Сарамливая дзяучына

…З учарашняй ночы я па-іншаму гляджу на свет! Я нават не магу зразумець, што са мной? Гэта здарылася так нечакана… Нешта мяне схапіла, падняло высока-высока і з замахам кінула ў мяккае і пахучае, нібы сена, мора пачуццяў. Ён і я… Вось успамінаю і не магу паверыць, што гэта здарылася менавіта са мною. Я ж такая сарамлівая, такая, як бы сказаць, цнатлівая ўся і недачэпная… Некаторыя кажуць, што я дзікая, некаторыя, - што проста дурная. Памыляюцца, канешне ж… бо гэта здарылася! Цяпер я ўжо не тая сарамлівая дзяўчынка, якая крочыць з торбачкай хлеба па вуліцы, не паднімаючы вачэй. Цяпер я птушка, якая пасля доўгага змроку разгарнула свае крылы і панеслася насустрач сонцу!..
     Ой, сорамна, канешне, гэтак часта ўспамінаць аб гэтым, але ж не магу, каб не ўспомніць… Так-так, - гэта было ўчора, прыкладна паміж адзінаццацю і паловай першага ночы. Пад старым мастом, што ля Міронавага хатніска, я першы раз у жыцці па-ца-ла-ва-ла-ся! Гэта не казка, я – пацалавалася! І з кім! Не паверыце, - з Пятруком! З самім Пятруком Самсунікам па мянушцы Самоса. Пятрук – кароль трох вёсак: нашай, Брадніцы і Зарэчча. Вось гэта хлапец! Усе яго баяцца. А ён жа ж і праўда здаровы, як той бугай – прыгажун адным словам. А я люблю здаровых, хоць і сарамлівая.
     Ужо трэцці год, як Пятрук адслужыў у арміі. З таго часу ўсе яго і баяцца. Першымі ён адлупцаваў Хваста і Воху, якія да яго верхаводзілі ў гэтым рэгіёне. Добра адлупцаваў. У ім столькі мужнасці!.. Ён нічога не баіцца. Чэснае слова! Вось стаім мы з ім пад мастом і раптам я пачула нейкія крокі. “Петрык, нехта ідзе…” , - трывожным шэптам азвалася я. “Няхай толькі падыйдзе!”,- грозна прагрымеў Петрык і сціснуў свае падобныя на камяні кулачышчы. Шкада, што ніхто так і не падыйшоў…
     Петрык-Петрык, ці думаеш ты зараз пра мяне? Трэба прыпомніць, а што ён мне сказаў перад тым, як па-ца-ла-ваць? А, здаецца, неяк так: “Зоська, ты гэта… калі, гэта… хто-небудзь да цябе, ці што там яшчэ… кажы мне і я тое… Пагавару з ім. Асабіста.” Адчайны хлопец. А пасля здарылася незабыўнае – ён прыцягнуў мяне і па-ца-ла-ваў… Праменька ў вусны. Сорам які – хі-хі… А я яшчэ доўга не магла паверыць.
     Дамоў, на жаль, ён мяне не правёў. Сказаў, што неадкладна трэба з некім пагаварыць. Асабіста. І знік. Але я дарую. Справы ёсць справы. А я яшчэ доўга стаяла пад мастом. Хацелася спяваць…
     Ноччу я ніяк не магла заснуць. Уздыхала. – Дже ж ён там зараз? У караля трох вёсак спраў багата.
     Уранку, выганяючы карову, я яго ўбачыла зноў. Ён увіхаўся з сякерай каля некага пню на агародзе. Да паясніцы быў распрануты. З-пад парваных кедаў на нагах выглядваў вялікі палец… Зашчымела сэрца. Чырвань заліла мяне з ног да галавы. Ён азірнуўся. Я хуценька адвярнулася і імкліва цюкнула карову дубчыкам, робячы выгляд, што не заўважаю. Ён выцер пот з ілба, ўсміхнуўся і буркнуў: “Зося, падыдзі сюды…”. “Няма калі”- адказала я. Не тое, каб мне не хацелася падыйсці, але так было трэба. Людзі навокал, а я ж сарамлівая… і ўсё такое. Раптам ён ускінуўся на плот, адным махам пераскочыў яго і ў імгненне вока ўжо стаяў побач з сякерай у руках. Я так да месца і прырасла. А ён, гледзячы на сякеру і валтузячы яе ў руках, так прывабна прабурчаў: “Ты гэта… прыходзь, як сцямнее… калі што якое… на тое ж месца, добра?”. Я і адказаць не паспела, як ён зноў перакуліўся праз плот і замахаў сякерай па пню. Бух-бух-бух – адгукваўся пень. Бух-бух-бух – грымела маё дзявочае сэрца! І шчымела, шчымела… Калі вярталася з выпасу, зірнула на іх гарод – Пятрука ўжо там не было, пню таксама. Але радасць мая не сціхала, наадварот, яна прырастала, бурліла, грымела – бух-бух-бух!..
     І вось я чакаю. “Прыходзь, як сцямнее…”, - бьюць у галаву яго прыгожыя словы! Дзе ж тая ночка? Хутчэй бы! Мне радасна. Я па-іншаму гляджу на свет. Мне хочацца спяваць. І я спяваю!.. Ціхенька, праўда. Каб людзі не чулі. Бо я ж сарамлівая, як ні як.               


Рецензии