Кино ды и тольки

КІНО ДЫ І ТОЛЬКІ…

-     Ой, кіно ды і толькі! – выдыхнуў дзядзька Керчык і зноў салодка зацягнуўся цыгарэткай. -   Не, гэта ж дадумацца – га? Хі-хі… Ой, бабы-бабы… Сапраўды, кіно. А з чаго ўсё пачалося?..
-     Гэта задумала мая Ганна парадак ў хаце навесці неяк перад Вялікднем. Пачала ўсё выскрэбваць, трэсці, і неяк натыркнулася пад ложкам на банку з вішнёўкай. Вішнёўка леташняя, ужо з плесянню, непрыгодная, значыцца, зусім. І свінням страшна даваць – яшчэ таго… паскручваюцца. Панесла ды і выбаўтнула ля ямкі на агародзе. І ні слыхам ні дыхам зноў за генеральску прыборку прынялася. Вось… А певень тым часам гэну справу агледзеў, каб яму!.. бо гробся з курмі недзе непадалёку. Ну, і як водзіцца, паклікаў сваіх курачак на салодкі пір – давай дзяўбсці тыя леташнія вішні. А вішні ж, вядома, з “градусам” былі – даспадобы прыйшліся аглаеду! Накарміў гэта ён курачак сваіх, яшчэ і патаптаў пры гэтым. Певень усёш-такі – правадыр. Ну, склявалі ўсё і зноў грабуцца сабе. Ажно пеўніка нашага пачало нешта вадзіць з боку ў бок. І вочкі закатвацца, як у салоўкі таго, пачалі нешта. І кукарэкнуць неяк не можацца спраўна. Мучыўся-мучыўся, пакуль не злёг, небарака, зузім. А за ім, вядома, і куры.
   А тым часам надыйшла пара абеду. Худобу карміць трэба. Панесла Ганна нейкае там зерне курам…
-     Пуць-пуць-пуць, цыпа-цыпа-цыпа!..
   А курак і няма. Клікала-клікала, ды давай шукаць. Выйшла ў агарод і… Як убачыла!.. Дрэнна стала старой. За сэрца ўхапілася. Усе дваннаццаць курачак і певеньчык лёгам ляжаць і не дыхаюць. Заскугатала Ганна, моцна заскугатала… Першае, што прыйшло ёй у галаву – гэта бегці да суседкі Адэліхі і павыдзёргваць той коцмы, бо ніхто іншы, па разуменню Ганны, не мог нарабіць гэткай “гнуснай шкоды”. Адэліха заўсёды паграджала калі-небудзь пазасекваць ці паатручваць Ганніных курэй, бо тыя лезнем лезлі ў яе гарод.
   Усёш-такі на двор Адэліхі раз’юшаная Ганна бегці пабаялася. Ведала, што тая таксама неблагі майстар па выкудлачванню валасоў, і таму, застаўшыся на сваёй тэрыторыі, але ля самага суседзкага плоту, яна гучна пачала выкідваць злосна-абразлівыя пракляцці ў бок “шалёнай і безсаромнай”, па яе словах, Адэліхі. Нічога не зразумеўшы, між тым Адэліха доўга не прынудзіла сябе чакаць. У адказ Ганне паліліся рэкі такіх словазмыканняў!.. Ганна плюнула ў адказ і хутка пабегла падбіраць сваіх курак, каб хоць даць рады пуху, бо і той прападзе.
   Скубучы адну за другой курачак з яе языка не зыходзілі словы пагрозы і хуткачаснай помсты. Словы перапляталіся з войканнем і раз-пораз слязінкі амывалі яе гарамычны твар. Гэтак было шкада курак сваіх.
   Нарэшце Ганна ўзялася за апошнюю ахвяру – гэта быў яе любы певеньчык. Мяшок з пухам быў амаль поўны. Абскубаныя куры голымі пасінелымі кульбулькамі валяліся на падлозе свіронка.
