Твары

Пакой быў светлы. Не, сонца яшчэ нават не ўстала, але яно ўжо шчыльна абвясціла аб сваім прыходзе: мяккае святло світанку ахінала сонныя і цяжкія сцены і... больш тут асвятляць было няма чаго.
Неўзабаве першы сонечны прамень павольна ўліўся ў пакой. Але ён быў не адзіны, хто ўвайшоў сюды - ў гэты жа самы момант прыйшоў і Чалавек. Ён прыйшоў падумаць і перачакаць надыходзячую спёку, якая падавалася жудаснай пакутай, пакутай за нейкае вусцішнае злачынства, якое здзейснілі людзі так даўно, што ўжо ніхто й не ведаў, ці было тое злачынства на самой справе.
Чалавек не ведаў дакладна, якім чынам трапіў ён сюды. Гэта бянтэжыла чалавека настолькі, што ён пачаў нават сумнявацца ў мэце свайго прыхода, якая першапачаткова была яснай і зразумелай, як тое сонца, што ззяла ў акно. Не, вядома, ён разумеў, што увайшоў сюды праз дзверы, нават бачыў іх на свае вочы, але што было за імі, заставалася таямніцай, бо, канечне, дзверы гэтыя былі зачыненыя. Пасля шматлікіх спробаў адамкнуць іх, чалавек стаміўся і яму абрыдла гэтая бессэнсоўная справа, хоць думкі, а хутчэй нават надзеі, што за дзвярыма хаваецца нешта прыемнае, заўсёды цяпліліся прысакам ў яго галаве.
Але цяпер, калі ён застаўся сам-на-сам са сваімі думкамі, пакоям, які зараз ён цалкам упэўнена лічыў сваім, найвялікшую заўвагу чалавека выклікалі блакітныя сцены. На першы позірк гэта былі самыя звычайныя сцены... і так яно насамрэч і было: простыя, бетонныя, аблепленыя бледна-блакітнымі шпалерамі з дзіўнаватым хаатычна-адцісным узорам. Менавіта гэтыя самыя узоры выклікалі маўклівую зацікаўленасць "гаспадара" пакою: сярод выгнутых у розныя бакі лініяў, якія то збягаліся, то зноўку разбегаліся ў розных напрамках, чалавек бачыў твары. Яны былі нібыта жывыя: варушыліся і, здавалася нават, маглі размаўляць, хоць мова іхняя была мала зразумела Чалавеку. У кожным з іх, гэтых "жартаў" уяўлення, Чалавек бачыў нешта... Але што гэта за нешта?
I. Вось і першы твар. Яго вузкаватыя й вострыя рысы імкнуліся ўверх, адчувалася нястомнае намаганне караскацца вышэй і вышэй. Высачэзная, наўмысна залітая лакам ці нейкім гелем, фрызура толькі падкрэслівала гэтую прагу. Але ва ўсім гэтым нездаровым жаданні штучнай вышыні толькі позірк і вугалкі вуснаў былі далікатна апушчаны ўніз. Але гэта былі зусім не выключэнні, наадварот, нібы спецыяльна яны крыху прыпыніліся, каб яшчэ лепей уцяміць наколькі "высока" забраліся усе астатняе рысы, ім усім хацелася адчуць сваю велічыню. Твар гэты, напэўна, мог бы належыць чалавеку, які караскаецца па Лесвіцы Якава, і вось зараз, у гэты самы момант, ён глядзіць уніз, на маленькіх людцаў, якім ніколі б не хапіла адвагі й нахабнасці, каб кінуць гэткі выклік Нябёсам. Як далёка ён зойдзе?
