Руска all parts 2014-2022
Ён мне сказаў: "Нашто сьвітанак,
Калі штодня адны туманы,
Калі штодня дажджы бясконца
І ўсё адно не бачна сонца?
Нашто Купала і Скарына,
Калі ўсё роўна ўсё загіне?"
Мроя – Ён яшчэ вернецца
Напярэдадні
Я ведаю Сташака, як саму сябе. Мы разам вучыліся ў Мінскім гуманітарным універсітэце імя Пушкіна, пасля працавалі ў Цэнтральнай бібліятэцы Паўночна-Заходняй акругі. Сташака арыштавалі па даносе адной з супрацоўніц, закінулі ў віну "схільнасць да нацыянал-адраджэнскага мыслення" і прысудзілі да зняволення. Адседзеўшы паўтара гады ў астрозе, ён нейкі час жыў у мяне (арэндную кватэру ў яго адабралі) і спрабаваў знайсці працу, але безвынікова. Працадаўцы не хацелі звязвацца з былым зэкам, да таго ж "палітычным". Сташак ніколі не ныў, не скардзіўся на лёс, але я бачыла, у якім ён адчаі. Я баялася, як бы ён не ўзяўся піць горкую ад безвыходнасці. Кожны чацвёрты мужык у Акрузе шчыльна сядзіць на "чарнільцы". Мацаванае пойла з фруктовага гнілля, якое каштуе танней за хлеб, здольнае за год-другі ператварыць чалавека ў руіну. Штодня іх бачу, больш па дварах ці пад крамамі, а часам на цэнтральных вуліцах, яны сядзяць проста на ходніку альбо стаяць, хістаючыся, абапёршыся на сцяну ці ўхапіўшыся за асвятляльны слуп, чапляюцца да прахожых, выкленчваюць "грошык" на пахмелку, а іншы на нагах не ўтрымаецца, упадзе і ляжа ў пыле, як Ёў, а людзі гідзяцца, праходзяць міма, і незразумела, ці то спіць ён, ці то сканаў.
Я баялася за Сташака, але на шчасце, такога з ім не здарылася. Выстаяў. На трэці месяц пошукаў яму ўдалося ўладкавацца на працу. Для яго знайшлося месца рознарабочага на чыгунцы ў Заслаўі, усяго ў дваццаці з нечым кіламетрах ад Мінска, і арэндная кватэра ў дадатак. Што можа быць лепш? Адпрацаваўшы месяц, Сташак даслаў мне палову свайго заробку. Яго засмучала, што ён так доўга сядзеў у мяне на шыі (ён так лічыў), і ён хацеў са мной разлічыцца. Грошы я не ўзяла, вярнула. Яго гэта вельмі пакрыўдзіла. Мы моцна пасварыліся тады і не размаўлялі некалькі тыдняў. Але і гэта прайшло. Жыццё патроху наладжвалася. Стаяла чароўнае лета. Вечарамі я бегала ў парку, а ў выходныя ехала за горад цягніком і выйшаўшы дзе-небудзь у Зялёным ці Хмелеўцы, доўга гуляла з заплечнікам па лясах і лугах, вярталася дадому ў прыцемках і прывозіла з сабой жменю лясных ягад альбо букет кветак, сабраных на пустках. Паступова я ўмацавала сябе і прывяла да ладу нервы, якія былі расхісталіся дашчэнту. Я адчувала, што сілы мне спатрэбяцца, бо нашы выпрабаванні яшчэ не скончаныя.
Надышла восень, і ў Паўночна-Заходняй акрузе загаварылі аб вайне. Мяне заўсёды здзіўляла, якім чынам да людзей даходзяць навіны, не ўхваленыя цэнзурай. Заходнікі сцягваюць танкі да мяжы. Спынены адзін з нафтаправодаў, на радовішчах паляць газавыя паходні. На Брэстчыне ўвялі карткі на прадукты – у крамах перабоі з пастаўкамі, бо са складоў усё выбралі на забеспячэнне войска. У Гродна рухаюцца эшалоны з бранятэхнікай. На ўсходзе мабілізацыя. Гэтыя весткі перадаваліся з вуснаў у вусны – апасліва, шэптам і з азіраннем цераз плячо. Дыктары народнага вяшчальніка бадзёра рапартавалі то аб перастрэлках з кантрабандыстамі, то аб злове чарговага шпіёна, то аб ліквідацыі небяспечнага дыверсанта і ні слова аб перасоўванні войск, ні з нашага боку, ні з варожага. Тон афіцыйных навін быў баявы, але тут не было нічога новага. Дыктары і газетчыкі старанна грамілі Агульны Захад, вінавацячы ў шпіянажы, правакацыях і садаміі, але так ужо заведзена, Захад – вораг, якога належыць ненавідзець, пры гэтым мала хто верыў, што той вораг калі-небудзь нападзе.
Калі ў Паўночна-Заходняй акрузе з'явіліся інспектары з Цэнтральнага ўпраўлення, зрабілася ясна, што справа дрэнь. Чыноўнікі рабілі вопісы кнігасховішч, архіваў і музеяў, забіраючы ўсё больш-менш каштоўнае. Скарбы музеяў і кніжныя рэдкасці адпраўлялі на ўсход, афіцыйна – "для інвентарызацыі", хаця сапраўдная прычына была навідавоку. У выпадку вайны першы ўдар прыпадзе на Паўночна-Заходнюю акругу, дзе засяроджаны ваенныя базы з ракетнымі шахтамі. Значыць, пачалася эвакуацыя культурных каштоўнасцей, які Імперыя лічыць сваёй уласнасцю. Пра эвакуацыю грамадзянскага насельніцтва размовы пакуль што не вялося. Пра людзей тут клапоцяцца ў самую апошнюю чаргу.
Крамольніца
Я спадзявалася, што інспекцыя пройдзе міма Цэнтральнай бібліятэкі. Тут не было нічога, што Метраполія магла б палічыць каштоўным. Нават наш фонд рэдкай кнігі напалову складаўся з факсімільных копій, астатняе – дублікаты з імперскіх кнігазбораў. Інспектараў магло зацікавіць хіба што спецсховішча, закрытае ад чытачоў. Там, паміж іншага, захоўвалася дваццаць восем беларускіх выданняў: зборнікі вершаў і прозы, датаваныя дзевятнаццатым і пачаткам дваццатага стагоддзя, некалькі старадрукаў і з дзясятак кніг, якія выйшлі ў свет перад Паўстаннем і былі абвешчаныя экстрэмісцкімі. Калі іх забяруць, мы страцім непамерна большае, чым проста старыя кніжкі.
Атрымаўшы запыт інспекцыі, я запанікавала. Ад мяне патрабавалася падрыхтаваць і даслаць у дэпартамент копіі каталогаў спецсховішча, найперш – гэта падкрэслівалася – падрабязныя апісанні беларускіх выданняў, якія маюцца ў наяўнасці. І вось тады я зрабіла крамолу – копіі адправіла, але няпоўныя. У іх былі пазначаны толькі чатыры кнігі, кожная з якіх захоўвалася ў двух асобніках, і адным можна было ахвяраваць. Наступныя дні я невылазна праседзела ў бібліятэцы, перапісваючы каталогі і выпраўляючы ўліковыя журналы, каб не захавалася ніякіх згадак пра астатнія дваццаць чатыры выданні. Іх у спецховішчы ўжо не было. Я проста паздымала іх з паліц і адвезла ў сваю кватэру на Радыятарным. Што рабіць далей, я не ведала. Тое, што я ўчыніла, было чыстай крымінальшчынай – крадзеж і падробка дакументаў. Мне рабілася млосна ад думкі, што са мной будзе, калі ўсё раскрыецца.
Я мусіла тэрмінова пабачыцца са Сташакам. Карыстацца мабільнай сувяззю было небяспечна, каналы праслухваліся, я адно адправіла яму кароткае паведамленне, што прыеду. Узяўшы на працы металічную валізку, у якой перавозяць асабліва каштоўныя выданні, я паклала туды пяць скрадзеных кніг і села ў цягнік да Заслаўя.
Я сядзела каля акна, трымаючы на каленях валізку, і слухала, як пад падлогай грукочуць колы. Быў позні вечар, з лагчын на чыгуначнае палатно напаўзаў туман, ахутваючы рэйкі, і здавалася, што цягнік плыве сярод хмар па пахмурным небе. Рапсавыя палі патаналі ў бялёсай смузе, лясы паўставалі кавалкамі суцэльнай цемры, мільгалі выспачкі жаўтлявага электрычнага святла – прыгарадныя кварталы. У вагоне было золка і цемнавата, столевыя плафоны цьмелі ледзь-ледзь. Эканомяць электраэнергію. А вось на Захадзе людзі сядзяць з каганцамі, паляць лоевыя свечкі, бо электрычнасць даюць усяго на дзве-тры гадзіны...на тыдзень, калі верыць народнаму вяшчальніку. Я не верыла.
Сташак узрадаваўся, калі ўбачыў мяне на парозе сваёй казённай кватэры. Ён правёў мяне ў малюсенькую кухню, узяўся запарваць гарбату. Але мне было не да таго. Я паклала на стол валізку, адчыніла і расказала Сташаку пра ўсё. Нейкі час мы сядзелі моўчкі. Сташак выглядаў разгубленым. Ён узяў з валізкі адну з кніг (зборнік "Рунь" Максіма Гарэцкага), стаў задуменна гартаць крохкія, пажоўклыя старонкі. Тут аблічча яго праяснела, і ён прамовіў: "Рускі!"
Кантрабанда
У Паўночна-Заходняй акрузе кантрабанда квітнела, як цвіль на хлебе. Адчайныя прайдзісветы, авантурысты і проста выпадковыя людзі, ахвочыя да лёгкіх грошай, сцягваліся сюды з усёй Імперыі. Цераз мяжу хадзілі як арганізаваныя групы, так і адзіночкі на сваю адказнасць. У памежных мястэчках кантрабандысты скідвалі тавар і загрузіўшыся нанава, выпраўляліся на захад, поўнач і поўдзень, у блізкія Беласток, Чарнігаў ды Вільню. Губернатар з кантрабандай, канешне, змагаўся, але больш на паперы, бо сам быў, як гаворыцца, у долі. Час ад часу ў Акрузе ладзіліся паказальныя арышты кантрабандыстаў. Адседзеўшы месяц-другі ў камфортных умовах, яны выходзілі на волю і вярталіся да сваёй справы. Губернатар слаў у Маскву справаздачы, просячы дадатковыя сродкі на барацьбу з незаконным гандлем, якія, як правіла, атрымліваў. Акруга цвіла. Усе былі задаволеныя.
Пасля адседкі Сташак расказаў мне пра Белага. Сташак зваў яго з націскам – "рускі", бо той быў родам з Рослаўля, этнічны. Вышэйшая каста. Сташакаў былы сукамернік. Сядзелец ён быў прафесійны – тройчы яго зачынялі за кантрабанду, двойчы за п'янкі, і аднойчы – за масавую бойку ў рабочай абшчазе з удзелам "гестапіка" і дружыннікаў-добраахвотнікаў з Паўночнай Карэі, пра якую аж дагэтуль успамінаюць у Аранах, Кашарах і Ляхаўцы. "Палітычных" звычайна саджаюць асобна ад крымінальнікаў, але на сваю апошнюю адседку Белы ўхітрыўся загрымець па палітычным артыкуле. У цягніку, што накіроўваўся з Брэста ў Мінск (надоечы Белы зрабіў удалую ходку цераз мяжу і ехаў у губернскую сталіцу траціць грошы), да яго пачаў чапіцца нецвярозы суб'ект, якога Белы прыняў за звычайнага алкаша. Да алкашоў у Імперыі ставяцца ўвогуле паблажліва, таму Белы абышоўся з ім даволі мякка. Ён вывалак крыўдзіцеля ў тамбур, даў яму поўху і выштурхнуў з цягніка на паўстанку ў сотні кіламетрах ад Мінска. Суб'ект да вечара праседзеў на пероне, працверазеў, дачакаў наступнага цягніка, прыехаў у Мінск і наўпрост з вакзала рушыў у службу бяспекі. Гэтым разам Белы ўліпнуў па-сур'ёзнаму – пабіты ў тамбуры грамадзянін аказаўся пазаштатным інфарматарам "гестапіка". Белага арыштавалі той жа ноччу, выцягнуўшы яго з ложка вядомай гарадской куртызанкі – былой каралевы прыгажосці, якая абслугоўвала вышэйшае чынавенства, але часам не грэбавала кантрабандыстамі. Белага абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка спецслужбаў і прысудзілі да трох месяцаў арышту. Ад больш суровага пакарання яго ўратавала толькі заступніцтва губернатара. Адматаўшы тэрмін, Белы вярнуўся ў Брэст, дзе ў яго былі справы, але пра Сташака не забыўся. Дазнаўшыся, што Сташак шукае працу, Белы закінуў за яго слоўца перад "знаёмымі" ў Заслаўі. Больш за тое, Белы ўсур'ёз прапаноўваў яму далучыцца да хеўры кантрабандыстаў і зажыць, нарэшце, па-чалавечы, але Сташак адмовіўся, яму і без таго хапала непрыемнасцей з законам.
Цяпер Белы зноў быў у вязніцы, гэтым разам нічога сур'ёзнага, паказальны арышт, не сёння-заўтра мусіў выйсці. Па шчырасці, яго асоба падалася мне сумніўнай.
– Сташак, ты давяраеш гэтаму чалавеку? – спытала я.
– Ды не вельмі, – адказаў ён шчыра. – Вось толькі выбару ў нас няма.
– Ён крымінальнік.
– А я палітычны, – Сташак усміхаўся. – Тэарэтычна, са мной больш небяспечна, чым з крымінальнікамі.
Я вагалася. План быў просты – з кантрабандыстамі пераправіць кнігі цераз мяжу і там аддаць у Дыяспару. Беларусаў, кажуць, за мяжой жыве паболей, чым у Паўночна-Заходняй Акрузе. Вялікі зыход пачаўся пасля задушэння Паўстання і скончыўся толькі пасля таго, як межы зачыніліся – назаўжды.
– Сташак, мне трэба з ім пабачыцца. Я не магу аддаць кнігі невядома каму.
– Гэта магчыма, ён збольшага адэкватны, – кіўнуў Сташак і дадаў, пасміхаючыся: – А я заўсёды казаў, што небяспечней за кантрабандыстаў толькі бібліятэкаркі!
Астрог
Турма, якая размяшчалася ў заходнім прадмесці Мінска, была не з самых старых. Збудавалі яе гадоў дзесяць таму, калі выявілася, што ў Акрузе не хапае вязніц – арышты экстрэмістаў не спыняліся нават пасля закрыцця меж. Гэту мясцовасць я ведала дасканала. Сташак адбываў тут тэрмін, і я вазіла яму перадачы. Турэмныя будынкі ўзвышаліся сярод пустак паміж чыгункай і гандлёвым трактам. Паводдаль віднеліся катэджы за бетонным плотам, вадапомпавая станцыя, ралля на месцы былога рынку ды старыя могілкі на ўзгорку. На даляглядзе за пусткамі маячылі высоткі мікрараёна. Да турмы можна было дабрацца на бразгатлівым аўтобусе, які хадзіў тройчы на дзень. Тым, хто спазняўся на апошні рэйс, даводзілася шкандыбаць да горада пешшу, бо пасажырскія цягнікі тут не спыняліся, а па тракце хадзілі браніраваныя фуры з палівам і харчамі, якія не бралі спадарожнікаў.
Ахоўнікі ў турме ўвесь час мяняліся. Той, што вёў мяне па калідоры, быў не з тутэйшых – шыракаскулы, з даўгаватымі вачамі, сам прысадзісты, гэткае дрэўца. З аўтаномнай акругі, няйначай. Ахоўнік уштурхнуў мяне ў пакой для спатканняў, і я закашлялася, хапнуўшы паветра – у цесным памяшканні было так надымлена, што можна было вешаць сякеру.
– Белы, я табе дзеўку прывёў! – абвясціў ахоўнік.
Белы стаяў каля закрачанага акенца спінай да дзвярэй, апрануты ў арыштанцкую шэрую робу і чаравікі без шнуркоў, у яго руцэ чадзіла цыгарэта з фільтрам, па каменнай падлозе былі параскіданы раздушаныя недапалкі. Калі мы ўвайшлі, ён абярнуўся і з цікавасцю агледзеў мяне з галавы да ног. Усміхнуўся. Кіўнуў. Яму на лоб упала цёмна-русая пасма. Вочы ў яго былі светлыя да празрыстасці, твар з шыракаватымі скуламі. На выгляд гадоў сорак. "Прывабны", – мільганула ў мяне. Сярод этнічных не так ужо многа пачварных абліччаў. Пачварныя ў іх толькі душы.
– Прывітанне, – прамовіў Белы.
Ён бачыў мяне ўпершыню ў жыцці, але паводзіўся так, нібыта мы з ім старыя знаёмыя.
– Вітай..це, – я запнулася, спрабуючы прыгадаць яго імя-прозвішча. Сташак мне сказаў, ды з галавы вылецела начыста. У горле пяршыла, ці то ад тытуню, ці то ад хвалявання.
– Белы, – падказаў ён. – Так і заві.
Ён перавёў позірк на ахоўніка і сказаў бесцырымонна:
– Сяржуня, дзверы зачыні!
Ахоўнік вышчарыўся.
– Што, і не падзелішся? Слухай, ты ж выходзіш пазаўтра. Дацярпець не мог?
– Згінь, – кінуў Белы.
– Добра, я табе прыпомню, – паабяцаў ахоўнік, адступаючы ў калідор. Абабітыя жалезам дзверы з ляскам зачыніліся. Белы сеў на драўляную лаву, якая стаяла каля сцяны, і зацягнуўся цыгарэтай.
– Ну? Дык чым абавязаны? – спытаў ён.
Я мімаволі ўзняла вочы, шукаючы камеру сачэння. Падчас нашых спатканняў з Сташакам у памяшканні абавязкова прысутнічаў хтосьці з турэмшчыкаў, і проста ў лоб глядзела камера, якая запісвала відарыс і гук.
– Не пераймайся, праслушкі тут няма, – сказаў ён паблажліва.
Я выпаліла:
– У мяне гэта...цётка памірае, трэба з кур'ерам сёе-тое перадаць.
Гэтай фразе навучыў мяне Сташак. Сэнс быў такі: трэба сёе-тое адправіць кантрабандай, справа тэрміновая, проста смерць.
Белы знерухомеў. Затым, прагаварыўшы: "Ой, бяда!.." саскочыў з лавы і захадзіў па пакоі з кута ў кут. Я моўчкі сачыла за ім.
– Распраўляе плечы наш былінны кур'ер, – прамармытаў ён напаўголаса і гучна спытаў, зірнуўшы на мяне: – А душапрыказчыкі ў цёткі ёсць?
Я не разумела, ці ён размаўляе са мной на адмысловым жаргоне кантрабандыстаў, ці проста здзекуецца. Добра, падыграю.
– Ёсць душапрыказчыкі, як ім не быць. Я ды Сташак.
Белы памаўчаў.
