Фантазёрка

Яна глядзіцца ў вялікую люстру. Ёй то сумна, то радасна, то весела да звону, то крыудна да скрыпу. У люстры мільгацяць адна за адной маленькія пачваркі… Яна не разумее, што зараз яна шчаслівая – самая шчаслівая…
- Я ведзьма! Хі-хі-хі… З ног да галавы – ведзьма. Ахі-хі-хі-іх. І позірк у мяне вядзьмарскі. Як гляну! Пасля яшчэ раз – як гляну!.. І апошні разочак – так гляну!.. – няма чалавека! Быў і няма. Ахі-хі-хі-іх. Страшна?.. Не, ніякая я не ведзьма. Я… Я… Я – неба. Я акутваю воблакамі зямлю. Я абдымаю яе сваімі рукамі моцна-моцна! І лячу, плыву… А зямля круціцца, круціцца, круціцца!.. Ой, не. Гэтак галава баліць. Укалыхваюся вельмі. Лепш… Лепш я буду… Хі, а чаму б мне не быць проста кветачкай? Малюсенькай такой, малюсенькай. Блакітнай-блакітнай, прыгожай-прыгожай… А той, хто пакахае мяне, будзе вялізным здаравенным дубам! Асілкам! Стой. Ціха… Дык ён жа не ўбачыць мяне такую маленькую, такую мізэрненькую? Не ўбачыць… Не-е уба-а-чы-ы-ць!.. Нічога. Абыйдземся. Мяне пакахае не дуб, а які-небудзь грыб-прыгажун. Вось, напрыклад, баравік. Цар грыбоў. Я зраблюся баравічыхай – царыцай лесу. Усе будуць цалаваць мне лепясточкі!.. Слухацца будуць, шанаваць, дрыжаць перада мною будуць! – “Варта, узяць яго! У склеп, на тры дні!”. Ой, а за што? Вось так нізавошта чалавека?.. ці грыба там, хай сабе і мухамора?.. Не хачу быць царыцай. Хачу… хачу… Ведаю, што нечага хачу такога, ну такога!.. а вось якога сама не ведаю. Быць мне птушкай. Птушкай! Ёсць такая птушка – журавель. Прыгожая птушка. Яна ляціць, ляціць… Ой, не ведаю, куды ж гэта яна ўсёш-такі ляціць? Не, не і яшчэ сто разоў – не! Вельмі сумна. Я прыдумала! Я – маланка! Я – гром! Трах-ба-ба-бах! Ах-ах! Я –дождж! Я – вецер! Я!.. Я – страшэнная завіруха! Я – ура-а-а-га-а-а-н!!! Я!... – Вось калі яшчэ трохі падрасту, набяруся розуму – стану артысткай. Славутай зраблюся. Ганарыцца буду. Зайдросціць мне будуць, а я… А я!..  Я  прыеду да сябе на вёску – прыгожая, вачэй не адарваць. Усе на мяне глядзяць, любуюцца, зайдросцяць… Кветкі пад ногі кідаюць! А Грышка Бузук з 7-га класа локці грызе і ў вір галавой кідаецца. Не можа дараваць сабе, кату рыжаму, што такую прынцэсу некалі не разгледзеў. А я на яго нават не гляджу – няхай топіцца. Будзе ведаць, індык шчыпаны, як Таньку дамоў праводзіць, а не мяне… А я… А я ў ружовых тухлях, на такіх высачэзных абцасіках! Цок-цоц-цок сабе па агароду… Ой, нешта не гэтак. Як гэта я па агародзе на такіх абцасах?.. А! Во, дурніца… Мяне ж на руках панясуць! Хі-хі-хі… Вось нясуць мяне, значыцца, нясуць – напрасткі, агародам і да фермы. А пасля да клуба! І зноў да фермы!.. А я рагачу, бы дурная. Бо прыемна, калі цябе, славутую актрысу, на руках носяць. Ды яшчэ да самой фермы… Ой, зусім забылася! Гэта ж мама казала карову загнаць!.. Я пабегла! Хі-хі-хі… Пакуль, люстэрка!
-      Дзяучынка рынулася з хаты і напрасткі па гароду пабегла ў бок выпасу. На сцежцы мільгацелі яе маленькія чырвоныя боцікі – без ніякіх абцасаў. Пакуль што без ніякіх абцасаў… Шчаслівая.


Рецензии