Калектарны Монстар

Пралог

Быў дзівосны вясновы дзень. Аўтарка шпацыравала па вуліцы, трымаючы ў руцэ марозіва на палачцы. Аўтарка глядзела на неба, на сонца, на дрэвы, на мінакоў і на гарадскія гмахі – толькі не сабе пад ногі. А ў горадзе Менску такія агідныя высачэзныя бардзюры!... У рэшце рэшт Аўтарка спатыкнулася аб бардзюр і выпусціла марозіва з рук. Яно боўтнулася ў адтуліну калектара і знікла ў цемры. І тады Аўтарка падумала:

“Калектарны Монстар”.

Калектарны Монстар жыў тут яшчэ да таго, як быў пабудаваны калектар.      
У былыя часы жыццё ў яго было нашмат сытнейшае і весялейшае: людзі наверсе няспынна забівалі адзін аднаго, і ў падзямеллі пад горадам увесь час  звальваліся трупы, альбо кавалачкі трупаў, якімі Монстар з задавальненнем ласаваўся.  Але цяпер  усё змянілася. Монстру прыходзілася здавольвацца пацукамі і велізарнымі чорнымі прусакамі, ды яшчэ размоклымі недакуркамі і абгорткамі ад цукерак. Зрэдку яму трапляліся мёртвыя птушкі, недагрызкі яблыкаў і ўпушчаныя кімсьці карамелькі. Аднойчы хтосьці выкінуў у вадасцёк палову гамбургера. Гэта было зусім нясмачна.
      
Час ад часу Монстар падплываў да рашотак калектара і з нудой узіраўся ў свет наверсе. "Свет спаскудзіўся!" -- казаў ён сабе.

Аднойчы надвячоркам Монстар мірна драмаў і мроіў у калектарных водах. Раптам зверху нешта боўтнулася. Мяркуючы  па гуку, гэта быў нейкі новы, незнаёмы Монстру прадмет. Ён строс з сябе дрымоту і, нязграбна вяслуючы перапончатымі лапамі, падплыў  да рашоткі вадасцёку. У вадзе плавала нейкая дзіўная рэч: белая ўсярэдзіне, чорная звонку, і з яе тырчала тоненькая жаўтлявая костачка.
"Ды няўжо?" -- падумаў Монстар.
"Ну нарэшце!" -- падумаў Монстар і з прагнасцю ўхапіў яе зубамі.

Яго зноў чакала расчараванне. Прадмет аказаўся агідна-салодкім на смак, ліпкім і халодным -- у Монстра адразу ж разбалеліся зубы. Тое, што ён прыняў за костачку, аказалася драўлянай палачкай, якую Монстар з прыкрасцю выплюнуў. "Цьху, брыдота! Сапраўды, свет спаскудзіўся ", -- падумаў Монстар і зноў залёг на дно.

(2010 г.)


Рецензии
На это произведение написано 7 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.