– Сташак, значыцца, – ён кінуў на падлогу недапалак і расцёр яго чаравікам. – А сам ён дзе? Чаму не з'явіўся?
– Нельга яму, за ім наружка ходзіць, – сказала я і не схлусіла.
Белы хмыкнуў.
– Халера за ім ходзіць. Згода, будзе вам кур'ер. Дык дзе там, кажаш, твая цётка памірае? Адрас давай. Ды не запісвай, так скажы. Я запомню.
Чуюць. Бачаць. Ведаюць.
Я рыхтавала сябе да візіту інспектара. Паводзіць сябе стрымана, быць ветлівай і прыязнай. Ясна і выразна адказваць на пытанні. Не даваць збіць сябе з тропу. Калі прыйдзецца хлусіць, то рабіць гэта нязмушана, не выдаючы сябе ні рухам, ні мігам. Тутэйшыя гэта ўмеюць. Скрытнасць – наша нацыянальная рыса, якая сфармавалася цягам гісторыі. Мы гаворым толькі тое, што ад нас жадаюць пачуць, і ніхто не ведае, што насамрэч у нас наўме. Этнічныя разумеюць гэта па-свойму, лічачы тутэйшых памяркоўнымі, але пры гэтым пасіўнымі, падлізлівымі і схільнымі да здрады – быдлам, карацей кажучы.
Як я і меркавала, інспектар з'явіўся без папярэджання. Дзверы майго працоўнага кабінета адчыніліся, і ён увайшоў. Першай я разгледзела ўніформу – фуражка, лампасы, кіцель з лычкамі, і ўжо потым твар пад казырком – буйнаваты нос бульбінай, слабое падбароддзе, цяжкія павекі, якія надавалі яму лагодны і сонны выгляд. Я злавіла сябе на думцы, што гэта аблічча кепска стасуецца з інспектарскім мундзірам. Яму б касаваротку ды касу ў рукі.
– Жур, Іван Уладзіміравіч, – прадставіўся ён. – Цэнтральнае ўпраўленне па культуры, гісторыі і ідэалогіі, Мінскі акруговы аддзел.
Маўленне выдавала ў ім тутэйшага. Як ён ні імкнуўся сачыць за сваёй гаворкай, я выразна пачула сцвярдзелыя "р" з "ч", звонкае "дз" і "г" бліжэй да "х" – адметнасць, якую стагоддзямі не могуць выкараніць ні жаўнер, ні поп, ні настаўнік.
Я нацягнула сабе на твар ліслівую ўсмешку. Падсунула яму крэсла. Ледзь не з паклонам падала каву – ён адпіў глыток, пакрывіўся і адставіў кубак, не сказаўшы, што канкрэтна яму не спадабалася. Я паказала яму каталогі і ўліковыя сшыткі, затым правяла яго ў спецсховішча. Ідучы наперадзе, я адчыняла металічныя дзверы боксаў, вяла яго ўздоўж стэлажоў. "Савецкія дысідэнты. Антыўтопіі. Здраднікі радзімы. Мясцовая апазіцыйная прэса канца дваццатага – пачатку дваццаць першага стагоддзяў", – каментавала я. Ён рабіў нататкі ў разлінееным сшытку ў скураной вокладцы, асадка так і лётала ў ягоных пальцах. Прафесійны канторшчык. Пытанняў ён не задаваў.
Агляд сховішча заняў менш за гадзіну. Я правяла інспектара ў атрыум з шкляной падлогай і развіталася ў спадзеве, што больш яго не ўбачу. Але ён не спяшаўся сыходзіць.
– Паслухайце, Вікторыя, – пачаў ён мякка. Позірк яго быў лагодны. – Афіцыйная частка завершана, магу я цяпер задаць пытанне асабістага характару?
– Канешне, – адказала я.
– Мне даводзілася чуць, прычым не адзін раз, што ў Цэнтральнай бібліятэцы працуюць людзі, скажам так, не самыя добранадзейныя. Наўпрост кажучы, тут гэткае гняздоўе іншадумства. Некаторыя супрацоўнікі спяць і бачаць, як бы зрабіць шкоду нашай квітнеючай Радзіме.
– Гэта намовы, – сказала я паспешліва. – Магчыма, так было ў мінулым, але сёння нашы шэрагі зачышчаны ад бруду. Калі і засталася якая кучка недабітых экстрэмістаў, то яны сядзяць ціха, як мышы пад лавай, і не смеюць узвысіць голас, бо ведаюць – тут ёсць каму закрыць іх смуродныя раты.
Я гаварыла цытатамі народнага вяшчальніка. Мабыць, гэта яго задаволіць, і ён сыдзе.
– Ужо гэтыя экстрэмісты, – інспектар усміхаўся, пагульваючы асадкай. – Усе яны смелыя, пакуль да іх не дацягнецца рука правасуддзя, і тады пачынаюцца енкі: "Ах, нас прымушаюць спаць на голых дошках, ах, мы не маем зубных шчотак і чыстай бялізны!" А вы як хацелі, даражэнькія? Турма не санаторый.
"Якая ж ты паскуда!" – падумала я.
– Я не сумняваюся ў вашай добрапрыстойнасці, Вікторыя, – працягваў інспектар. – Спадзяюся, гэта проста прыкрая памылка.
Я маўчала, не разумеючы, куды ён хіліць. На вуліцы каля будынка бібліятэкі гугнявіў гучнагаварыцель. Металічныя талеркі, развешаныя на плошчах і праспектах, трансліравалі перадачы народнага вяшчальніка з шасці раніцы да дзесяці вечара. Я навучылася ўспрымаць іх як шум машын ці грукат калёс. Калі ўслухвацца ў кожную фразу, можна страціць розум.
– Дваццаць чатыры выданні адсутнічаюць, – сказаў інспектар. – Яны папросту зніклі з каталогаў, на стэлажах я іх таксама не заўважыў. Гэта прыкрая памылка, ці не так, Вікторыя?
У мяне пацямнела ўваччу. Падлога хіснулася, і мне падалося, што я правальваюся ў ледзяную, вірлівую пустэчу. Я зрабіла глыбокі ўдых, затрымала дыханне, выдыхнула, прымушаючы сябе супакоіцца.
– Я пра гэта нічога не ведаю, – адчаканіла я.
– Не ведаеце? – перапытаў інспектар. Ён больш не ўсміхаўся. Цяпер ён быў надзвычай сур'ёзным. – Пяцігодку таму Цэнтральнае ўпраўленне запатрабавала пералік беларускіх выданняў, якія захоўваюцца ў спецсховішчы. Справаздачу падрыхтаваў дырэктар бібліятэкі. Дык вось, у тым спісе значылася роўна дваццаць восем кніг і друкаваных лісткоў. Тае пары дырэктарам быў Лявон Сямашка, доктар гістарычных навук, прафесар і гэтак далей, не помню ўсіх рэгалій. Паважаны чалавек, ён не стаў бы даваць ілжывыя звесткі.
Я маўчала.
– Вікторыя, вам прыйдзецца адсправаздачыцца перад Цэнтральным упраўленнем. Прапалі аб'екты захоўвання, а гэта сур'ёзна. Двух дзён вам хопіць, каб падрыхтаваць тлумачальную?
Не дачакаўшы адказу, ён паўтарыў: "Два дні", кіўнуў на развітанне і стаў спускацца па сходах атрыуму. Толькі цяпер я заўважыла, што ў мяне трасуцца рукі. Вулічны гучнагаварыцель усё вяшчаў і вяшчаў пра патрыятызм і падкопы Агульнага Захаду. Заткнуць бы яму луджаную глотку, паскудзіне!..
Прафесара Сямашку знялі з пасады дырэктара неўзабаве пасля арышту Сташака, абвінаваціўшы ў "недаравальнай неабачлівасці" адносна падначаленых. Прафесар настаяў, каб я ўзначаліла бібліятэку пасля ягонай адстаўкі. Ён лічыў мяне сваёй найлепшай вучаніцай. Трыццаць гадоў жыцця прафесар прысвяціў бібліятэцы і кнігазнаўству. Яго цікавілі толькі старадрукі і манускрыпты. Ён ніколі не падтрымліваў нацыянал-адраджэнцаў... Хаця, мажліва, у глыбіні душы ўсё-ткі падтрымліваў. Невядома, што насамрэч было ў яго наўме. Ён жа беларус.
Уваходзіць салдат
У салоне пахла алівай. Аўтобус ехаў, паскрыпваючы, уздоўж праспекта, міма паркаў і плошчаў, поўных кветак. На вуліцах было людна, па набярэжнай прагульваліся парачкі, на тэрасах кавярняў усе столікі былі занятыя. Над горадам загараліся ліхтары.
Аўтобус збочыў з праспекта, уз'ехаў на гару, крэкчучы і ўздыхаючы, і спыніўся пад чыгуначным мостам. Я выйшла. Вуліца была пустынная, не відаць нават алкашоў. Пэўна, нядаўна прайшоў патруль. Забудова тут была нераўнамерная, панэльныя гмахі з фарбаванымі вясёлымі фасадамі суседнічалі з пяціпавярховікамі старой, савецкай яшчэ планіроўкі. У вокнах гарэлі агні, за фіранкамі рухаліся цені – сем'і збіраліся за вячэрай. Я выцягнула з кішэні нізку ключоў і заціснуўшы іх у кулаку, рушыла ў цемнаваты двор. Жыла я ў пяціпавярховіку.
Каля пад'езда я натрапіла на Белага. Ён сядзеў на лаве, схіліўшы галаву і схаваўшы далоні ў кішэні курткі. Здавалася, ён спіць, аднак ледзь я наблізілася, ён ускінуўся – сну ні ў адным воку – і заўсміхаўся.
– Здра-с-ця...душапрыказчыца, – сказаў ён развязна.
Ён быў у цывільнай вопратцы – штаны колеру хакі, камуфляжная куртка, чаравікі з шнуроўкай. Больш падобны на дэмабілізаванага салдата, чым на зэка. Падабенства з дэмбелем дапаўнялася выразным пахам алкаголю.
– Прывітанне, Белы! – я ледзь не сказала: "З адкідкай!"
Я сапраўды рада была яго бачыць. Сённяшняя гутарка з інспектарам напалохала мяне да смерці, і я мімаволі цягнулася да кожнай жывой душы, каб толькі не заставацца ў самоце.
– Як там наша цётка, ужо праставілася? Зірнуць жадаю. Прыпасці да труны, мошчы тленныя расцалаваць.
Белы падняўся з лавы і зрабіў быў крок да пад'езда, але яго павяло ўбок, і ён, чартыхнуўшыся, схапіў мяне за плячо, каб утрымацца на нагах. "Халера, ды ён у дровы! – падумала я. – Цудоўна проста..."
Мая кватэра-аднапакаёўка месцілася на апошнім паверсе пад самым дахам. Планіроўка была стандартная – цесны, як пенал, перадпакой, кухня, ванная і зала, яна ж спальня і кабінет. За акном відаць чыгунка і сквер з таполямі. Ліфтаў у доме не было, і ўзбірацца па паверхах даводзілася пешшу. Я падымалася па лесвіцы, Белы цягнуўся следам, хістаўся і чапляўся за парэнчы. Я сумнявалася, ці ў тым ён зараз стане, каб гутарыць пра..."цётку".
У перадпакоі было цёмна. У зале на сцяне бубніў народны вяшчальнік. Можна адмовіцца ад тэлевізара, але ў кожнай кватэры ўсталяваны вяшчальнік, адключыць які немагчыма. Я запаліла святло, адчыніла форткі і шчыльна зашмаргнула шторы. Затым я выцягнула з-пад кушэткі вялікую дарожную сумку, у якой я хавала скрадзеныя выданні. Белы сядзеў, аблёгшыся на стол, і глядзеў, як я раскладваю на стальніцы кнігі – "Кароткая гісторыя", "Вянок","Смык беларускі","Курганная кветка", а таксама тоненькія падшыўкі газет – "Мужыцкая праўда", "Наша Ніва" і "Наша Доля". Жоўклыя аркушы, выцвілыя фарбы. Аскепкі краіны-мроі, чыё сэрца даўно не б'ецца.
– Гэта што за ерась? – Белы ўзяў адну з кніг і паднёс яе да вачэй, спрабуючы расчытаць загаловак на вокладцы. – Па-польску, ці што?
– Беларуская лацінка, – адказала я.
– Ясна.
Ён кінуў кнігу і рыўком падняўся, зачапіўшы плячом абажур, які вісеў на провадзе нізка над сталом. Абажур стаў разгойдвацца, на сценах заскакалі цені.
– Не, рабяты, з гэтым я на калючку не палезу. Самі, самі!
Белы млява махнуў рукой і рушыў да выхаду. Я кінулася яму напярэймы.
– Белы, стой! Табе заплацяць!
– Заплаціць – хто, Сташак, нішчаброд гэты? Ці святы Міка?
Ён выдаў п'яны смяшок.
– Марка Шэлех! – выклікнула я. – Ведаеш яго? Усё дамоўлена, Сташак пазыку возьме.
Марка Шэлех, ліхвяр з Аранаў, паважаны ў крымінальных колах, даваў пазыкі без паручыцеляў і даведкі аб прыбытках. Кажуць, што ягоных даўжнікоў, якія не вярталі грошы, паліцыя вылоўлівала з Свіслачы ад Чыжоўкі да Драздоў – па кавалках.
– Шелех, шмелех, – прагаварыў Белы. Памаўчаў. Потым спытаў:
– Колькі кніг?
– Тут дзевятнаццаць, падшыўка ідзе як асобная кніга, – адказала я. – Яшчэ пяць у Сташака ў Заслаўі. Усяго дваццаць чатыры.
– Яс-с-сна... – неяк аслабеўшы, Белы апусціўся на кушэтку і сціснуў скроні далонямі.
– Нешта пагана мне. Слухай, заткні ты гэту плявузгалку, галава расколваецца!
Скрыня вяшчальніка, прыкручаная да сцяны, вісела над кушэткай, кароткі провад быў умураваны ў тынкоўку.
– Ён не выключаецца, – адказала я.
– Ды няўжо? – працягнуўшы руку, Белы ўзяўся за провад і з сілай рвануў. На падлогу пасыпалася тынкоўка. Вяшчальнік замаўчаў.
– Белы, мяне за гэта аштрафуюць, – сказала я.
Ён паглядзеў на мяне асавелымі вачамі, скрывіўся.
– Што за народ, – працадзіў ён скрозь зубы.
Белы падхапіўся з кушэткі, падышоў да стала і стаў выварочваць кішэні, кідаючы на стальніцу прыгаршчы манет і скамечаных купюр. Капейкі скочваліся на падлогу і са звонам скакалі па масніцах.
– Вось, бяры. Не помню, колькі тут, палічыш. Во, народ! Ды што з вамі такое? Вас вешаць будуць, дык вы і шворку сабе аплаціце.
– А вы што, лепшыя? – спытала я з прыкрасцю.
Укленчыўшы, я стала збіраць парассыпаныя манеты. На падлозе я заўважыла прастакутны кавалачак кардону, які, пэўна, выпаў з яго кішэні. Я ўзяла кардонку ў рукі. Гэта быў чорна-белы фотаздымак. На здымку была адлюстравана маладая жанчына ў саламяным капялюшыку і летняй квяцістай сукенцы. Яна сядзела на крэсле, трымаючы на каленях дзіця гадоў двух альбо трох.
– Дай сюды! – гыркнуў Белы.
Я працягнула яму фатаграфію.
– Падабаецца? Глядзі! – ён тыцнуў пальцам у здымак. – Гэта Ксенія. Ксюха мая. А гэта Дар'юшка. Дзесяць год іх не бачыў. Ці то восем. Не помню. Хачу да іх вярнуцца. Ты не ўяўляеш як. Не заслужыў пакуль што.
Твар яго раптам сказіўся, ён затросся і завыў, як падстрэленая жывёла. Прастагнаўшы: "Душна мне!", ён захіліў вочы рукамі і рушыў да акна, хістаючыся і налятаючы на мэблю. Я стаяла ў поўнай разгубленасці. Сташак ніколі не напіваўся, за што я была ўдзячная лёсу, але з іншага боку, я абсалютна не ўмела абыходзіцца з п'янымі. Што, напрыклад, рабіць з мужыком, з якім надарылася п'яная істэрыка? Даклыпаўшы да акна, ён рэзка адхінуў штору і рвануў аконную ручку – рамы затрашчалі, але не паддаліся. Ён паспрабаваў яшчэ раз-другі, кінуў, споўз на падлогу і нейкі час сядзеў, падвываючы, і гайдаўся з боку ў бок. Я змрочна назірала за яго манеўрамі.
– Белы, мо вады прынесці?
Ён не адказаў. Дрыготкімі рукамі ён выцягнуў пакамечаны пачак цыгарэт, закурыў. Я ўздыхнула і пайшла на кухню. Узяўшы з паліцы шклянку, я плёснула туды халоднай вады з чайніка і вярнулася ў пакой. Белы быў там, дзе я яго пакінула – на падлозе ля акна. Ён напаўляжаў, прываліўшыся спінай да батарэі. У яго руцэ дыміла недакураная цыгарэта. Ён, чорт пабяры, спаў. Я асцярожна выцягнула цыгарэту з яго аслабелых пальцаў, аднесла яе на кухню і кінула ў ракавіну. Паразважала, што яшчэ тут можна зрабіць. Урэшце махнула рукой, патушыла святло і не распранаючыся легла на кушэтку. Калі не атрымаецца заснуць, хаця б паляжу з заплюшчанымі вачамі.
Калі арыштавалі Сташака, я надоўга страціла сон. Ночы напралёт я ляжала, скурчыўшыся, на кушэтцы і слухала, як за акном праносяцца цягнікі. Было спякотнае лета, ночы стаялі цёплыя і душныя, а я хуталася ў коўдры і вязаныя шалі і ніяк не магла сагрэцца – мяне знутры вымарожваў страх. Я ляжала і малілася, паўтараючы, як пацеры, блюзнерскую злую малітву, якую прыдумала сама і адзіную, з якой я магла звяртацца да Бога, бо ніякая іншая не клалася мне на вусны:
Святы Божа Ойча,
Госпад Усёмагутны,
Дай нам убачыць аблічча Тваё,
Поўнае гневу,
І правіцу Тваю,
Якая карае.
Божа, знішчы Самадзержца
І ўсю чэлядзь яго,
І ланцуговых сабак яго,
І лісліўцаў яго,
І апекуноў яго,
Як знішчыў Ты войска фараона
І сыноў егіпецкіх
Дзеля славы народа Ізраэля,
І ўберажы нас ад самавольства,
Але збаў ад тырана
Амэн.
Пазней. Уваходзіць другі
Мяне абудзілі галасы. Двое мужчын заўзята абмяркоўвалі ці то міжнародныя навіны, ці то вайну, ці то чыёсьці пахаванне. Я слухала ў паўдрымоце, раз-пораз правальваючыся ў сон, і мне мроіліся калоны ваеннай тэхнікі, якія рухаліся пад сцягамі, нібы на парадзе, а поруч цягнулася жалобная працэсія, у адчыненай труне сядзела цётка-нябожчыца ў белай кашулі і ўзняўшы рукі, нараспеў чытала памінальную малітву.
