Ruska Ch 4. Астрог

Турма, якая размяшчалася ў заходнім прадмесці Мінска, была не з самых старых. Збудавалі яе гадоў дзесяць таму, калі выявілася, што ў Акрузе не хапае вязніц – арышты экстрэмістаў не спыняліся нават пасля закрыцця меж. Гэту мясцовасць я ведала дасканала. Сташак адбываў тут тэрмін, і я вазіла яму перадачы. Турэмныя будынкі ўзвышаліся сярод пустак паміж чыгункай і гандлёвым трактам. Паводдаль віднеліся катэджы за бетонным плотам, вадапомпавая станцыя, ралля на месцы былога рынку ды старыя могілкі на ўзгорку. На даляглядзе за пусткамі маячылі высоткі мікрараёна. Да турмы можна было дабрацца на бразгатлівым аўтобусе, які хадзіў тройчы на дзень. Тым, хто спазняўся на апошні рэйс, даводзілася шкандыбаць да горада пешшу, бо пасажырскія цягнікі тут не спыняліся, а па тракце хадзілі браніраваныя фуры з палівам і харчамі, якія не бралі спадарожнікаў.
Ахоўнікі ў турме ўвесь час мяняліся. Той, што вёў мяне па калідоры, быў не з тутэйшых – шыракаскулы, з даўгаватымі вачамі, сам прысадзісты, гэткае дрэўца. З аўтаномнай акругі, няйначай. Ахоўнік уштурхнуў мяне ў пакой для спатканняў, і я закашлялася, хапнуўшы паветра – у цесным памяшканні было так надымлена, што можна было вешаць сякеру.
– Белы, я табе дзеўку прывёў! – абвясціў ахоўнік.
Белы стаяў каля закрачанага акенца спінай да дзвярэй, апрануты ў арыштанцкую шэрую робу і чаравікі без шнуркоў, у яго руцэ чадзіла цыгарэта з фільтрам, па каменнай падлозе былі параскіданы раздушаныя недапалкі. Калі мы ўвайшлі, ён абярнуўся і з цікавасцю агледзеў мяне з галавы да ног. Усміхнуўся. Кіўнуў. Яму на лоб упала цёмна-русая пасма. Вочы ў яго былі светлыя да празрыстасці, твар з шыракаватымі скуламі. На выгляд гадоў сорак. "Прывабны", – мільганула ў мяне. Сярод этнічных не так ужо многа пачварных абліччаў. Пачварныя ў іх толькі душы.
– Прывітанне, – прамовіў Белы.
Ён бачыў мяне ўпершыню ў жыцці, але паводзіўся так, нібыта мы з ім старыя знаёмыя.
– Вітай..це, – я запнулася, спрабуючы прыгадаць яго імя-прозвішча. Сташак мне сказаў, ды з галавы вылецела начыста. У горле пяршыла, ці то ад тытуню, ці то ад хвалявання.
– Белы, – падказаў ён. – Так і заві.
Ён перавёў позірк на ахоўніка і сказаў бесцырымонна:
– Сяржуня, дзверы зачыні!
Ахоўнік вышчарыўся.
– Што, і не падзелішся? Слухай, ты ж выходзіш пазаўтра. Дацярпець не мог?
– Згінь, – кінуў Белы.
– Добра, я табе прыпомню, – паабяцаў ахоўнік, адступаючы ў калідор. Абабітыя жалезам дзверы з ляскам зачыніліся. Белы сеў на драўляную лаву, якая стаяла каля сцяны, і зацягнуўся цыгарэтай.
– Ну? Дык чым абавязаны? – спытаў ён.
Я мімаволі ўзняла вочы, шукаючы камеру сачэння. Падчас нашых спатканняў з Сташакам у памяшканні абавязкова прысутнічаў хтосьці з турэмшчыкаў, і проста ў лоб глядзела камера, якая запісвала відарыс і гук.
– Не пераймайся, праслушкі тут няма, – сказаў ён паблажліва.
Я выпаліла:
– У мяне гэта...цётка памірае, трэба з кур'ерам сёе-тое перадаць.
Гэтай фразе навучыў мяне Сташак. Сэнс быў такі: трэба сёе-тое адправіць кантрабандай, справа тэрміновая, проста смерць.
Белы знерухомеў. Затым, прагаварыўшы: "Ой, бяда!.." саскочыў з лавы і захадзіў па пакоі з кута ў кут. Я моўчкі сачыла за ім.
– Распраўляе плечы наш былінны кур'ер, – прамармытаў ён напаўголаса і гучна спытаў, зірнуўшы на мяне: – А душапрыказчыкі ў цёткі ёсць?
Я не разумела, ці ён размаўляе са мной на адмысловым жаргоне кантрабандыстаў, ці проста здзекуецца. Добра, падыграю.
– Ёсць душапрыказчыкі, як ім не быць. Я ды Сташак.
Белы памаўчаў.
– Сташак, значыцца, – ён кінуў на падлогу недапалак і расцёр яго чаравікам. – А сам ён дзе? Чаму не з'явіўся?
– Нельга яму, за ім наружка ходзіць, – сказала я і не схлусіла.
Белы хмыкнуў.
– Халера за ім ходзіць. Згода, будзе вам кур'ер. Дык дзе там, кажаш, твая цётка памірае? Адрас давай. Ды не запісвай, так скажы. Я запомню.


Рецензии
Прывітаньне, Неролі.

"перапахаванне" - па беларуску "пахать" будзе "араць", "пераараць",

"пераворванне", магчыма

***
Да, нашла ў слоўніку:
***
На ваш запыт пераворванне знойдзены 5 артыкулаў

Усе слоўнікі (5)
Агульныя (2)
Расейска-беларускія (2)
Беларуска-расейскія (1)
пераворванне н. НВ пераворванне, пераворвання, пераворванню, пераворваннем, пераворванні // Граматычны назоўніка
пераворванне ср. перепахивание, перепашка ж.; см. пераворваць // Беларуска-расейскі (Крапіва)
пераворванне -нні // Слоўнік беларускай мовы
перепашка — пераворванне // Расейска-беларускі тэрмінаў па сельскай і лясной гаспадарцы
перепашка — с.-х. пераворванне // Расейска-беларускі (Булыка)

Альжбэта Палачанка   04.06.2014 09:35     Заявить о нарушении
Дзякуй! Буду яшчэ рэдагаваць, паразважаю. Напэўна, тут лепей нават ужыць слова "занядбаныя", бо маецца на ўвазе "перапахалі" і кінулі так.

Нероли Ултарика   04.06.2014 10:36   Заявить о нарушении
я няўважліва прачыта, здурнела, ці што?
я думала, там могилы перепахивают, чтобы сверху хоронить других.
Совсем ослепла. Так что замечание своё снимаю.

Альжбэта Палачанка   04.06.2014 10:54   Заявить о нарушении