Самазабойца

САМАЗАБОЙЦА


     Таварыш, ну ці, скажам, там спадар, альбо яшчэ прасцей – проста чалавек, вырашыў павесіцца. Не будзем удавацца ў падрабязнасці такога вырашэння, гэта нам нічога не дасць. Не спадабалася нешта чалавеку ў жыцці, вось і ўсё тут.
     Выбраў чалавек вяроўку па-мацней, мыла ўзяў, усё як належыць, і пацохаў сабе ў лес – дрэва добрага шукаць. Дома вешацца не хацеў – маўляў: “прырода мяне нарадзіла, прырода мяне і забярэ”, - філасоўску разважаў ён. Тым больш, што чалавек вельмі любіў прыроду, акрамя, праўда, таго, што вельмі баяўся павукоў.
     Вось ідзе ён лесам і ўсё на дрэвы паглядае. – Адно занадта высокае, другое кволае зусім, трэццяе пасохшае да корня… Перабірае, так кажучы. Нарэшце глянуўся яму дубок малодзенькі – і галіны пушыстыя, і сукаваты даволі…Тое што трэба!
     Закінуў спадар, ну ці чалавек там скажам, вяроўку на сук, сам узлез, зрабіў пятлю, памазаў мылам і скончыўшы прыгатаванні вырашыў апошні разок глянуць на неба… Узняў галаву, і як у дзяцінстве,убачыў плывучыя, нібы жмыхі легкага пуху, воблакі… І неяк так яму стала шкада сябе, так шкада, што аж млосна зрабілася! Ён абхапіў ствол рукамі і з вачэй пацяклі буйныя крышталёвыя слязінкі. Ён уяўляў, як усё навокал умольвае яго не рабіць ГЭТАГА, а ён усёроўна – зробіць! Як плачуць бярозкі, як надрыўна ціўкаюць птушкі – “не пакідай нас!” , - а ён пакіне. Як рвуць валасы родныя – “вярніся да нас!”, - а ён не вернецца…
     Ён праплакаў да вечара. А калі ўсё выплакаў адчуў, што дужа замёрз і вырашыў апошні разок у жыцці пагрэцца ля кострыка. Ён злез з дубка і запаліў вогнішча. Нейкім цудам у кішэні знайшоўся сухарык – “апошні сухарык у яго жыцці…”. Ён з’еў яго. Але не наеўся. І тады яму зрабілася яшчэ больш шкада сябе: “Вось ён тут адзін – галодны, халодны, пакінуты… а недзе там, далёка, нехта жрэ сала…”. Зноў заплакаў чалавек. Ён плакаў да самага ранку. А пад ранак зусім стаміўся і вырашыў хаця б крышачку паспаць… апошні разок у жыцці.
     Прачнуўся ён апоўдні. Зірнуў на пятлю і ўздрыгануўся… Яна зіхацела на сонцы ўзорчатым павуціннем, а ў самай сярэдзінцы гэтага бліскучага ўзору пагрозліва змясціўся невялікі павучок…
      Так зрабілася крыўдна чалавеку, што нехта яго апярэдзіў, што вяроўка яго так бяздушна скарыстана, што павуку няма ніякай справы да яго чалавечых пакут і ўсё, што цікавіць гэну пачвару – гэта выключна мухі!..   
     Зноў заплакаў чалавек. “Я не муха!..” – усхліпнуў ён…  І плачучы паплёўся дадому.
     Ён вельмі баяўся павукоў. Ды і вешацца ўжо не было аніякага сэнсу.


Рецензии