Кроки

КРОКІ

   Ён сядзеў. Людзі ішлі. Ён маліўся. Людзі кідалі…
   Дзынь-дзынь… Капейка за капейчынай.
   І крокі. Шмат крокаў. Ніякіх іншых гукаў – адны крокі. Імклівыя, засяроджаныя – злыя.
   Дзынь-дзынь…
   І зноў крокі.
-     Чамусці галава не баліць?.. Гэта ўжо цікава. Заўжды аж трашчыць, а тут на табе!.. Толькі гул нейкі. Быццам у бочку хто дуе. Гу-гу-у… А, гэта, мусіць не ў галаве… Гэта ад людскіх крокаў. Вунь які гул паднялі! Усё крочаць, крочаць… Каб вам павылазіла! Куды крочаць?.. Адзін чорт ведае. І ўсё моўчкі. Хоць бы пагутарылі – пасмяяліся… Не, усё моўчкі. Шчаслівыя…
   Дзынь-дзынь…
- Дзякуй! Ратуй вас Госпадзі…
- Эт, ліха матары яго, каб гармонік! Не мог я тады вытрываць?!. Ну, прапіў… А што
цяпер зробіш? Сядзі і не рымзай, пень гнілы. Паспявай дзякаваць і маліцца… Жабраваць, адным словам.
   Дзынь-дзынь… дзынь.
- Дзякуй, добры чалавек! Дай Бог табе шчасцейка!..
- Холадна. Студзее… Нагу круціць аж. Ох, абрубак, ты мой абрубак! Усё жыццё мне згубіў… і пад старасць спакою не даеш. Каб цябе трасца… А вунь, ва ўсіх – цалюткія! Туп-туп, ножанькі. І абутак прыгожы ва ўсіх. Хе-хе, а кажуць, што дрэнна жыць стала… Гладкія, як кабаны! Ні перабудовы, ні рынкі там розныя з капіталізмамі не пашкодзілі. Нішто… Ой, якія ножачкі!!! Эх, маладосць… Хе-хе… Людцы-людцы. Сытыя. Накормленыя. А вочы галодныя! Ласые… А гэта сапраўды страшна, калі чалавек сыты, а вочы – галодныя. Гэта страшна…
   Дзынь-дзынь…
- Дзякуў Бог! Жыві доўга, дочанька!..
- Сыры гэты пераход. Занадта ўжо нешта дрыготка. Трэба будзе неяк другое месца пашукаць… Але нічога – хутка сагрэюся! Вечарочкам… Хе-хе. Дасць Бог, на жывую вадзіцу назбіраецца. Колькі там ужо?.. Ох, згуба мая… А яны ўсё ідуць, крочаць. Каб на вас!..
   Дзынь…
- Дзякуй Бог!..
- Мядзяк шпурнуў, бач ты… Што зараз гэты мядзяк. А абутак вунь які цёплы. Куркуль! Дай Бог яму здароўя… Ну, палова шапкі ўжо ёсць. І на сівуху, і на закуху – хе-хе… Яшчэ трохі, дый годзе. Стары я ўжо… Зусім стары. А можа й жыць ужо годзе? Хе… А яны ўсё ідуць! Некуды ўсё спяшаюць! Шчаслівыя…
   Крокі, крокі, крокі.
   Дзынь-дзынь… І зноў – крокі.
   Ён падняўся. Абапёрся на кастылі. Сунуў шапку з грашыма ў кішэню. Падняў да зліплых валасоў сваю дрыготкую, нібы скручаную руку і… упаў.
   Дзынь-дзынь-дзынь…
   Лёгка памёр. Мабыць, у жыцці не так і шмат награшыў. Пашанцавала. Шчаслівы…
   Крокі, крокі, крокі…


Рецензии