Бульбина

БУЛЬБІНА

   Колік сядзеў на плоце і жаваў яблык. Ён уважліва назіраў, як сусед, дзядзька Мікола, на карачках, крэхчучы і ўвесь час нешта мармычучы сабе пад нос, капаў на сваім агародзе бульбу. Адна за адной, з ціхім трэскаватым гукам, валіліся ў пляцёны кошык нявялікія бульбіны. Самую маленькую дзядзька кідаў у асобны кошык. А крыху гнілаватую скідаў у гурку пад яблыняй. Мабыць, каб пасля перабраць і зварыць у катле, - здагадаўся Колік. Свінні з’ядуць.
   Коліку вельмі хацелася загаварыць з дзядзькам, але ён не ведаў з чаго пачаць, і каб неяк звярнуць на сябе ўвагу, крыкам пачаў разганяць кур, якія мірна грэбліся пад плотам.
- А кыш!.. Кыш-ша! Грэбціся вам усё, - з выглядам сталага гаспадара прыкрыкнуў Колік, не перастаючы пры гэтым у адной руцэ грызці яблык і другой трымацца за калок.
   Дарэмна. Дзядзька Мікола не звярнуў ніякай увагі. Ён па-ранейшаму спакойна выграбаў з капца бульбу.
   Колік ужо збіраўся злазіць і ісці на вуліцу, так і не дабіўшыся ўвагі, як пачуў:
- То калі ўжо ў школу пойдзеш, цезка? – не паварочваючы галавы, спытаў дзядзька.
- На той год, - як бы нехаця азваўся Колік і дадаў, - Малы яшчэ, маці кажа…
- Хы, малы. Ды ты ўжо як мой Хведзька. Такі ж бугай. Чуеш, як хлеў разносіць?..
   Колік хацеў стрымацца, але не змог. Ён адвярнуў галаву каб дзядзька не заўважыў і ціха пырснуў смехам. Вельмі ж ужо было смешным параўнанне яго з быком Хведзькам, якога дзядзька Мікола інакш не называў, як “мой Хведзька”. Пазаўчора Коліку пашэнціла яго ўбачыць на двары - бык сапраўды быў здаравенны і пагроза разнесці хлеў у хуткім часе магла стаць рэальнасцю. І каб нешта адказаць, Колік, усё яшчэ стрымліваючы смех, выціснуў:
- Самі вы як ваш Хведзька. – пасля дабавіў, - І бульба ў вас слабая. У нас куды большая. А ў вас зусім слабая…
- Слабая, гаворыш?..
- Канешне, слабая, - скептычна пацвердзіў Колік з выглядам вялікага знаўцы ў галіне          
ўзрошчвання і апрацоўкі бульбы. – Хіба гэта бульба?..

- А ў вас, кажаш, большая? – дзядзька Мікола спыніў працу і абцёршы рукі аб фартук, дастаў з кішэні пачку “Прымы”. Выняў цыгарэту, чыркнуў запалкай, салодка прыкурыў. Першы раз за ўвесь час зірнуў на Коліка і неяк па-змоўніцку махнуў рукой…
- Ідзі сюды…
- А што?.. – Колік ужо быў заінтрыгаваны, але выгляду не падаваў.
- Што вам? – перапытаў ён.
- Ну ідзі сюды, - падміргнуў дзядзька, - Пакажу нешта…
   Колік не вытрымаў, сплыгнуў з плота і няспешлівым, разважлівым крокам – “маўляў, што ён там яшчэ хоча” – падыйшоў да дзядзькі Міколы. Між тым усё нутро Коліка трымцела ад прадчування чагось дзіўнага і надзвычай цікавага. Дзядзька Мікола ўмеў здзіўляць, як ніхто. Колік гэта ведаў, і таму заўсёды яго як магнітам цягнула да дзядзькі. Жыў Мікола адзін. Жонка – цётка Вулька – памерла некалькі гадоў назад ад нейкай цяжкой хваробы. На дзіва вяскоўцаў Мікола не спіўся, не закінуў гаспадарку – наадварот, трымаў худобу, курэй, абрабляў сам агарод. Умеў, калі трэба, ладна пажартаваць. Меў дарослую ўжо дачку, якая вучылася на ветэрынара па пуцёўцы ад калгаса. Да яго нядрэнна адносіліся – працавіты, мае спрыт да любой работы, незласлівы. Хіба што крыху скупаваты. Дык тое ж для гаспадара не загана.
