Ruska Ch 2. Крамольнiца

Я спадзявалася, што інспекцыя пройдзе міма Цэнтральнай бібліятэкі. Тут не было нічога, што Метраполія магла б палічыць каштоўным. Нават наш фонд рэдкай кнігі напалову складаўся з факсімільных копій, астатняе – дублікаты з імперскіх кнігазбораў. Інспектараў магло зацікавіць хіба што спецсховішча, закрытае ад чытачоў. Там, паміж іншага, захоўвалася дваццаць восем беларускіх выданняў: зборнікі вершаў і прозы, датаваныя дзевятнаццатым і пачаткам дваццатага стагоддзя, некалькі старадрукаў і з дзясятак кніг, якія выйшлі ў свет перад Паўстаннем і былі абвешчаныя экстрэмісцкімі. Калі іх забяруць, мы страцім непамерна большае, чым проста старыя кніжкі.
Атрымаўшы запыт інспекцыі, я запанікавала. Ад мяне патрабавалася падрыхтаваць і даслаць у дэпартамент копіі каталогаў спецсховішча, найперш – гэта падкрэслівалася – падрабязныя апісанні беларускіх выданняў, якія маюцца ў наяўнасці. І вось тады я зрабіла крамолу – копіі адправіла, але няпоўныя. У іх былі пазначаны толькі чатыры кнігі, кожная з якіх захоўвалася ў двух асобніках, і адным можна было ахвяраваць. Наступныя дні я невылазна праседзела ў бібліятэцы, перапісваючы каталогі і выпраўляючы ўліковыя журналы, каб не захавалася ніякіх згадак пра астатнія дваццаць чатыры выданні. Іх у спецховішчы ўжо не было. Я проста паздымала іх з паліц і адвезла ў сваю кватэру на Радыятарным. Што рабіць далей, я не ведала. Тое, што я ўчыніла, было чыстай крымінальшчынай – крадзеж і падробка дакументаў. Мне рабілася млосна ад думкі, што са мной будзе, калі ўсё раскрыецца.
Я мусіла тэрмінова пабачыцца са Сташакам. Карыстацца мабільнай сувяззю было небяспечна, каналы праслухваліся, я адно адправіла яму кароткае паведамленне, што прыеду. Узяўшы на працы металічную валізку, у якой перавозяць асабліва каштоўныя выданні, я паклала туды пяць скрадзеных кніг і села ў цягнік да Заслаўя.
Я сядзела каля акна, трымаючы на каленях валізку, і слухала, як пад падлогай грукочуць колы. Быў позні вечар, з лагчын на чыгуначнае палатно напаўзаў туман, ахутваючы рэйкі, і здавалася, што цягнік плыве сярод хмар па пахмурным небе. Рапсавыя палі патаналі ў бялёсай смузе, лясы паўставалі кавалкамі суцэльнай цемры, мільгалі выспачкі жаўтлявага электрычнага святла – прыгарадныя кварталы. У вагоне было золка і цемнавата, столевыя плафоны цьмелі ледзь-ледзь. Эканомяць электраэнергію. А вось на Захадзе людзі сядзяць з каганцамі, паляць лоевыя свечкі, бо электрычнасць даюць усяго на дзве-тры гадзіны...на тыдзень, калі верыць народнаму вяшчальніку. Я не верыла.
Сташак узрадаваўся, калі ўбачыў мяне на парозе сваёй казённай кватэры. Ён правёў мяне ў малюсенькую кухню, узяўся запарваць гарбату. Але мне было не да таго. Я паклала на стол валізку, адчыніла і расказала Сташаку пра ўсё. Нейкі час мы сядзелі моўчкі. Сташак выглядаў разгубленым. Ён узяў з валізкі адну з кніг (зборнік "Рунь" Максіма Гарэцкага), стаў задуменна гартаць крохкія, пажоўклыя старонкі. Тут аблічча яго праяснела, і ён прамовіў: "Рускі!"


Рецензии
"Альбін" - прыгожае імя. Так звалі майго прадзеда.
а ў адной маёй супрацоўніцы імя Альбіна - таксама прыгожа

Ляксандра Зпад Барысава   03.06.2014 14:24     Заявить о нарушении
і мне падабаецца. Персанаж з такім імем не можа быць адмоўным)) У ПесняхДрыгвы "захопнікі" атрымаліся ў мяне такімі пачварнымі, што самой ніякавата - няўжо зусім безнадзейныя? Хаця таго Інспектара з раздзела "Пошасць" мне дагэтуль неяк шкада))

Нероли Ултарика   03.06.2014 14:46   Заявить о нарушении
ну, калі шкада, можа трэба крыху перарабіць?

Ляксандра Зпад Барысава   03.06.2014 15:47   Заявить о нарушении
Не, тут ужо нічога не зробіш, як ёсць так ёсць.:D

Нероли Ултарика   03.06.2014 17:08   Заявить о нарушении
Перарабіла. Цяпер яны без масак.

Нероли Ултарика   26.11.2022 20:18   Заявить о нарушении