МАРА

МАРА
(1-шы варыянт)

   Жыў-быў чалавек. Звычайны, просты чалавек, якіх тысячы. Быў старэйшым сынам у сям’і – шмат “гараваў” на ўсіх… Ніколі нікому не жаліўся. Прыйшоў час – ажаніўся. Добра жылі. Ніякіх чутак пра іх не хадзіла. Агародзік заўсёды дагледжаны, хата прыбраная… Шмат гадоў пражылі. Яна памерла. Ён застаўся адзін. Былі, канешне, сыны, унукі. Але ўсе недзе далёка – параз’яджаліся.
   І вось крочыць ён полем. Ледзь-ледзь кандыбае. Старэнькі зусім ужо, што тут зробіш… Раптам бачыць – васількі! Ніколі не звяртаў на іх увагу, а тут на табе!.. Як бы першы раз убачыў!
   Спыніўся, паглядзеў на іх. Дакрануўся.
- Валечка мая…
   Першы раз у жыцці ён так ласкава назваў сваю жонку.
   Першы раз у жыцці ён загаварыў з кветкамі.
- Вочкі-васілёчкі…
   А яны адказвалі яму. Ён смяяўся як хлапчук.
-     Зусім з глузду з’ехаў стары. Мабыць, памрэ хутка… - казала суседка, убачыўшы гэткае дзіва.
   Але ён не памёр.
   Першы раз у жыцці ён зрабіў букет з васількоў і панёс на магілку. Да жонкі. Да Валечкі сваёй…
   Ён насіў кожны дзень – пакуль былі васількі. І першы раз у жыцці у яго простым шчырым сэрцы вясковага чалавека нарадзілася мара…
- Каб мне хто на магілку… васількі… Проста так – узяў і палажыў… Якое б шчасце!..
   Дзіўная мара. Дзіўнае шчасце.
   Ён сядзеў ля жончынай магілкі і ўсміхаўся. Яна размаўляла з ім! А ў яе блакітна-васільковых вачах ён бачыў шчасце, якога раней ніколі не заўважаў.
- Валечка мая, каханачка мая…
   У адказ яе вочы ўсміхаліся блакітна-васільковым агенчыкам. Агенчыкам шчасця.
   Ён памёр праз тры гады.
   Сыны пахавалі. Усё было добра – як мае быць. Людзі не абгаворвалі.
   Ён памер і пакінуў пасля сябе сваю мару. І вось ходзіць яна, гаротніца, па могілках, мара гэтая, і чакае…
- А можа хто-небудь прынясе, паложыць… Якое б шчасце!
   Ніхто не прыходзіць.
   Нічога, мары – яны жывучыя. Яна пачакае…
- Валечка мая, любая мая!..
   Зноў усмешкі. Зноў блакітна-васільковы агонь, позіркі і… мара.
   Дзіўная мара.
   Дасць Бог – здзейсніцца!


Рецензии