Скуль пайшли буслы

СКУЛЬ ПАЙШЛІ БУСЛЫ

(па матывах беларускай народнай казкі)


  Бусел… З перабітым крылом ён ляжаў на зямлі і яго бліскучыя ад болю вочы з адчаем углядаліся скрозь цемру ў бок адзінокай вясковай хаты на ўскрайку леса. Была ноч і выў вецер. І было страшна…
     Дробна-сыпучыя кропелькі дажджу з кожным парывам ветру пранзёна ляскацелі ў шыбы ледзь падсветленых акенцаў. За імі, за акенцамі, было жыццё… Такое прывабнае, цёплае, роднае і… чужое. Ужо чужое.
     Птушка не крычала. Нават не намагалася ўзняцца. Толькі вочы… Уся прага жыцця, надзея, крык, боль – усё спалучылася ў іх. І тыя самыя асветленыя тры акенцы, і дождж, і вецер, і ноч… Усё паплыло ў зрэнку. Усё раптам пачало ператварацца ў нейкую цудоўную казку, у прыгожы маляўнічы ўспамін са сваімі высокімі радасцямі і адвечнай пакутай.
     Так-так, казка. Успамін – гэта заўсёды казка… Добрая, пакінутая, амаль забытая, але настолькі ўражлівая, што нават ветру і ночы не пад сілу яе заглушыць…

                ***

     Смех. Сонца. Асалода жыцця, дзе ёсць двое – Ён і Яна. Яна -  прыгожая, прывабная сярод мора кветак. Яна бяжыць і ручайковы яе смех – гэта яшчэ цэлыя росквіты рознакаляровых кветак, якія рассыпаюцца ўверсе, унізе, пад нагамі… Ён – малады, дужы, бяжыць за ёй… І цвітуць дрэвы, і іскрыцца неба! А вось яна ўжо матылёк і пералятае з галінкі на лісточак, з лісточка на кветачку. І ён таксама… А вось – яны дзве травінкі, дрыготка цягнуцца да святла. І дзве бярозкі – таксама яны. Лісты дрыжаць, а галінкі спрабуюць сплясціся… Усё той жа ручайковы смех!..
     І раптам… Нешта здараецца. З усіх бакоў, з травы, з кустоў, з вады пачынаюць выпаўзаць нейкія гады – гадзюкі, вужакі і мноства іншых брыдкіх стварэнняў… Кветкі знікаюць, дрэвы сохнуць, дзень цямнее… Казка гіне. Знікае і Яна… Адзіная, прыгожая з такім цудоўным ручайковым голасам. Застаецца толькі Ён. Адзін. Сярод пасохшых дрэў і кветак, сярод паўзучых гадаў… Яе няма. І толькі далекі адгалос нагадвае, што Яна была. Ён кідаецца за Ёю, але ўжо позна… Ён чуе з-заду чыёсці хрыплае хіхіканне… Абарочваецца… ля пасохшага дрэва стаіць такі ж сухі Стары. У вачах усмешка – не толькі з юнака, з усяго, з усяго на свеце… А гадзюкі і вужакі пачынаюць спаўзацца да Старога, да вялікага меха, што стаіць ля Яго ног…
- Развялося іх… хе-хе… - крэхтануў Стары, пасля паказвае рукой на мех і працягвае:
- Бяры, чалавеча. Цягні, родны… Інакш нельга. Ты хочаш неба? Будзе табе – неба. Усё вернецца… хе-хе…
     І цяжкі мех юнак узваліў сабе на плечы.
     Вось яны ідуць. Ён – змардаваны, знясілены – наперадзе. Стары – крыху з-заду. А вусны і вочы Старога крые ўсё тая ж усмешка. Камяні, чорныя прывіды пасохшых дрэў – гэта тое, што вакол іх. Юнаку цяжка, вельмі цяжка, ён чапляецца, падае, зноў узнімаецца – і нясе. Ён павінен несці, каб вярнуць былое, каб… Стары не маўчыць. Стары вучыць жыць…
- Нясі, родны… Развялося на зямлі нечысці ўсялякай, хе-хе. А некаму ж трэба і збіраць. Некаму ж трэба… Нясі, чалавеча. Гэта толькі твой цяжар. Валачы, браце…
    Уверсе пачулася буслінае клакатанне. Стары, а за ім і юнак, узнялі галовы. Юнак адчуў раптам, што ніколі ўжо не вернецца туды, скуль прыйшоў… Ён адчуў…
- Лётаюць, птушаняткі… хе-хе. Ужо хутка – балота…
І стары лагодна пахлопаў юнака па плячы. Яны працягвалі шлях.
Нарэшце, балота. Маўклівае, у сівых воблаках туману, яно пужала і разам з тым вабіла сваёй вечнай тугой і таямнічасцю. Ля самага краю дрыгвы юнак знясілена паваліў цяжкі мех на зямлю. Глянуў на балота, па якім у мжыстым тумане хадзілі некалькі буслаў. Буслы спыніліся, яны назіралі за ім. Вочы іх былі… дзіўнымі.
     Стары прысеў на зямлю і ўжо зусім лагодна, гледзячы ў бок балота, на буслоў, мовіў…
- Ходзяць, птушаняткі… хе-хе. Развязвай мех, чалавеча – прыйшлі!..
Юнак развязаў мех і… не паверыў! Ён быў пусты.  Такі цяжкі і вялікі мех быў зусім-зусім пусты! З горыччу, з болем юнак глянуў на Старога. Той гэтак жа лагодна ўсміхаўся. І юнак кінуўся да яго… Але было позна. Рука стала крылом, пасля другая… І ўзмахваючы імі, спрабуючы вызваліцца, ён увесь ператвараецца ў бусла!..
     А ў небе чуваць моцнае клакатанне буслоў. Відаць, іх там вельмі-вельмі шмат. Так бывае – раз у год яны збіраюцца разам і кружаць над зямлёй, ці то радуючыся, ці то плачучы…
- Ты ж хацеў неба?.. хе-хе, ляці!
     Стары ўсміхаўся.
     А юнак-бусел узнімаўся ў неба ўсё вышэй і вышэй! І усё плыло ў яго вачах, такіх шырокіх ад болю…
     А Стары, прыклаўшы рукі да вуснаў, крыкнуў уздагонку…
- Некаму ж трэба!.. І ціха лагодна зарагатаў.
     Буслы, якіх было вельмі шмат, з працяглым клакатаннем кружылі ў небе. Яны накручвалі спіралі і ўзносіліся пад самыя воблакі. І кішэў гэты парад вялікіх, прыгожых птушак, якіх заўтра чакае балота і мноства гадаў, якіх трэба падбіраць… Такі іхні лёс. Яны выбраныя…

