Ruska Ch 7. Пазней. Уваходзiць другi
Труна плыве,
Мярцвяк пяе,
Кадзілы дымяць,
Свечкі гараць...
Галасы змоўклі. У ваннай зашумела вада. Я расплюшчыла вочы. Па звычцы зірнуўшы на гадзіннік, я пахаладзела – палова на дзявятую! Штораніцы мяне будзіў Народны Вяшчальнік. Роўна а шостай гучаў гімн, затым дыктар бадзёрым голасам зачытваў зводкі навін, я апраналася і заварвала каву пад брэнканне піяніна і зычныя каманды трэнера – пасля навін трансліравалі фіззарадку. Сёння скрыня маўчала, і я добра праспала. У паніцы я падхапілася з кушэткі.
– Прачнулася, душапрыказчыца? – спытаў Белы, вызірнуўшы з ваннай. Ягоны твар крыху асунуўся пасля ўчорашняга, валасы былі мокрыя, пэўна, сунуў галаву пад кран. Сваю камуфляжную куртку ён зняў, застаўшыся ў футболцы з кароткімі рукавамі. На яго правым перадплеччы я ўгледзела метку накшталт штрыхкода – лічбы і літара "К". Такую ж метку атрымаў Сташак, калі яго пасадзілі. "К" значыць "кантрольны", то-бок схільны да экстрэмізму. Так пазначаюць палітычных.
– Мы тут са Сташакам перацерлі, – Белы кіўнуў на тэлефон, нядбайна кінуты на край кушэткі. – Заўтра. Вячэрнім цягніком да Брэста, уначы выходзім. Павяду я. Пагранцы даюць "акно" а палове на другую. Мусіць выгарэць, на Брэсцкім кірунку пакуль што спакойна. А вось у Гродна лепш не совацца, там зараз горача. Ну, чэрці!..
– А што здарылася ў Гродна? – спытала я.
– Я сам быў не ў курсе, у цябе ж Вяшчальнік паламаўся, – ажыўлена адказаў ён. – Сташак паведаміў, у яго-то ўсё працуе. Ты толькі ўяві сабе, што ўчынілі заходнікі...
Ён не дагаварыў, бо ў перадпакоі рэзка забразгатаў дзвярны званок. Мяне перасмыкнула.
– Чакаеш каго? – напаўголаса спытаў Белы.
Я нікога не чакала. Калі раным-рана хтосьці ломіцца да вас у кватэру, то гэта, хутчэй за ўсё, "гестапік". Сташака так затрымлівалі.
– Кнігі! – усклікнула я.
Я кінулася да стала, на якім з учора ляжалі крамольныя выданні, і стала спехам, без належнай пашаны складваць іх у дарожную сумку. Белы схапіў куртку, якая вісела на спінцы крэсла, хутка агледзеўся ў пошуках куды б схавацца і вылаяўшыся: "Зараза!" заскочыў у ванную. Было не да смеху, але ўсё гэта нагадвала анекдот пра тое, як муж няўчас вяртаецца з камандзіроўкі. Званок бразгатаў усё настойлівей. Я зашпіліла сумку, запхнула яе пад кушэтку і пайшла адчыняць.
– Вы?! – вырвалася ў мяне.
На парозе стаяў таварыш Жур, інспектар з Цэнтральнага ўпраўлення, які ўчора аглядаў спецсховішча.
– Добрай раніцы, Вікторыя.
Таварыш Жур лагодна ўсміхнуўся.
– Прашу прабачэння, што з'явіўся без папярэджання. Сёння а восьмай я прыбыў у Цэнтральную бібліятэку і не заспеў вас на працоўным месцы. Я занепакоіўся, ці не здарылася з вамі непапраўнага, узяў ваш адрас у аддзеле кадраў і неадкладна паехаў...Вікторыя, вы курыце? – спытаў ён, пацягнуўшы носам паветра.
– Зрэдку. Калі нервуюся.
– Вы знерваваныя, Вікторыя? З чаго раптам?
Ён без запрашэння прайшоў у залу і заклаўшы рукі за спіну, прыняўся разглядваць інтэр'ер. Мяне занудзіла ад думкі, што было б, калі б я не паспела схаваць кнігі.
– Вы жывяце асобна ад мужа, ці не так, Вікторыя? Калі я стаяў на лесвічнай пляцоўцы, мне падалося, што вы з кімсьці размаўляеце.