- Ну што? – з выразнай абыякавасцю зноў перапытаў Колік і дэманстратыўна кусануў яблык. Гледзячы на Коліка, можна было падумаць, што ў яго недзе там, на вуліцы, гара спраў, а яму прыходзіцца звяртаць увагу на нейкую там дробязь. Коліка выдавала адно – вочы.
   Дзядзька Мікола зацягнуўся, перасцярожліва глянуў па баках, кінуў змоўніцкі позірк на Коліка і паказаў рукой у бок яблыні.
- Вунь, бачыш?..
- Што?
- Ямка, бачыш?
- Бачу…
   Колік ужо не мог стрымаць зацікаўленасці. Маска абыякавасці знікла, быццам яе і не было. Вочы перадавалі агонь такой наіўнай дзіцячай спадзеі на цуд. Колік да болю ўглядаўся ў свежавырытую ямку, але нічога там не бычыў, акрамя дзвух слядоў ад чобат дзядзькі Міколы.
- Думаеш, ад чаго ямка? – з ноткай задаволенасці запытаў дзядзька.
   Колік зглытнуў слюну:
- Ад чаго?..
- Ад бульбіны.
   Колік глянуў на дзядзьку з нізу ўверх і неяк проста перапытаў…
- Ад бульбіны?
- Ага, ад бульбіны. Учора вечарам тут капаў, ну і… нарваўся.
   Дзядзька ўважліва агледзеў Коліка з ног да галавы…
- Вось, прыкладна, з цябе вырасла бульбіна. Аж сам не паверыў. Вось такая!..
   Дзядзька развёў рукі і правёў імі ў паветры, быццам паўтараючы контуры вялізэрнай бульбіны.
- Ну, можа, крыху і большая, каб не збрахаць.
   Колік ва ўсе вочы глядзеў на дзядзьку. Пасля на ямку. Недзе глыбока ён разумеў, што гэта не праўда, што такога не бывае, бо ніколі не было, але ж… Дзіцячае ўражанне перамагала. Колік ужо ўяўляў, як дзядзька цягне з зямлі велізэрную бульбіну-прыгажуню, як беражліва акопвае яе з усіх бакоў лапатай, як шчыміць ад радасці дзядзькава сэрца…Але ж… Хутчэй машынальна, бо ў вачах стаяла тая вялікая царыца-бульбіна, Колік прамовіў…
- Такой не бывае…
- Як гэта не бывае! О, яшчэ як бывае! Як пашанцуе… Гэта ўжо другая на маёй памяці.
   Колік неяк недарэчна ўсміхнуўся, гледзячы на дзядзьку… А ўслых прамовіў:
- А, абманваеце вы…
- Ну ты зусім бы дзіця. Ужо ж вялікі хлопец, як мой Хведзька ўжо, каб яму рогі…
   Дзядзька глянуў у бок хлява, дзе натхнена мыкнуў Хведзька.
- А нічому не верыш… Фама неверушчы. Нашто мне табе хлусіць, адкажы?..
   Дзядзька зацягнуўся цыгарэтай. Ён здаваўся вельмі ўзбуджаным.