Труна плыве,
Мярцвяк пяе,
Кадзілы дымяць,
Свечкі гараць...
Галасы змоўклі. У ваннай зашумела вада. Я расплюшчыла вочы. Па звычцы зірнуўшы на гадзіннік, я пахаладзела – палова на дзявятую! Штораніцы мяне будзіў народны вяшчальнік. Роўна а шостай гучаў гімн, затым дыктар бадзёрым голасам зачытваў зводкі навін, я апраналася і заварвала каву пад брэнканне піяніна і зычныя каманды трэнера – пасля навін трансліравалі фіззарадку. Сёння скрыня маўчала, і я добра праспала. У паніцы я падхапілася з кушэткі.
– Прачнулася, душапрыказчыца? – спытаў Белы, вызірнуўшы з ваннай. Ягоны твар крыху асунуўся пасля ўчорашняга, валасы былі мокрыя, пэўна, сунуў галаву пад кран. Сваю камуфляжную куртку ён зняў, застаўшыся ў футболцы з кароткімі рукавамі. На яго правым перадплеччы я ўгледзела метку накшталт штрыхкода – лічбы і літара "К". Такую ж метку атрымаў Сташак, калі яго пасадзілі. "К" значыць "кантрольны", то-бок схільны да экстрэмізму. Так пазначаюць палітычных.
– Мы тут са Сташакам перацерлі, – Белы кіўнуў на тэлефон, нядбайна кінуты на край кушэткі. – Заўтра. Вячэрнім цягніком да Брэста, уначы выходзім. Павяду я. Пагранцы даюць "акно" а палове на другую. Мусіць выгарэць, на Брэсцкім кірунку пакуль што спакойна. А вось у Гродна лепш не совацца, там зараз горача. Ну, чэрці!..
– А што здарылася ў Гродна? – спытала я.
– Я сам быў не ў курсе, у цябе ж вяшчальнік паламаўся, – ажыўлена адказаў ён. – Сташак паведаміў, у яго-то ўсё працуе. Ты толькі ўяві сабе, што ўчынілі заходнікі...
Ён не дагаварыў, бо ў перадпакоі рэзка забразгатаў дзвярны званок. Мяне перасмыкнула.
– Чакаеш каго? – напаўголаса спытаў Белы.
Я нікога не чакала. Калі раным-рана хтосьці ломіцца да вас у кватэру, то гэта, хутчэй за ўсё, "гестапік". Сташака так затрымлівалі.
– Кнігі! – усклікнула я.
Я кінулася да стала, на якім з учора ляжалі крамольныя выданні, і стала спехам, без належнай пашаны складваць іх у дарожную сумку. Белы схапіў куртку, якая вісела на спінцы крэсла, хутка агледзеўся ў пошуках куды б схавацца і вылаяўшыся: "Зараза!" заскочыў у ванную. Было не да смеху, але ўсё гэта нагадвала анекдот пра тое, як муж няўчас вяртаецца з камандзіроўкі. Званок бразгатаў усё настойлівей. Я зашпіліла сумку, запхнула яе пад кушэтку і пайшла адчыняць.
– Вы?! – вырвалася ў мяне.
На парозе стаяў таварыш Жур, інспектар з Цэнтральнага ўпраўлення, які ўчора аглядаў спецсховішча.
– Добрай раніцы, Вікторыя.
Таварыш Жур лагодна ўсміхнуўся.
– Прашу прабачэння, што з'явіўся без папярэджання. Сёння а восьмай я прыбыў у Цэнтральную бібліятэку і не заспеў вас на працоўным месцы. Я занепакоіўся, ці не здарылася з вамі непапраўнага, узяў ваш адрас у аддзеле кадраў і неадкладна паехаў...Вікторыя, вы курыце? – спытаў ён, пацягнуўшы носам паветра.
– Зрэдку. Калі нервуюся.
– Вы знерваваныя, Вікторыя? З чаго раптам?
Ён без запрашэння прайшоў у залу і заклаўшы рукі за спіну, прыняўся разглядваць інтэр'ер. Мяне занудзіла ад думкі, што было б, калі б я не паспела схаваць кнігі.
– Вы жывяце асобна ад мужа, ці не так, Вікторыя? Калі я стаяў на лесвічнай пляцоўцы, мне падалося, што вы з кімсьці размаўляеце.
– Я размаўляла са сваім коцікам, – адказала я бясстрасна.
Таварыш Жур ускінуў бровы.
– У вас ёсць коцік? Як кранальна.
– Ён выскачыў у фортку.
– У фортку? – з недаверам перапытаў таварыш Жур.
– Так. Ён любіць гуляць па карнізах.
Таварыш Жур падышоў да акна і задуменна паторгаў ручку. Аконныя рамы былі савецкага ўзору, з дзвюма ручкамі, верхняй і ніжняй, каб адчыніць акно, трэба было павярнуць абедзве, балазе Белы не скеміў, калі надоечы сабраўся выкідвацца з пятага паверха. Прыхінуўшыся да шыбы, таварыш Жур агледзеў наваколле, пахітаў галавой і павярнуўся да кушэткі.
– О Божа мой, што здарылася в вашым вяшчальнікам?! – усклікнуў ён, гледзячы на абарваны провад.
– Паламаўся. Я толькі што выклікала рамонтнікаў. Па мабільнай сувязі, – я падхапіла з кушэткі тэлефон, які пакінуў там Белы.
– Значыць, вы прапусцілі апошнія навіны. Падумаць толькі, атамная электрастанцыя, які кашмар!
– Што такое з атамнай станцыяй? – спытала я занепакоена.
Ён махнуў рукой.
– Не хвалюйцеся, абышлося без наступстваў. Астравец ужо ачэплены войскамі. Думаю, адказ будзе сур'ёзны, такое не даруецца.
Злашчасная АЭС у Астраўцу рэгулярна выходзіла з ладу. Пэўна, зноў энергаблок паляцеў. Але навошта там войскі?
– Паслухайце, Вікторыя, – ён кашлянуў і паправіў фуражку. – Каля пад'езда стаіць мая службовая машына з кіроўцам. Калі вы не супраць, вас даставяць на працоўнае месца з камфортам. Заадно пагутарым, у мяне для вас важная інфармацыя.
Я кіўнула.
– Я вельмі ўдзячная. Мне трэба ўмыцца і прычасацца. Паўгадзінкі мне дасце?
– Канешне, Вікторыя, канешне. Буду чакаць вас унізе.
Таварыш Жур выйшаў, у дзвярах зашчоўкнуўся аўтаматычны замок.
– Белы?
Я прыадчыніла дзверы ваннай і адхіснулася – проста мне ў твар глядзела дула рэвальвера.
– Сука, – сказаў Белы.
– Чаго ты, чаго?.. – выціснула я, адступаючы.
Ён змігнуў. Апусціў зброю.
– Ды я не табе, – прамармытаў ён.
Ён падбег да акна і замёр, прыціснуўшыся лбом да шыбы.
– Вось ён, паскуда, у машыну садзіцца. Жывёліна. Цвіль канторская, – гаварыў ён напаўголаса. Яго трэсла. У руцэ ён сціскаў рэвальвер. Я павольна адыходзіла, пакуль не ўперлася спінай у сцяну. Ён абярнуўся. Твар яго зрабіўся шэрым, як папера.
– Не сумеў, – ён усміхнуўся неяк крыва. – Я з-за дзвярэй яму праміж вачэй цэліў, толькі на спуск націснуць, і...не сумеў.
Я не адказала. Мне не даводзілася мець справы з узброенымі псіхапатамі, але я падсвядома адчувала, што самае лепшае зараз – маўчаць.
– Слухай, я... – Белы правёў далонню па лбе. – Карацей, заўтра, вячэрнім цягніком. Ноччу выходзім. А ты малайцом, добра трымалася. Асцярожней з ім, погань ён. Ну ўсё, бывай!
Ён сунуў рэвальвер у кішэнь і ледзь не подбегам рушыў да выхаду.
– Белы, стой! – гукнула я. Ён спыніўся і пытальна зірнуў на мяне. – Тэлефон забяры.
Калі за ім зачыніліся дзверы, я прайшла ў ванную, адкруціла кран і стала плёскаць халоднай вадой сабе ў твар.
– Госпадзе, – прастагнала я. – Калі ўсё гэта скончыцца?
Сход. Містэрыі
Зборы занялі менш за паўгадзіны. Я спехам прыгладзіла валасы, прыпудрылася, дадала трохі бляску на павекі і крыху чырвані на вусны, накінула плашч, сунула ногі ў моцныя туфлі на плоскім абцасе (толькі такія і нашу) і ўзяла сумачку з этажэркі. У сумачцы самае неабходнае: ключы, гаманец, нататнік з асадкай, грэбень, люстэрка, насоўкі, флакончык кветкавай парфумы. І дакументы – на вуліцы ў любы момант можа падысці патруль і запатрабаваць пасведчанне асобы. Замкнуўшы кватэру, я таропка спусцілася па лесвіцы. Машына з казённымі нумарамі чакала каля пад'езда. Мне даводзілася ездзіць у прыватных аўто, але ў ведамасных ні разу. Шыкоўная машына асфальтавага колеру з зацемненымі вокнамі і серабрыстай акантоўкай, на такіх аўто раз'язджае вышэйшае чынавенства. Супрацоўнікі службы бяспекі і "гестапіка" ездзяць на чорных. Жорсткая іерархія.
Таварыш Жур быў сама ветласць. Ён расхінуў перада мной дзверы машыны і падаў мне руку, запрашаючы ўвайсці. Яго далонь была млявая і клейкая, як жабіна бруха. У салоне было халаднавата, пахла сандалам. Сядзенні былі абцягнутыя мяккай скурай, месца кіроўцы аддзяляла перагародка з паўпразрыстага шкла. Шум рухавіка быў ледзь чутны. Мы сядзелі каля супрацьлеглых вокнаў. Я чакала, калі таварыш Жур загаворыць пра скрадзеныя кнігі. Ён сядзеў, сашчапіўшы пальцы рук на жываце, спакойна глядзеў наперад і мабыць, думаў пра сваё, на яго твары блукала ўсмешка. Трэба неяк перажыць гэты дзень. Ужо заўтра кнігі павязуць цераз мяжу. Калі Белы не схлусіў. Так хутка, як яны паспеюць? "Так, адставіць паніку!" – загадала я сабе. Працуюць прафесіяналы, у іх свае наладжаныя каналы, сам губернатар імі апякуецца. Белы ведае, што робіць. Калі Сташак выйшаў з вязніцы, то не меў нічога, апроч змены бялізны і даведкі аб вызваленні, а Белы і з грашыма, і пры зброі, і тэлефон у яго пэўна не праслухваецца. Праўду кажуць, што кантрабандыстам многае дазволена. Калі толькі ён не агент спецслужбаў... Халера, зноў я сябе накручваю. Удых-паўза-выдых, супакоіцца, супакоіцца!..
Машына выехала на праспект, прамінула палац службы бяспекі, кінатэатр, будынак ГУМа і спынілася каля ўніверсама "Цэнтральны". Каля ўезду на плошчу ўтварыўся затор з аўтамабіляў, паабапал на ходніках вірыў натоўп, звар'яцелыя святлафоры міргалі жоўтым.
– Што адбываецца? – спытала я, прыхінуўшыся да шыбы.
Таварыш Жур паблажліва ўсміхнуўся.
– Вось што значыць прапусціць навіны, Вікторыя. Народ абураны дэмаршам Агульнага Захаду і патрабуе адплаты. Давай, руш! – загадаў ён кіроўцу.
Завуркатаў матор, машына прапаўзла пару метраў і стала, заціснутая між аўтобусам і чыімсьці "карчом" з пабітай фарай.
– По-мойму, безнадзейна, – таварыш Жур пабарабаніў пальцамі па дзвярной панэлі. – Будзе правільней прайсціся пешкі.
Ён дапамог мне выбрацца з салона, галантна ўзяўшы за локцік, кінуў кіроўцу: "Чакай тут!" і рушыў да плошчы наўпрост па праезджай частцы, абыходзячы аўтамабілі. Я пакорліва крочыла побач.
– Не буду мучыць вас недамоўкамі, Вікторыя, – сказаў таварыш Жур. – Мы на парозе грандыёзных падзей. Агульны Захад дэ-факта абвясціў нам вайну.
– Гэта немагчыма! – вырвалася ў мяне.
– Сёначы дзяржаўная мяжа ў раёне Астраўца была абстраляная з мінамётаў, некалькі снарадаў упалі паблізу атамнай станцыі. Учынак неймавернай дзёрзкасці не застанецца беспакараным, Самадзержац ужо рыхтуе заяву. Па ўсёй Імперыі народ збіраецца на плошчах, каб выказаць пратэст заходняму мілітарызму. Вы толькі зірніце, якое відовішча!
Велізарная плошча была запруджана людзьмі, якіх усё прыбывала і прыбывала – падобнага стоўпатварэння я не бачыла нават у свята Уз'яднання народаў, калі маршыруюць войскі, лунаюць сцягі і грымяць аркестры, а з трыбуны з усмешкай глядзіць губернатар. Гэтым разам не было ні маршаў, ні аркестраў, увогуле ніякага парадку, людзі бесталкова таўкліся на плошчы, удаючы стыхійны мітынг. Некаторыя трымалі ў руках кавалкі ватману з надпісамі фламастарам. Прыжмурыўшыся, я прачытала адну з іх: "Ганьба!" Каму ганьба, не ўдакладнялася. Па краях плошчы, у пераходах і каля Губернскага палаца стаялі ўнутраныя войскі. Я ўпершыню бачыла іх у поўнай амуніцыі – адмысловыя латы паўзверх уніформы, шлемы, металічныя шчыты, аўтаматычныя вінтоўкі напагатове. Яны падрыхтаваліся да вулічных беспарадкаў, якіх не было ў Мінску пяцьдзясят гадоў.
– Вам няўтульна ў натоўпе, Вікторыя? – спытаў таварыш Жур, беручы мяне пад локцік. – Трымайцеся мяне, так вы будзеце ў бяспецы. Давайце станем вось тут, на прыступках палаца, адсюль бачная ўся плошча. І не хвалюйцеся, нам нічога не пагражае. Унутраныя войскі ўмяшаюцца ў выпадку, калі натоўп выйдзе з-пад кантролю. Апошняе, зрэшты, малаверагодна.
Таварыш Жур быў спакойны і вясёлы. Тое, што адбывалася наўкол, яго пэўна забаўляла.
– Адплата!!!
Над плошчай, над галовамі людзей загаласіў гучнагаварыцель.
– Крывадушнасць Агульнага Захаду... – у дынаміку загуло. Я мімаволі закрыла вушы далонямі. – Суквецці ілжы выспелі крывавымі пладамі...забойства бязвінных...баязліва адмаўляючы...мітусня шакалаў, якіх загналі ў вугал!..
Няспраўны дынамік хрыпеў і пляваўся абрыўкамі лозунгаў.
– ...даць сіметрычны адказ! У нас досыць сродкаў, каб ператварыць іх у ядзерны...пад гусеніцамі нашых танкаў...вітаем народны сход! ...ва ўсіх кутках нашай неабсяжнай Радзімы...поўныя праведнага гневу... патрабуем адплаты! Адплата!
– Адплата! – заенчыў хтосьці ў натоўпе.
Натоўп скалыхнуўся, над галовамі ўзвіўся сцяг Імперыі, затым другі, трэці... У лічаныя хвіліны плошча заквітнела трыкалорамі.
– Масква! Айчына! Слава Самадзержцу!
Дзясяткі рук узняліся да неба ў вітальным жэсце.
– Захад! Гняздоўе хлусні! Садаміты!
Натоўп рассунуўся, даючы дарогу калоне малойчыкаў у камуфляжы, якія неслі апушчаныя да зямлі сцягі – двухколерныя і трохколерныя, з крыжамі і гербамі. Маршыруючы, яны рушылі да цэнтра плошчы, дзе палала жароўня на трынозе. Паголены дзяцюк у саколцы варушыў гарачыя вуглі жалезным прутам.
– Мілітарысты! Садаміты! Свінні!
Юнакі ў камуфляжы скідвалі сцягі ў кучу і тапталі іх берцамі. Аднекуль з'явілася бляшанка з газай. Паголены дзяцюк падпаліў ад жароўні паходню і паднёс яе да сцягоў. Палотнішчы, шчодра палітыя газай, успыхнулі, нібы салома. Натоўп зароў. Над галовамі залуналі трыкалоры. Хтосьці з сілай штурхнуў трыногу, жароўня зляцела, раскідаўшы вуголле, угору шугануў сноп іскраў.
– Пошасць хлусні! – цюгакаў гучнагаварыцель. – Вятры заходнія смярдзяць крывёй! Агонь нас ачысціць! Атамны трыбунал! Адплата!
Каля Губернскага палаца распачаўся нейкі рук. Мая ўвага была прыкутая да цэнтра плошчы, і я не адразу прыкмеціла браніраваны фургон, які спыніўся каля прыступак. Дзверы адчыніліся, з аўтазака выскачылі двое камуфляжных і вывалаклі за сабой чалавека ў раздзёртай вопратцы. Ягоны твар быў скрываўлены, з падбароддзя сцякала густая барвовая сліна. Камуфляжныя ўзялі яго за каўнер і выспяткамі пагналі па плошчы.
– Дыверсант! – пачуліся выкрыкі з натоўпу. – Схапілі дыверсанта! Ён збіраўся замініраваць АЭС!
Камуфляжныя давалаклі чалавека да цэнтра плошчы, дзе дагаралі варожыя сцягі, і кінулі яго пад ногі натоўпу.
– Адплата, адплата! – крычалі ў натоўпе.
Чалавек стаяў на каленях і намагаўся штосьці сказаць, але з яго горла вырываліся толькі хрыпы. Магчыма, у яго быў выдраны язык. Я зірнула на байцоў унутраных войск. Яны стаялі нерухома, апусціўшы шчыты, твары былі схаваныя пад забраламі шлемаў. Няўжо не ўмяшаюцца?..
– Адплата!
З натоўпу выскачыла мажная кабета ў чырвоным жакеце і з віскам учапілася "дыверсанту" ў валасы. Гэта стала штуршком для астатніх. На "дыверсанта" абрынуўся град удараў. Яго павалілі на зямлю і сталі азвярэла штурхаць нагамі. Хтосьці ўдарыў яго чаравікам пад рэбры, потым у твар. На плітку ходніка пырснула кроў. Натоўп шчыльна абступіў сваю ахвяру, і больш я нічога не бачыла.
У мяне кружылася галава. Я апусцілася на прыступку і заплюшчыла вочы.
– Вікторыя, вам блага? – На маё плячо легла млявая далонь. – Разумею вас, я сам шакіраваны...каварнымі планамі Захаду. Дыверсія на АЭС, падумаць толькі!
– Прабачце, таварыш Жур, гэта нервовае, боязь натоўпу, – прагаварыла я з цяжкасцю.
Ён пахітаў галавой.
