Я шагаю по Борисову
Я сапраўды шагаю. Але не толькі. Я яшчэ й крочу. Левай нагой "шагаю", а правай "крочу"... Ах, гэтае пресловутое двухмоўе і яго лягічнае спараджэньне - трасянка! Хай яна спрахне. "Каб яе пярун пабіў", - сказала б бяззлобна мая любая бабуля Ульляна. Дый увогуле, навошта там нейкія мовы, калі можна выказвацца ў думках невербальна, г.зн. без языка, мовай сваёй душы й сэрца. Паспрабую.
Сёньня ў мяне праменад-шпацыр па вуліцы 30 год ВЛКСМ ад "піянінкі" у бок "кірава" і чыгуначнага вакзалу. Маршрут аўтобусаў 4 і 6 і... майго жыцьця, пачынаючы з канца лета 1961 году і па дзень сёньняшні. "Піянінка". Так ласкава называлі людзі фабрыку музычных інструментаў, якой ужо няма. Мілая, шляхетная "піянінка"! Душа майго гораду. Твае вырабы: піяніна і цымбалы, ксілафоны і гітары, - заўсёды былі дарэчы. Ад тваёй былой папулярнасьці, славы і велічы што засталося? Абарваныя струны і прыкрасьць, руіны ды брэх сабак піларамшчыкаў, што атабарыліся на тваёй сьвятой Тэрыторыі.
Мой брат Валодзя В., сталяр-зборшчык піяніна, ас сваёй справы, вельмі любіў сваю "піянінку" і работу. Любіў так, што ў ейны заняпад і агонію, звальняючыся некалькі разоў (не плацілі грошаў)усё роўна вяртаўся назад, спадзяючыся на адраджэньне жыцьця фабрыкі. Але дарэмна.
Як вядома, і руіны часам страляюць. Дык хай яны стрэлюць дакорам у тых, хто зьнявечыў тваё аблічча, візітную картку майго горада. Ці ж можа Барысаў быць без "піянінкі"? Не, ніколі. Ён задыхаецца, ён памірае без музыкі ейных струн. Калі ласка, вярніце жыцьцё "піянінцы", каб не памерці самім!
"Кірава". Запалкавая фабрыка імя С.М. Кірава. Прастадушна-раўнадушнае, добрае і адкрытае "кірава". Твае анекдатычныя запалкі праславілі горад ня меньш, чым шыкоўныя піяніна. Добра, калі з трэцяга "чырку"загараецца запалка. А так усё больш дым ды "пшык". "Бог любіць троіцу", - казалі людзі-аптымісты, здабываючы агонь з трэцяга разу. Умеюць жа не здавацца! Вось такім чынам так і не сталі мае барысаўцы бязбожнікамі ў атэістычны век, - дзякуючы сваім прыгожым, анекдатычным запалкам. Гэта не анекдот, гэта ўжо прытча, прыпавесьць.
Зацятай "кіраўкай" была і мая сэрдабольная мама. Хацела яна дужа, каб на ейным "кіраве" ўсё было ладна. Ды, відаць, не разьлічыла сілы. Можа таму і пражыла на сьвеце ўсяго толькі 61 год...
А ты жыві, "кірава", жыві доўга й шчасьліва, не ў прыклад "піянінкі". Жыві праз сваіх простых, працалюбівых людзей, захаваўшых веру ў Бога, дзякуючы тваім запалкам.
Калісьці адрэзак ракі Бярэзіны ад чыгуначнага маста і да "макаронкі", цяперашняга "Барымака", быў ці не самым папулярным месцам адпачынку сярод гараджан. У любую пару году яно вабіла да сябе людзей і натхняла. Увёсну рака раптам "зьнікала", ператвараючыся ў мора вешняй талай вады без берагоў. Мы, падлеткі, плавалі па гэтаму раздольлю ў чоўнах пад крыкі чаек, з пахам чаромхі на вуснах, поўныя замілаваньня проста так, - ад шчасьця паўнаты жыцьця й сонца навокал. А на прыстані чакаў нас, дзяцей-школьнікаў, на прыканцы мая белы цеплаходзік, які адвозіў нас на экскурсію ў невядомую даль уніз па раце. Было хораша і хвалююча. "Супер", - сказалі б сёньняшнія кампутарныя дзеці з іхнымі ненатуральнымі гульнямі. Няшчасныя.