- Не ведаў як рады даць. Цяжкая ж, халера. Ні падкавырнуць, ні падняць… А як у прылёшнік занесці?.. Чорт яго ведае!.. Хацеў цябе клікнуць, дык ты ж як раз недзе швэндаўся па вуліцы. Пайшоў да суседкі, во, да Губіхі глухой. Крычу ёй на вуха, што так дзесь і так, дапамажы, крычу. І што ты думаеш? Удваіх не ўвалаклі! Такая цяжкая. Прыйшлося пілу-двурушку браць. Так-сяк напалову разпілілі недзе за гадзіну. Я ўжо Губіху адпусціў, змарылася баба зусім. Крычу на вуха: - Ідзі ўжо, Губіха, як-небудзь сам перацягну па палавінцы. Праўда адпіліў ёй яшчэ кавалачак за падмогу, дый яна ўжо і пайшла счаслівая.  А я пачаў неяк спрабаваць каціць гэту “дыназаўру” з гароду. Спачатку адну палавінку, затым – другую. Да лёха ўжо і не дакаціў, у засечку ў хляве – што ля Федзькі – пакінуў. Так прымлеў, што не дай Бог. Вось… А ты кажаш – не бывае. На свеце, брат, усе бывае…
   Дзядзька спыніў свій маналог, раптам усміхнуўся, прычмокнуў і пакруціўшы галавой, сказаў:
- Але ж і смачная, халера. Бульбіна гэта. Думаю на месяцаў пяць мне хопіць. Ты толькі гэта… - Дзядзька крыху сцішэў – Асабліва ні гу-гу… не кажы нікому. Сам ведаеш, людзі зайдросныя, яшчэ ўкрадуць, крый Бог.
   Колік не мог вымавіць ніводнага слова. Яго сумненні амаль зніклі. Яны патанулі ў бязмежнасці дзіцячага ўяўлення. Пакусаны яблык ужо парыжэў у руцэ, а з носа павольна выцякала кропля мутнаватай вадкасці, пагражаючы сцячы на прыадчыняныя ад захаплення дзядзькавай гісторыяй вусны. Ягоная фантазія выразна малявала заклапочаную і ўзрадаваную цётку Губіху, якая подбегам нясе кавалак вялікай бульбіны сабе дамоў. Стомлена-засяроджаннага дзядзьку Міколу, які сапучы коціць па агародзе палову вялізэрнай бульбіны і ўвесь час азіраецца, бо людзі ж зайдросныя…Ён бачыць, як дзядзька адразае ад бульбіны вялікі кавалак, рэжа яго на часткі і кідае ў каструльку. Бачыць з якім смакам дзядзька закідвае ў рот яшчэ гарачыя кавалачкі бульбы, прыкусвае кіслым гурком і ад асалоды закатвае вочы…
   Колік павольна зглытвае слюну і раптам выраз яго твару мяняецца. Ён ускідвае вочы на дзядзьку і больш патрабавальна чым просячы выпальвае…
- Пакажыце!
   Дзядзька спакойна падправіў фартук і з’едліва мовіў:
     - Ага, пакажыце! Чаго захацеў. Каб ты на ўсю вёску разнёс! Тады ўжо далі бог – звалакуць. Наогул, дурны я, што табе расказаў…
     - А я нікому-нікому!.. Каб я праваліўся, - спрабаваў ужо ўпрошваць Колік.
     - Сказаў – не, значыць, не, - адрэзаў дзядзька і пацягнуўся за кошыкам.
   Колік памаўчаў. А пасля няўпэўнена мовіў:
     - Выдумляеце вы… Няма ніякай бульбіны. Не існуе такой на свеце!
     - Дурны ты, - пагардліва ўздыхнуў дзядзька Мікола, - цэлых шэсць гадоў пражыў, а дурань дурнем. Мой Хфедзька два пражыў, а разумнейшы, каб яму рогі…
   Дзядзька рашуча выкінуў цыгарэтку, яшчэ раз падправіў фартук і прысеў ля кошыкаў, даючы зразумець, што няма ў яго жадання і часу ў нечым там ўпэўніваць недаверлівага суседа. Ён толькі дадаў: - Хочаш вер, хочаш – не вер…
   Адна за адной ускоквалі ў кошык спад руплівых рук дзядзькі бульбінкі розных памераў. Звычайныя бульбінкі. Коліку яны зараз здаваліся такімі маленькімі, нават мікраскапічнымі ў параўнанні з той – вялікай! Коліку вельмі карцела паглядзець на магутную бульбіну, патрогаць, паварочаць яе… На самой справе ён як ніколі зараз верыў у існаванне цуда-Бульбіны. Дзядзькава ўпартасць, наадварот, яго яшчэ больш упэўніла ў гэтым. Бульбіна існуе. Можа недзе там, глыбока яшчэ і мроіліся завіркі сумненняў, Колікава ўражанне адхіліла ўсё. Яго выпірала ад таго, што няма з кім падзяліцца гэткай дзіўнай навіной… І раптам ён успомніў пра Мішку, свайго сябрука-аднагодка. Той зараз павінен быць дома. Як здзівіцца той!