– Ды на вас твару няма. Паслухайце, Вікторыя, на працу вы безнадзейна спазніліся, таму прапаную зараз адправіцца на Зыбіцкую, літаральна ў двух кроках адсюль. Пасядзім у кавярні, капучынкі пап'ём. Любіце капучынку? Нас чакае сур'ёзная гутарка, а тут, на плошчы, занадта шумна.
Я не пярэчыла. Узяўшы мяне пад руку, ён дапамог мне спусціцца з прыступак. Я крочыла на ватных нагах, абапіраючыся на ягонае плячо, мяне нудзіла. За нашымі спінамі роў звар'яваны натоўп. Я адчувала, што гэты дзень ужо ўвайшоў у гісторыю. Менавіта такім мы запомнім пачатак вайны: поўная плошча шаленцаў, сцягі, дым і полымя, кроў на ходніку і істэрычныя крыкі прапагандыстаў.
Таварыш
Мы сядзелі на тэрасе кавярні ў квартале Верхняга горада, дзе не чуваць было шуму натоўпу. Над тэрасай звіваліся плеці дзявочага вінаграду, якія ўжо пачыналі чырванець, у падвесных вазонах квітнелі петуніі. Унізе, пад гарой, віднелася набярэжная з ветранымі скульптурамі і гарбатымі мосцікамі. Таварыш Жур быў вельмі абыходлівы. Пры іншых абставінах я палічыла б, што ён са мной...фліртуе. Я піла чорную каву без цукру, не адчуваючы смаку, у горла проста лілося штосьці гарачае. Сабе таварыш Жур нічога не заказваў. Ён сядзеў насупраць, паклаўшы фуражку на стол, і глядзеў на мяне – з цікавасцю? Агідай? Спачуваннем? Мне не ўдавалася счытаць яго пачуцці.
– Вікторыя, – сказаў ён, склаўшы пальцы домікам. – Паверце, гэта гутарка мне непрыемная, як і вам, але адкладваць больш немагчыма.
Я адпіла апошні глыток і павольна апусціла кубак на стол. Вось яно. Пачынаецца.
– Абсалютна зразумела, што гэта вы забралі кнігі са спецсховішча, – сказаў ён тонам, які не цярпеў пярэчання. – Не трэба апраўдвацца, я вас не асуджаю. Магу я толькі спытаць – навошта? З выгадай прадаць?
– Канешне, не! – выклікнула я і прыкусіла язык, ды было позна.
Таварыш Жур здаволена ўсміхнуўся.
– Вось вы і прызналіся, што гэта вашых рук справа. Значыць, не дзеля грошай? Дзіўна, за гэтыя выданні нацыянал-адраджэнцы заплацілі б вам шчодра
– Я не знаёмая з нацыянал-адраджэнцамі.
– Станіслаў Воўчак не ў лік?
У мяне ўпала сэрца. Станіслаў Воўчак. Сташак.
– Воўчак тут ні пры чым, – сказала я паспешліва. – Ён адседзеў сваё, і нацыянальнае адраджэнне яго не цікавіць.
Таварыш Жур пахітаў галавой.
– Хутка ж яго зламалі. Што гэта за змагар, які так лёгка здраджвае сваім ідэалам? А вы мужная жанчына – правярнуць такую справу, адной, без памагатых. Трэба аддаць вам належнае, вы па-майстэрску падрабілі дакументы. Я не заўважыў бы каверзы, калі б не справаздача прафесара Сямашкі.
Я маўчала. Мне не было чаго сказаць. Таварыш Жур прыпёр мяне да сценкі.
– Я хацеў бы, каб вы давяралі мне, Вікторыя. Вось я вам давяраю і буду з вамі шчырым.
Ён агледзеўся як быццам з асцярогай, што нас могуць падслухваць, хаця наведвальнікаў, апроч нас, у кавярні не было, і прамовіў, панізіўшы голас:
– Справаздача захоўваецца ў архіве Цэнтральнага ўпраўлення. Доступ туды ў мяне ёсць. Я магу знішчыць гэты дакумент.
Я ўтаропілася на яго, не верачы сваім вушам.
– Чаму вы мне дапамагаеце? – спытала я пасля кароткай паўзы.
– Мы з вамі абое беларусы, – сказаў ён урачыста. – Узаемадапамога – наша стратэгія барацьбы з дэзынтэграцыяй. Ведаеце прымаўку: "Беларус беларусу сябар, таварыш і брат"? Я хачу быць вам таварышам, Вікторыя. Хачу прапанаваць вам дапамогу, па-братэрску, як у часы апошняга Паўстання. Ну як, прымаеце?
Я не знайшлася, што адказаць. Калі б таварыш Жур ускочыў на стол і прыняўся паліць лезгінку – гоп, гоп! – прысягаю, я была б меней ашаломленая. А прымаўку ён пераблытаў, у арыгінале яна гучыць іначай.
– Вы, пэўна, думалі, што я канторскі сухар, пачвара без усякіх пачуццяў? Пачуцці ў мяне ёсць, я проста ўмею іх хаваць. Нацыянальная рыса беларусаў, ці не так? Я вось што вам скажу... – ён перахіліўся цераз столік і зашаптаў, прыставіўшы далонь да рота: – Я ненавіджу Расію, праўда! Агідная краіна, усе яны імперцы, шавіністы. Зірніце, што яны зрабілі з нашай Вялікай Літвой!
– Госпадзе... – выдыхнула я.
Таварыш Жур адкінуўся на спінку крэсла і ўсміхнуўся, задаволены эфектам.
– Спадзяюся, вы не пойдзеце зараз у службу бяспекі з даносам на мяне? – спытаў ён ці то жартам, ці то ўсур'ёз.
– Я не збіраюся ў службу бяспекі.
– Я верыў у вас, я ў вас не сумняваўся! – працягнуўшы руку, ён дакрануўся да маёй шчакі. Я адхіснулася. – Бог мой, я думаў, вы мне давяраеце. Запэўніваю вас, вам няма чаго баяцца, усю адказнасць я бяру на сабе.
– А што патрабуецца ад мяне? – спытала я.
– Даверу, Вікторыя, толькі даверу. Проста дазвольце мне паклапаціцца аб вас. Можа, яшчэ кавы? Афіцыянт! – закрычаў таварыш Жур. Да століка падскочыў маладзён у мятліку і белым фартуху. – Што вам замовіць, капучынку?
– Плоскі белы, – адказала я.
– Цудоўна. Нясіце! – загадаў ён афіцыянту.
– А вы? – спытала я.
– Устрымаюся. Кава ў Мінску проста жахлівая, мяркую, уся справа ў якасці вады. Адкрыю вам сакрэт, па каву трэба ехаць у Пецяргоф, дзе яе гатуюць па рэцэпце Кацярыны Вялікай... Дык усё-такі, дзе вы хаваеце кнігі? – пацікавіўся ён, калі афіцыянт пайшоў.
– Я аддала іх аднаму чалавеку, – адказала я ўнікліва. Выкласці ўсю праўду новаспечанаму "таварышу" я не была гатовая.
– Што за чалавек? Не з адраджэнцаў, часам?
– Наўрад ці. Ён рускі.
Яго бровы падскочылі.
– Сур'ёзна? Вы мяне здзіўляеце. Як вы маглі аддаць каштоўныя выданні ворагу?
– Ён мне не вораг.
Размова раптам стала мне агідная.
– Прабачце, мне пара, – сказала я, устаючы з-за століка.
– Чакайце, а кава?
– Мне трэба на працу.
– На дарогах заторы.
– Паеду на метро.
Калі ён зараз пацягне мяне ў машыну, я закрычу, вырашыла я пра сябе. Гэты чалавек мяне палохаў.
– Справаздача, Вікторыя, – нагадаў ён. – Як мне паступіць са справаздачай?
– Вы далі мне два дні на роздум. Помніце, учора, калі аглядалі спецсховішча? У мяне ёсць яшчэ дзень. Заўтра я дам адказ. Дзякую за клопаты.
Я паклала на абрус грошы за каву. Таварыш Жур схапіў маю руку і прыціснуў яе да стальніцы.
– Адно толькі слова, прашу! Спытайце пра мяне ў прафесара Сямашкі. Мы з ім добрыя знаёмыя. Днямі ён паказваў мне сваю аранжарэю. Калі мае довады гучаць для вас непераканаўча, спытайце прафесара, ці варта мне давяраць.
– Да заўтра, таварыш Жур, – вызваліўшы руку, я выйшла з тэрасы. Ён канчаткова збіў мяне з тропу.
Я спусцілася на Нямігу па лесвіцы з балюстрадамі і маленькімі круглымі ліхтарамі, якія так прыгожа свецяцца, калі надыходзіць ноч. У саборы на вяршыні груда ўдарыў звон – пачыналася літургія. Каля ўваходу ў метро дзяўчына-паслушніца гандлявала з латка абразкамі і свечкамі. Падземку я недалюблівала, бо саставы часцяком спыняліся ў тунэлі з-за непаладак. Зрэшты, цяпер я палічыла б за лепшае захраснуць пад зямлёй, чым зноў апынуцца ў машыне з казённымі нумарамі. Перажыць бы сённяшні дзень. Заўтра ўсё вырашыцца, у горшым выпадку пачнецца ядзерная вайна, і тады ўжо пра мяне дакладна ніхто не ўспомніць.
Груд крывавы, зямля ўрадлівая
У бібліятэку я прыехала апоўдні. "Народны сход", пэўна, скончыўся, на праспекце аднавіўся рух, і з вулічных гучнагаварыцеляў загучалі ваенныя маршы. На прыступках службовага ўваходу мяне сустрэла Алёна з бібліяграфічнага. Даўней мы працавалі ў адным аддзеле, былі не тое каб сяброўкамі, але часам сядзелі разам у чытацкім буфеце за кубачкам кавы і перамываннем костак начальству, хаця і каву, і плёткі Алёна лічыла грахоўнай слабасцю. Калі я зрабілася дырэктаркай, Алёна ўспрыняла гэта без кроплі зайздрасці. Нашы адносіны заставаліся па-ранейшаму прыязнымі, хіба што цяпер яна звярталася да мяне паважліва, па прозвішчы: "таварыш Коваль", як я таму ні працівілася.
– Таварыш Коваль, вы гэта бачылі? – спытала Алёна замест прывітання. Пэўна, яна нядаўна плакала – вочы былі прыпухлыя, кончык носа пачырванеў. – Напад на гарнізон. Так страшна, пачытайце!
Яна працягнула мне газету з каляровымі старонкамі. Я паморшчылася – гэта быў сталічны штотыднёвік, які пра сабе я называла "Мінскай мудазвонкай". Прапаганда была ўсюды, але тут яна падавалася з нейкай адмысловай пошласцю. Аднойчы рэдакцыя размясціла на першай паласе карыкатуру на садамітаў, крайне непрыстойную, і цэнзура не знайшла, да чаго прычапіцца.
Не без агіды я ўзяла газеціну ў рукі, ад яе пахла друкарскай фарбай. Пазапланавы нумар на чатырох аркушах, тэксту мала, на першай старонцы каляровая фатаграфія: трупы ў рад, накрытыя просцінамі, на тканіне праступаюць крывавыя плямы, поруч стаяць афіцэр і ваенны санітар, абодва ў рэспіратарах. На развароце карцінак было столькі, што ў мяне замільгацела ўваччу. Сцэны разні ў неймаверных ракурсах – камера карэспандэнта то паўзла між трупамі па лужынах крыві, то ўзлятала на пляцоўку назіральнай вышкі, то танцавала вакол тэрмінова прыбылых у часць генералаў з жалобнымі і гнеўнымі тварамі.
– Гэта пагранічнікі, – сказала Алёна дрыготкім голасам. – Заходнікі напалі ноччу і забілі ўсіх. Таварыш Коваль, якія звяры!
– Так, Алёна, гэта ўжо занадта, – пагадзілася я.
Рэпартаж мог аказацца пастановачным (гэтага нельга ведаць дакладна), але ў любым выпадку газетчыкі перастараліся. На халеру публікаваць здымкі, прызначаныя хутчэй для крыміналістаў – кулявыя адтуліны, рэзаныя раны буйным планам і сінія, распухлыя запясці, перацягнутыя дротам, які ўразаецца глыбока ў скуру аж да жыл, да косці?..
– Звяры, якія звяры! – паўтарыла Алёна. Позірк яе затуманіўся, з вачэй пабеглі слёзы. – Што цяпер будзе з усімі намі?
Я ўздыхнула.
– Алёна, супакойцеся. Наша армія самая магутная ў свеце, нас абароняць.
Яна выклікнула ледзь не з адчаем:
– Нас кінулі на вырак лёсу! Вы чулі пра нашага губернатара?
– А што з ім здарылася, памёр? – спытала я стомлена.
– Ён з'ехаў! То-бок, паляцеў. Кажуць, сёння на досвітку над рэзідэнцыяй падымаліся верталёты. Уся адміністрацыя эвакуіравалася, бо тут стала небяспечна. А нам няма куды бегчы.
Алёна плакала, выціраючы вочы рогам хусткі, пад якой яна хавала свае доўгія бялявыя валасы.
– Алёна, мілая, не перажывайце так, – сказала я. – У Маскве ўсё вырашаць, прышлюць нам новага губернатара, ды і войскі ўжо на падыходзе.
– Гасудар жа гэтага так не пакіне, ён жа абвесціць ім вайну? – з надзеяй спытала Алёна.
– Абвесціць, абавязкова абвесціць. Алёна, ідзіце дадому. Я вас адпускаю. І дзяцей забярыце са школы, пабудзьце сёння з сям'ёй.
Яна праззяла скрозь слёзы.
– Я так вам удзячна, таварыш Коваль! Пабягу зараз у царкву, пастаўлю свечку за ўбіенных пагранічнікаў. Благаславі вас Госпад!
Яна падабрала доўгую спадніцу і стала спускацца з ганка. Я засталася каля службовага ўваходу з газецінай у руцэ. Зірнуўшы на перадавіцу, я шэптам вылаялася: "Дрэнь!" і кінула газету ў сметніцу. Схаджу і я ў царкву, пастаўлю свечку за "дыверсанта", якога сёння разарвалі ў натоўпе.
Сённяшні дзень варта было б зрабіць выхадным, настрой у людзей быў непрацоўны. Я зазірнула ва ўнутраныя аддзелы – ні душы, пустыя кабінеты з дзвярыма наросхрыст, як быццам тут прайшоўся "гестапік" з масавым хапуном, для паўнаты карціны не хапала толькі пагрому. Затое ў атрыуме была таўханіна. Усе пакідалі свае справы і скупіліся на шкляной падлозе вакол вяшчальніка. Са скрыні гучаў старэчы, але моцны голас з цынічнымі інтанацыямі – Самадзержац выступаў з прамовай. Правіцель не казаў нічога новага: праведны гнеў, адплата, сіметрычны адказ. Пра тое ж самае крычалі прапагандысты на "народным сходзе". Я пастаяла ў атрыуме разам з людзьмі і сышла, не дачакаўшы канца прамовы.
Была толькі сярэдзіна дня, а я пачувалася смяротна стомленай. Працаваць я была не ў стане. Я паспрабавала была разабраць пошту, кінула, дастала тэлефон, праверыла, ці няма прапушчаных званкоў або паведамленняў – нічога, пусты экран, а я так чакала весткі ад Сташака. Ці ўсё з ім у парадку? Госпадзе, толькі б атрымалася!.. Я паклала тэлефон на стол і села, апусціўшы галаву на рукі. За вокнамі чуўся натужны гул. Па сценах кабінета паўзлі даўгаватыя цені, як ад драпежных рыб, і ў мяне перад вачыма паўстала вар'яцкая карцінка: Мінск пагрузіўся на дно акіяна, і над дамамі слізгаюць касякі акул. Я паднялася і падышла да акна. Па небе плылі дырыжаблі. Яны былі серабрыста-шэрыя, як рыбіна луска, у іх пад брухамі матляліся палотнішчы колераў сцяга Імперыі. Унізе на вуліцах раздаваліся апладысменты і радасныя воклічы – народ вітаў нябесную флатылію. Дырыжаблі плылі на захад. Тое, чаго ўсе чакалі, адбылося. Самадзержац абвясціў вайну.
Не існуём
Я, па шчырасці, не разумела, чаму Цэнтральнаму ўпраўленню спатрэбіліся менавіта беларускія выданні. Самі па сабе яны не ўяўляюць каштоўнасці – тоненькія брашуркі на шэрай паперы, бедна ілюстраваныя, з мяккімі вокладкамі. Каштоўныя яны толькі для беларусаў. Для тых, хто ўсё яшчэ атаясамлівае сябе з беларускім народам. На ўсю Імперыю такіх набярэцца добра калі некалькі соцень. Тубыльцы Паўночна-Заходняй акругі – тутэйшыя – у большасці лічаць сябе неэтнічнымі рускімі. Тых, хто валодае беларускай мовай, можна пералічыць па пальцах адной рукі.
Нацыянальныя мовы ў Імперыі не забароненыя. Тутэйшыя размаўляюць выключна па-руску, адчуваючы да роднай мовы нейкую грэблівасць. Нічога дзіўнага. Нам з школьнай лавы ўбіваюць, што продкі беларусаў былі батракамі, якія стагналі пад пугай то жамойтаў, то палякаў, то лялькаводаў Агульнага Захаду ў залежнасці ад гістарычнага перыяду. За ўвесь час свайго існавання наш народ не стварыў нічога выдатнага, акрамя дранікаў ды тузіна песень, падобных на стогн. Мы не жылі, а вякамі гібелі ў чужынскай няволі, пакуль Старэйшы брат не выгнаў чужынцаў на Захад, дараваўшы нам свабоду і працвітанне. А таксама адукацыю, культуру, прамысловасць і гэтак далей. Мы існуём дзякуючы Імперыі. У нас са Старэйшым братам адна гісторыя, агульны лёс і аднолькавы менталітэт. Прынамсі, так сцвярджае прапаганда. Гэта не тое каб наўпроставая хлусня, хутчэй езуіцтва. Гісторыя Дзяржавы Расійскай у вышэйшай ступені велічная і гераічная. На тле гэтай велічы нашы продкі выглядаюць нагэтулькі ўбога, што мімаволі паўстае пытанне: можа, беларусам увогуле не варта існаваць? Ці не лепш растварыцца ў абдымках Імперыі, адрынуць сваю ідэнтычнасць (у якой няма нічога каштоўнага), назвацца рускімі, хай сабе неэтнічнымі, гэта ні ў якім разе не таўро непаўнавартаснасці, наадварот, знак якасці, бо нарадзіцца этнічным – толькі паўсправы, галоўнае быць рускім у душы...
У Імперыі жыве шмат народаў, і ніводзін не саромеецца сябе так, як беларусы. Я лічу гэта нашай нацыянальнай катастрофай, толькі не гавару аб гэтым услых. Сташак аднойчы прагаварыўся, за што атрымаў турэмны тэрмін і метку "кантрольнага". Такую ж метку мае былы яго сукамернік – кантрабандыст і этнічны расеец. Белы. Цікава, адкуль такое мяно, мабыць, з прозвішча – я ўспомніла – Чарноў. І як яго собіла займець "кантрольнага", не за тую ж сварку з інфарматарам "гестапіка"? Каламутны тып. Яму ўсё роўна, што цягнуць цераз мяжу, галоўнае, каб за гэта плацілі. Абяцаў дапамогу, і дзе ён? Як прапаў з рання, дык дагэтуль ні слыху ні дыху, а я вар'яцею ў няведанні. І ад Сташака ніякіх навін. Перажыць бы сягонняшні дзень.
