Ruska Ch 5. Чуюць. Бачаць. Ведаюць

Я рыхтавала сябе да візіту інспектара. Паводзіць сябе стрымана, быць ветлівай і прыязнай. Ясна і выразна адказваць на пытанні. Не даваць збіць сябе з тропу. Калі прыйдзецца хлусіць, то рабіць гэта нязмушана, не выдаючы сябе ні рухам, ні мігам. Тутэйшыя гэта ўмеюць. Скрытнасць – наша нацыянальная рыса, якая сфармавалася цягам гісторыі. Мы гаворым толькі тое, што ад нас жадаюць пачуць, і ніхто не ведае, што насамрэч у нас наўме. Этнічныя разумеюць гэта па-свойму, лічачы тутэйшых памяркоўнымі, але пры гэтым пасіўнымі, падлізлівымі і схільнымі да здрады – быдлам, карацей кажучы.
Як я і меркавала, інспектар з'явіўся без папярэджання. Дзверы майго працоўнага кабінета адчыніліся, і ён увайшоў. Першай я разгледзела ўніформу – фуражка, лампасы, кіцель з лычкамі, і ўжо потым твар пад казырком – буйнаваты нос бульбінай, слабое падбароддзе, цяжкія павекі, якія надавалі яму лагодны і сонны выгляд. Я злавіла сябе на думцы, што гэта аблічча кепска стасуецца з інспектарскім мундзірам. Яму б касаваротку ды касу ў рукі.
– Жур, Іван Уладзіміравіч, – прадставіўся ён. – Цэнтральнае ўпраўленне па культуры, гісторыі і ідэалогіі, Мінскі акруговы аддзел.
Маўленне выдавала ў ім тутэйшага. Як ён ні імкнуўся сачыць за сваёй гаворкай, я выразна пачула сцвярдзелыя "р" з "ч", звонкае "дз" і "г" бліжэй да "х" – адметнасць, якую стагоддзямі не могуць выкараніць ні жаўнер, ні поп, ні настаўнік.
Я нацягнула сабе на твар ліслівую ўсмешку. Падсунула яму крэсла. Ледзь не з паклонам падала каву – ён адпіў глыток, пакрывіўся і адставіў кубак, не сказаўшы, што канкрэтна яму не спадабалася. Я паказала яму каталогі і ўліковыя сшыткі, затым правяла яго ў спецсховішча. Ідучы наперадзе, я адчыняла металічныя дзверы боксаў, вяла яго ўздоўж стэлажоў. "Савецкія дысідэнты. Антыўтопіі. Здраднікі радзімы. Мясцовая апазіцыйная прэса канца дваццатага – пачатку дваццаць першага стагоддзяў", – каментавала я. Ён рабіў нататкі ў разлінееным сшытку ў скураной вокладцы, асадка так і лётала ў ягоных пальцах. Прафесійны канторшчык. Пытанняў ён не задаваў.
Агляд сховішча заняў менш за гадзіну. Я правяла інспектара ў атрыум з шкляной падлогай і развіталася ў спадзеве, што больш яго не ўбачу. Але ён не спяшаўся сыходзіць.
– Паслухайце, Вікторыя, – пачаў ён мякка. Позірк яго быў лагодны. – Афіцыйная частка завершана, магу я цяпер задаць пытанне асабістага характару?
– Канешне, – адказала я.
– Мне даводзілася чуць, прычым не адзін раз, што ў Цэнтральнай бібліятэцы працуюць людзі, скажам так, не самыя добранадзейныя. Наўпрост кажучы, тут гэткае гняздоўе іншадумства. Некаторыя супрацоўнікі спяць і бачаць, як бы зрабіць шкоду нашай квітнеючай Радзіме.
– Гэта намовы, – сказала я паспешліва. – Магчыма, так было ў мінулым, але сёння нашы шэрагі зачышчаны ад бруду. Калі і засталася якая кучка недабітых экстрэмістаў, то яны сядзяць ціха, як мышы пад лавай, і не смеюць узвысіць голас, бо ведаюць – тут ёсць каму закрыць іх смуродныя раты.
Я гаварыла цытатамі Народнага Вяшчальніка. Мабыць, гэта яго задаволіць, і ён сыдзе.