– Я размаўляла са сваім коцікам, – адказала я бясстрасна.
Таварыш Жур ускінуў бровы.
– У вас ёсць коцік? Як кранальна.
– Ён выскачыў у фортку.
– У фортку? – з недаверам перапытаў таварыш Жур.
– Так. Ён любіць гуляць па карнізах.
Таварыш Жур падышоў да акна і задуменна паторгаў ручку. Аконныя рамы былі савецкага ўзору, з дзвюма ручкамі, верхняй і ніжняй, каб адчыніць акно, трэба было павярнуць абедзве, балазе Белы не скеміў, калі надоечы сабраўся выкідвацца з пятага паверха. Прыхінуўшыся да шыбы, таварыш Жур агледзеў наваколле, пахітаў галавой і павярнуўся да кушэткі.
– О Божа мой, што здарылася в вашым Вяшчальнікам?! – усклікнуў ён, гледзячы на абарваны провад.
– Паламаўся. Я толькі што выклікала рамонтнікаў. Па мабільнай сувязі, – я падхапіла з кушэткі тэлефон, які пакінуў там Белы.
– Значыць, вы прапусцілі апошнія навіны. Падумаць толькі, атамная электрастанцыя, які кашмар!
– Што такое з атамнай станцыяй? – спытала я занепакоена.
Ён махнуў рукой.
– Не хвалюйцеся, абышлося без наступстваў. Астравец ужо ачэплены войскамі. Думаю, адказ будзе сур'ёзны, такое не даруецца.
Злашчасная АЭС у Астраўцу рэгулярна выходзіла з ладу. Пэўна, зноў энергаблок паляцеў. Але навошта там войскі?
– Паслухайце, Вікторыя, – ён кашлянуў і паправіў фуражку. – Каля пад'езда стаіць мая службовая машына з кіроўцам. Калі вы не супраць, вас даставяць на працоўнае месца з камфортам. Заадно пагутарым, у мяне для вас важная інфармацыя.
Я кіўнула.
– Я вельмі ўдзячная. Мне трэба ўмыцца і прычасацца. Паўгадзінкі мне дасце?
– Канешне, Вікторыя, канешне. Буду чакаць вас унізе.
Таварыш Жур выйшаў, у дзвярах зашчоўкнуўся аўтаматычны замок.
– Белы?
Я прыадчыніла дзверы ваннай і адхіснулася – проста мне ў твар глядзела дула рэвальвера.
– Сука, – сказаў Белы.
– Чаго ты, чаго?.. – выціснула я, адступаючы.
Ён змігнуў. Апусціў зброю.
– Ды я не табе, – прамармытаў ён.
Ён падбег да акна і замёр, прыціснуўшыся лбом да шыбы.
– Вось ён, паскуда, у машыну садзіцца. Жывёліна. Цвіль канторская, – гаварыў ён напаўголаса. Яго трэсла. У руцэ ён сціскаў рэвальвер. Я павольна адыходзіла, пакуль не ўперлася спінай у сцяну. Ён абярнуўся. Твар яго зрабіўся шэрым, як папера.
– Не сумеў, – ён усміхнуўся неяк крыва. – Я з-за дзвярэй яму праміж вачэй цэліў, толькі на спуск націснуць, і...не сумеў.
Я не адказала. Мне не даводзілася мець справы з узброенымі псіхапатамі, але я падсвядома адчувала, што самае лепшае зараз – маўчаць.
– Слухай, я... – Белы правёў далонню па лбе. – Карацей, заўтра, вячэрнім цягніком. Ноччу выходзім. А ты малайцом, добра трымалася. Асцярожней з ім, погань ён. Ну ўсё, бывай!
Ён сунуў рэвальвер у кішэнь і ледзь не подбегам рушыў да выхаду.
– Белы, стой! – гукнула я. Ён спыніўся і пытальна зірнуў на мяне. – Тэлефон забяры.
Калі за ім зачыніліся дзверы, я прайшла ў ванную, адкруціла кран і стала плёскаць халоднай вадой сабе ў твар.
– Госпадзе, – прастагнала я. – Калі ўсё гэта скончыцца?
Свидетельство о публикации №214060200953
Нероли Ултарика 04.06.2014 14:38 Заявить о нарушении