Любушцы

Любушцы

 Здаецца мне – ты заблудзілася.
 А дзе шукаць цябе – не знаю.
 У ветра папрашу я літасці,
 Каб дапамог, сам пагукаю.

 Спытаю лес, спытаю поле я:
 “Чаму не я?! Чаму ты першай?!”
 ------------------------------------
 ...Як цяжка мне... Няўжо не здолею
 Пець аб жывой, а не памершай.
   20.02.13 г.

 ***

 Прыдзі, здымі адзіноты аброць!
 Ніяк я не знайду сяброўства з горам.
 Цябе я ў снах заву і жду, прыходзь!
 Хоць на хвілінку, сядзем, пагаворым.
 Я не паспеў табе так шмат сказаць.
 А часам быў нібы асот калючы.
 Прабач мяне, прабач!
 Прыдзі, прысядзь,
 Сагрэй усмешкай ты мяне гаючай!
 13.04.2013
 ***

 Ці варажбіткі ў тым павінны, -
 Не прадказалі мне той час:
 Што стану я над дамавінай,
 Што больш не будзе двое нас.

 Не абяцала і хвароба
 Што вось-вось скончыцца жыццё.
 А ты – сяброў сваіх – асоба –
 Адыдзеш ціха ў небыццё.

 Не бойся, у сяброўскіх сэрцах
 Усё не так – наадварот.
 За чаркай памяці “пальецца”
 І успамін, і анекдот.

 Твае сябры мне асалоду
 Прыносяць у маю душу...
 ...Табой падораныя годы
 Нібы ў калысцы калышу.
 3.01.2013

 ***

 Вялікай, непаўторнаю жанчынай
 Да скону будзеш у маім жыцці...
 Не раз было нам цяжка беспрычынна
 “Да аднаго назоўніка” прыйсці...
 Хвіліна, дзьве – і мы з усмешкай, з жартам
 Рабілі ў разважаннях верны крок...
 Мы быццам за адной сядзелі партай.
 І спісваў з шытка я твайго урок.
 18.03.13
 ***

 Не было на свеце даражэй
 Мне цябе і роднай Беларусі:
 Як мага, каб быць да вас бліжэй,
 Маладым і сталым, я імкнуўся.

 Рэўнасць я тваю не заўважаў.
 Заставаўся у цябе адзіным.
 І адначасова шанаваў
 І цябе і сцяг сваёй Радзімы.

 1990 г.
 Плата за грахі

 Гадкі былі з тваімі побач.
 Аднолькавы сірочы лёс.
 За што ж ты, Божа, дзень жалобы
 Мне першаму даслаў з нябёс?!.

 ...А Бог не мог каб памыліцца –
 Пусціць мяне з грахамі ў Рай.
 Казаў: “Як хочаш “адкупіцца”,
 Тады жыві, не памірай!”

 28.04.13
 ***

 Цяжар свінцом душыў мне сэрца.
 Ў бяссіллі быў гатоў памерці.
 Стрымала ты мяне ад той бяды:
 Быў за бяссілле  - успамін – дужэй,
 А згубы груз лягчэў, а не цяжэў,
 Як я лічыў мае з табой гады.

 10.01.13
 ***

 Не магу спытаць у рыфмы: “Дзе ты?!”
 Дзе твая пяшчотная рука?!
 Бо не дапісаў таго куплета,
 У якім казаў начы: “Пака!”.

 ...Нешта не да складу рыфме слова,
 У якім я верш свой акрылю...
 ...Зноў бяру “закусаны” аловак
 Каб сказаць у рыфму:
                Як люблю!!!

 14.05.13
 ***

 Зноў прыйшла нядзелька
 З белаю пасцелькай.
 Асалоду вуснаў перад сном крану...
 А як прыдзе ранак к нам
   На наш сняданак –
 Будзе на патэльні
 горача бліну.
 Хутка як паўвека
 мы з табою крочым
 Па жыцці складаным, з
 сонцам і ўначы.
 ...Ты – мой ясны ранак
 калі вочы-ў-вочы,
 Ты – пяшчоты рукі на
 маім плячы.

