Ruska Ch 3. Кантрабанда
Пасля адседкі Сташак расказаў мне пра Белага. Сташак зваў яго з націскам – "рускі", бо той быў родам з Рослаўля, этнічны. Вышэйшая каста. Сташакаў былы сукамернік. Сядзелец ён быў прафесійны – тройчы яго зачынялі за кантрабанду, двойчы за п'янкі, і аднойчы – за масавую бойку ў рабочай абшчазе з удзелам "гестапіка" і дружыннікаў-добраахвотнікаў з Паўночнай Карэі, пра якую аж дагэтуль успамінаюць у Аранах, Кашарах і Ляхаўцы. "Палітычных" звычайна саджаюць асобна ад крымінальнікаў, але на сваю апошнюю адседку Белы ўхітрыўся загрымець па палітычным артыкуле. У цягніку, што накіроўваўся з Брэста ў Мінск (надоечы Белы зрабіў удалую ходку цераз мяжу і ехаў у губернскую сталіцу траціць грошы), да яго пачаў чапіцца нецвярозы суб'ект, якога Белы прыняў за звычайнага алкаша. Да алкашоў у Імперыі ставяцца ўвогуле паблажліва, таму Белы абышоўся з ім даволі мякка. Ён вывалак крыўдзіцеля ў тамбур, даў яму поўху і выштурхнуў з цягніка на паўстанку ў сотні кіламетрах ад Мінска. Суб'ект да вечара праседзеў на пероне, працверазеў, дачакаў наступнага цягніка, прыехаў у Мінск і наўпрост з вакзала рушыў у службу бяспекі. Гэтым разам Белы ўліпнуў па-сур'ёзнаму – пабіты ў тамбуры грамадзянін аказаўся пазаштатным інфарматарам "гестапіка". Белага арыштавалі той жа ноччу, выцягнуўшы яго з ложка вядомай гарадской куртызанкі – былой "каралевы прыгажосці", якая абслугоўвала вышэйшае чынавенства, але часам не грэбавала кантрабандыстамі. Белага абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка спецслужбаў і прысудзілі да трох месяцаў арышту. Ад больш суровага пакарання яго ўратавала толькі заступніцтва губернатара. Адматаўшы тэрмін, Белы вярнуўся ў Брэст, дзе ў яго былі справы, але пра Сташака не забыўся. Дазнаўшыся, што Сташак шукае працу, Белы закінуў за яго слоўца перад "знаёмымі" ў Заслаўі. Больш за тое, Белы ўсур'ёз прапаноўваў яму далучыцца да хеўры кантрабандыстаў і зажыць, нарэшце, па-чалавечы, але Сташак адмовіўся, яму і без таго хапала непрыемнасцей з законам.
Цяпер Белы зноў быў у вязніцы, гэтым разам нічога сур'ёзнага, паказальны арышт, не сёння-заўтра мусіў выйсці. Па шчырасці, яго асоба падалася мне сумніўнай.
– Сташак, ты давяраеш гэтаму чалавеку? – спытала я.
– Ды не вельмі, – адказаў ён шчыра. – Вось толькі выбару ў нас няма.
– Ён крымінальнік.
– А я палітычны, – Сташак усміхаўся. – Тэарэтычна, са мной больш небяспечна, чым з крымінальнікамі.
Я вагалася. План быў просты – з кантрабандыстамі пераправіць кнігі цераз мяжу і там аддаць у Дыяспару. Беларусаў, кажуць, за мяжой жыве паболей, чым у Паўночна-Заходняй Акрузе. Вялікі зыход пачаўся пасля задушэння Паўстання і скончыўся толькі пасля таго, як межы зачыніліся – назаўжды.
– Сташак, мне трэба з ім пабачыцца. Я не магу аддаць кнігі невядома каму.
– Гэта магчыма, ён збольшага адэкватны, – кіўнуў Сташак і дадаў, пасміхаючыся: – А я заўсёды казаў, што небяспечней за кантрабандыстаў толькі бібліятэкаркі!
Свидетельство о публикации №214053001192
Вацлав Хадосевич 03.06.2014 18:58 Заявить о нарушении