Матули

Матулі

 Жыццё падлетка крыўдзіла у росце.
 Ад мамы я у сакрэце вусы брыў,
 А аднагодкам з вуліцы зайздросціў,
 Бо не апошні ў хеўры нашай быў.
 У  памяці: ад вылізанай міскі,
 Што сіл было імчаў да вушака
 Каб параўнацца з самай верхняй рыскай,
 што адвяла матуліна рука.

 Даўно я госць у мілай роднай хаце,
 Але калі б у ёй я не гасціў, -
 Паснедаўшы з усмешкай
 просіць маці
 Да вушака старога падыйсці.
 А срэбрынку заўважыўшы на скронях
 Яна пагладзіць рыскі тых часоў...
 ...А я цалую рыскі на далонях,
 Тулюся да бялюткіх валасоў.

 1967 год

 *******

 (Пісьмы бацькі)

 У шафе старой на апошняй паліцы,
 Дзе ты ад гарэзаў хавала нажніцы,
 Дзе лекамі пахне у самым куточку
 Пажоўклыя пісьмы ляжаць вузялочкам:
 Ад фінскай вайны, ад нямецкай праклятай.
 І тыя, што больш не знайшлі адрасата,
 Вярнуліся збітыя штэмпелям поштаў...
 У іх ты пытаеш: “Навошта, навошта
 Вы мне без адказу, без радасных вестак!?”

 А святнім днём просіш унукаў, нявестак,
 Каб тыя чыталі нібыта малітву
 Радкі цяжкіх дзён ад свёкра і дзеда...

 ...І толькі пасля тых радкоў незабыўных
 Ты кажаш: “Пара, мусіць, дзеткі, паснедаць”.

 1975 год


Рецензии