 2008 год

 ***

 Не спяшайся праганяць
 Ад алоўка з цыгарэтай.
 Я не ўсё паспеў сказаць
 Незавершаным куплетам.

 Я цябе не “абдымлю”
 І здароўю не пашкоджу.
 ...Слоў, як я цябе люблю,
 Нешта доўга не знаходжу!

 2005 год.

 ***

 Пусці мяне ў сваю душу
 І не давай памерці
 Маёй, - ў якой цябе нашу
 І пранясу да смерці.

 З табой мы нібы спарышы,
 І па гадах і цяжкай долі...
 ...Калі блізняты – дзве душы,
 Яны не згубяцца ніколі.

 1975
 ***

 “Барометр” жыцця...
 другога параўнання
  як не шукаў, я адшукаць не мог.
 Матуліна любоў,
 сустрэчы, раставанні
 І роўня для цябе анёлак альбо Бог!

 Ты сэрцам чуеш боль сыноў, суседзяў;
 Спяшаешся да іх ты
 Спёкай, у імжу.
 ...За шмат гадоў я так і
 не разгледзеў
 “Бароматра” шкалу і дабрыні мяжу.

 06.03.2003
 Рэўнасць

 Плюнь ты рэўнасці у вочы!
 Недакурак не тушы!
 Яшчэ з вечара званочак
 Я пачуў сваёй душы.
 Зазірні ты зорцы ў вочы
 І адкрыецца сакрэт:
 Што пакуль не здрадзіў ночы
 ні адзін яшчэ паэт.

 1978 год

 Хто ты?!

 Не назваць цябе не мог адзінай –
 Незямным была ты чалавекам.
 Бо пазнаў цябе не за гадзіну,
 А жыццём, амаль што у паўвека.
 Не магу назваць цябе “паловай” –
 Светлы роздум быў заўсёды важкім:
 Як нажом адрэзанае слова
 Кропкаю было у рашэнні цяжкім.
 Я хачу назваць цябе каханкай,
 Ад якой ніяк не адарвацца
 Ні ўначы, ані туманным ранкам
 З думкай, што яшчэ нам па шаснадцаць.
 10.03.13

 Адзіны лёс

 Чаромхі і язміна водар,
 Нібы пчалу, мяне к табе прывёў.
 Я не спытаў, адкуль ты родам;
 Ні слова пра радню ці пра бацькоў.
 ...Жыццё мяняла каляіну.
 Мяняліся гады і час.
 Я сэрцам чуў, што не пакіну
 Цябе – дзяўчыну-сіраціну:
 Аднолькавы быў лёс у нас.

 21.05.13

 Зноў чэрвень з бэзам развітаўся
 І гнёзды поўняць галасы.
 У думках час, калі кранаўся
 Тваёй шчакі, тваёй касы.

 Таполі пух ганю ад скроняў
 Хачу, як далей зберагчы
 Пару – далоні-у-далоні
 І мроі ліпеньскай начы.

 1998 г.

 Рэўнасць да ночы

 Маўчыш!.. А ты мне адгукніся,
 Нібыта за грыбамі ў лесе;
 Майго пляча чуць дакраніся -
 Адразу верш з душы ўваскрэсне.
 Маўчыш!.. Без слоў я
 рэўнасць чую.
 Прабач за тайнае
 спатканне!
 Я ў цішыні з ёй паначую,
 Табе ж – мой верш, маё каханне!

 15.08.2009 г.


 ***
 Не ўсім вяселле залатое
 Сустрэць здараецца ўдваіх.
 Мне лёс наканаваў такое –
 Я апынуўся сярод іх.
 Няма той меры – змераць згубу,
 А раны боль – не заглушыць...
 ...Да скону буду дні ад шлюбу
 І да апошніх дзён лічыць.
 5.04.13


Рецензии