Так и есть, ассиметрия...

Дабралася да Сіўко Ф. “Асіметрыя: аповеды, эсэ, запісы.” – Мн.: Бел. Кнігазбор, 2005. – 224 с.
Кніжачка маленькага (амаль як у кішэню пакласці) фармата, у мяккай вокладцы. Адразу кінуліся ў вочы недахопы афармлення: тэкст задужа дробны (нават для такога фармата кніжкі), пры гэтым палі вялікія і пустыя (запоўнены толькі драбнюткім надпісам з імем аўтара і назвай). У тэксце нават я, не дужа пісьменная, убачыла некалькі істотных памылак. Так, у некалькіх месцах зроблены неправільны перанос слоў (разарваны склад: уседл-івасці, с. 150; навязл-іва, с. 104; тэлев-ізійшчыкаў, с. 97). На с. 75 – 76 адзін і той жа сказ паўтараецца два разы (некарэктны камп’ютарны перанос сказа “Калі ад Люка, перадайце яму, што Марыся больш…”). Ёсць і абдрукоўкі: с. 89: “Індыец Лакі, кватэрант з сорАЙ восьмай, студэнт…” (відавочна: “з сорАК восьмай кватэры”?). Не даглядзелі тут у выдавецтве, не дапрацавалі, хоць выдавецтва і, здаецца, знакамітае. Пры гэтым, наклад 520 асобнікаў. Па нашых часах – не так ужо і мала для пісьменніка.
Зараз па зместу: што спадабалася, а што – не.
Спадабаўся цыкл з апавяданняў, абазваных аўтарам “Аповеды ад першай асобы”, але не ўвесь, а толькі чатыры з шасці: “Клёнік (аповед эгаіста),” “Мары з бульвара Даву (аповед гіпатоніка),” “Тры мае Магдалены (аповед фарысея),” “Куфар айца Тамаша (аповед віжаватага).” “Бацечка Зэн” і “Кручонікі і сын мой” – з гэтага цыкла не спадабаліся. Патлумачу, што і чаму спадабалася ці не.
Чатыры невялікія названыя мной аповеды аб’яднаны адной ідэяй: гэта гісторыі кахання (бадай акрамя апошняга – “Куфар Тамаша”). “Куфар Тамаша” – увогуле, аповед пра чалавечую сутнасць (з прэтэнзіяй на прытчу). Чаму спадабаліся: спроба вырвацца з калгасна-сялянскага ці бытавога антуражу для гісторый пра каханне. Усе згаданыя гісторыі кахання Ф.Сіўко перанёс за мяжу. У “Клёніку” толькі “мясцовая,” ды і тая пабочная. Адчуваецца рамантычны і цэнічны адначасова подых 90-х ХХ ст. (асабліва ў “Мары з Бульвара Даву” і “Тры мае Магдалены”): адкрыты свет замежжа, спроба падаць выпадковыя сэксуальныя сувязі як сацыяльную норму. “Клёнік” – пра брата апавядальніка, які спіўся і, магыма, скончыў жыццё самагубствам, а быў жа такі акуратыст! (нібыта адно выключае другое). Упамінаецца, што піць чалавек пачаў з-за няшчаснага кахання. Ну што тут скажаш? Піць заўсёды пачынаюць з-за чагосьці (якраз каханне – адна з галоўных прычын). Спачатку шукаюць яго тое самае каханне (і робяць усё каб яно абавязкова было няшчаснае), а потым ужо пачынаюць піць з чыстым сумленнем (апраўданне-прычына ж ёсць!). Тады ўжо вісельнікі, тапельнікі, пагарэльцы-пьянтосы – “стопудовыя” героі раманаў. Адхілілася, аднак я…
Далей. Не зразумела мне чаму “Куфар Тамаша” – “аповед віжаватага”? Апавяданне населена экзатычнымі асобамі: студэнт-індыец Лакі (з “Камасутраю” пад пахай!), сусед Валодзька – “кіроўца фурай (!) па ачыстцы горада ад бадзяжных сабак”, развядзёнка Аляўціна (з якой “практыкуе” Лакі), айцец Тамаш (чаму “айцец”? сам жа сказаў, што не з’яўляецца місіянерам ні адной з канфесій), сам апавядальнік – асоба невызначанага роду заняткаў. Сутнасць апавядання ў тым, што калі куфар айца Тамаша адчынены, то ўсе імкнуцца кінуць у яго смецце. Гэта “айцец” Тамаш лічыць паказальнікам разбэшчанасці рода чалавечага. Адначасова, гэта паказальнік таго, што “людзі паўсюль аднолькавыя”: у Карэі ў куфар кідалі здохлых сабак, у нас – парваную Камасутру, луску ад семак і мёртвага ката і інш. Дарэчы, некалькі раз