Пачуўшы званок, я падскочыла, як уджаленая. Я кінулася да стала, схапіла тэлефон – на экране адбіваўся чужы нумар.
– Віта, добры дзень, – пачулася ў слухаўцы. – Гэта Лявон Сцяпанавіч. Ты можаш зараз гаварыць?
Лявон Сцяпанавіч Сямашка зваў мяне дзіцячым імем – Віта, так павялося з часоў студэнцтва, калі я наведвала яго лекцыі ў Мінскім гуманітарным, і за гады нічога не змянілася, я так і засталася для яго дзяўчынай-шкаляркай, выдатнай у навуках, але бесталковай у жыцці. Прафесар не званіў мне з часоў сваёй адстаўкі, я нават нумар яго не пазнала.
– Добры дзень, Лявон Сцяпанавіч! – павіталася я і спытала, не хаваючы трывогі: – У вас усё ў парадку?
Айчына
Прафесар жыў у ціхім квартале на поўначы Мінска. Не так даўно туды дацягнулі лінію метро, але падземку я не любіла. Я даехала аўтобусам да Уваскрасенскай царквы, потым доўга ішла па асфальтаванай дарожцы ўздоўж канала, міма лесапарку, дзе ўжо ўладарыла восень. Надышоў адвячорак, сонца хілілася за хвоі, а неба было сінім-сінім. Я запавольвала крок і глядзела – не магла наглядзецца на гэтую сінь. Толькі цяпер я заўважыла, які прыгожы выдаўся дзень, залаты і па-восеньску цёплы, з лятучымі павуцінкамі, з вінным водарам жоўклага лісця і дыму вогнішч, я спяшалася налюбавацца гэтым хараством, таму што заўтра ўсё магло загінуць.
Квартал з прыватнай забудовай размяшчаўся на беразе вадасховішча і лічыўся "элітным". У катэджным пасёлку я заблукала, збочыла не туды, дайшла да сярэдзіны вуліцы між дамамі за каменнымі агароджамі, вярнулася, рушыла па другой, гледзячы ў нататнік, каб зверыць адрас. Спытаць дарогу не было ў каго, вакол ні душы, толькі на рагу каля вулічнай калонкі таптаўся алкаш у абдрыпаным паліто. Гайдаючыся і мармычучы сабе пад нос, ён разняволена торгаў рычаг, хацеў здабыць ваду, ды ніяк не ўдавалася. Я сышла з вузкага ходніка на праезджую частку, каб абмінуць алкаша – пры ўсім спачуванні стараюся трымацца ад іх далей, але той раптам ажывіўся. Зрабіўшы крок да мяне, ён учапіўся ў рукаў майго плашча. Я рванулася ўбок, спрабуючы вызваліцца.
– Ц-с-с! Ціха, ціха... – зашыпеў алкаш. Яго пальцы з нечаканай сілай сціснуліся вакол майго локця.
– Чорт! – вырвалася ў мяне. Я адчайна адбівалася, але ён трымаў мяне, як абцугамі. Наблізіўшы да мяне твар, ён зазірнуў мне ў вочы. Позірк яго ясны і асэнсаваны, і ад яго не пахла "чарнільцам", як ад усіх алкашоў.
– Наружка за табой ходзіць, – сказаў ён выразна.
Пальцы яго расціснуліся. Нібы страціўшы да мяне інтарэс, ён адышоў да калонкі і прыняўся важдацца з рычагом. Я агледзелася. Вуліца была пустынная. За мной ніхто не ішоў.
Дом прафесара стаяў у завулку пад шатамі каштанаў. Лявон Сцяпанавіч чакаў мяне каля веснічак. Я з ім не бачылася з часоў яго адстаўкі. За гэтыя пару гадоў прафесар ссівеў, нібы лунь. У астатнім ён не змяніўся – усё такі ж энергічны, па-спартыўнаму падцягнуты, з дзівакаватай прычоскай, як на партрэце Эйнштэйна. Прафесар усміхаўся.
– Лявон Сцяпанавіч, як вашы справы? – спытала я, павітаўшыся.
– Цудоўна, Віта, лепей не бывае, – бадзёра адказаў прафесар. – Мая Берэніка сягоння расцвіла!
На ім была рабочая куртка з рукавамі, запэцканымі зямлёй, пэўна, увесь дзень працаваў у садзе. Пасля звальнення прафесар кінуў свае манускрыпты і заняўся вырошчваннем кветак. Здавалася, цяпер яго больш нічога не цікавіць.
Прафесар пацягнуў мяне ў аранжарэю – шкляны павільён, прыбудаваны да дома замест веранды. Тут было царства руж, яны квітнелі, буялі, красавалі на клумбах, віліся па шпалерах, спляталіся ў аркі – пунсовыя, белыя, жоўтыя, чорныя, сінія, я нават не ведала, што такія існуюць. Водар стаяў, як парфумернай краме.
– Віта, зірні, вось яна, мая прыгажуня! – прафесар падвёў мяне да клумбы, на якой сядзеў куст, увесь у цёмна-барвовых бутонах, нібы ў кроплях крыві, якая спяклася.
– Ружа Гетэра Берэніка, селекцыйны гатунак, – з замілаваннем гаварыў прафесар. – Сочынская, такая далікатная, ніяк не жадала распускацца ў нашым клімаце. Я, прызнацца, рукі апусціў, а яна, глядзі ты, расцвіла.
– Пекная, – я нахілілася над кустом, удыхнула і не адчула водару – ружа не пахла.
– Не дакранайся да шыпоў, яны вострыя, як штылеты, – папярэдзіў прафесар. Ён раптам зрабіўся сур'ёзным. – Віта, я чуў, што бібліятэка перажывае не лепшыя часы. Гэта праўда?
Я маўчала, разглядаючы "Гетэру". Не хацелася крыўдзіць прафесара, але кветка мне не падабалася.
– Учора прыходзіў інспектар з Цэнтральнага ўпраўлення, – сказала я неахвотна. – Ён аглядаў спецсховішча.
– Іван Уладзіміравіч?
Я кіўнула.
– Таварыш Жур. Вы даўно яго ведаеце?
– Дзесьці з месяц. Неардынарны чалавек. Мы пазнаёміліся цераз клуб па інтарэсах.
Я спахмурнела.
– Вы наведваеце гэтыя суполкі, Лявон Сцяпанавіч? Кажуць, там кожны другі – супрацоўнік спецслужбаў.
Клубы па інтарэсах сталі з'яўляцца пасля таго, як улады заблакавалі доступ да Інтэрнэту. Грамадзяне мелі права карыстацца Уседзяржаўным унутраным Сецівам. Туды я заходзіла, каб паглядзець прагноз надвор'я ці расклад руху аўтобусаў. З пары сайтаў, якія засталіся пасля нармалізацыі, найбольш папулярнымі былі "ружовыя файлы", дзе размяшчалі гараскопы, кулінарныя рэцэпты і парады па дамаводству ды зрэдку ладзілі які-небудзь міленькі "інтэрактыў" накшталт конкурсу вершаў. Камунікацыйных пляцовак не існавала. Ахвотныя пакамунікаваць у вольны ад працы час збіраліся ў кафэшках або чытальных залах. Тэматыка сходаў, хай то рыбалка, хай гіравы спорт або вышыванне мярэжкай, узгаднялася з раённай адміністрацыяй. На кожным сходзе прысутнічалі сілавікі ў цывільным.
– Сучаснае пакаленне не сядзіць у Інтэрнэце, яно маршыруе на апельпляцы, – сказаў прафесар. – Клубы па інтарэсах сталі для многіх апошняй аддушынай. А ва ўсюдыіснасць спецслужбаў я не веру. Зладзіць татальную сочку тэхнічна магчыма, але навошта, калі ёсць неабыякавыя грамадзяне?
Прафесар меў рацыю. На Сташака напісала данос "неабыякавая" Волечка з аддзела абслугоўвання. Я б яе задушыла, але Волечка хутка звольнілася з бібліятэкі і пайшла на кіраўнічую пасаду ў раённай адміністрацыі. Кар'еру чалавек зрабіў.
– Я наведваў клуб аматараў садаводства – ружы, кветкі і таму падобнае, – крыху бянтэжачыся, гаварыў прафесар. – Ведаеш, клубы спаборнічаюць між сабой і часам перавабліваюць удзельнікаў адзін у аднаго – чым больш у суполцы сяброў, тым вышэй сацыяльная адзнака. Нядаўна мне прыйшло запрашэнне ад суполкі букіністаў. Прызнацца, я адчуў прыкрасць, бо мне здавалася, што з кнігамі ды манускрыптамі ў маім жыцці пакончана раз і назаўжды. Я адказаў, баюся, не ў самай ветлай форме, што букіністыка мяне не цікавіць. Тады старшыня клуба, зацяты кнігалюб і чалавек настойлівы, звярнуўся да мяне з прыватнай просьбай.
– Таварыш Жур? – здагадалася я.
Прафесар кіўнуў.
– Іван Уладзіміравіч. Ён даслаў мне ліст, у якім сцісла і без лішняй ліслівасці паведаміў, што цэніць мой досвед кнігазнаўцы і будзе мець за гонар атрымаць маю кансультацыю датычна аднаго беларускага выдання. І што ты думаеш? Я здаўся. Паразважаў дзянёк і даў станоўчы адказ. Навуковая жылка ўзяла верх, так закарцела мне зірнуць на тую кнігу. Як той сказаў, былых бібліятэкараў не бывае.
Тут мы абое рассмяяліся.
– Хадзем, Віта, у дом, у нагах праўды няма.
Зашклёныя дзверы вялі з аранжарэі наўпрост у гасцёўню. Ружы былі і тут – белыя, жоўтыя, пунсовыя, у гліняных гаршках і крыштальных вазах. Дзесьці ў глыбіні дома мармытаў народны вяшчальнік. Прафесар усадзіў мяне на канапку каля журнальнага століка, прынёс з кухні імбрык мятнай гарбаты і драўляны паднос з печывам – ужо гэта традыцыя прапаноўваць ежу госцю, куды б вы ні пайшлі ў Паўночна-Заходняй акрузе, вам усюды прапануюць ежу, і адмовіцца значыць зняважыць гаспадара. Я надкусіла пячэніну і толькі зараз адчула, што проста паміраю з голаду. Дзіва што – за цэлы дзень я нічога не з'ела, толькі з рання таварыш Жур пацягнуў мяне ў кавярню, дзе я выпіла кубак нішчымнай кавы, якая потым доўга стаяла мне ўпоперак горла.
Прафесар уладкаваўся насупраць з кубкам гарбаты ў руцэ. Сваю садовую куртку ён зняў і нацягнуў паўзверх кашулі хатні швэдар з бела-сінім "народным" арнаментам. Мала хто ведае, але народны арнамент насамрэч бела-чырвоны, вось толькі белага побач з чырвоным ва ўсёй Акрузе днём з агнём не знойдзеш, бо такое спалучэнне колераў абуджае ў тутэйшых нейкі тагасветны жах.
– Напачатку нашага знаёмства Іван Уладзіміравіч паводзіў сябе асцярожна, – сказаў прафесар. – Нейкі час ён прыглядаўся да мяне, нібы прашчупваў глебу, ці той я чалавек, якому можна давяраць. Толькі пераканаўшыся, што я не даносчык, не інфарматар спецслужбаў, ён паказаў мне выданне.
– І што гэта за кніга? – спытала я з цікаўнасцю
– Выданне не самае старое, кніга выйшла ў свет за тры гады да Паўстання, пасля задушэння якога яна была абвешчана экстрэмісцкай. З першых ластавак, так бы мовіць. Напачатку цэнзура як быццам саромелася ваяваць з кнігамі, гэта ўжо потым запалалі вогнішчы. Падумаць, як імкліва мы скаціліся ў Сярэднявечча – пачалі з пакаяльнага відэа, а скончылі публічнымі пакараннямі на плошчах. Агарнула нас Візантыйская цемра, горшая за цемру Егіпецкую.
Прафесар адпіў глыток гарбаты і паставіў кубак на стол.
– Пасля прызнання кнігі экстрэмісцкай наклад быў знішчаны, адзіны экзэмпляр захоўваўся ў спецфондзе Цэнтральнага ўпраўлення ў Маскве.
– Захоўваўся? – перапытала я.
– Па дакументах гэтай кнігі больш няма. Экзэмпляр быў спісаны як састарэлы і адпраўлены ў перапрацоўку. Паўтаруся, толькі па дакументах, – ён інстынктыўна азірнуўся цераз плячо і панізіў голас, хаця старонніх вушэй паблізу не было. – Іван Уладзіміравіч таемна вывез кнігу ў Мінск і схаваў у сваёй кватэры, рызыкуючы літаральна жыццём. За экстрэмісцкую літаратуру расстрэльваюць, як ведаеш.
– Не чакала ад яго, – прагаварыла я.
Выходзіць, усё, што ён спяваў мне пра нацыянал-адраджэнцаў і Вялікую Літву, было ад шчырага сэрца? А я не магла пазбавіцца ад пачуцця, што ён спрабуе мяне падлавіць, як на допыце. Мабыць, я проста занадта мніцельная.
– Неардынарная асоба, Віта, я кажу. З аднаго боку, чыноўнік, гасударавы чалавек, і ў той жа час рабаўнік спецфондаў і выратавальнік кніжных каштоўнасцей. Чакай хвілінку.
Прафесар падхапіўся выйшаў з гасцёўні. Я чула, як у пакоі грукнула шуфляда. Праз хвіліну ён вярнуўся з кнігай у руках.
– Заўчора Іван Уладзіміравіч прыходзіў да мяне з візітам, – сказаў ён неяк урачыста. – Агледзеў маю хатнюю бібліятэку, наведаў аранжарэю, ад гарбаты адмовіўся. Апошнім часам ён стаў падазраваць сочку за сабой, таму было вырашана патрымаць кнігу ў мяне дома. Гэта гонар для мяне.
Прафесар змахнуў са стальніцы нябачныя крошкі і паклаў перада мной кнігу ў глянцавым пераплёце. На вокладцы была размешчана каляровая ілюстрацыя: віцязь у даспехах, за яго спінай сярэдневяковы горад на грудах, далей светлая роўнядзь ці то ракі, ці то возера і лес да самага далягляду. І загаловак па вертыкалі: "Айчына".
– Апошні экзэмпляр? – спытала я, хвалюючыся.
Я наўздагад разгарнула кнігу і адразу натрапіла на панарамны малюнак – зімовы лес і курганы ў снягах, удалечыні абрысы гарадскіх муроў, унізе фігуркі паляўнічых, злева два коннікі ў сярэдневяковых строях, адзін з іх трубіць у рог. Перакінуўшы пару старонак, я спынілася на відарысе старажытнага горада з вышыні птушынага палёту, прамаляванага з такой надзвычайнай руплівасцю, што бачная была кожная вежка і кожны масток, каменьчыкі ў брукаванцы звілістых вулачак і чарапічыны на вастраверхіх дахах дамоў. Я гартала далей – перада мной паўставалі панарамы бітваў, залёныя абшары, дзе роўнымі радамі маршыравалі войскі, штандары, храмы, крэпасці, коннікі ў латах, прынцэсы, манахі, каралі і каралевы са спакойнымі і строгімі абліччамі. Даўжэй за ўсё я затрымалася на малюнку, на якім была адлюстравана бібліятэка, а мабыць, архіў: кніжныя шафы да самай столі, вучоныя мужы ў кунтушах схіляюцца над сталом, на якім ляжаць геаграфічныя карты і разгорнутыя фаліянты, а ў іх пад нагамі круцяцца кошкі, мноства кошак – цікава, навошта яны там, ці не для лоўлі мышэй, якія грызуць і нішчаць каштоўныя пераплёты?
– Што скажаш, Віта? – спытаў прафесар.
Я загарнула кнігу.
– Гэта падарункавае выданне, Лявон Сцяпанавіч. Кніга для сямейнага чытання. Падыходзіць і дзецям, і дарослым. Ілюстрацыі цудоўныя. Як можна было абвясціць гэта экстрэмізмам?
– Якраз наадварот, цэнзура ведае, што робіць, – запярэчыў прафесар. – Гэта дзіцячая, бяскрыўдная на першы погляд кніжка – насамрэч лятальная зброя, дынаміт пад мурамі Імперыі. Існы рэжым трымаецца на гвалце і ідэалогіі, якую з дзяцінства ўбіваюць людзям у глузды. Што там баюць пра нас, тутэйшых – халопы, едакі бульбы, вякамі сядзім у гнаішчы, пасіўна чакаючы, хто б нас заваяваў альбо вызваліў, і ўвесь наш унёсак у сусветную культуру – дранікі ды песні-жальбы. Ну, і Скарына, вучань рускага першадрукара Івана Фёдарава і аматар палявання на вальдшнэпаў у балотах Нявы, дзе пазней Пётр Вялікі пабудаваў сваю сталіцу. Скарыну нам пакінулі, праўда, з агаворкамі. Мажліва, і я пагарджаў бы ўсім беларускім, калі б не такія вось кніжкі. Разгарні, пачытай, і ўся ідэалогія пасыплецца, нібы труха. Ты ўбачыш, што падручнікі хлусяць – нашы продкі былі не толькі халопамі. Мы будавалі палацы, засядалі ў сеймах, камандавалі войскамі. У нас была свая літаратура і тэатральнае мастацтва, мы пісалі трактаты па балістыцы, складалі статуты і паэмы на латыні. А галоўнае – мы мелі дзяржаўнасць, то-бок жылі без апекі Імперыі, самастойна, самі сабе гаспадары. Гэта тое, што Імперыя імкнецца вытруціць з нашай памяці. Ніводзін тутэйшы не смее нават падумаць пра незалежнасць. Адсюль і цэнзура, і абвінавачванні ў экстрэмізме, і вогнішчы з кніг.
– Лявон Сцяпанавіч! – прамовіла я ашаломлена.
Прафесар узняў рукі ва ўдаваным жаху.
– Гвалт, людцы, я забыўся пра народны вяшчальнік! – ён кінуў позірк у суседні пакой, дзе на сцяне бубніла скрыня. – Кажуць, у вяшчальнікі ўштукоўваюць "жучкі". Гэткі хітры агрэгат, балбоча і падслухвае адначасова.
– Ну, гэта глупства, – адказала я, смеючыся. У тое, што вяшчальнікі "слухаюць" грамадзян, нават я не верыла.
– Віта, ты не ўяўляеш, якая гэта асалода – гаварыць тое, што думаеш. Калісьці неасцярожна сказанае слова магло каштаваць мне кар'еры, але зараз мне губляць няма чаго. Іван Уладзіміравіч патэлефанаваў мне сёння і распавёў пра гэту тваю...авантуру. Калі коратка – усё кепска, вельмі кепска, але ёсць і добрая навіна. Ён, скажам так, мае пэўныя сувязі і можа дапамагчы табе з эвакуацыяй. Адно толькі пытанне: гэта ж няпраўда, што ты аддала кнігі старонняму чалавеку?
