Швэдар

Швэдар

- Пакажы, што ты там для Сашкі вяжаш, - папрасіла Лілька.
- Тут няма, потым пакажу. Паглядзі, што я для сябе вяжу.

Але Лілька нават і не зірнула. Тады я ўспомніла:
- Я ў цэху забылася. Зараз прынясу.

…У цэху было людна і шумна, і на тым стале, дзе я забылася вязанне, нічога не было. Знайшла я яго ў іншым месцы, на нейкай кардоннай скрыні, побач з Лідзіяй Іванаўнай.

- А я табе збіралася патэлефанаваць, - сказала Лідзія Іванаўна, - але, вось, не сабралася ніяк.

- А ніткі дзе? - спытала я, узяўшы швэдар у рукі.
- Не ведаю, - сказала Лідзія Іванаўна. - Спытай у двайнят. У нас жа нельга без нагляду нічога пакідаць. Імгненна падчэпяць, калі каму што трэба…

І я пайшла праз цэх шукаць двайнят. Па дарозе я выявіла на адным са шчытоў тоўсты джгут, скручаны з маіх нітак. Штосьці ён там змацоўваў. Я пацягнула за варсінку,  паглядзела ўважліва, сапраўды, мае ніткі.

Аднаго з двайнят я знайшла поруч стэнда.

- Вярніце мне ніткі! - сказала я яму, спадзяючыся, што хоць крыху засталося.

Ён кіўнуў і тут жа знік у сваім закутку. Хутка ён вярнуўся адтуль, несучы перад сабой тоўсты пучок рознакаляровага дрота.

- У нас толькі гэта, - працягнуў мне гэты пучок.

Я так узвар'явалася, што, выхапіўшы ў яго з рук гэты пучок дрота, хвастанула яго гэтым пучком ніжэй спіны. Але ўдар атрымаўся нейкім млявым, рука сарвалася.

І пайшла я ў іх закуток разбірацца з іх начальнікам, і па дарозе хвастала гэтым пучком дрота ўсіх двайнят, якія трапляліся мне па шляху. А яны так і хадзілі ўзад-уперад.

У закутку не было ні начальніка, ні маіх зніклых нітак. І закіпелі ў мяне на вачах слёзы лютасці і паліліся ў тры раўчука.

 І падышла да мяне Тамара і спагадліва зазірнула ў вочы.

А я, рыдаючы, думала, дзе дастаць ніткі, каб давязаць гэты швэдар.

Так, рыдаючы, і прачнулася.
А, прачнуўшыся, падумала:
- А швэдар Сашку замалы будзе…
- Ах, гэта ж сон…
- А, наогул, я такога швэдра ніколі не вязала… 
- Трэба сабрацца, урэшце, купіць нітак і звязаць для Сашкі прыгожы швэдар…


Рецензии