апавядальнік дае зразумець, што падзеі адбываюцца на Украіне (слова “майдан”, і с. 97 “…якую мы распілі ўдвух у ягонай кухні пад роспачлівы енк тэлевізійшчыкаў па “няшчаснай”, што яны асабліва падкрэслівалі, Украіне”). І, дарэчы, мне так і не зразумела, навошта “айцец” Тамаш скраў у Віцебску гравюру. Дзеля чаго ён туды паехаў? Гісторыя заблытаная. Здаецца, што і сам аўтар не разумее начорта той “айцец” едзе ў той сцюдзёны Віцебск. Карацей, фантазія апавядальніка не мае межаў. У тым ліку, і межаў разумнага. Хаця, у цэлым, паўтаруся яшчэ раз, гэта з таго, што мне спадабалася. Чаму? Таму, што з “прэтэнзіяй” на літаратуру. Хаця, мова аўтара складаная. Сам – з тых мясцін, якія мне добра вядомы. Дыхала і я тым паветрам даволі доўга. Але не на такой мове там размаўляюць. Толькі асобныя словы такія. Мова ж аўтара –
“Бацечка Зэн (аповед інсургента)” – мне не спадабаўся. Гістарычны антураж 1831 г. прычэплены як да саламянай кабылы хвост. Пахвальна, канешне, што аўтар ведае такі гістарызмы, як “пасы” і “інсургент”. Але на-пры канца аповеда ў чытача ўзнікае заканамернае пытанне: начорта пёрся той галоўны герой да таго маршалка і пры чым яго дачка Ядзя. Лінія з гэтым героямі і ёсць той самы хвост саламянай кабылы. “Ні да чэго.” Не зразумела, што і да чаго. Галоўнае – навошта? Пачынаецца як уступ да вялікага гістарычнага твора, а заканчваецца банальным апавяданнем аб эпідэміі халеры ў вёсцы і маленькім “подзвігу” бацечкі Зэна (які ідзе жыць у дом суседзяў, заражоны эпідэміяй  халеры, каб пахаваць памерлых). Дзякуючы подзвігу Зэна, выжывае каханая яго сына – Юлька. Заканэнне: Юлька і апавядальнік пражылі  жыццё (ад 1831 да 1863/64 гг.) у любові, напладзілі двух сыноў, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях паўстання 1863 г. з розных бакоў. Аўтар смакавіта апісвае сялянскі побыт: маці садзіцца ўвечары за цыраванне, бацька парадкуе на сотніку дровы, ядуць варыва з крапівы і г.д. Вядома ж, гэта ўсё ён бачыў і можа апісаць. Бачыў. Толькі не ў 19-м, а ў 20-м стагоддзі. Хаця, тут пагадзіцца можна. Побыт мала змяніўся.
“Кручонкі і сын мой (аповед “зязюлі”)”: па-першае, “зязюля” – ніякая не “зязюля”, а па сучасных мерках сумленная і адданая жанчына атрымоўваецца. Па-другое: кручонікі – кавалеры гэтае жанчыны. У аповед уплятецца містычнае апавяданне аб стасунках Містрыні Добрай Рады, з якой трымае савет галоўная гераіня як жыць. Сюжэт натупны: жанчына сустракалася з адным, нарадзіла ад яго хлопчыка з цяжкай хваробай. Першы “кручонік” яе кінуў. Другі – таксама кінуў, хоць і пражыў некаторы час. Трэці прапанаваў ажаніцца і аказаўся сапраўдным мужчынам (не спужаўся жыць з жанчынай у якой дзіця-інвалід), але трапіў у турму. Рэалістычнае апавяданне перамяжоўваецца з фантастычна-алегарычнымі роздумамі гераіні. Гераіня – дырэктар ці то сацыяльнага прытулку, ці то шпіталя для цяжка хворых (ці душэўна хворых?). Адным словам, не разабраць. Апісваюцца і памерлыя старыя, якіх хаваюць чамусьці ў двары ўстановы (бо як капаюць яму відаць з вакна). Ва ўстанове жывуць і разумова непаўнавартасныя ( якія маюць магчымасць палавых стасункаў, цяжараць) і дзеці з ДЦП, адным словам, мяшанка яшчэ тая. Заўважце, размова аб сучаснасці. “Зязюля” ж жанчына таму, што змясціла сваё дзіця часова ў гэтым інтарнаце (нагадваю, дзе працуе і сама даглядае дзіця). Што ж тады казаць пра замежныя госпісы? Адным словам, ідэя апавядання добрая (бо пра сумленную жанчыну), а ўвасабленне гэтай ідэі мне не спадабалася. Вось дзе асіметрыя, сапраўды.