– Не, канешне, не, кнігі ў мяне дома, і... Лявон Сцяпанавіч, вы сказалі – эвакуацыя? – перапытала я ўпалым голасам.
Прафесар уздыхнуў, хітаючы галавой.
– Рэпрэсіўная машына працуе бесперабойна. Табе доўга ўдавалася не трапляць на яе радары, але зараз сістэма цябе заўважыла. Ты апынулася перад выбарам, з якім мусілі сутыкнуцца беларусы пасля разгрому Паўстання: уцёкі альбо вязніца, а турмы ўжо тады пераўтварыліся ў катавальні. Ты, мабыць, не помніш, а я па маладосці гадоў заспеў. Калі пачалося закручванне гаек, ніхто не верыў, што гэта працягнецца доўга. Нават падчас Вялікага зыходу некаторыя вярталіся, многія спадзяваліся, што вернуцца, калі абрынецца рэжым. Я сам чакаў, што ён вось-вось абрынецца, проста таму, што падобная анамалія не можа, не павінна існаваць у сучасным свеце.
– Рэжым устаяў і цудоўна сябе адчувае, – заўважыла я.
– Возьмем для прыкладу чорныя дзіры, – ківаючы, сказаў прафесар. – З пункту гледжання навукі і чалавечай логікі гэта поўны абсурд, іх не павінна быць у прыродзе, аднак яны ёсць. І ўсё, што можа зрабіць чалавецтва – трымацца ад гэтага абсурду як мага далей.
– А калі мы ўжо там?
– Выжываць як-небудзь.
За вокнамі пачало шарэць, і прафесар уключыў памяранцавы таршэр над канапкай.
– Іван Уладзіміравіч звяжацца з табой сёння ўвечары, – сказаў ён. – Не адмаўляйся ад яго дапамогі. А кнігі, па магчымасці, трэба вывезці. Яны не прызнаныя экстрэмісцкімі, але думаю, што ўлады вырашылі канчаткова закрыць беларускае пытанне. На тле вайны гэта можна зрабіць незаўважна. Папомні мае словы – неўзабаве падручнікі зноў перапішуць, акажацца, што беларусы і пісьменнасці сваёй не мелі, у нескладовае прыдумалі польскія акупанты, а Багдановіч і Купала пісалі на тутэйшым дыялекце, то-бок, на трасянцы.
– Лявон Сцяпанавіч, кнігі не будуць страчаныя! – адказала я з жарам. – Нас столькі разоў спрабавалі знішчыць, ды ніяк усіх не пераб'юць. Мы будзем жыць, няхай не сваёй зямлі, мы не загінем, не знікнем, і калі-небудзь вернемся дадому.
Сонца села, над пасёлкам запаліліся жаўтлявыя ліхтары. З блізкай кальцавой даносіўся манатонны гуд – рухалася ваенная тэхніка. Па вяшчальніку перадалі, што ноччу горад будзе перакрыты, па Цэнтральным праспекце пойдуць бэтээры. Галоўная артэрыя Мінска будавалася як стаўбавая дарога для войск, ды ўсё не было нагоды выкарыстаць яе па прызначэнні, акрамя апошняй вайны, пра якую ў Імперыі не любяць успамінаць. Я дапіла гарбату і стала развітвацца, трэба было паспець на прыпынак, пакуль аўтобусы яшчэ хадзілі. Прафесар падахвоціўся мяне праводзіць, я не пярэчыла, ісці ўпоцемках міма лесапарку было б не вельмі ўтульна. Мы выйшлі на ганак. Каля дома прафесара, акурат насупраць веснічак, стаялі дзве машыны. Іх чорныя барты паблісквалі ў святле ліхтароў. Чорнае з серабром. Служба бяспекі.
– О, Творца! – прамовіў прафесар.
Бегчы не было куды. Пастка зачынілася.
Краіна-Мроя
– Вікторыя, Вікторыя, вы мяне расчаравалі, – гаварыў таварыш Жур. – У час, калі наша квітнеючая Радзіма знаходзіцца ў кроку ад вайны, калі да меж спаўзаюцца, ляскаючы зубамі, варожыя полчышчы, што робіце вы? Стасуецеся з нацыянал-адраджэнцамі, глядзіце экстрэмісцкую літаратуру, ведзяце дэструкцыйныя гутаркі. Не адпірайцеся, я ўсё чуў, у прафесара дом на праслухоўцы. Эх, Лявон Сцяпанавіч, і чаго яму не хапала? Пенсія, хата ў элітным раёне, жыві сабе, кветачкі вырошчвай, дык не, папёрся ў адраджэнцы на старасці гадоў. Будзе, значыцца, цяпер вошай вырошчваць на голых нарах. А вы як хацелі? Турма не санаторый.
У машыне пахла дублёнай скурай. Я сядзела, уціснуўшыся ў спінку сядзення і паклаўшы сабе на калені сумачку, у якую я ўчапілася так, што пабялелі пальцы. Па правую руку ад мяне размяшчаўся таварыш Жур, які паспеў пераапрануцца, змяніўшы цёмна-зялёны чыноўніцкі мундзір на камінтэрнаўскі чорны гарнітур "з іскрай", дапоўнены белай кашуляй і сінім гальштукам. У такіх гарнітурах фарсяць супрацоўнікі спецслужбаў, калі з'яўляюцца на публіцы без устаўнога кіцеля. Злева сядзеў, насупіўшыся, тып, апрануты як для вулічнай бойкі – скуранка вольнага крою, спартыўныя штаны, берцы і салдацкая кепка. Яго вочы з-пад насунутага казырка глядзелі люта, нібы са шчыліны танка, твар здаваўся высечаным долатам з кавалку шлакаблоку.
Перагародка паміж кіроўцам і пасажырамі адсутнічала. На правым пярэднім сядзенні віднеўся дзяцюк у чорнай куртцы з паднятым капюшонам, на твар была нацягнута балаклава з прарэхамі для рота і вачэй. Уніформа штурмавікоў "гестапіка". У яго ў руках была аўтаматычная вінтоўка, палец ляжаў на курку, а дула глядзела мне проста ў лоб. Поруч за стырном сядзеў шафёр у ваеннай фуражцы і кіцелі з пагонамі лейтэнанта.
Страху я не адчувала. Усе пачуцці неяк прытухлі, тое, што адбывалася, здавалася нерэальным, як сон наяве.
– Я прафесара месяц распрацоўваў, – не без гонару прамовіў таварыш Жур. Ад яго былой ветласці не засталося і знаку, у гутарцы з'явіліся грубыя звароты, якіх ён старанна пазбягаў, калі разыгрываў ролю канторшчыка з Упраўлення культуры. – Зладзіў цэлы спектакль – букіністы, спецфонды, маляўнічая, маць яе, гісторыя, апошні экзэмпляр. А ён усё не калоўся, асцярожны трапіўся, гад. У мяне тэрмін выходзіў, ну я і выцягнуў туза з рукава, прынёс кніжку гэту фашысцкую. Вось тут прафесар і паплыў, тут усё нутро яго адраджэнскае і ўзыграла. Чыстая работа. Сёння ж сяду за справаздачу, а заўтра пакладу яе на стол таварышу генералу. Ён ад пачатку лічыў гэту справу сумніўнай, маўляў на бібліятэкарак мы нічога не маем. А я ведаў, я адчуваў, што тут дзейнічае цэлая хеўра нацыяналістаў. Не памыліўся.
– Профі, – сказаў тып у кепцы, без асаблівага, праўда, захаплення, а проста канстатуючы факт.
– Што з Лявонам Сцяпанавічам? – спытала я глуха.
– Вас праўда непакоіць яго лёс? – скептычна адказаў таварыш Жур. – На вашым месцы я падумаў бы аб сабе. Перспектывы ў вас незайздросныя, скажам шчыра.
– Нарад да яго выехаў, вырашаць кватэрнае пытанне, – прагыркаў тып у кепцы. На жаргоне "гестапікаў" гэта значыла ладзіць вобшук з пагромам.
– Акрамя таго, проста зараз у Заслаўі ладзіцца вобшук у Станіслава Воўчака, – нібы няўзнак сказаў таварыш Жур.
"Бог мой, Сташак", – падумала я. Навіна не абудзіла ніякіх эмоцый, усё ўва мне як быццам замёрзла, і гэта раптам набытая нячуласць трохі палохала.
– Ён арыштаваны? – спытала я амаль абыякава.
Таварыш Жур павёў падбароддзем – жэст падаўся мне нявызначаным.
– Так ці іначай арышту яму не пазбегнуць, – сказаў таварыш Жур. – А на расстрэльны артыкул ён сабе напрацаваў. Мала што рэцыдывіст, дык яшчэ ставіцца па-сяброўску да ўсякага роду збачэнцаў, ухваляе дэвіянтны лад жыцця.
– Дэвіянтны? – перапытала я.
Таварыш Жур зірнуў на мяне холадна, ледзь не з агідай.
– Я чытаў вашае дасье, Вікторыя. Вы аформілі шлюб са Станіславам Воўчакам, калі ён адбываў тэрмін па палітычным артыкуле. Гэта дало вам права на перадачы і спатканні, але па факце вы ніколі не жылі як муж і жонка. З мужчынамі ў вас выключна платанічныя адносіны. Вы не рэагуеце на флірт. Абсалютна зразумела, што вы маеце лесбійскія схільнасці.
– Свят-свят! – сказаў тып у кепцы і адсунуўся ад мяне, наколькі дазваляла даўжыня сядзення. – Нічога, у турме гэта выправяць.
– У турму мяне везяце? – пацікавілася я.
Тып у кепцы заржаў:
– У Курапаты, бляха, балазе недалёка. Там цябе і закапаем.
Таварыш Жур паморшчыўся.
– Мікалаіч, не пужай паненку. Да вас дадому едзем, Вікторыя, кіно будзем здымаць.
Машыну падкінула на выбоіне, шафёр чартыхнуўся, штурмавік на пярэднім сядзенні ледзь не выпусціў з рук сваю зброю – дула захадзіла з боку ў бок. Таварыш Жур і тып у кепцы прыгнуліся.
– Ой, ё! – вылаяўся штурмавік.
– Палунчанка, ты аўтамат трымаеш, як гаршчок з гаўном! – раўнуў тып у кепцы. – Глядзі, куды цэлішся!
– Вінаваты, таварыш палкоўнік, – спалохана адказаў штурмавік.
Я ўважліва паглядзела на тыпа ў кепцы. Дзіва што гэта фізіяномія здавалася мне смутна знаёмай – ягоны партрэт пастаянна мільгаў на старонках газет, у адрозненні ад супрацоўнікаў спецслужбаў, ён не хаваў сваю асобу. Як я не сцяміла, што гэты гамадрыл – начальнік "гестапіка"?
– Дык дзе, нагадайце, вы трымаеце кнігі? – звярнуўся да мяне таварыш Жур.
– У сумцы пад кушэткай, – адказала я.
– Я так і думаў. Вось на камеру ўсё і раскажаце: як планавалі сваё злачынства, як выкрадалі экзэмпляры са спецсховішча, як зладзілі схованку ва ўласнай кватэры. Здымаць будзем без дубляў, таму рэкамендую вам пачаць рыхтаваць пакаяльную прамову проста зараз.
– Уладзімірыч, а можа, спачатку кватэрнае пытанне? – улез з прапановай таварыш палкоўнік.
– Усяму свой час, Мікалаіч, – сказаў таварыш Жур, ківаючы галавой. – Усяму свой час.
Машына чорным воранам ляцела па кальцавой. Насустрач несліся ліхтары, як шыбеніцы ўздоўж дарогі. Асфальт пабліскваў у электрычным святле. Рэдкія аўтамабілі шарахаліся і туліліся да адбойнікаў, калі мы праязджалі міма. На павароце ў горад машына рэзка спынілася, прапускаючы калону бранятэхнікі. Нейкі "корч", які цягнуўся следам, ледзь не ўляцеў нам у карму. Віскнулі тармазы.
– Крэціны! – пракаментаваў шафёр.
Прапусціўшы бэтээры, машына рушыла па праспекце Пераможцаў. Калі мы праміналі царкву на Вясёлкавай, таварыш палкоўнік здзеў сваю кепку і размашыста перахрысціўся. Супрацоўнікі сілавых структур увогуле вельмі набожныя, кажуць, штурмавікі перад кожным выездам прымаюць благаславенне ад штабнога бацюшкі. На Цімяразеўцы машына павярнула, і хвілін праз дзесяць мы былі на месцы.
Па лесвіцы мы падымаліся ўчацвярых. Наперадзе ішоў таварыш Жур, потым я, за мной штурмавік з аўтаматам напагатове – раз-пораз дула ўтыкалася мне між лапатак, замыкаў шэсце таварыш палкоўнік. Шафёр застаўся ў машыне. У пад'ездзе і на лесвічнай пляцоўцы панавала магільная цішыня, але я проста скурай адчувала, што жыльцы пільна сочаць за намі з-за дзвярэй кватэр, прыпаўшы да вочак. Зрэшты, мне было ўсё роўна. Мы зрабілі, што маглі. Шкада толькі, што мы кожны раз прайграём.
Колькі часу прайшло пасля задушэння Паўстання – дваццаць гадоў, дваццаць пяць? Цэлае жыццё. Я была дзіцём і мала што помню. Галоўным чынам колеры, вобразы. Мора белых і чырвоных стужак, яны былі ўсюды – на вуліцах, на машынах, у вокнах дамоў, іх здзіралі і ўтоптвалі ў бруд, у дамах білі шыбы, а стужкі паяўляліся зноў. Яркія карціны, намаляваныя на сценах будынкаў: палацы ў сцяжках і валошках, буслы з расхінутымі крыламі, віцязі на ўздыбленых конях, прынцэсы ў вышываных кашулях – яны ствараліся невядомымі мастакамі за адну ноч і існавалі некалькі гадзін, пасля іх замазвалі шэрай фарбай, а часам выпальвалі паяльнымі лямпамі. Што яшчэ? Блок-пасты, калючы дрот, аўтаматчыкі ў масках, браніраваныя фургоны з закрачанымі вокнамі. Ноччу ўспышкі і стрэлы, раніцай плямы крыві на асфальце. Увечары імпрэзы ў дварах пры святле каляровых ліхтарыкаў, суседзі выносілі на вуліцу сталы і накрывалі іх талакой – чай, ласункі, потым музыка, спевы і танцы ў коле. Нам здавалася, што мы святкуем народзіны Краіны-Мроі, дзе наш народ будзе жыць шчасліва і свабодна, а насамрэч гэта былі хаўтуры. Штонядзелі людзі выходзілі ў горад гуляць, а потым перасталі, таму што адных забілі, другіх забралі, рэшта ўцяклі, а тыя, што засталіся, маўчаць, як мёртвыя. Краіна-Мроя праіснавала некалькі месяцаў, з жніўня па лістапад, і памерла, закатаваная, у мурах астрогаў. Усяму свету было напляваць. Заходнікі выказалі глыбокую занепакоенасць, на гэтым усё. Неўзабаве пачалася вайна, і пра нас папросту забыліся. Мы так і не здолелі падняцца пасля той паразы. Сёння мы народ з перабітым хрыбтом – паўзі, як рак, скачы, як жаба, не смей падняць вочы, не ўздумай узвысіць голас. Мы не кахаем, таму што хочам памерці, маўчым, бо ненавідзім сябе. Які сэнс ратаваць старыя кніжкі, калі краіна больш не жыве? І на што я разлічвала, калі рушыла супраць Імперыі? Мацнейшых за мяне гэта пачвара ломіць цераз калена, а такіх, як я, душыць адным пазногцем. "Прынамсі, я паспрабавала, – казала я сабе, адлічваючы прыступкі. – Жыла, як дзярмо, хаця б памру не як быдла. Ай, к чорту! Гары яно ўсё ў пекле. У пекле. У пекле!"
Рускі
Я сама адчыніла ім дзверы кватэры. Таварыш Жур і таварыш палкоўнік увайшлі. Штурмавік з аўтаматам стаў пад дзвярыма на лесвічнай пляцоўцы. Я ўключыла святло. Выцягнула з-пад кушэткі сумку з кнігамі, аддала ім. Яны вывалілі кнігі на стол. Мяне пасадзілі на крэсла пад лямпу. Таварыш Жур стаў убаку, сашчапіўшы пальцы на жываце. Таварыш палкоўнік уключыў невялікую лічбавую камеру, якую прынёс з сабой з машыны. Узняўшы галаву, я паглядзела ў аб'ектыў. Выгляд у мяне, напэўна, быў паганы. Зрэшты, людзі на пакаяльных відэа заўжды выглядаюць жудасна – збітыя, у кровападцёках, з вачамі, залітымі пярцовым газам.
– Пішам, – дзелавіта сказаў таварыш Жур.
Я аблізнула вусны – у роце раптам засмягла – і прагаварыла павольна:
– Я, Вікторыя Коваль...жадаю вам здохнуць.
– Так, бляха! – таварыш палкоўнік апусціў камеру.
Таварыш Жур уздыхнуў, хітаючы галавой.
– Вікторыя, Вікторыя, – сказаў ён з дакорам. – Мне здавалася, што ў нас з вамі кансэнсус.
Зайшоўшы мне за спіну, ён узяў мяне за валасы і з сілай ударыў тварам аб стол. Уваччу мільганула маланка, я, здаецца, аслепла на пару секунд. Адкінуўшыся на крэсле, я прыціскала далоні да твару ў спробах спыніць кроў, якая цурком лілася з носу і капацела з падбароддзя мне на плашч. Страху так і не было. Розумам я прыняла тое, што хутка памру, як і тое, што непазбежна зламлюся, калі пачнуцца катаванні, таму што чыста фізіялагічна не вынесу болю.
– Вы, канешне, маеце права адмовіцца ад пакаяльнай прамовы, але майце на ўвазе, што гэта, як чыстасардэчнае прызнанне, палегчыць ваш лёс, – сказаў таварыш Жур.
– Дык што, пішам, ці спачатку пальцы ў дзверы? – спытаў таварыш палкоўнік.
– Не трэба. Пішам, – я адняла рукі ад твару. Кроў не спынялася, у роце стаяў моташлівы металічны смак.
– Адразу б так, Вікторыя, мне не прыйшлося б ісці на крайнія меры, – таварыш Жур абвёў мяне вачыма і скрывіў рот. – Вы выглядаеце, як пабітая прастытутка, прабачце.
Таварыш палкоўнік рагатнуў. Камера зноў запрацавала.
– Я, Вікторыя Коваль... – пачала я.
З-за дзвярэй данесліся прыглушаныя галасы. Штосьці заскрэбла, пачалася нейкая важданіна, затым пачуўся глухі ўдар, як быццам на падлогу шпурнулі з размаху бервяно, загорнутае ў дыван.
– Што там такое?
