Ruska Ch 1. Напярэдаднi

Я ведаю Сташака, як саму сябе. Мы разам вучыліся ў Мінскім гуманітарным універсітэце імя Пушкіна, пасля працавалі ў Цэнтральнай бібліятэцы Паўночна-Заходняй акругі. Сташака арыштавалі па даносе адной з супрацоўніц, закінулі ў віну "схільнасць да нацыянал-адраджэнскага мыслення" і прысудзілі да зняволення. Адседзеўшы паўтара гады ў астрозе, ён нейкі час жыў у мяне (арэндную кватэру ў яго адабралі) і спрабаваў знайсці працу, але безвынікова. Працадаўцы не хацелі звязвацца з былым зэкам, да таго ж "палітычным". Сташак ніколі не ныў, не скардзіўся на лёс, але я бачыла, у якім ён адчаі. Я баялася, як бы ён не ўзяўся піць горкую ад безвыходнасці. Кожны чацвёрты мужык у Акрузе шчыльна сядзіць на "чарнільцы". Мацаванае пойла з фруктовага гнілля, якое каштуе танней за хлеб, здольнае за год-другі ператварыць чалавека ў руіну. Штодня іх бачу, больш па дварах ці пад крамамі, а часам на цэнтральных вуліцах, яны сядзяць проста на ходніку альбо стаяць, хістаючыся, абапёршыся на сцяну ці ўхапіўшыся за асвятляльны слуп, чапляюцца да прахожых, выкленчваюць "грошык" на пахмелку, а іншы на нагах не ўтрымаецца, упадзе і ляжа ў пыле, як Ёў, а людзі гідзяцца, праходзяць міма, і незразумела, ці то спіць ён, ці то сканаў. 
Я баялася за Сташака, але на шчасце, такога з ім не здарылася. Выстаяў. На трэці месяц пошукаў яму ўдалося ўладкавацца на працу. Для яго знайшлося месца рознарабочага на чыгунцы ў Заслаўі, усяго ў дваццаці з нечым кіламетрах ад Мінска, і арэндная кватэра ў дадатак. Што можа быць лепш? Адпрацаваўшы месяц, Сташак даслаў мне палову свайго заробку. Яго засмучала, што ён так доўга сядзеў у мяне на шыі (ён так лічыў), і ён хацеў са мной разлічыцца. Грошы я не ўзяла, вярнула. Яго гэта вельмі пакрыўдзіла. Мы моцна пасварыліся тады і не размаўлялі некалькі тыдняў. Але і гэта прайшло. Жыццё патроху наладжвалася. Стаяла чароўнае лета. Вечарамі я бегала ў парку, а ў выходныя ехала за горад цягніком і выйшаўшы дзе-небудзь у Зялёным ці Хмелеўцы, доўга гуляла з заплечнікам па лясах і лугах, вярталася дадому ў прыцемках і прывозіла з сабой жменю лясных ягад альбо букет кветак, сабраных на пустках. Паступова я ўмацавала сябе і прывяла да ладу нервы, якія былі расхісталіся дашчэнту. Я адчувала, што сілы мне спатрэбяцца, бо нашы выпрабаванні яшчэ не скончаныя.
Надышла восень, і ў Паўночна-Заходняй Акрузе загаварылі аб вайне. Мяне заўсёды здзіўляла, якім чынам да людзей даходзяць навіны, не ўхваленыя цэнзурай. Заходнікі сцягваюць танкі да мяжы. Спынены адзін з нафтаправодаў, на радовішчах паляць газавыя паходні. На Брэстчыне ўвялі карткі на прадукты – у крамах перабоі з пастаўкамі, бо са складоў усё выбралі на забеспячэнне войска. У Гродна рухаюцца эшалоны з бранятэхнікай. На ўсходзе мабілізацыя. Гэтыя весткі перадаваліся з вуснаў у вусны – апасліва, шэптам і з азіраннем цераз плячо. Дыктары Народнага Вяшчальніка бадзёра рапартавалі то аб перастрэлках з кантрабандыстамі, то аб злове чарговага шпіёна, то аб ліквідацыі небяспечнага дыверсанта і ні слова аб перасоўванні войск, ні з нашага боку, ні з варожага. Тон афіцыйных навін быў баявы, але тут не было нічога новага. Дыктары і газетчыкі старанна грамілі Агульны Захад, вінавацячы ў шпіянажы, правакацыях і садаміі, але так ужо заведзена, Захад – вораг, якога належыць ненавідзець, пры гэтым мала хто верыў, што той вораг калі-небудзь нападзе.
Калі ў Паўночна-Заходняй акрузе з'явіліся інспектары з Цэнтральнага ўпраўлення, зрабілася ясна, што справа дрэнь. Чыноўнікі рабілі вопісы кнігасховішч, архіваў і музеяў, забіраючы ўсё больш-менш каштоўнае. Скарбы музеяў і кніжныя рэдкасці адпраўлялі на ўсход, афіцыйна – "для інвентарызацыі", хаця сапраўдная прычына была навідавоку. У выпадку вайны першы ўдар прыпадзе на Паўночна-Заходнюю Акругу, дзе засяроджаны ваенныя базы з ракетнымі шахтамі. Значыць, пачалася эвакуацыя культурных каштоўнасцей, які Імперыя лічыць сваёй уласнасцю. Пра эвакуацыю грамадзянскага насельніцтва размовы пакуль што не вялося. Пра людзей тут клапоцяцца ў самую апошнюю чаргу.


Рецензии
Гремят обломки империй, рушатся древние стены.
А в зоне Совдеповских прерий – дьявольские перемены.
Проснулись вожди ГУЛага: голодные псы Тартара,
Кулак Иванушки Драго и мощь православных радаров.

Нероли Ултарика   18.12.2022 20:55     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.