi спрэчак...
   На ўскрайку  шырокага поля, непадалёку ад густога цёмнага лесу, стаяла маленькая вёсачка. Тры, а можа чатыры шэранькiя хаткi, крытыя дранкай былі ў ёй. Халодная i лютая зiма мiнула. Снег увесь растаяў, вясна толькi пачала грэць зямлю i наваколле сваiм цяплом i пяшчотай. Увечары  цягнула яшчэ марозным паветрам з ляску i хавалася ўсё жывое пад страху, блiжэй да натопленай сухiмi дроўцамi, печкі. Старыя сядзелi за сталом, які быў накрыты шэрым льняным абрусам, i вялi доўгiя i паважныя размовы аб сваiм нялегкiм жыццi, аб позняй вясне, а малыя хавалiся на ўтульнай печцы, грызлi сухiя грушы-дзiчкi, як тыя  мышаняты, i  уважлiва слухалi. Гарэла трэска замест лямпы, цыбатыя ценi бегалi гарэзлiва па хаце.
 - А цi бачыў ты яго сягоння, Рыгор? - смалячы цыгарку з вельмi моцным тытунем, запытаў старога сусед.
 - Цэлы дзень, ад святла да святла, на полi быў, усё скоса на ўзлесак паглядаў, ды так i не ўбачыў яго. Можа па другiм полi скакаў, - адказаў Рыгор i цяжка уздыхнуў – Сеяць пара даўно прыйшла, а зямелька сырая, што ён сабе там рахнуе. Далей так пойдзе - будзем зусiм без жыта, сусед! А ты яму морквы пад альшынай пакідаў?
  - I моркву i бурачок салодкі, а яго няма i ветрыка цёплага таксама. Спазняецца вясна ды i вушасты не хоча дапамагаць.
   Дзецi на тапчане  падалi голас:
 - А хто ён, гэты вушаты, чаму не хоча дапамагаць i што ён павiнен зрабiць, калі яму салодкi бурачок ды моркву пад альшыну кладуць?
 - Ды зайка сунiчны.Tолькi ён можа цёплы ветрык на поле запрасiць i з iм па полi паскакаць дзянёк-другi, а за гэты час i зямелька прасохне, дык i сеяць ужо пачнём .
 - Mожа дзе шэрага ваўкi разадралi ўзiмку, а можа хварэе? -  пацiкавiлася маленькая Дануся.
 - Не можа гэтага быць, - прамовiў сусед Вiнцук, - не можа. Зайка - ён жа як i вёска наша - заўсёды з намi, заўсёды дапамагае кожную вясну нам сустрэць.
 - А чаму сунiчны ён? Любiць напэўна сунiцы есцi? - запытаўся хлопчык Змiцер.
 - Адзiн бачок у гэтага зайкi мае плямку, быццам сунiчка з лiсцiкам, вось i празвалi яго сунiчным - адказаў дзед Рыгор.
   Старыя яшчэ доўга сядзелi за сталом і ўсё варажылі, што будуць рабiць ранiцой, калi зайку на полi не пабачаць.
   Вельмi рана прачнулася маленькая Дануся i пачала збiрацца. Яшчэ ўчора вечарам дамовiлася яна са Змiцерам пайсцi шукаць сунiчнага зайку. А можа i на самай справе тамy патрэбна дапамога? Апранулася хуценька, павязала хустачку, якую толькi для свята хавала, i узяўшы з сабою кавалачак смачнай паляніцы з макам, пайшла прамiчком да ўзлеску, дзе яе ўжо чакаў, шморгаючы носам суседскi хлопчык.
 - Я цябе ўжо, як паўгадзіны, тут чакаю, замерз вельмi. Cонца няма, а вецер надта ж халодны. Морквы не знайшоў, узяў з сабою толькi маленькi бурачок. А чаму ты сёння такая прыгожая? Вунь хустачку святочную павязала?
 - Хустачка? Каб зайка i здалёк мяне ўбачыў, вось i кавалачак смачнай паляніцы яму, каб весялей cкакаў па полi разам с ветрыкам.
  Узяўшыся за рукi, пайшлі дзецi далей у цемны сыры лес. Бо, напэўна ж, зайкi ў лесе жывуць i толькi паскакаць на поле выходзяць. Каля вялiкага i старога дуба сустрэлi дзецi cямейку дзiкоў. Яны шукалi пад карэннямi жалуды з мінулай восенi. Aдзiн вельмi жвавы парсючок тыркнуўся ў руку Данусi, мо пачуў, як смачна пахне паляніца, i не атрымаўшы нiчога, пабег зноў да сваёй сямейкі.
 - Бачыш i зверыкам цяжка, шукаюць i ядуць яны ўсё, што на зямлі знойдуць.
 - Трэба зайку шукаць! Ён ветрык прывядзе на поле i ўсё хуценька расцвiце, i звяркам лягчэй будзе.
  Потым яны сустрэлi  вавёрку, якая сядзела ля гары шышак i шукала ў гэтым смеццi зярняткi, але ўсе шышкi былi даўно пустыя. Pаптам Змiцер пачуў цiхi плач, гэты плач раздаваўся каля малодзенькай пасадкi пушыстых ялiнак:
 - Там нехта плача, пойдзем паглядзiм. Дануся, хто там можа быць?
  Пад ялiнкай, на сухiх жоўтых хваiнках, ляжаў шэранькi зайка. Яго лапка была моцна заціснута  пятлёй i як ён не спарбаваў вырвацца, нiчога не атрымоўвалася. Зайка цiха енчыў.
 - Папаўся небарака ў пятлю, давай дапаможам малому, - вымавіла дзяўчынка.
  Дзеткi асцярожна накрылi зайку кажушком Данусi i знялi з лапкi валасяную пяцельку. Зайка так знямог за доўгi час палону, што i не ўцякаў ад малых, калi яму пад пыску паклалi кавалачак паляніцы i бурачок, пачаў спрытна есцi.
   Калi зайка пакiнуў дзяцей, быў ужо поўдзень. Шэры храмуля спыніўся на ўзгорку i малыя змаглi заўважыць на яго бачку нейкую плямку. Стаўшы на заднiя лапкi, зайка махнуў пярэдняй  i пабег далей сустракаць цёплы ветрык.
 - Дануська, а гэта, сапраўды, быў сунiчны зайка? -  запытаўся хлопчык.
 - Напэўна ён. І плямка на бачку была, a ты не чуешь, як цёплым ветрыкам адразу павеяла?
 I сапраўды, цёплы ветрык прынёс вясну ў вёску. Зямелька прыкметна станавiлася сухой, на галiнках набухалi пупышкі, птушкi весела шчабяталi:
 - Вясна прыйшла, вясна прыйшла!
   Вось такую гiсторыю я пачуў у лесе ад старога  i паважнага дуба, а што ў ёй праўда цi казка, ужо вам дзеткi самiм вырашаць. Да пабачэння  i да наступнага разу...

Сяргей Брандт,  21 . 02. 2013               


Рецензии