II. Другі твар не прымусіў чакаць сябе, хутчэй як раз ён так і жадаў, каб на яго кінулі зрок. Сапраўды, не заўважыць яго было немагчыма: манатонная блакітная сцяна ці то пад уплывам нераўнамернага святла, ці то проста уяўленне чалавека зноўку "ўсміхалася" над ім, але, без сумненняў, твар быў літаральна забруджаны колерамі. Яскрава пунсовыя вусны, якія быццам здзяйснялі млявы пацалунак, холадна-ружовыя вейкі, высока намаляваныя (гэткае лёгкае здзіўленне) бровы й чырвань - усё было прыкра-надакучліва, не натуральна й нават груба. Позірк застыў у неадназначнай прапанове, але, як бы другасным слоем, ляжала там і звар'яцелая стома. Гэты твар гандляваў. Ведаеце чым?
III. Чалавек адвёў свой позірк убок і адразу трапіў у эпіцэнтр "выбуху".
Чалавек адкрочыў, бо спужаўся гэтага твару. На нейкі момант чалавеку падалося, што твар гэты зараз выскачыць з бетонна-шпалерных аховаў і праглыне яго цалкам сваім вялізарным ротам, які застыў у жудасным ляманце. Чалавек мог паклясціся чым заўгодна, што чуў яго, але ён быў няяўны, нібы ішоў з глыбі... Ён крычаў: "Правальвай адсюль!Пустое месца! БЫДЛА! НЕНАВІДЖУ! НЕНАВІДЖУ! НЕНАВІДЖУ!" Чалавек адвярнуўся й горка зарыдаў. Завошта гэткая нянавісць?
IV. Баючыся зірнуць на сцяну і зноў убачыць і "пачуць" твар-нянавісць, чалавек доўга не рашаўся азірнуцца і стаяў, цяжка дыхаючы і закрыўшыся дзвюма рукамі у здранцвелай цішыні. Але хутка моцная зацікаўленасць усё ткі пераадолела страх і ён здолеў паглядзець на сцяну, дзе убачыў, на першы погляд, значна больш прыемны твар. Ён усміхаўся усімі трыццаццю двума белымі,як бачыў чалавек, зубамі ды ўвогуле выглядаў даволі паспяхова. Усё ў гэтым твары было выкшталцона й дасканала: прыгожыя бліскучыя вочы, высокі падбародак, нават зморшчынкі на ілбе, што утварыліся ад высока паднятых броваў, выглядалі вельмі дарэчна. Але, захапляючыся і здзіўляючыся гэтай прыгажосці, чалавек адчуў дзіўнае, але знаёмае пачуццё. Такое можна адчуць, седзячы дзе-небудзь на бульвары увечары, калі да Вас, з тэатральнай тугой на твары падышоў бы жабрак і, не саромеючыся моцнага паху алкаголю, пачаў клянчыць грошы на ежу для сваіх маленькіх дзетак. "Жаль" й "агіда". Так, твар менавіта "клянчыў" кампліменты, выклікаючы ў чалавека такія пачуцці. Уся гэтая дасканаласць была нібыта наведзена толькі дзеля ўсхваленняў... А ці сапраўды ён заслугоўвае іх?
Чалавек стаяў і усё назіраў... Назіраў як лініі зліваліся зноў і зноў у гэтыя твары, ён не мог адарвацца, нават калі б вельмі пажадаў гэтага. Вось і новы твар.
V. Чалавеку стала не па сабе адразу, як толькі ён зірнуў на яго. Ён глядзеў таксама на Чалавека, але... нібы з боку. Такое магчыма, калі ставіш перад сабою некалькі люстэркаў, і бачыш сябе, быццам глядзіш на зусім іншага чалавека. Відаць было, што твар хавае свой позірк і намагаецца глядзець толькі тады, калі чалавек не мог яго ўбачыць. Але чалавек усё ж ткі бачыў яго... Ад гэткай парадаксальнасці ён адчуваў пякучы галаўны боль, яго ванітавала, але ён працягваў глядзець. Не мог не працягваць. Вузкі рот твару сказіўся крывой "усмешкай", а ў вачох чыталася пагарда й крыўда, тупая й бессэнсоўная. Урэшце пачуццё "залюстаркоўя" знікла, і цяпер твар глядзеў прама ў вочы. Зараз ён усміхаўся даволі ветліва, зусім не так як яшчэ якую секунду таму. Вочы таксама блішчэлі нібы і радасна, хоць ледзь чутнае рэха крыўды ўсё яшчэ раздавалася недзе глыбока ў іх... Ці засталося там яшчэ хоць нешта?