А вось у чым асіметрыя у аднайменным творы сказаць цяжка. У спадара Бортніка здарылася няшчасце з дачкой: яна ці то скончыла жыццё смагубствам, ці яе забілі. Мяркуючы па тэксце, прагляд тэлевізара – любімы занятак спадара Бортніка. (Увогуле, наконт тэлевізара, канешне, аўтар праўдзіва падмеціў, паважаюць яго сучаснікі). Пры гэтым, спадар Бортнік лічыў сябе педантам, любіў парадак. Гэта не перашкодзіла яму завесці палюбоўніцу, давесці жонку да псіхічнай хваробы, дапусціць дачку да заняткаў прастытуцыяй. Прыгажун, разумнік ды й годзе! Вось душэўныя перажыванні гэтага героя мы і назіраем. Хаця, перажыванні  так сабе… Спіць і сніць сны, глядзіць тэлевізар, гатуе сабе (пры ўсім педантызме ледзьве не зрабіў пажар!), мацае таварышку сваёй дачкі… Красаўчык, дый годзе. Дзе ж тут асіметрыя? Усё як мае быць. Якая душа, такі і побыт. Увогуле, апавяданне слабенькае. Ні пра што, ні пра каго. Нікога апавядальнік не асуджае, нікога не апраўдвае, апісвае эпізод з аднаго жыцця, магчыма, цалкам выдуманага. Чаму ўвесь зборнік атрымаў такую назву? За замежную мілагучнасць слова? Магчыма. Не назваць жа “Мыйшчык Лёха.” Не мілагучна, не кідка. А вось аповед пра Лёху – мацнейшы. Чаму? Па-першае, біяграфія Лёхі, мякка кажучы, не трывіяльная, па-другое, аповед паслядоўны, без усялякіх там Містрыняў Добрай Рады і фантастычных сноў, па-трэцяя чалавечае ёсць і ў маргіналаў (добра, што аўтар тое разумее).
“Вецер, вецер…” – ну як тут скажаш: надзвычай гераічная дзеўка – забіла маньяка. А словы-то якія “швэдар” (світэрык, у сэнсе)! Увогуле, мова ў аўтара не самая лёгкая для майго ўспрыняцця. Хоць мы і землякі з пісьменнікам Францам (мяркуючы па яго аўтабіяграфічных запісаў “Наўздагон”), мне яго цяжка чытаць. Выпінаюць з тэкста для майго вока “швэдэры,” “майданчыкі” ды нязвыклыя дзеясловы. Думаю, ад жадання што-небудзь “гэткае” уціснуць у тэкст.
“Злачынства Канчыты Вайс” – пародыя з замахам на трагедыю. Так бы я абазвала гэты аповед. Вясковая цётка (аматарка серыялаў) сутыкнуўшыся з шантажыстам-пьянтосам вырашае яго забіць, але ён памірае сам. У яе ёсць невялікая інтымная таямніца, якую яна не хацела б афішыраваць. Вось і ўсё. Замяніце пры гэтым імёны заходніх беларусаў на імёны з серыялаў, а назвы беларускіх населеных пунктаў – на гучныя замежныя (напрыклад, Нью-Йорк) – і гатова апавяданне. Цаню гумар аўтара. Апавяданне напісана, верагодна, у пачатку (першай палове) 90-х ХХ ст. у эпоху павальнага захаплення серыяламі, калі ў гарадах пад час чарговай серыі крамы пусцелі, а ў вёсках бабулькі ля калодзежаў абмяркоўвалі апошнія прыгоды Хосе-Ігнасіо ці “проста” Марыі.
З запісаў “Наўздагон” даведалася я шмат  аўтабіяграфічных звестак пра аўтара і шмат “добрага” пра суседзяў-аднавяскоўцаў. Цікава, ці здароўкаюцца?
І яшчэ, паважаны аўтар, асадка па шкле (ды яшчэ ў вертыкальным становішчы, а стэнд жа на сцяне вісіць!) не піша (гл. с. 164 “ды памылкі зверху па шкле асадкаю выправіў”), тут Вы яўна свае заслугі перабольшваеце.
Вось і ўся асіметрыя…
І памятайце: крытыку трэба ўспрымаць адэкватна


Рецензии
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.