Лужына

Лужына

…Прачнулася. Паглядзела на гадзінік. Свеціцца зялёным: НЯДЗЕЛЯ.
Непрыемна здзівілася: значыць, заўтра панядзелак, і трэба ісці на працу, а я думала, што заўтра яшчэ нядзеля… Ой, што гэта я, бо гэта сённяшняя нядзеля расцягнецца на ўсё заўтра…

…Дзяўчынка прыбегла на прыпынак і тут жа палезла ў лужыну. Вада ў лужыне была чыстая і празрыстая, і скрозь яе была бачная на дне кожная травінка.

- Ты куды? - закрычала яе матуля і, схапіўшы дзяўчынку за руку, выцягнула яе з лужыны.

…Потым я апынулася далёка ад іх, і бачыла здалёк, што дзяўчынка засталася адна і зноў палезла ў лужыну.
Гэта ж сон, і лужына гэта бяздонная, і дзяўчынка цяпер праваліцца і згіне дзесьці там у бясконцасці.
І я са страхам назіраю, як дзяўчынка задуменна, гледзячы на ваду, цягнецца праз лужыну. Я тут ледзь не напісала, "апусціўшы галаву ў ваду". А потым успомніла, што чытала я гэта ўжо, тыпа "Герасім ішоў па беразе, апусціўшы галаву ў ваду".

І тут раптам дзяўчынка правалілася па калена. У мяне ўсё абарвалася ўсярэдзіне, а дзяўчынка, нічога не заўважаючы, працягвала задуменна цягнуцца далей.
Так яна цягнулася, цягнулася, дацягнулася да сярэдзіны, дзе па маім уяўленні было самае небяспечнае месца, але нічога не здарылася, вада ўвесь час была ёй па калена. І цягнулася яна так далей, цягнулася, цягнулася і выйшла на процілеглы бераг лужыны. І заскакала ад радасці. А я з палёгкай уздыхнула і прачнулася…


Рецензии