Чалавек стаяў і усё назіраў... Назіраў як лініі зліваліся зноў і зноў у гэтыя твары, ад якіх балела галава, але ён не мог адарвацца, нават калі б вельмі пажадаў гэтага. Вось яшчэ адзін.
VI. Гэты твар быў ніякі. Чалавеку спатрэбілася нават некалькі хвілінаў, каб разглядзець яго цалкам. Ён не варушыўся і не глядзеў на чалавека, таму што не хацеў глядзець. Дасканала гладкая, без аніякай зморшчынкі, скура яго была бледна-белая. Вочы былі расплюшчаны усяго крыху, і падавалася, вось-вось самкнуцца і твар упадзе ў сон... але не, ён так і ляжаў. Чалавек падумаў нават, што твар мёртвы, калі такое наогул магчыма. Але раптам ён варухнуўся - зусім крыху: збочыў свой млявы й абыякава- стомлены позірк на чалавека, які відавочна не выклікаў аніякай зацікаўленасці ў твару: у гэты самы момант у вачах чыталася ці то агіда, ці то проста спачуванне аб тым, што прыйшлося змарнаваць сваю найкаштоўнейшую моц на нейкага чалавека. Усё. Твар нават не адвёў свой позірк: гэтак і застаўся, не праяўляючы ніякіх эмоцый і прыкметаў жыцця. А ці быў ён наогул "жывы"?
VIІ. На сцяне з'явіліся кроплі. "Што гэта?" - пытанне чалавека засталося без адказу, і ён проста назіраў як маленькія кропелькі з'яўляліся па чарзе і каціліся ўніз па сценцы. Чалавек доўга разглядаў іх, не разумеючы, але раптоўна ўбачыў, што гэта слёзы новага твару. Ён не румзаў, а проста бязгучна плакаў, і нячастыя слёзы струменіліся з вачэй, якія былі апушчаны нізка і глядзелі ў нішто. Чалавек збянтэжыўся, бо нічога не мог зрабіць, нават спытаць не мог, а дапамагчы тым больш. Ён проста стаяў як зачараваны і глядзеў. Смутак ахапіў душу і да горла падышоў камяк. Ні крыкнуць, ні заплюшчыць вочы, каб не бачыць гэтай безвыходнасці, якая падавалася больш рэчаіснай, чым усё вакол. А твар, сумны, безнадзейны, глядзеў усё так жа ў "нішто". Гэта Канец?..
Прамень захаджалага сонца ціха ўліўся ў пакой і асляпіў вочы чалавека, які адразу жа іх павольна заплюшчыў. "Як дзіўна" - падумаў чалавек - "Сонца ўсходзіць і заходзіць ў адным месцы?". Але здзіўленне было нямоцным і нядоўгім, ён ведаў, што гэта "правільна". У гэты момант ён адчуў жудасную стому і жаданне сысці з пакою, сысці назаўжды і не вяртацца сюды ніколі, збегчы ад гэтых твараў. Падавалася, што час пачаў бегчы хутчэй, а Чалавек усё стаяў гэтак, з заплюшчанымі вачыма. У пакоі было так ціха і пуста, што можна было пачуць, як апошняе святло павольна лілося сюды. Расплюшчыў вочы. "Яшчэ адзін?" - убачыўшы твар, стомлена вымавіў Чалавек і змоўк, разглядаючы. Хвіліны віселі ў паветры. Гэта быў ён сам. Здзіўлены, са стомленымі вачыма, глыбокімі зморшчынамі. Ён не пазнаў адразу, але гэта быў менавіта ён. Цяпер Чалавек зразумеў. На сценцы, супраць яго, увесь час вісела люстэрка.
 Сонца зайшло. Чалавек сышоў і замкнуў дзверы.


Рецензии