Ноч цёмная-цёмная

     Старое закінутае хатніска. З-пад палы вылазіць чумазенькі дамавічок.
- Гу-у-у… Ноч… Заўжды ноч.
Дамавік уздыхае.
- Колькі гадоў ноч. Некалі і я любіў ноч…
Дамавік абарочваецца, паднімае стары зламаны табурэт, усаджваецца.
- Хто я такі?.. Гм-м-м… Дамавік. Самы звычайны дамавічок. Ах, што я тут раблю? Жыву. Ужо шмат гадоў жыву. Ой-ёй-ёй – нечага чакаю. Нават сам не ведаю, чаго я чакаю. Але ўсё ж чакаю, спадзяюся… Ха, калі сумна робіцца – спяваю.
Дамавік залазіць на табурэт.
- Я многа ведаю добрых песень. Вось напрыклад:
              Ой, чыё-та поле,
               Чыё-та пакосы,
                Чыя-то дзяўчына,
               Распусціла косы…
                Косы распусціла,
                Ні з кім не хадзіла –
                Маладога хлопца
                Яна палюбіла…
     Вам спадабалася? Праўда? Цішыня…
      Гу-гу-у, гу-гу-у… Эх, і папужаць няма каго. Ні адзінай душы. Пустая хата. Іэх, людзі-людзі… Куды ж вы падзеліся? Пайсці з гора і ўтапіцца? Нельга. Дамавікі не топяцца. А што ж рабіць? Зноў блукаць з кута ў кут? Абрыдла. Папужаць бы каго! Каты і тыя недзе збеглі. Нуда. Плакаць хочацца. Зараз завыю на ўсю вёску… Але, навошта?.. Вёска таксама пустая. Няма ўжо вёскі – адны хатніскі… І я – хі-хі – нікчэмны дамавік… Людзі-людзі… Што вас укусіла? За адну ноч – і нікога няма. Дзіўная была ноч – смешная. Гвалт, трэскатня, лямант. Толькі пад ранак усё сціхла. Ціха-ціха зрабілася. Жудасна. Куды вас панесла?..
     Эх, людцы-людцы. А калісці!.. Як весела было! Бывае, зіркнеш з-пад печы, як пачнеш гугукаць – гаспадыня паўночы не спіць, моліцца… Альбо яшчэ лепей – парыпіш палавіцамі… і ўсе цябе баяцца, хі-хі-хі… Хораша так было. Мы, дамавікі, любім калі нас баяцца. Гэта значыць – вераць. А мы ж не злыя… Мы ж дамы беражэм. Душу хаты беражэм.
     Прывык я да людзей. Адвыкаць не хачу, дай не магу… Дамавік без людзей – не дамавік. Так, прыдумка… Хі-хі – я прыдумка. Людцы мае… А колькі ўсяго я бачыў! Колькі гісторый розных чуў, казак, дзівос!.. О, не пераказаць.
     Памятаю, дачка гаспадыні, Верачка, захварэла. Дык я ёй такія казкі баяў, такія песні спяваў… А яна ляжыць, маленькая, ледзь дыхае, але падпявае…
               Не плач, дзетачка, не плач –
               Сонейка засвеціць уранененьку…
               Пабач, казачку пабач –
                І ліску, і заяньку – у – у
                А – а – а, Гу- у – у…
     Паправілася. А некалі маланка страшэнная была. Гаспадара не было – адна Ганна з дзецьмі. Яна адчайна малілася. І я маліўся. Не дай Бог у хату ўдарыць! Згарыць. Што ж тады? Па свету не пойдзеш… Гіне хата – гіне дамавік. Такі ў нас, дамавікоў, закон. Нас маланка неяк абыйшла, але суседскую хату спаліла.  Жорсткі пярун быў… Перапужаўся я тады… Гіне гата – гіне дамавік.
     Аднойчы, памятаю, гаспадар на трактары перавярнуўся. Жывы застаўся, абдзёрся толькі крыху. Колькі крыку было, колькі ляманту! Хі-хі… Гаспадыня яму тыдзень праходу не давала. Ён насуплена маўчаў, а яна ўсё – ля-ля-ля, ды ля-ля-ля… Шкада яго было. Пасля памірыліся, зноў разам спаць пачалі. Хі-0хі, людзі, чалавекі… Не зразумееш вас. Хі-хі-хі…
     Ціха!.. Што гэта?! Нешта!.. Нехта ходзіць!.. Па двару нехта ходзіць! Ей-Бо, нехта ходзіць! Гу-у… Людзі!!! Тры трасцы ў бок і дзевяць папярок – людзі! Людцы. Людзечкі мае!.. Нарэшце!.. Толькі што яны робяць?.. Нейкія дошкі цягаюць. Родненькія мае, людцы! Як прыемна на іх глядзець. Столькі год не бачыўшы, не чуўшы… Людцы! Хі-хі-хі – мілыя мае! Дзе ж яны там?.. Чаму не заходзяць? Ага, зараз паспрабую крыху папужаць, зараз…
     Гу-гу-у-у-у-у… Гм-м, не зважаюць. Ой, балкі разбіраюць… Навошта? Хай бы ў хату зайшлі. Можа што новага пачуўбы, дзіўнага. Я люблю слухаць… людзей. Людзі! Няўжо праўда, людзі!? Самыя сапраўдныя, самыя жывыя, самыя… А можа пачуюць?.. Як заспяваю!..
               Гэй, гуляй, не думай,
               Не глядзі панура!
                Заспявай, заіграй!..
                Загудзі віхурай!
                Загу-у-у-дзі-і-і  ві-і-ху-у-ра-ай! Йэ-э-х!..
     Не чуюць, ліхаманка іх бяры! Ну цяцеры глухія і ўсё тут! Гэй, людзі-і-і!!! Цягаюць усё… Эй, куды ж вы?.. Куды ж яны гэта?.. У машыну садзяцца. Людзі, людзечкі! Пачакайце! Куды ж вы?.. Раскажыце што-небудь! А я… а я таксама расскажу… я шмат ведаю… Паехалі! Людцы… Кінулі… Зноў я адзін. Ой, што гэта за пах? Дым. Ей-Бог, дым! Гарыць. Хата гарыць!!! Што ж вы… людцы?... Навошта?... Хата!.. Мая хатка… мае казкі… Гіне хата – гіне дамавік…

     Фу, дым… Горача. Нічога… Нічога, я зараз… Зараз… Эх, заспяваю!..
              Гэй, сягоння ў гэну ночку!
               У гэну ночку, пад стажочкам,
              Пад стажочкам начаваў я,
               Воўчык шэры ў лясочку
               Падвываў мне, падвываў…
               Гэй, гуляй… грай… спявай…
Эх, людцы…


Рецензии