Ruska Ch 10. Груд крывавы, зямля yрадлiвая

У бібліятэку я прыехала апоўдні. "Народны сход", пэўна, скончыўся, на праспекце аднавіўся рух, і з вулічных гучнагаварыцеляў загучалі ваенныя маршы. На прыступках службовага ўваходу мяне сустрэла Алёна з бібліяграфічнага. Даўней мы працавалі ў адным аддзеле, былі не тое каб сяброўкамі, але часам сядзелі разам у чытацкім буфеце за кубачкам кавы і перамываннем костак начальству, хаця і каву, і плёткі Алёна лічыла грахоўнай слабасцю. Калі я зрабілася дырэктаркай, Алёна ўспрыняла гэта без кроплі зайздрасці. Нашы адносіны заставаліся па-ранейшаму прыязнымі, хіба што цяпер яна звярталася да мяне паважліва, па прозвішчы: "таварыш Коваль", як я таму ні працівілася.
– Таварыш Коваль, вы гэта бачылі? – спытала Алёна замест прывітання. Пэўна, яна нядаўна плакала – вочы былі прыпухлыя, кончык носа пачырванеў. – Напад на гарнізон. Так страшна, пачытайце!
 Яна працягнула мне газету з каляровымі старонкамі. Я паморшчылася – гэта быў сталічны штотыднёвік, які пра сабе я называла "Мінскай мудазвонкай". Прапаганда была ўсюды, але тут яна падавалася з нейкай адмысловай пошласцю. Аднойчы рэдакцыя размясціла на першай паласе карыкатуру на садамітаў, крайне непрыстойную, і цэнзура не знайшла, да чаго прычапіцца.
Не без агіды я ўзяла газеціну ў рукі, ад яе пахла друкарскай фарбай. Пазапланавы нумар на чатырох аркушах, тэксту мала, на першай старонцы каляровая фатаграфія: трупы ў рад, накрытыя просцінамі, на тканіне праступаюць крывавыя плямы, поруч стаяць афіцэр і ваенны санітар, абодва ў рэспіратарах. На развароце карцінак было столькі, што ў мяне замільгацела ўваччу. Сцэны разні ў неймаверных ракурсах – камера карэспандэнта то паўзла між трупамі па лужынах крыві, то ўзлятала на пляцоўку назіральнай вышкі, то танцавала вакол тэрмінова прыбылых у часць генералаў з жалобнымі і гнеўнымі тварамі.
– Гэта пагранічнікі, – сказала Алёна дрыготкім голасам. – Заходнікі напалі ноччу і забілі ўсіх. Таварыш Коваль, якія звяры!
– Так, Алёна, гэта ўжо занадта, – пагадзілася я.
Рэпартаж мог аказацца пастановачным (гэтага нельга ведаць дакладна), але ў любым выпадку газетчыкі перастараліся. На халеру публікаваць здымкі, прызначаныя хутчэй для крыміналістаў – кулявыя адтуліны, рэзаныя раны буйным планам і сінія, распухлыя запясці, перацягнутыя дротам, які ўразаецца глыбока ў скуру аж да жыл, да косці?..
– Звяры, якія звяры! – паўтарыла Алёна. Позірк яе затуманіўся, з вачэй пабеглі слёзы. – Што цяпер будзе з усімі намі?
Я ўздыхнула.
– Алёна, супакойцеся. Наша армія самая магутная ў свеце, нас абароняць.
Яна выклікнула ледзь не з адчаем:
– Нас кінулі на вырак лёсу! Вы чулі пра нашага губернатара?
– А што з ім здарылася, памёр? – спытала я стомлена.
– Ён з'ехаў! То-бок, паляцеў. Кажуць, сёння на досвітку над рэзідэнцыяй падымаліся верталёты. Уся адміністрацыя эвакуіравалася, бо тут стала небяспечна. А нам няма куды бегчы.
Алёна плакала, выціраючы вочы рогам хусткі, пад якой яна хавала свае доўгія бялявыя валасы.
– Алёна, мілая, не перажывайце так, – сказала я. – У Маскве ўсё вырашаць, прышлюць нам новага губернатара, ды і войскі ўжо на падыходзе.
– Гасудар жа гэтага так не пакіне, ён жа абвесціць ім вайну? – з надзеяй спытала Алёна.
– Абвесціць, абавязкова абвесціць. Алёна, ідзіце дадому. Я вас адпускаю. І дзяцей забярыце са школы, пабудзьце сёння з сям'ёй.
Яна праззяла скрозь слёзы.
– Я так вам удзячна, таварыш Коваль! Пабягу зараз у царкву, пастаўлю свечку за ўбіенных пагранічнікаў. Благаславі вас Госпад!
Яна падабрала доўгую спадніцу і стала спускацца з ганка. Я засталася каля службовага ўваходу з газецінай у руцэ. Зірнуўшы на перадавіцу, я шэптам вылаялася: "Дрэнь!" і кінула газету ў сметніцу. Схаджу і я ў царкву, пастаўлю свечку за "дыверсанта", якога сёння разарвалі ў натоўпе.
Сённяшні дзень варта было б зрабіць выхадным, настрой у людзей быў непрацоўны. Я зазірнула ва ўнутраныя аддзелы – ні душы, пустыя кабінеты з дзвярыма наросхрыст, як быццам тут прайшоўся "гестапік" з масавым хапуном, для паўнаты карціны не хапала толькі пагрому. Затое ў атрыуме была таўханіна. Усе пакідалі свае справы і скупіліся на шкляной падлозе вакол вяшчальніка. Са скрыні гучаў старэчы, але моцны голас з цынічнымі інтанацыямі – Самадзержац выступаў з прамовай. Правіцель не казаў нічога новага: праведны гнеў, адплата, сіметрычны адказ. Пра тое ж самае крычалі прапагандысты на "народным сходзе". Я пастаяла ў атрыуме разам з людзьмі і сышла, не дачакаўшы канца прамовы.
Была толькі сярэдзіна дня, а я пачувалася смяротна стомленай. Працаваць я была не ў стане. Я паспрабавала была разабраць пошту, кінула, дастала тэлефон, праверыла, ці няма прапушчаных званкоў або паведамленняў – нічога, пусты экран, а я так чакала весткі ад Сташака. Ці ўсё з ім у парадку? Госпадзе, толькі б атрымалася!.. Я паклала тэлефон на стол і села, апусціўшы галаву на рукі. За вокнамі чуўся натужны гул. Па сценах кабінета паўзлі даўгаватыя цені, як ад драпежных рыб, і ў мяне перад вачыма паўстала вар'яцкая карцінка: Мінск пагрузіўся на дно акіяна, і над дамамі слізгаюць касякі акул. Я паднялася і падышла да акна. Па небе плылі дырыжаблі. Яны былі серабрыста-шэрыя, як рыбіна луска, у іх пад брухамі матляліся палотнішчы колераў сцяга Імперыі. Унізе на вуліцах раздаваліся апладысменты і радасныя воклічы – народ вітаў  нябесную флатылію. Дырыжаблі плылі на захад. Тое, чаго ўсе чакалі, адбылося. Самадзержац абвясціў вайну.


Рецензии
палітыка - яна справа брудная.
у тут жа - і злева яна таксама брудная.
з усіх бакоў брудная.

Ляксандра Зпад Барысава   05.06.2014 12:19     Заявить о нарушении
Так! І справа, і злева, і зверху, і ўвогуле...

Нероли Ултарика   05.06.2014 15:27   Заявить о нарушении