– Ужо гэтыя экстрэмісты, – інспектар усміхаўся, пагульваючы асадкай. – Усе яны смелыя, пакуль да іх не дацягнецца рука правасуддзя, і тады пачынаюцца енкі: "Ах, нас прымушаюць спаць на голых дошках, ах, мы не маем зубных шчотак і чыстай бялізны!" А вы як хацелі, даражэнькія? Турма не санаторый.
"Якая ж ты паскуда!" – падумала я.
– Я не сумняваюся ў вашай добрапрыстойнасці, Вікторыя, – працягваў інспектар. – Спадзяюся, гэта проста прыкрая памылка.
Я маўчала, не разумеючы, куды ён хіліць. На вуліцы каля будынка бібліятэкі гугнявіў гучнагаварыцель. Металічныя талеркі, развешаныя на плошчах і праспектах, трансліравалі перадачы Народнага Вяшчальніка з шасці раніцы да дзесяці вечара. Я навучылася ўспрымаць іх як шум машын ці грукат калёс. Калі ўслухвацца ў кожную фразу, можна страціць розум.
– Дваццаць чатыры выданні адсутнічаюць, – сказаў інспектар. – Яны папросту зніклі з каталогаў, на стэлажах я іх таксама не заўважыў. Гэта прыкрая памылка, ці не так, Вікторыя?
У мяне пацямнела ўваччу. Падлога хіснулася, і мне падалося, што я правальваюся ў ледзяную, вірлівую пустэчу. Я зрабіла глыбокі ўдых, затрымала дыханне, выдыхнула, прымушаючы сябе супакоіцца.
– Я пра гэта нічога не ведаю, – адчаканіла я.
– Не ведаеце? – перапытаў інспектар. Ён больш не ўсміхаўся. Цяпер ён быў надзвычай сур'ёзным. – Пяцігодку таму Цэнтральнае ўпраўленне запатрабавала пералік беларускіх выданняў, якія захоўваюцца ў спецсховішчы. Справаздачу падрыхтаваў дырэктар бібліятэкі. Дык вось, у тым спісе значылася роўна дваццаць восем кніг і друкаваных лісткоў. Тае пары дырэктарам быў Лявон Сямашка, доктар гістарычных навук, прафесар і гэтак далей, не помню ўсіх рэгалій. Паважаны чалавек, ён не стаў бы даваць ілжывыя звесткі.
Я маўчала.
– Вікторыя, вам прыйдзецца адсправаздачыцца перад Цэнтральным упраўленнем. Прапалі аб'екты захоўвання, а гэта сур'ёзна. Двух дзён вам хопіць, каб падрыхтаваць тлумачальную?
Не дачакаўшы адказу, ён паўтарыў: "Два дні", кіўнуў на развітанне і стаў спускацца па сходах атрыуму. Толькі цяпер я заўважыла, што ў мяне трасуцца рукі. Вулічны гучнагаварыцель усё вяшчаў і вяшчаў пра патрыятызм і падкопы Агульнага Захаду. Заткнуць бы яму луджаную глотку, паскудзіне!..
Прафесара Сямашку знялі з пасады дырэктара неўзабаве пасля арышту Сташака, абвінаваціўшы ў "недаравальнай неабачлівасці" адносна падначаленых. Прафесар настаяў, каб я ўзначаліла бібліятэку пасля ягонай адстаўкі. Ён лічыў мяне сваёй найлепшай вучаніцай. Трыццаць гадоў жыцця прафесар прысвяціў бібліятэцы і кнігазнаўству. Яго цікавілі толькі старадрукі і манускрыпты. Ён ніколі не падтрымліваў нацыянал-адраджэнцаў... Хаця, мажліва, у глыбіні душы ўсё-ткі падтрымліваў. Невядома, што насамрэч было ў яго наўме. Ён жа беларус.


Рецензии
Прывітаньне, Неролі.

"Здалося, быццам падлога ў мяне пад нагамі кіўнуўлася" - "кіўнуўлася", мо "хістанулася"? Ці як яшчэ?

"бясследна зніклыя" - можна прасцей "бясследна зніклі"

Ляксандра Зпад Барысава   04.06.2014 11:38     Заявить о нарушении
"хіснулася" часцей ужываю. Але "кіўнуўлася" таксама падабаецца. ДЗякуй!

Нероли Ултарика   04.06.2014 12:19   Заявить о нарушении
а мне здаецца, што киваць можна галавой тольки.

Вацлав Хадосевич   04.06.2014 13:31   Заявить о нарушении