                ***

     Разам з кружачымі ў небе бусламі знікае і ўспамін. Ёсць толькі ноч, дождж і вецер. І тая самая хатка, ваконцы якой усё свецяцца.
     Наш бусел у апошнім намаганні задзірае галаву з клювам і надрыўна клакоча, як бы ўслед таму, чаго яму ніколі ўжо не пабачыць, не дасягнуць – кружачым у небе буслам, тром асветленым ваконцам, людзям за гэтымі ваконцамі… Галава яго нерухома валіцца… Раптам сполах маланкі асвятляе ўсё. І тут!.. Дзверы хаты адчыняюцца і выходзіць жанчына – тая самая дзяўчына з якой яны некалі насіліся сярод кветак. Яна – пасталеўшая… Яна ўжо не такая. І ўсё ж гэта – Яна. Яна спужана глядзіць па баках і бачыць… бусла. Ён нерухома ляжыць на траве…
- О, Божухна, хто ж цябе?..
Яна ўзнімае галаву бусла. Яна, здаецца, нешта адчувае… А ў нежывым зрэнку бусла – і мора кветак, і сонца, і воблакі… і Яна!.. Яна пачынае ператварацца ў бусла. А вось і ён узнімаецца. Так, ён жывы!.. І яны разам ляцяць высока-высока. Яны разам – якое гэта шчасце! Воблакі, кветкі, смех… І няма здзеклівага Старога. Яны разам! Песня, адвечная песня кахання!.. Якую раптам зноў абрывае цёмная сырая ноч.
   Чуваць толькі гук зачыняемых дзвярэй хаты. Затым дзіцячы голас…
- Мама, што там?..
- Ды нічога, дзетка… Спі, падалося.
    І ў аконцах патухла святло.


Рецензии