Казачныя апавяданнi пра Гнома i дзяучынку Полю

Частка другая
А ТЫ ЧАСАМ НЕ З АКАПУЛЬКI?

     «Вось i скончыўся мой спакой» - уздыхнуў Гном i прысеў на засланы квятастай коўдрай  ложак. Ён добра помнiў, як у адзiн вячор стары гаспадар расказаў яму, што ў вялiкiм горадзе ёсць у яго ўнучка. Такая разумная, такая шустрая ... Напэўна яе я сёння сустрэў. Пабачым цяпер, што будзе далей. Затым Гном успомнiў, што не дарабiў да канца яшчэ адну справу - не прапалоў два радкi cунiц i выйшаў зноў у сад.
     У садзе было ўсё спакойна, толькi шэравухi заяц, заўважыўшы, што Гном пайшоў  да
cваёй схованкi, спрабаваў сцягнуць трохi маладой морквы.
 - Ну i не сорамна табе, абiбок, мог бы i папрасiць у мяне сам. Я ж табе нiколi не адмаўляў.  Заёнца засаромеўся i шмыгнуў пад плот…
 - На адну хвiлiну толькi пакiнуў сад, a ён ужо тут -  прамовiў Гном, полячы сунiчны радок   - За гэтым шэрым заўсёды прыходзiцца пiльнаваць. То ён моркву цягне, то капустку
крадзе. Шустры ён вельмi -  здзiўлена прыкмецiў чалавечак.
A у хаце, тым часам, дзяўчынка растаўкла шлянку, перавярнула на падлозе палавiк, разлiла вядзерца з рэштай вады i выйшла адпачыць на ганак. Быў цудоўны поўдзень -ласкава свяцiла сонейка, туды-сюды ляталi ластаўкi  i... нехта, як вожык сапеў на градках у садзе.
 - Можа злодзей малiнку крадзе?  - падумала дзяўчынка, ухапiла ў рукi дзiцячую рыдлёўку
i на цыпачках пайшла ў сад. Тое, што яна там убачыла,  прымусіла  яе спыніцца – на сунiчнай градцы працаваў маленькi чалавечак! «Гэтага не можа быць!» - хацелася усклiкнуць ёй, але дзяўчынка раптам для самой сябе прамовiла:
 -  Дзень добры. Мяне завуць Паўлiнка, а цябе?
Ад нечаканасцi Гном падскочыў  на месцы, згубiў сваю матычку i звалiўся ў малiннiк.
 - Добры дзень на прыгоды, а ты што мяне бачыш? - адказаў Гном, выглядваючы з-пад куста. A мяне клiчуць... клiч мяне Гном i сцiпла ўсмixнуўся.
Перад iм стаяла смешная дзяўчынка гадкоў можа сямі цi васьмі, са светлымi русымi коска-
мi, у джынсавым блакiтным камбiнiзоне, у зялёных гумавых боцiках i ў вялiзных сонечных акулярах.
 - А ты не з Акапулькi да нас прыехала? - запытаўся Гном.
 - Чаму з Акапулькi?- здзiвiлася Паўлiнка - З Мiнску я прыехала, на аўтобусе, потым па лесе пешшу ішла.
 - Бачыў  я ў нейкiм часопiсе, што ў гэтым сезоне вельмi модныя ў Акапульцы сонечныя
aкуляры з вялiзнымi шкельцамi, вось i вырашыў - ты прыехала з Акапулькi - І Гном у го-
лас шчыра засмяяўся. Разам з iм засмяялася i Паўлiнка:
 - З Акапулькi? Якi ты смешны. А ты ведаеш дзе ёсць твая Акапулька?
 - Напэўна, яна знаходзіцца пад Мiнскам? - i яны зноў прыснулі са смеху. На рогат у садзе выглянула сямейства вожыкаў:
 - Усё жартуеце?  А працаваць хто будзе? -  i пацягнуліся ўсе разам у суседнi лясок на зiмку баравiчкi збiраць.

Сяргей Брандт,  26.06.2013               


Рецензии