Чулливы хлапец

ЧУЛЛІВЫ ХЛАПЕЦ


     Люблю марыць. І рыбу вудзіць таксама люблю. А яшчэ прыбаламуціць крыху люблю. Але гэта ўжо ад дзеда мне перайшло. Першы баламут быў на вёсцы. А наогул, я хлапец добры, нават кемлівы. Маці кажа, што я лайдак, якіх свет не бачыў…  Каб яна ў нутро маё зазірнула. Колькі там усяго ўсякага!.. Супярэчнасцей розных, пачуццяў.
     Вось, напрыклад, пазаўчора. Прымусіла мяне маці бульбу пайсці на гародзе дакапаць, што з серады засталася. А я як раз вуды сабраў, каб парыбачыць. А тут на табе – “ідзі і выкапай!”. Такая нуда напала, такая журба… Але пайшоў капаць, куды ж я дзенуся? Яшчэ возьме і бацьку раскажа. Тады ўсё – навогул, хавайся ў бульбу.
     Дык вось, пайшоў я капаць. А цяжар з душы так і не хоча злазіць. Ледзь слёзы не капаюць. Капаю і пакутую. А надвор’е цудоўнае – сонейка свеціць, ветрык лягусенькі, восы бзыкаюць… Пакутую, але ж і капаю.
     І тут – глядзь!.. А пад антонаўкай кот ляжыць – Злыдзень. Маці дала яму такую мянушку за асаблівую звычку лазіць па сталу, калі ніхто не бачыць. У цянёчку ад сонца схаваўся. Разцягнуўся так пахабна, лапы параскідаў у розныя бакі, нібы дохлы. Не варушыцца. Але відаць, што дыхае… І тут на мяне нейкая такая нярвознасць напала. Млосна зрабілася ў вачах ад такой кацячай здзекі нада мною. Увесь выгляд ката: раскіданыя ў бакі лапы, разняволены нібы шталка каўбасы хвост, прыплюснутыя ў салодкай знямозе вочы – усё смяялася нада мною! Ён проста насміхаўся нада мною і маёй працай! Вядома, я не вытрываў.
     Я ціхенька памацаў рукою па зямлі, падняў найбольш падыходзячую для такой важнай справы грудку зямлі і… шпурнуў!
     - Мя-у-у!!! Грудка ўпала пад самым носам Злыдня. Гэта было штосці! Кувырок у паветры, выпучаныя ад нечаканасці вочы і, вядома, хуткасць! Хуткасць, на якую здольны далёка не кожны кот, а толькі Злыдзень. Пыл ад лап Злыдня застаўся стаяць калі не слупом, дык бадай маленькімі слупікамі. Міг – і ён знік!
     Лёгка стала на душы, радасна… Мне б капаць далей – дык не! Зноў нібы чарвякі палезлі ў нутро сумненні, разважанні, супроцьстаўленні… Можа хто і не паверыць, але мне зрабілася шкада Злыдня. Мае думкі прынялі прыкладна такі гуманны накірунак: Злыдзень Злыднем, але мышэй ловіць. А на тым тыдні пацука, я бачыў, валок. Прыкра мне зрабілася. Твар пачаў залівацца чырванню.
- Злыднічак…
Я рашуча ўстаў. Вырашэнне прыйшло імгненна: пайсці, адрэзаць вялікі кавалак сала і гэтым самым кавалкам змыць сваю віну і апраўдацца ў вачах Злыдня.
            Я пайшоў у кладоўку, ціхенька, каб маці мяне не заўважыла, адрэзаў вялізэрны па кацячым меркам кавалак сала, і выйшаў на двор. Калі выходзіў, у галаве пранеслася жахлівае – калі не паверыць?!
       - Кыс-кыс-кыс… Кыць-кыць-кыць… - не губляючы надзеі зазываў я.
       - Злыдзень, Злыдзянёк! Ты дзе, коцік?..
       Ён паверыў! Гэта не пераказаць словамі – ён паверыў! З галоднымі вачмі ён нёсся мне насустрач, але не дабягаючы крокаў тры, спыніўся…
- Успомніў, - трывожна цюкнула думка. – Не, ідзе! – радасна цюкнула другая.
     Злыдзень нерашуча, асцярожна, з недаверам і гатоўнасцю ў міг улятучыцца калі што якое, набліжаўся. Маё сэрца зайшлося ад радасці – ён паверыў! Ён паверыў!
     У гэтую хвіліну я адчуваў, што ачышчаюся, адмываюся ад нечага брыдкага, смуроднага. А ў вачах маіх зіхацеў агенчык святла!..
     - Злыдзянёчачак!..
     Я выцягнуў руку з кавалкам сала…Вось-вось і ён дацягнецца рыльцам, ухопіць кавалак і настане… Настане самы прыемны ў свеце момант – момант ачышчэння!
     На жаль, ён не настаў. Але мог бы настаць, каб не супярэчлівы склад маёй неардынарнай душы. Зноў! Я не ведаю, што гэта, але калі я ўбачыў расчыненую зяпу Злыдня, хапаючага кавалак, яго ласыя, без кропелькі ўдзячнасці, поўныя знявагі да ўсяго, акрамя сала, вочы, - я не вытрываў!..
     Гэтым ён не толькі абраджаў мой высакародны ўчынак з салам, ён абраджаў і зводзіў на не маю асабістую годнасць чалавека – чалавека думаючага, чалавека даруючага.
     Як толькі яго нахальная мыса хапанула за край сала, мая рука між волі ўздзёрнулася і гучны, дакладна выкананы пстрычок парушыў адносную цішыню двара.
     Пстрычок прыйшоўся між вачэй у ружова-халодную цюльку носа. Злыдзень падскочыў, як, дарэчы, таго і трэба было чакаць, і, зрабіўшы ў паветры кульбіт, знік з вачэй. – Магчыма, надоўга, - пранеслася ў маёй, яшчэ гудзеўшай ад вялікай кацячай знявагі, галаве. Але разам з тым, прыйшла палёгка. Раптоўна, нечакана, як бы ўвагрэў хто, прыйшла. Лёгка-лёгка зрабілася на душы. Душа пераможна спявала.
     Я павярнуўся і з пачуццём непахіснай чалавечай годнасці і выкананага абавязку, рушыў на гарод. Кавалак сала аддаў Гэбліку, сабаццы, які, відаць, поўнасцю падтрымліваў мае думкі і ўчынкі наконт Злыдня.
     Вось такі я чалавек. Не магу каб не залазіць у сутнасць самых розных рэчаў і з’яў, якія бачу, якія адчуваю…
     І ў каго я  ўдаўся, такі чуллівы?..    


Рецензии