Таварыш палкоўнік кінуў камеру і пацягнуўся да кабуры ў сябе на поясе. Дзверы расхінуліся. На парозе стаяў расеец у камуфляжнай куртцы. У абедзвюх руках ён трымаў па ствале – у адной рэвальвер, у другой аўтаматычную вінтоўку, адабраную, пэўна, у штурмавіка.
– Здарова, маёр, – сказаў ён, усміхаючыся.
Таварыш Жур пазелянеў. Сцяўшыся, як ад удару, ён стаў павольна адыходзіць углыб пакоя.
– Здрада! – істэрычна закрычаў таварыш палкоўнік.
Ён выхапіў ствол з кабуры, але націснуць на спуск не паспеў. Белы ўскінуў рэвальвер і не цэлячыся стрэліў. Таварыш палкоўнік хіснуўся, яго правая рука павісла, як канчук. Ён з праклёнамі кінуўся пад стол, на хаду перакідваючы зброю ў левую руку.
– Лішэнец, дысідэнт! – прашыпеў таварыш Жур.
Ён сунуў руку пад пінжак. Бліснула сталь.
– Віта, падай! – пачула я.
Крычаў Сташак. Сташак быў тут. Яго ўсё-такі не затрымалі. Распачалася бязладная страляніна. Зазвінела шкло, са сцен пасыпалася тынкоўка. Я адкацілася да кушэткі і скурчылася на падлозе, заціснуўшы вушы далонямі. Нада мной са свістам насіліся кулі. "Гамон кватэрцы, – мільганула ў мяне недарэчная думка. – Цяпер прыйдзецца шукаць новы дом..."
– Віта, Віта! – хтосьці трос мяне за плячо.
Перастрэлка спынілася. У доме стала вельмі ціха. Я расплюшчыла вочы, выдыхнуўшы:
– Сташак!
Ён апусціўся на падлогу поруч са мной, узяў мяне за руку, сціснуў. На ім была куртка чыгуначнага рабочага, падраная на рукаве, з-за рэменя выглядвала дзяржальна пісталета.
– У цябе быў насычаны дзень, праўда, Сташак? – спытала я, ледзь здушыўшы нервовы смех.
– Супакойся, Віта, усё скончылася, – ён прыцягнуў мяне да сябе, абняў. – Цябе катавалі?
Я хіснула галавой.
– Не горш, чым сусед сваю жонку, калі нап'ецца. Нічога, выжыву.
Ён дапамог мне падняцца на ногі. Я агледзелася. У кватэры быў разгром, хоць меншы ўсё ж, чым бывае пасля візіту "гестапікаў". Таварыш палкоўнік курчыўся каля стала. Яго чорная скуранка была прастрэленая ў некалькіх месцах, па масніцах расплыліся плямы крыві.
– А, с-сука! – здушана енчыў таварыш палкоўнік. – Чарноў, я ж цябе сажру!..
Таварыш Жур быў нежывы. Ён ляжаў на падлозе, раскінуўшы рукі і скіраваўшы ашклелы позірк да столі. На яго лбе, акурат між вачэй, чырванела кулявая адтуліна. Над ім стаяў Белы, сціскаючы ў руцэ рэвальвер, і пільна ўзіраўся ў яго застыглы твар. На мяне са Сташакам ён не звяртаў увагі.
– Віта, хутчэй, збірайся! – сказаў Сташак. – Чорт з імі, з рэчамі, бяры грошы і дакументы. Галоўнае, дакументы, спатрэбяцца на мяжы, на тым баку. І кнігі, кнігі!
Мы кідаліся па кватэры, выцягваючы шуфляды, выварочваючы полкі. Я сунула ў сумачку касцяную скарбонку з сярэбранымі кулонамі і пярсцёнкамі, а таксама пачак купюр, перацягнуты гумкай. Усе мае зберажэнні. Напаследак я заскочыла ў ванную і стараючыся не глядзець у люстэрка, спехам паплёскала сабе ў твар цёплай вадой. Крывацёк суняўся, зубы нібыта былі ўсе на месцы, і тое добра.
– Усё, выходзім.
Сташак падхапіў сумку з кнігамі.
– Белы! – паклікаў ён.
Той не азваўся. Нібы зачараваны, стаяў ён пасярод пакоя, утаропіўшы позірк у здранцвелы труп маёра.
– Рускі! – крыкнуў Сташак.
Ён здрыгануўся і змерыў Сташака дзіўным позіркам, быццам не пазнаючы.
– Ды памёр ён, памёр. Пайшлі! – сказаў Сташак і рынуўся да выхаду.
На лесвічнай пляцоўцы я заўважыла яшчэ адно цела, якое нерухома ляжала каля сцяны. Штурмавік у балаклаве. Мёртвы ён быў альбо ў непрытомнасці, я не ведала. Мы скаціліся з прыступак і выбеглі ў двор. Чорная з серабром машына стаяла каля пад'езда. Пярэднія дзверы былі адчыненыя, шафёр сядзеў, ненатуральна выгнуўшыся і закінуўшы галаву. Фуражка з яго зляцела. Ён не рухаўся.
Палі гвалту
Мы подбегам перасеклі двор і далі нырца пад арку між дамамі, за якой цямнеў неасветлены сквер. Пад дрэвамі стаяў сіні, ці то чорны "корч" з патушанымі фарамі, пярэднія дзверы былі прыадчыненыя, за стырном хтосьці сядзеў. Мы з Сташакам уладкаваліся на заднім сядзенні. Сумку з кнігамі я паклала сабе на калені. Белы размясціўся наперадзе поруч з кіроўцам.
– Рабяты, вашу пальбу чуў увесь раён, – сказаў кіроўца. – У нас паўгадзіны, пакуль не перакрылі выезды.
Ён гаварыў шпарка, але з нетутэйшым акцэнтам. "Пэўна, з памежжа – поўдзень, захад?" – гадала я. Кіроўца пстрыкнуў выключальнікам на прыборнай панэлі. У салоне запалілася святло. Цяпер я магла яго разгледзець – дзядзька гадоў сарака, чарнявы і каранасты. Ён быў апрануты, як большасць гараджан, па традыцыйнай "імперскай" модзе, хіба што колеры былі больш прыглушаныя, не такія вырвівочныя, як у кананічным строі: чорныя ў палоску штаны і камізэлька, вулічны шэры пінжак, сіняя кашуля і картуз, зухавата ссунуты на вуха.
– Я ж вас не пазнаёміў, – спахапіўся Сташак. – Віта, гэта Змітро Гарабец. Павязе нас на поўдзень.
– Маё шанаванне, – кіроўца жартаўліва ўзяў пад казырок картуза.
– Змітро, гэта Віта Коваль. Мая... – Сташак запнуўся.
– Ды баба твая. Зразумеў я, зразумеў.
Гарабец, пасміхаючыся, павярнуў ключ запальвання. Завурчаў рухавік. Машына выкацілася на Кальварыйскую, мінула плошчу Пушкіна і паімчала па вуліцы Прытыцкага, цьмяна асветленай ліхтарамі, якія гарэлі праз адзін – эканомія.
– Сташак, яшчэ пяць кніг, – сказала я занепакоена.
Ён падняў з падлогі брызентавы заплечнік, патрос.
– Тут. Усё на месцы.
Я кіўнула:
– Добра.
Мы праскочылі Каменнагорскую на ўскраіне і пакруціўшыся па развязцы, выехалі на трасу. Блок-пастоў на кальцавой я не заўважыла, мабыць, сілавікі яшчэ не прачухалі, што адбылося. Гарабец нездарма казаў, што ў нас паўгадзіны форы.
Машына імчала на поўдзень. Шаша была пустынная – ні фур, ні легкавікоў. Паабапал да самага далягляду цягнуліся рапсавыя палі.
– А вы ведаеце, што з рапсу робяць выбухоўку? – спытаў Гарабец.
Яму ніхто не адказаў. Мы з Сташакам перакладвалі кнігі ў заплечнікі. Панясём іх цераз мяжу, як сапраўдныя кантрабандысты.
– Белы, мы так не дамаўляліся, – сказаў Гарабец, не адрываючы вачэй ад дарогі. – Я ў курсе пра твае звадкі з маёрам, але – чорт! – ты разумееш, што гэта падстава? Калі губернатар дазнаецца, што хтосьці з нашых вальнуў гэбіста...
– Я сам гэбіст, – нягучна адказаў той. – Ехай давай.
Гарабец ударыў па газах, машына вільнула, я схапілася за сядзенне, каб не зваліцца.
– Белы, ты што сказаў? – Гарабец засяроджана круціў стырно, выроўніваючы машыну, якая траха не паляцела ў кювет. – Ты што такое зараз сказаў? Я не пра "ехаць", а раней. Гэта жарт такі, ці што?
Белы маўчаў. Ён сядзеў, скрыжаваўшы рукі, і неадрыўна глядзеў на дарогу. Я бачыла смутнае адлюстраванне яго аблічча ў ветравым шкле. Ён усміхаўся.
– Куды мы едзем, на мяжу? – спытала я, каб перарваць цішыню, якая рабілася нейкай напружанай.
Гарабец пахітаў галавой.
– На мяжу зараз нельга, там войскі па перыметры. Вашы выпусцілі ракеты, ведаеш? Сёння апоўдні, восем штук. Па вяшчальніку пра гэта, канешне, не паведамілі. Ракеты амаль усе пазбівалі, адна такі даляцела, разнесла склад боепрыпасаў пад Беластокам. Кажуць, бабахала доўга, знатны атрымаўся феерверк.
– Вар'яты, – я ўздыхнула. – І што цяпер будзе?
– А нічога не будзе, – упэўнена сказаў Гарабец. – Альянс не адкажа, яны ж не самагубцы. А Еўраўрад выкажа глыбокую занепакоенасць, а потым зробіць, як Дзядуля хоча.
"Дзядулем" негалосна называлі правіцеля Імперыі, а сам ён з нейкай прычыны пазбягаў зваць сябе Імператарам, абраўшы больш нейтральнае Самадзержац.
– І чаго ён хоча? – спытала я.
Гарабец паглядзеў на мяне ў люстэрка задняга віду.
– У цябе што, Інтэрнэту няма? Дык вазьмі ў мяне флэшку, скінь сабе дэшыфратар і чытай навіны без цэнзуры. А лепш я сам раскажу. Дзядуля ваш надумаў падняць расцэнкі на вуглевадароды, заходнікі заўпарціліся, ну, і панеслася. Дзядуля разбушаваўся, стаў тупаць нагамі, грукаць вуткай аб падлогу, гразіць ядзерным трыбуналам. Любіць ён гэту справу. Хутка ўсё скончыцца, вось пабачыш. Заходнікі саступяць. Яны заўсёды саступаюць, абы ціха было.
– А калі не саступяць? – спытаў Сташак, які дагэтуль памоўчваў.
Гарабец паціснуў плячыма.
– Дадому паеду, у Падляшша. Буду з сям'ёй, пакуль не скончыцца вайна. Стасік, не нагнятай! Пустое ўсё.
Далей мы ехалі моўчкі. Мяне загайдала, раз-пораз я правальвалася ў сон, нібы ў прорву – глухі, цяжкі, без вобразаў. За вокнамі плылі палі і пагоркі ў туманным свячэнні зорак, часам дарога зануралася ў лес, і тады з усіх бакоў насоўвалася апраметная цемра, машына скідвала хуткасць і паўзла асцярожна, фарамі намацваючы шлях. Апошні раз я заснула даволі надоўга і абудзілася ад яркага святла. Прыхінуўшыся да шыбы, я ўгледзела наперадзе агні пражэктараў. Па трасе рухалася калона ваеннай тэхнікі: наперадзе лёгкія бэтээры, за імі грузавікі з радарамі, далей тупамордыя цягачы, ашчаціненыя ракетамі, потым грувасткія браніраваныя пачвары на гусенічным ходзе, чыё прызначэнне было мне невядомае. Над калонай матляліся сцягі Імперыі, падсвечаныя пражэктарамі.
Гарабец тыцнуў пальцам у ветравое шкло.
– Во, відалі? На вайну ідуць. Героі.
Ён крутануў стырно, і мы з'ехалі на грунтавую дарогу. Машына заскакала на калдобінах – гэта вам не па шашы ехаць. Мінуўшы поле рапсу, мы перавалілі цераз стромкі пагорак і апынуліся ў балоцістай нізіне, парослай вербалозамі. Далёка на даляглядзе цямнеў лясны гушчар. Гарабец заглушыў рухавік.
– Усё, рабяты, далей самі, – сказаў ён.
Мы выбраліся з машыны і сталі надзяваць заплечнікі. Яны былі адмысловай канструкцыі, з безліччу рамянёў і раменьчыкаў, у якіх я зараз жа заблыталася.
– Дай дапамагу, – сказаў Гарабец.
Ступіўшы да мяне, ён спрактыкаваным рухам падшмаргнуў шлейкі і зацягнуў папружкі, каб ямчэй прыладзіць ношку на спіне.
– Дзякуй, Змітро, – сказала я
Кнігі са спецсховішча ўмясціліся ў трох заплечніках. Адзін з іх узяў Белы.
– Куды зараз? – спытала я.
– На сядзібу, – адказаў Белы. – Перачакаць трэба.
– Сядзіба? – я пытальна зірнула на Сташака.
Ён усміхнуўся:
– Убачыш.
– Ну, рабяты, бывайце, – сказаў Гарабец. – Гілярыі ад мяне прывітанейка, няхай жыве і квітнее вякі вечныя, амэн.
– Перадам, – паабяцаў Сташак. – Змітро, дзякуй табе за ўсё! Жыццём табе абавязаныя.
Яны абмяняліся поціскам рук. Гарабец узняў галаву і паглядзеў на неба, поўнае зорак.
– Зірніце, як Мядзведзіца ззяе, – сказаў ён, усміхаючыся. – Апякунка кантрабандыстаў. Добры знак!
Сховішча
Мы ішлі напрасткі цераз пустку. Ногі вязлі ў балоцістай глебе, па шчыкалатках хвастаў асот. Туфлі мае, хоць і моцныя, разлезліся і напоўніліся вадой, ад панчох засталіся адны лахманы.
– Нічога, Віта, патрывай трошкі, на сядзібе пераапранемся, – гаварыў Сташак.
– А хутка сядзіба? – спытала я няўлад.
– Ды хутка, лічы, дайшлі ўжо, – адказаў Белы.
Я ўзіралася наперад, але бачыла толькі паласу лесу на даляглядзе. Над нізінай курыліся пасмы туману. Паветра было халоднае і свежае, час ад часу падымаўся вецер, шастаў у вербалозах, гайдаў макаўкі асоту. Туман усё гусцеў, рабіўся з празрыста-бялёсага малочна-белым у прожылках чорнага вецця. За смугой мне мроіліся абрысы сабачых морд. На імгненне нейкі цень зацьміў зоркі, як быццам у небе над пусткай завіс гіганцкі дырыжабль. З туману вынырнулі два ганчакі, бліскуча-чорныя, як шоўк, з завостранымі вушамі, і моўчкі, без брэху, заскакалі вакол нас. У руку мне тыцнуўся вільготны нос. Я спынілася ў спалоху.
– Не бойцеся, не крануць, – сказаў Белы.
На краі пусткі ў зарасніках вербалозу з'явілася залацістая кропка, палунала з боку ўбок і стала за дрэвамі, падрыгваючы, як зорка ў аб'ектыве тэлескопа. Белы, які ішоў наперадзе, паскорыў крок. Я ўсвядоміла, што мы рушым на тую стаячую зорку, нібы на святло маяка. Паабапал беглі ганчакі – бязмоўны эскорт сабак-прывідаў.
Хвілін праз дзесяць хады мы выйшлі да закінутай вузкакалейкі. Рэйкі, спрэс у плямах іржы, губляліся ў зарасніках сніткі, між згнілымі шпаламі тапырыўся асот. Па той бок рэек, крыху схаваны за вербалозамі, стаяў домік з пабеленымі сценамі. У адным з вокнаў свяціў залацісты агеньчык.
– Вось яна, сядзіба, – сказаў Белы.
Мы перайшлі вузкакалейку і накіраваліся да будынка. Туман развеяўся. Прывідныя ганчакі, якія праследавалі нас на пустцы, зніклі, нібы растварыліся ў начной імгле.
"Сядзіба" пры бліжэйшым разглядзе аказалася домікам чыгуначнага наглядчыка, пэўна, калісьці тут быў пераезд са шлагбаўмам. На маленькім падворку бялеў бетонны калодзеж, нізенькі ганак быў абсаджаны кустамі бэзу і язміну.
– Гілярыя, – паклікаў Белы, асцярожна пагрукаўшы ў аконную раму.
Агеньчык у акне загайдаўся і знік. Дзверы адчыніліся, на ганак выйшла жанчына сярэдняга веку. У руцэ яна трымала старасвецкі ліхтар з шклянымі акенцамі, у якім гарэла звычайная свечка.
– Чарноў, з'явіўся. Каго прывёў?
Жанчына гаварыла на мове Імперыі чыста і правільна, але не так, як этнічныя – вымаўленне было мякчэй. Яе валасы былі падстрыжаныя, як у мяне, "хвалямі", але апранута яна была не па-мясцоваму: просты вязаны швэдар, свабодныя штаны, чаравікі. Жанчыны Імперыі носяць альбо традыцыйную вопратку, то-бок спадніцы ды сарафаны, альбо строгія гарнітуры па "савецкай" модзе, выйсці на людзі ў штанах лічыцца страшнай непрыстойнасцю.
– Гэта Гілярыя, заходзьце, – скорагаворкай прамовіў Белы.
Ён скінуў заплечнік і аддаў яго Сташаку. Гілярыя адступілася, прапускаючы нас у дом. Я і Сташак падняліся на ганак. Белы застаўся ў падворку разам з жанчынай.
Увайшоўшы, мы апынуліся, пэўна, на кухні – у паўзмроку бялела грубка, паблісквалі дзверцы буфета. На дварэ заляскатаў генератар, пад столлю мігнула, разгараючыся, лямпа. Дом аказаўся значна большым, чым здавалася звонку. Кухня, даволі прасторная, была абсталявана, як музейны куток: грубка з фіранкай, старасвецкі рукамыйнік, грувасткі прысадзісты буфет, маляваны куфар у куце, каля акна круглы стол, вакол зграбныя крэслы з гнутымі спінкамі. Сучаснай выглядала толькі плітка з дзвюма канфоркамі, падлучаная да газавага балона. У глыбіню дома вёў доўгі прамы калідор, які губляўся ў цемры – там, імаверна, было яшчэ некалькі пакояў. Зняўшы ношку, мы апусціліся на лаву, якая стаяла каля сцяны. Я з енкам скінула туфлі, сцёртыя ў кроў ступакі гарэлі агнём. З цёмнага калідора выбеглі тры тоўстыя кошкі з блішчастай поўсцю, белая, шэрая ды рыска, і прыняліся з цікаўнасцю абнюхваць заплечнікі. У прыадчыненыя дзверы я бачыла Гілярыю і расейца. Яны размаўлялі, прыцішыўшы галасы. Ліхтар жанчына патушыла.
– Ты бываў тут раней? – спытала я Сташака.
Ён адмоўна пахітаў галавой.