   Колік развярнуўся і жвава пабег да плоту, але раптам спыніўся… Яшчэ раз глянуў на дзядзьку Міколу і неяк нерашуча, але з наяўным намерам шантажу, мовіў, - Не пакажаце бульбіну, раскажу…
   Дзядзька моўчкі кідаў бульбіны ў кошык, нібы і не чуў Коліка.
   Што ж, Колікава сумленне было цалкам ачышчана такой неувагай да яго прапановы. Ён зграбна ўскарабкаўся на плот, пералез яго і напрасткі па бурачніку панёсся да Мішкавага двара.
   Коліку пашанцавала. Мішка як раз быў на двары і гладзіў Шарыка, маладога дварнягу, найбольшай асалодай якога было ганяць па двары курэй. Шарыка толькі ўчора прывязалі на ланцуг, ён увесь час жалобна скуліў і пакутліва назіраў за курмі, якія бесцырымонна і спакойна хадзілі па траўцы, нібы здзекуючыся над ім – Шарыкам – уладаром двару! Бацька Мішкі строга загадаў – не адвязваць! Хай, маўляў, прывыкае, кураед.
   Колік нават не павітаўшыся тут жа выпаліў Мішку дзядзькаву гісторыю з бульбінай. Мішка не валодаў такім багаццем уражання і падрабляючыся пад разважлівы тон бацькі, мовіў:
     - Хлусня.
   І зноў пагладзіў Шарыка. – Халосы, Сарык, халосы. Разумны Сарык. А ён дурны. Праўда, Сарык? Ён усяму верыць.
   Коліка гэта закранула.
     - Не верыс?.. – ад хвалявання ён і не прыкмеціў, што таксама збіўся на “с” замест “ш”.
     - Ды ён ледзьве выкаціў яе з гарода! Я сам… Я сам… мог бы пабачыць. У засеку яна, ля Хфедзькі у хляве.
     - Хлусня. Сарык-Сарык-Сарык… І Мішка засвістаў.
   Колік ужо амаль дрыжэў ад гэткай неувагі сябра…
     - Не верыш?
     - Канесна не веру. Такой не бывае.
     - Бывае!.. – Коліка акутвала крыўда.
     - Не-а, не бывае, - адназначна адрэзаў Мішка, - праўда, Сарык?
   У Коліка не засталося выйсця:
     - Спорым! – з вызавам прамовіў ён і па-даросламу працягнуў руку каб замацаваць спрэчку.
     - На сто?
     - На шчылбаны.
     - Не, на сцылбаны мала. Давай на сто другое… ну і на сцылбаны таксама.
     - Добра… Два цукеркі і дзесяць шчылбаноў.
     - Адкуль у цябе цукеркі?.. – з недаверам працягнуў Мішык.
     - Дома ў буфеці… бачыў.
     - Добра. Тады пяць цукерак і дзесяць сцылбаноў.
     - Згода.
     - Толькі каб пацэснаму.
     - Па чэснаму.
     - А як ты дакажас… пра бульбіну?
     - Вечарам залезем у хлеў дзядзькі Міколы! – вочы Коліка іскрылі рашучасцю.
     - А як зловіць?
     - Уцяком.
   На гэтым яны і вырашылі. У знак згоды разбілі сцятыя рукі.