Улетку ж ці не паўгораду "засялялі" настала берагі маёй рэчкі дзяцінства і юнацтва. Пляжны сезон! Сьмех і радасьць наўкола. Футбол, валейбол і пырскі, пырскі цёплай рачной вады. Бязьмежнасьць і разнастайнасьць жыцьця бруілі і віравалі там, як тая крыніца, што спаталяла пляжнікаў у сьпёку. Сноўдалі маторкі, буксірчыкі цягнулі баржы і платы... "Дзе ты так загарэў? Даўно з Сочы?"- пыталіся ў мяне, 15-гадовага хлопца. "Мае Сочы ў "Дубках", - адказваў я з гордасьцю. Увосень дубы-волаты адорвалі пляж жалудамі, якія мы, дзятва, любілі зьбіраць на падзелкі. А нагрэтая за лета цёплая вада прыстані дарыла рыбакам рыбак-уклеек, смажаны пах якіх і праз гады б'е мне ў нос. І ўзімку не было спакою маім берагам. Усе на лыжах, на каньках і санках. Нават і цяпер бачу сябе, сьмелага, на лыжным спуску з чыгуначнага насыпу ўніз, у прорву, як мне тады здавалася. Нават цяпер адчуваю халадок здушанага страху перад скачком з трампліну. У сваю любімую пару, на стыку зімы і вясны бачу свой засьнежаны пляж, увесь заліты сакавіцкім сонцам. Як многа сонца! А ў фокусе ягоных ласкавых промняў стаім мы, мая каханая дзяўчына і я, што зьбеглі з уроку ў восьмым класе былой 5-й школы. Няўжо нарэшце мы разам? Але каханьню майму першаму наканавана было застацца нераздзеленым. Ну дык што? Гэткая дробязь. Усё роўна - няхай жыве любоў!
Мяне, сёньняшняга, заўсёды ахінае недаўменьне, калі я па справах ці яшчэ зь якой прычыны бываю ў ваколіцах "Барымака". Як магло стацца, як можна было занядбаць такі прывабны куточак старога Нова-Барысава ў межах цэнтру горада - пляж "Дубкі" ды прыстань "Барысаў"? Не-не, не паменела ў раце вады! Сітуацыя прачытваецца проста: паталягічна-небясьпечна паменела сумленьня, узбуйнілася раўнадушша і эрозія чалавечых душаў, гэтых страшэнных бічоў сучаснага "вертыкальнага" жыцьця ў "шыбка вертыкальнай" Беларусі. І як вынік - дзікі, зарослы хмызьняком пляж, напалову затопленая баржа ды закінуты будынак прыстані. Дык вось, гораду, як піць-есьці патрэбна самкіраваньне, а не вертыкальная дубінка махальнікаў, уладу трымаючых. У галаву прыходзяць розныя думкі, а дамінанта адна. Наколькі ж трэба не любіць жыцьцё, наколькі ж трэба ненавідзець глыбінна свой горад каб даць загінуць "піянінцы", пляжу, прыстані. Ды ці толькі ім! Кожны можа прывесьці тузін сваіх прыкладаў "дофенизма" штучна насаджаннай улады. Абсалютна не згодны з лозунгам над "мэрыяй": "Государство - для народа". Лухта несусветная. Дурная, неразумная, зламысная прапаганда. Народ и ёсьць дзяржава, носьбіт дзяржаўнасьці! Кожны паасобку і разам. Вось так, господа хорошие. Не разбурэньня прагне Барысаў і маё сэрца барысаўца, а стварэньня-созидания, ад сэрца да сэрца з любоўю і далей аж да самакіраваньня. Перш да самакіраваньня ў межах свайго "я", а затым у межах сям'і, гораду, краіны і г.д. Гэты шлях наканавана прайсьці ўсім людзям, ад Барысава і да Афрыкі, як той казаў. І тым, хто пры ўладзе, і тым, хто пад удай. Бяз розьніцы. А пачынаецца ўсё ў Барысаве і з Барысава. Хай не будзе яму цяжкай шапка манамаха. Барысаўцы, як вядома, людзі трывушчыя, ім усё па плячы. А горад наш, ведама ж, - стрыжань Беларусі. На ім стаіць зямля наша беларуская. Наш волат, князь Барыс, не дасьць мне зманіць. Я верю и знаю: у нас все получится, если будем верить, любить и действовать. Вот и весь секрет! Ларчик открывается просто. За работу!
Свидетельство о публикации №213061800929