Самыя запаветныя жаданнi

   На замеценых снегам вузкіх гарадскіх вуліцах дагараў кароткі снежаньскі дзень, але ўжо ўспыхнулі жоўтымі светлячкамі бронзавыя ліхтары і змроку прыйшлося адступіць, а пазней схавацца ў цёмных пустых падваротнях. Незлічонае мноства святочных вітрын зіхацела рознакаляровымі агеньчыкамі, прыцягвала да сябе дзяцей і дарослых. Напярэдадні Каляд усё навокал станавілася больш прывабным, а дзе немагчыма было схаваць недахопы, упрыгожваючы мішурой і гірляндамі, на дапамогу прыходзіў лёгкі пухнаты снег. Ён прыкрываў, згладжваў і рабіў двары, стары хмурны парк, маленькую плошчу чыстымі і дагледжанымі. І дзякуючы гэтай  несумненнай ўрачыстасці прыроды, хацелася верыць у цуды.
   Насупраць крамы з яркімі і дарагімі цацкамі стаяла, ледзь дыхаючы, маленькая дзяўчынка. Яе косы амаль дакраналіся да празрыстага халоднага шкла, а вочы глядзелі на вялікую, у сіняй сукенцы,  ляльку. Паліто на дзяўчынцы было крыху не па памеры, чаравічкі – моцна збітыя набок, а шарсцяная хустка, на самай справе, належала бабулі. Карацей кажучы, лялька для малой заставалася толькі марай.
   Яна ўздыхнула і ўжо памкнулася адыходзіць, як убачыла, што побач стаіць, абапёршыся лапкамі на вітрыну, і ўважліва разглядаючы яе, чорны пухнаты кот.
 - Мне гэтая лялька таксама адразу спадабалася. Сапраўды, яна самая прыгожая з усіх цацак?
Малая збянтэжылася, але захоўваючы спакой (перад Калядам рознае здараецца), ціха адказала Кату, які ўмеў размаўляць:
- Так, яна самая прыгожая лялька з усіх лялек, але лічбы на цэнніку забараняюць марыць аб ёй. А хіба дзіцячае шчасце, можна вымяраць грашамі?
   Раптам наляцеў парыў ветру, раскідаў яе словы, змяшаў іх з вулічным шумам, панёс высока ў неба. Кот гучна чыхнуў, таму што адна  з сняжынак знянацку села яму на нос.
- А што па-твоему значыць дзіцячае шчасце? І пры чым тут грошы?
Дзяўчынка паправіла непаслухмяную пасмачку валасоў, схаваўшы яе пад хустку, падзьмула на свае азяблыя рукі.
- Шчасце – гэта, калі ў хаце весела і ніхто не хварэе, а пад ёлкай горкай ляжаць гасцінцы. Але ж без грошай гасцінцы не прадаюцца.
- У такую ноч па ўсёй зямлі адбываюцца цуды, галоўнае, у іх вельмі верыць, - Кот уважліва паглядзеў на дзяўчынку і дадаў:
- Святло тваіх жаданняў ужо дасягнула нябеснага палаца, дзе жыве Зорны Кот. Заплюшчы свае вочы. Ты чуеш, як сняжынкі спяваюць вясёлую песенку? Ад яе людзі робяцца лепшымі, а ў сэрцах прачынаецца міласэрнасць.
   Зноў наляцў вецер, закруціў снегам, пахнуў холадам. Дзяўчынка расплюшчыла вочы – паблізу нікога не было. Яна ўсхліпнула і павольна паплялася дахаты, дзе яе чакала хворая бабуля і не прыбраная ёлка. Вакол ішлі, беглі з радаснымі тварамі прахожыя. Кожны з іх спяшаўся сустрэць Каляды, але ніхто з іх не заўважаў малую ў бабулінай хустцы. Перад тым як увайсці ў халодны пад’езд, дзяўчынка паглядзела на неба. Там, недзе вельмі высока, быў Зорны Кот, які выконваў самыя запаветныя дзіцячыя жаданні, які часам спускаўся на зямлю і блукаў,  як звычайны кот,  па вуліцах. Яна ўсміхнулася і …
За вялікім, накрытым святочным абрусам, сталом сабралася вясёлая сям’я. Бацька запальваў свечкі, маці дзяліла на ўсіх апетытную гусачку, а бабуля з пяшчотай глядзела на маленькую ўнучку. А ўнучка вачэй не зводзіла з прыгожа-прыбранай ёлкі, пад якой вялікай горкай ляжалі, спакаваныя ў яркую паперу, гасцінцы і адным з якіх была цацка – лялька, самая прыгожая з усіх лялек. Гадзіннік мякка прабіў поўнач. Снег перастаў ісці і ў цёмным небе ўспыхнулі зоркі. Надышлі  Каляды.

Сяргей Брандт, 06.12.2013


Рецензии