   Колік ледзьве дачакаў вечара. Ведаў, бацькі павінны затрымацца на калгасным інкубатары, дзе працавалі. Але трэба было і спяшацца. Каб толькі Мішыка адпусцілі! А як гэта лезці ў чужы двор, вось так, нібы злодзеі? – Усе гэтыя перажыванні хваляванні спляліся ў Колікавай галаве. Але прага даказаць тое, у што верыў сам, перамагала. Гэта ўжо была справа гонару. І ўсё ж… больш за ўсё на свеце яму хацелася ўбачыць БУЛЬБІНУ! Зноў-такі ён уяўляў як яны з Мішкам крадуцца па двару, адчыняюць дзверы хлява, залазяць у збіты з дошак засечак і бачаць там… царыцу-бульбіну!.. …Колік павольна, смакуючы, б’е Мішку шчылбаны. Той плача. Коліку становіцца шкада сябра і ён б’е толькі пяць з патрэбных дзесяці. Мішка вельмі ўдзячны гэткай міласэрднасці сябра. І пасля яны разам ядзяць цукеркі, якія Мішка Коліку прайграў у спрэчцы…
   І вось час настаў. Вечарэла. Сонца даволі хутка набліжалася да небасхілу. Трывога ўзрастала. Колік на двары напружана чакаў сябра. Раптам пачуліся нейкія незвычайна таропкія крокі. Лязгнулі дзверцы, але на дзіва – не адчыніліся. І тут Колік убачыў Шарыка! Той з азартам выпушчанага на волю шчанюка зграбна падлазіў пад дзверцы каб трапіць у двор. Неяк прасунуўшыся, Шарык радасна вальтухаючы хвастом падбег да Коліка і стаў прыгаць таму на калені. За ім разважліва ўвашоў на двор Мішка.
     - Ты што, здурнеў?!. – зашыпеў на яго Колік, - нашто Шарыка прывалок, ён жа нас выдасць!
     - Якое выдасць, - не згадзіўся Мішык, - ён абуцаны паляваць. Сто хоцас знойдзе! Нават у цемры. Бульбіну тваю на раз вынюхае, абы яна была толькі…
     - А бацька дазволіў… развязаць?
     - А то! Я с сказаў сто на выпас пабягу, Рудому Слаўку памагцы кароў прыгнаць.
     - А як раптам загаўкае?
     - Не загаўкае. Ён паслухмяны. Сказы, Сарык?..
   Шарык закруціўся на месцы і ціхенька заскугатаў ад гэткай увагі да сябе разумнага.
   Што ж, усё было вырашана. Колік нейкі час глядзеў на двор дзядзькі Міколы. Той, здаецца, пакуль быў на двары. Некалькі раз дзынькнула вядро, дзядзька нешта пашкрэбаў, відаць карміў Хведзьку, а пасля затупаў да хаты. Стала ціха. Сонца садзілася.
   Колік узлез на дзядзькаў плот, ціхенька сплыгнуў, прыняў з рук Мішкі Шарыка, падтрымаў сябра калі той пералазіў. Па-шпіёнскі прыгнуўшыся, яны ціха рушылі праз гарод. Шарыку нібы перадалася іх таямнічасць, ён на дзіва ціха і асцярожна прадзіраўся па сухому бульбоўніку, раз- пораз пакорліва гледзячы на хлапчукоў.
   Усё, здаецца, было спакойна. Толькі сэрцы хлопцаў моцна калаціліся. Мабыць парушальнік, які пераходзіць мяжу, адчувае сябе не лепей.
   Нарэшце яны на двары, ля самага хлява. Колік уважліва разглядае дзверы, адтуль даносіцца натужнае сапенне быка-Хфедзькі. Узбуджэнне хлопчыка дасягае сваёй вяршыні…
- Там за бык!.. – страхавітым шэптам азываецца да яго Мішык.
- Бульбіна ў засеку, адгароджана дошкамі… дзядзька казаў.
- А як не?.. Сто тады?
   У адказ Колік не знайшоў нічога лепшага, як баязліва прамармытаць: - Уц-цяком.
