Иду па Арлоускай

Іду па Арлоўскай

                26 красавіка 2014 года

…Іду па Арлоўскай. Па ходніку, насустрач праехала зграйка веласіпедыстаў. Над адным з іх ганарліва лунаў белы сцяг з надпісам "Toyota".  Ну і ну.

…На масце праз Свіслач сустрэлася мне японская дзяўчына, прыгожая, як прынцэса. І так невыносна захацелася падарыць ёй вялікую чырвоную ружу, пунсовую.  Якой у мяне не было. І тужліва стала ад гэтай адсутнасці ружы. Яе так бракавала ў распушчаных чорных валасах прыгажуні.

…Крыху пазней сустрэўся мне вялікі круглы кавун, на тонкіх ножках і ў чырвонай суколцы. У суправаджэнні трох кавунят, якія яшчэ не сфармаваліся, рознага памеру.
Правай  рукой кавун вёў ровар, а ў левай трымаў дзве скрынкі з піцай. 

…У Кіеўскім скверы лісце на каштанах вялікія ўжо… Прыгажосць…


…Потым я доўга ішла, спрабуючы знайсці вольную лаўку.  Але на ўсіх лаўках гронкамі сядзелі гарбузы і гарбузікі…

…Поруч дарогі ля лужыны сядзеў голуб і піў ваду. Калі я праходзіла міма, ён паглядзеў на мяне, а потым ізноў прыпаў да вады. Прыемна, што не паляцеў…

…А потым, калі я прыхінулася да сцяны нейкага дома і запісвала гэтыя радкі, другі голуб круціўся ля маіх ног  і чакаў падачкі. Але ў мяне з сабой нічога не было, акрамя гэтага сшытка…

…Усю дарогу я ішла пешшу ці ехала зайцам. Добра цяпер стала ездзіць зайцам. Пакажаш кантралёру картку. А правяраць ён яе яшчэ не навучыўся. Ну, праязны. Але на ім нічога не напісана. Ні на які месяц, ні на які транспарт…


Рецензии
Мой родны, родны Кіеўскі сквер! Дарэчы, часам знаходжу ў горадзе цэлыя букеты руж або цюльпанаў, пэўна падарунак ад Сусвету))

Нероли Ултарика   15.05.2014 21:45     Заявить о нарушении
Прывітаньне, Неролі. Дзякуй. Рада бачыць. Зазірну таксама ў бліжэйшыя гадзіны.

Ляксандра Зпад Барысава   19.05.2014 08:20   Заявить о нарушении