   Ганна чарговы раз хапанула і толькі збіралася выдраць апошні жмых пуху з шыйкі любага пеўніка, як раптам той дрыгануў лапкай і падняў сваю асалавелую галоўку, як быццам не разумеючы дзе ён знаходзіцца і што ад яго хочуць. З прыадчыненай дзюбы вырвалася вялае, жалобнае – “Ко-о-о…”
   Ганна запішчала… Моцна запішчала, каб ёй халера, - дзядзька Керчык пакруціў галавой і чарговы раз глыбока зацягнуўся…
   …А куркі тым часам пачалі ажываць. Некатароя хістаючыся і прыпадаючы да падлогі ужо спрабавалі хадзіць па свіронку. Пасінелыя, голыя, з ашметкамі пуху па баках, яны раптам ажылі і паквохтваючы, нават нешта клюючы, цохалі па падлозе, бы  як нічога і не здарылася. А певень, пух на якім застаўся толькі на шыі і канцы хваста, раптам ускочыў на лаву і моцна, з гонарам, закукарэкаў, пахлопваючы голымі аблыпкамі па худых, шурпатых баках. Гук быў дзіўным, нават містычным…
   Тут жа, на падлозе і злягла старая. – Дзядзька Керчык цокнуў языком, зацягнуўся і дадаў: - Не, не памерла, канешне. Крый Бог… Але самае цікавае не ў тым! Вы думаеце, гэта ўсё? Не!
   …Адэліха тым часам ужо паспела у суседнюю вёску да участковага збегаць – Хеўруса – занесці таму дзве паўлітроўкі самагонкі, добра падмазаўшыся каб той склаў акту аб жудасным паклёпе і скарбленні лічнасці цёткі Адэліны з боку суседкі – пачварнай Ганны Бурык. Той паабяцаў, што складзе акту абавязкова, толькі для гэтага спачатку трэба   паехаць да “падазраваемай”  для зняцця, так сказаць, паказанняў. Сеў у сваю каляскаватую матацыклу і пафыфыркаў прамёхенька на месца злачынства – да Ганны маёй, значыцца. А ў вуме, сабака, ўжо разлічваў сколькі тая зможа даць – “дзве, а можа ўсе тры бутэлькі!..” Настрой у Хеўруса быў надзвычай добры і ён з замілаваннем разглядаў прыдарожныя таполікі, прадчуваючы неблагі навар за сённяшні дзень.
   Але тут трэба было здарыцца таму, што на дарогу выскачыў нейкі шалёны заяц. Хеўрус аж зайшоўся ад радасці: “Вось шанцуе, дык шанцуе! Вось і зайчацінкі жонцы прывалаку, каб не надта дапякала, што пьянаваты, зязюлька”. І Хеўрус даў газу: заяц управа, Хеўрус управа! Заяц улева, Хеўрус туды ж!..
- Не, сапраўды кіно – дзядзька Керчык закруціў галавой, - Каб я трэснуў, кіно! Чысцейшае кіно…
- Ляскат і грукат разбітай аб таполю матацыклы пачуў я першы. Як раз праходзіў недалёка…
- Яны сустрэліся толькі ў бальніцы – ну Ганна з Хеўрусам – удакладніў дзядзька. І што вы думаеце? Забыўся ён пра акту. Пра многа што забыўся. Гэтак трэснуўся, небарака! А галоўнае – піць навогул перастаў. Ягоная жонка цяпер моліцца на тую таполю і таго зайца.
- А Ганна? Ганна, нічога. Бог даў адыйшла. З Адэляй памірылася. Ну, не адразу, канешне ж… Эх, бабы-бабы…
- А куры яшчэ доўга насіліся па вёсцы – пужалі і смяшылі людзей. Пакуль новы пух не вырас.
   Дзядзька кірзачом растаптаў цыгарэтку, кашлянуў, усміхнуўся: “Ой, кіно ды і толькі…”


Рецензии