   Ад гэтага “ўцяком” ім зрабілася так страшна, што задрыжэлі ногі. Але трэба было нешта рабіць. І Колік не вытрымлівае, сто раз пашкадаваўшы пра гэту сваю дзікую зацею, ён усё ж працягнуў руку да клямкі… Дзверы рыпнулі ціхім жалобным енкам. На хлопчыкаў дыхнула страшэнная  цемната хлява. На саломе заварушыўся Хфедзька. Колік хацеў ўжо развярнуцца і бегчы, як ўбачыў, што ад быка іх раздзяляе вялікая перэгарадка з дошак. Гэта надало нейкай дзікаватай смеласці…
     - Не бойся, Хфедзька за пярэгарадкай, - сціснутым шэптам азваўся Колік да Мішкі. Мішка неупэўнена, але ўсё ж ступіў за ім з Шарыкам на руках. Раптам з боку двара пачуліся крокі. Хлопчыкі знепрытомнелі ад страху і неяк нўпрыцям прыціснуліся да сцяны. Крокі набліжаліся… Бегчы шпіёнам не было куды. І тут яны пачулі дзядзькаў голас:
     - А, трасца яго бяры!.. Зноў дзверы забыў зачыніць, стары ёлуп.
   Вядома гэту рэпліку дзядзька адносіў да самога сябе. А далей адбылося нешта сапраўды жудаснае – ляснула клямка і дзядзькавы крокі пачалі аддаляцца. Ён закрыў дзверы з вонку! Хлопчыкі яшчэ не да канца зразумелі, што трапілі ў пастку. Поўная цемната ўсім сваім цяжарам нахлынула на дзвух шкетаў і Шарыка. Першым не вытрымаў Мішык… Сціснута ён закрычаў:
- Адкрыйце!!!
   У гэты момант зусім побач нешта закудахтала. У засеку, як аказалася, спалі ўсе чатыры дзядзькавы куркі разам з пеўнікам. Гэткай навалы Шарык, вядома, стрымаць не мог. Вырваўшыся з рук свайго да шчэнту спужанага гаспадара ён самааддана кінуўся на курэй. Пачаўся такі вэрхал… Бык паважліва ўзняўся з месца і натужна нізка замычэў, надаючы яшчэ большай жудасці і без таго страшэннаму становішчу ў хляве. Ляцела пер’е, крычалі куры, бязлітасна брахаў і шкуматаў па вуглах смелы Шарык, роў і матляў галавой Хфедзька, раўлі ў адзін голас хлапчукі… Гэта быў поўны правал “аперацыі”.
   У самым разгары вэрхалу дзверы ў хлеў расчыніліся. На парозе са здаравеннай палузінай у руках стаяў дзядзька Мікола і здзічэлымі ад неспадзёўкі вачмі ўглядаўся у глыбіню хлява.
     - Якая халера?!. – моцна рыкнуў дзядзька Мікола, - хто тут?..
     - Мы-ы!.. – у адзін голас зараўлі хлопчыкі.
   У хляве крыху змоўкла, затое ва ўсёй вёсцы чуўся  нарастаючы сабачы брэх. Дзядзька напружана і пужліва ўглядаўся ў хлеў…
     - Выходзь па аднаму, - неяк адразу пацвярдзеўшым голасам загадаў ён.
   Колік пайшоў першым.
- Мы толькі паглядзець на бульбіну хацелі, - жалобна прамямліў ён.
- Ага, паглядзець… Больс ніцога, - заўторыў яму Мішка.
- Якую яшчэ бульбіну, трасца ваша?..
- Вялікую!.. – у адзін голас сказалі хлопчыкі.
   Дзядзька Мікола ўважліва паглядзей на двух “злодзеяў” і раптам коратка зарагатаў, затым тут жа змоўк.
- Утаймуйце сабаку, курэй парве.
- Сарык, Сарык… - жвава паклікаў Мішка.
   Радасна-узрушаны ад гэткага нянацкага палявання, Шарык з пачуццём выкананага абавязку падбег да Мішкі і заматаў хвастом. На носе шчанюка бялела маленькая пярынка, ад якой ён увесь час чмыхаў. Дзядзька зрабіўся вельмі сур’ёзным…
- Што хацелі ўкрасці, прызнавайцеся?
- Мы не красці… мы пабачыць… бульбіну.
- Ага, пабацыць толькі… - падтрымаў Коліка сябар.
- Пабачыць бульбіну, значыцца, хацелі? А хто вам даў такую прывілею – лазіць па чужым дварам? – голас дзядзькі быў надта строгі.
- Мы больш не будзем… - заенчылі хлапчукі.
- Бач ты, бульбіны маёй – царыцы ім захацелася! А вы яе расцілі,га? Палолі?.. Жукоў збіралі? – не спыняўся дзядзька.
- Не-е… - згодна заенчылі хлопцы.
- Тое ж.
   Раптам дзядзька неяк адразу змяніўся…
- Так і быць – дарую. Больш не будзеце лазіць па чужым дварам?
- Не, - у адзін голас падцвердзілі “злодзеі”. А дзядзька схіліў галаву долу…
- А бульбіна… - здавалася дзядзька зараз вось-вось заплача, - няма больш бульбіны – царыцы маёй, карміліцы.
- А дзе яна? - трывожна ў адзін голас запыталі хлопчыкі.
- Укралі.
- Хто? – запытаў Колік. Вусны яго задрыжэлі.
   Голас дзядзькі зусім спахмурнеў, стаў такім жалобным…
- Хіба ж я ведаю хто?.. Вось як з табой размаўляў на гародзе, пасля кошык панёс… ужо не было.
- Не было?.. – зглытнуў Колік.
- Не… - самотна ўздыхнуў дзядзька.
   О, як хлопцам было шкада дзядзьку Міколу з-за яго вялікай страты!
   Дзядзька дастаў цыгарэтку, прыкурыў, паглядзеў на хлопцаў і ўжо больш цвёрда сказаў:
- Усё, марш дамоў. Бацькі можа шукаюць. Мне трэба… пабыць аднаму.
   На дзядзькаў твар лягла бясконцая журба.
- Ідзіце ўжо… ідзіце… - дзядзька хаваў твар, нібы змахваў слязінку, а ягоныя плечы сцянута падрыгвалі.
   З болем за гора дзядзькі хлопчыкі павалаклі свае ватныя ногі з двара. Нават Шарык зусім сцішыўся і панура плёўся з-заду.
   Хлопчыкі маўкліва разыйшліся па сваіх дварах. Успамінаць пра нядаўнюю спрэчку і шчылбаны было зусім не да месца з гэткай дзядзькінай бядой. Заходзячы на свой двор, Колік уздыхнуў:
      - Сапраўды, якія людзі зайдросныя… Такую бульбіну ўкрасці!


                ***

   Ноч. Вёска спіць. Спіць і Колік. А сніцца яму ўсё-тая ж вялікая бульбіна. Яна ляжыць у труне, уся ў кветках, а дзядзька Мікола сядзіць над ёй і ні-то плача, ні-то смяецца… З гора, мусіць, - паспявае падумаць Колік.


                ***

       На другі дзень у ранку, Колік зноў убачыў дзядзьку. Той быў на гародзе. Дзіўна, але ён усміхаўся. Дзядзька замахаў Коліку рукою, завучы да сябе. Колік падыйшоў да плота. Дзядзька Мікола быў чымсці вельмі ўзрадаваны, гэтая радасць у момант перадалася і Коліку.
- Ведаеш што?... – Дзядзька па-змоўніцку падміргнуў, - Мой певень уранку вось такое яйка знёс!..
   І дзядзька паказаў рукамі памеры яйка, якія мала ўступалі памерам самога пеўня.
   У Коліка загарэліся вочы. Першае, што ён падумаў – як усёш-такі шанцуе дзядзьку Міколу на цуды!
    


Рецензии