– Я толькі чуў пра гэтае месца. Тут сховішча для тых, хто бяжыць ад рэпрэсій. Уцекачы на сядзібе застаюцца ненадоўга – дзень, самае большае два. Потым іх вядуць цераз мяжу, а ўжо далей падключаецца Дыяспара.
– "Дарога жыцця"? – прамовіла я, памаўчаўшы.
– Дарога Вялікага зыходу, я б сказаў, – Сташак усміхаўся, ды неяк нявесела. – Нашы ўцёкі пачаліся пасля разгрому Паўстання, і мы бяжым аж дагэтуль. Трэ было адразу брацца за вілы, тады і бегчы не прыйшлося б, ды ўжо як ёсць, так ёсць.
Я спытала:
– Хіба кантрабандысты дапамагаюць уцекачам?
– Вельмі нямногія. Грошай на гэтым не заробіш, а рызыка завялікая.
– А гэты расеец, яму што за інтарэс? Навошта ён тут, дзеля чаго? – дапытвалася я. – Вы з ім сябры, канешне, але...
Сташак махнуў рукой.
– Якія там сябры, так, сукамернікі. А свой выбар ён зрабіў. Яму губляць няма чаго.
Увайшла Гілярыя, паставіла на стол патушаны ліхтар.
– Цяжкая была дарога, нацярпеліся вы, – спагадліва сказала яна. – Не бяды, зараз вады нагрэем, адпачняце.
Жанчына ступіла ў цёмны калідор, пагрукала ў сценку костачкамі пальцаў і паклікала гучна:
– Паўлюк!
За сцяной зашастала, затрашчалі спружыны ложка. Рыпнулі дзверы, на падлогу калідора ўпала палоска святла – як я і меркавала, там размяшчаліся жылыя пакоі. У кухню ўвайшоў хлопец-падлетак гадоў шаснаццаці, рабаціністы і руды, як ірландскі фэйры. На ім была памятая саколка і штаны, ногі босыя. Хлопец цёр кулаком вочы і пазяхаў з усёй сілы, відаць, толькі прачнуўся. Жанчына ўзялася ў бокі.
– Паўлюк, ну ты і спіш! Пад акном з гарматы будуць страляць, а ты не пачуеш.
Я здрыганулася. Гілярыя гаварыла па-беларуску. У нашы дні пачуць жывую беларускую гаворку ўсё адно што ўбачыць прывід, я штораз рэагую ледзь не спалохам.
– Госці ў нас, павітайся, – гаварыла Гілярыя. – І не хадзі басанож, масніцы сцюдзёныя.
Хлопец агледзеў нас з пільнай увагай, спыняючы позірк смарагдавых вачэй то мне, то на Сташаку.
– Вітаю, Паўлюк! – прамовіў Сташак па-беларуску.
Той заўсміхаўся і сказаў:
– Дабранак!
– Распранайцеся, сядайце за стол, вячэра зараз паспее, – звярнулася да нас Гілярыя, перайшоўшы на мову Імперыі.
– Гаварыце па-беларуску, калі ласка, – папрасіў Сташак. – Мы разумеем.
Хлопец важдаўся каля грубкі, адпіхваючы кошак, якія лезлі яму пад рукі. Печ дыміла і ніяк не разгаралася. Гілярыя выцягнула з-пад лавы бодню, наліла ў яе вады з вядра і паставіла на грубку. Адчыніўшы дзверцы буфета, яна стала выкладваць на стол прыпасы – чорны, як зямля, хлеб, слоік мёду, клін белага сыру, кошык курыных яек, перасыпаных саломай, кавалак вяндліны, загорнутай у палатно.
– Расеец з намі не вячэрае? – спытаў Сташак.
Гілярыя распаліла газавую плітку і кінула на агонь патэльню.
– Спіць ён ужо, пад паветкай, як той бяздомнік, даруй Божа, – сказала яна, кроячы сала на дошчачцы. – Ніколі ў доме не начуе і ні вады, ні ежы ў нас не бярэ. Баіцца мроі. Усе яны баяцца.
– Мроі? – перапытала я.
– Мерачанне па-іхняму, вар'яцтва шаманаў, – адказала Гілярыя. – Ён думае, што мы тут займаемся ледзь не чорнай магіяй.
– Баіцца, што Гілярыя ператворыць яго ў жабу, – сказаў Паўлюк. Ён сядзеў на падлозе каля печы, якая нарэшце разгарэлася, і са здавальненнем глядзеў на агонь. – То добра, што ён у хату не ідзе. Я б з ім за адным сталом не сеў.
– Паўлюк! – з дакорам сказала Гілярыя.
– Ну не люблю я іх, – Паўлюк рассеяна гладзіў па спінцы рыску, якая, варкочучы, уладкавалася ў яго на каленях. – І штурмавікоў не люблю, і гэтых, з цывільнай гвардыі. "Гестапік" ён і ёсць "гестапік".
– У тваім узросце я гэтаксама разважала, – адказала Гілярыя, памешваючы відэльцам сала на патэльні. – Толькі пазней я ўсвядоміла, што трэба шукаць чалавека. Усюды шукаць чалавека – за прапагандай, за ўніформай, за плакатамі гэтымі з лозунгамі. Разумееш?
– А калі чалавека ўжо няма, адно фуражка з формай? – стаяў на сваім Паўлюк.
– Ёсць і такія, але іх няшмат, – Гілярыя паставіла на стол патэльню, на якой сквірчэла яешня з салам. – Годзе балбатаць, давайце вячэраць.
Мы са Сташакам накінуліся на ежу, як ваўкі. У той дзень я амаль нічога не ела, і цяпер адчувала проста звярыны голад. Пад сталом круціліся кошкі. Гілярыя завіхалася каля пліты, запарвала гарбату ў старасвецкім імбрыку з ружамі на бачках. Паўлюк жаваў хлеб, акунаючы яго ў мёд, употай ад Гілярыі адломліваў кавалачкі сыру і кідаў кошкам
– Скажыце, Гілярыя, вы ж з мясцовых? – спытала я.
Яна кіўнула.
– Тутэйшыя. Я з Міншчыны, а Ігнась, муж мой, з Браслава. Ён зараз на мяжы, вернецца хутка. А гэта Паўлюк. Пляменнічак, – Гілярыя з усмешкай зірнула на хлопца.
– На мяжы небяспечна, вайна пачалася, – сказаў Сташак.
Жанчына ўздыхнула.
– Ды ведаем мы. Самадзержац, дзядок з дзівацтвамі, захацеў пагуляцца ў салдацікі. Ахвяры будуць, але што яму да гэтага? Людзей у Імперыі душаць, як прусакоў.
– Прапаганда гаворыць, што заходнікі абстралялі атамную станцыю і ўчынілі разню ў гарнізоне, – сказала я.
– Хлусяць! – цвёрда адказала жанчына. – Заходнікі не нападуць першымі, яны не самагубцы. Імперыя загразла ў хлусні, вінаваціць іншых у тым, што дзее сама. Заўсёды так было.
– А многа людзей бяжыць з Імперыі? – пацікавіўся Сташак.
– Гэты дом рэдка пустуе, – адказала Гілярыя.
Я спытала:
– Расеец раней прыводзіў сюды ўцекачоў?
– Здаралася, – сказаў Паўлюк. – Ён і Змітро Гарабец. Гэта толькі па нашым кірунку. Такіх сядзіб у Акрузе многа, вы ведалі?
– Скажыце... – прагаварыла я. – А сярод уцекачоў былі...расейцы?
Гілярыя і Паўлюк пераглянуліся.
– Не, – сказала Гілярыя. – З этнічных ні аднаго.
Пакуль мы вячэралі, у бодні нагрэлася вада. Гілярыя паказала нам закутак за печчу, адгароджаны занавескай з матавай плёнкі. На ўслончыку стаяла бляшаная балейка з каўшом, поруч мыйныя прыналежнасці з крамы і вялікі кавалак мыла ручной работы, на кручках ручнікі і вяхоткі.
– Вы ўжо даруйце, што ў нас так, без выгод, – сказала Гілярыя. – Сядзібка новая, мы толькі пачалі тут асвойвацца.
– А са старой што сталася? – спытала я.
– Адтуль прыйшлося сысці, бо Імперыя падабралася занадта блізка.
Мы са Сташакам вымыліся па чарзе. Гарачай вады было досыць, каб змыць з сябе дарожны пыл і замыліць бялізну. Паўлюк прыцягнуў кучу вопраткі і некалькі пар абутку. Сташак скруціў у рулон сваю куртку чыгуначніка і апрануўся, як Белы, у камуфляж. Я помніла, што пры Сташаку быў пісталет, калі мы ўцякалі з горада, адбіўшыся ад сілавікоў, зараз ён быў без зброі, мабыць, перахаваў, пытацца я не стала. Пакорпаўшыся ў вопратцы, я выбрала пару чаравікаў належнага памеру, надзела свабодную мяккую кофту з капюшонам і вельветавыя штаны – не мужчынскія, яны былі скроеныя адмыслова на дзявочую фігуру. У Імперыі такога не шыюць. Дамскіх штаноў тут не існуе ў прынцыпе, выключэннем з'яўляюцца касцюмы для фізпадрыхтоўкі, сінія і страшныя, аднолькавага фасону і для мужчын, і для жанчын.
– А ты папрыгажэла, – сказаў Сташак, агледзеўшы мяне з галавы да ног.
– Цяпер галоўнае не трапіцца "гестапікам", – адказала я са смехам. – За такі выгляд яны мяне спаляць жыўцом.
Бессань. Вайна
Гілярыя правяла нас у пакой, размешчаны ў глыбіні калідора. Пакойчык, малы, але ўтульны, быў абсталяваны, як нумар у прыстойнай гасцініцы – два ложкі, камода з люстэркам, пара крэслаў, дыванок на падлозе, занавескі на вокнах. Хораша пахла драўнінай і сухімі зёлкамі. Пажадаўшы нам добрай ночы, Гілярыя сышла. Сташаку пашанцавала, ён заснуў сном праведніка, ледзь толькі галава яго дакранулася да падушкі. Я ляжала на ложку і катавалася, не ў стане заплюшчыць вачэй. Вар'яцкі быў дзень, вар'яцкі. Так многа падзей. За адны содні пражылося цэлае жыццё. Здрада, забойства. Уцёкі з асаджанага горада. Вайна... Мяне трывожыў лёс прафесара Сямашкі. Арыштаваны, пэўна, ужо ў турме, і ў гэтым ёсць доля маёй віны. Што тут можна зрабіць, як выратаваць?..
Дзесьці ўдалечыні пачулася працяглая грымота, і ў небе зашугалі барвовыя зарніцы. Зноў загрымела, захлопалі частыя выбухі. Гэта не навальніца. На імгненне зелянявы выбліск асвяціў пакой, і распачалася страляніна доўгімі чэргамі, з посвістам. Раўнула гармата, за ёй яшчэ адна. Іх вуханне злілося ў суцэльны натужлівы брэх.
Я не стала будзіць Сташака. Саскочыўшы з ложка, я падбегла да акна і прыхінулася да халаднаватай шыбы, але ўбачыла адно зараснікі язміну, азораныя чырванаватым свячэннем. Я накінула на плечы куртку і выйшла з дому. На ганку я ледзь не сутыкнулася з Белым. Ён сядзеў на прыступках, круцячы ў пальцах цыгарку, і неадрыўна глядзеў у бок гарызонту. Над лесам падымалася барвовае зарыва. Удалечыні грымела і вухкала, брахалі гарматы.
– Пачалося, – прамовіў расеец, нават не зірнуўшы на мяне.
– І колькі будзе доўжыцца?– спытала я ў тон яму.
– Пакуль у заходнікаў не скончацца запасы вуглевадародаў. Адразу ж абвесцяць капітуляцыю, нікуды не дзенуцца. Да Самадзержца на каленях прыпаўзуць, будуць пяткі яму лізаць, каб адкруціў вентыль.
– А калі не прыпаўзуць?
Ён скоса зірнуў на мяне, усміхнуўся.
– Ну, тады нафту будзем жраць замест хлеба.
Я прамаўчала. Збольшага ён меў рацыю. Моц Імперыі трымаецца на прыродных рэсурсах і ядзернай зброі. Ёсць і трэці стоўп – догма аб выбранасці. Народу, абранаму Богам, дазволена ўсё – хлусіць, красці, гвалціць, забіваць. Ідэалогія, разлічаная на ўнутранае спажыванне, але працуе бездакорна.
– Ішла б ты спаць, душапрыказчыца, – прагаварыў расеец.
– Не спіцца.
– Што, думкі неадчэпныя?
Я кіўнула.
– І аб чым думаеш?
– Лявон Сцяпанавіч, – адказала я глуха. – Прафесар Сямашка. Па яго прыйшлі сёння, ці ўжо ўчора. Гэта я вінаватая. Мы ў гасцёўні сядзелі, гутарылі...занадта смела, а дом быў на праслушцы.
Я ўспомніла аранжарэю з ружамі, і мне сціснула горла. У доме прафесара пабываў "гестапік", а гэта значыць, усё разгромлена, кветкі паламаныя. А ён клапаціўся аб ружах, як аб уласных дзецях.
– Прафесара маёр распрацоўваў, – безуважна прамовіў Белы. – А да цябе цэлы палкоўнік быў выехаў, допыт ладзіць. Сурова ты, маць, тэрарыстка самая сапраўдная. Куды да цябе мне, бічары.
Я хмыкнула.
– Атож. Вязаць палітычнага заўсёды выязджае цэлы ўзвод. Сташака так бралі.
Я апусцілася на прыступку побач з Белым і ўтаропілася на палаючы гарызонт.
– Грады ўступілі, чуеш? – спытаў ён.
– Я іх не адрозніваю, – адказала я. І павагаўшыся хвілю, спытала наўпрост: – Даўно цябе вербанулі?
– Год таму, – коратка сказаў ён. – Не па маёй волі. А інфарматараў у нас, як дзярма за лазняй. Не я першы, не я апошні.
– Спецслужбы ведаюць пра гэту сядзібу?
Белы сцепануў плячыма.
– Калі і ведаюць, то не праз мяне. Бачыў я такіх ссучаных, што на сваіх стучаць. Лепш адразу ў капцёрцы ўдавіцца.
Белы шчоўкнуў запальніцай, закурыў. Зрабіўшы глыбокую зацяжку, ён на пару секунд затрымаў дым у лёгкіх, выдыхнуў. Дымок быў не тытунёвы – пахла вострай жывіцай і чымсьці экзатычным, саладжавым. "Мешань", – здагадалася я. Сумесь сінтэтычных парашкоў, якую вязуць з Усходу, прадаецца з-пад прылаўка ў любой аптэцы і ва ўмеранай колькасці лічыцца карыснай для здароўя. Увогуле ад мешані эфект, як з "чарнільца", ад лёгкай весялосці да галюцынацый з зялёнымі чарцямі ў залежнасці ад дозы, хіба што пахмелля няма. Я карыстала з зелля пару разоў, за часамі студэнцтва, дзеля бадзёрасці, калі рыхтавалася да іспытаў, і штораз пужалася, убачыўшы сябе ў люстэрку. Вочы рабіліся, як чорныя дзіркі.
– Хаця, па шчырасці, думка ў мяне была, – павольна сказаў расеец. – На рабят з кур'ерскай я не стукануў ні разу, але палітбежанцы – гэта справа асобная. За "Дарогу жыцця" мне б выйшла поўная амністыя, без паражэння ў правах. Хочаш, у Маскву, хочаш, у Піцер. У мяне грошай падсабралася. Зажыў бы, як даўней, як быццам не было нічога. Я так сабе думаў: зраблю апошнюю ходку і пайду да куратара. З даносам, ну, як сука лагерная. Не сваіх жа буду здаваць, а нацыкаў гэтых, адж...адраджэнцаў. Тэрмін сам сабе прызначыў – восенню, самае позняе ў кастрычніку. Ведаеш, як "восень" па-фінску? Рус-ка.
Ён гаварыў, зацягваючыся зеллем, і позірк яго цьмянеў, нібыта вочы знутры залівала цемрай.
– Дзякуй, што не здаў, – прагаварыла я.
– Ніхто не ведае, адкуль узялася гэтая дрэнь, – сказаў ён, быццам не пачуўшы. – У вольнапасяленцаў ёсць такая байка...нібыта гэта скамянелы прах старога свету. Усяго, што памерла і згніло ў зямлі ажно з часоў Тварэння.
– Ты пра што? – спытала я.
– Бізантыт, цар-камень. Гэта...найрэдкае паскудства. Яго перавозяць у свінцовых кантэйнерах. Калі хоць дробка патрапіць у глебу ці ў ваду, усю акругу прыйдзецца эвакуіраваць. Ты бачыла бізантытавыя шахты?
– Якія шахты?
– Я бачыў. Там пустыня наўкол. І пасёлак каля вусця шахты, усюды калючы дрот і вышкі з аўтаматчыкамі. Канешне, там ёсць вольнанаёмныя. Ахоўнікі, ваенныя, горныя інжынеры. Яны змяняюцца кожныя паўгода. Вучоныя падлічылі, паўгода – гэта крайні тэрмін. Потым цела пачынае гніць жыўцом, і звонку, і знутры. Ад цар-каменю. Я там прабыў восем гадоў. Сам не знаю, чаму я не здох.
Я маўчала. Ён яўна пачаў загаворвацца. Зелле часам так дзейнічае – думкі блытаюцца, і чалавек вярзе несусветную лухту. Некаторыя, кажуць, так вершы пішуць. Белы зрабіў апошнюю зацяжку і кінуў недапалак сабе пад ногі.
– Яны там дохнуць, як мухі, – сказаў ён адрывіста. – Дохнуць пачынаюць яшчэ ў дарозе. Там могільнік за пасёлкам. Цягнецца далёка ў пустыню. Іх хаваюць без труны, проста запіхваюць у мех і закідваюць пяском. Уся пустыня нашпігаваная трупамі. Яна чорная ўся. Чорныя пяскі і базальтавыя скалы над імі. І калючкі яшчэ там, знаеш, свалачныя такія, жывыя, драпежныя. Яны варушацца, як пальцы, а на сцёблах у іх адчувальныя плямы, яны адрозніваюць святло і цені. А з неба зрываюцца аскепкі зорак. Падаюць у пясок, рыюць у ім разоры. Уся пустыня ў зорках.
Голас яго сарваўся. Ён замоўк, схіліўшы галаву.
– Белы... – паклікала я.
– У адной дробцы бізантыту сотня жыццяў, – прамармытаў ён невыразна. – А яны яго купляюць. Гэтыя атлусцелыя... Ім пляваць. Не нажруцца ніяк. Ведаеш, Візантыя і Захад, яны... Ну, як тыя кірмашовыя блізняты, у якіх адна башка на дваіх. Калі аднаго прыкончыць, другі сканае праз пару хвілін.
Я паднялася на ногі і асцярожна ўзяла яго пад локаць.
– Белы, давай я адвяду цябе ў дом, – сказала я.
Ён млява адмахнуўся.
– Не-е-е… Не трэба. Ты ідзі. Ідзі. Спі. Я тут пабуду.
Я ўздыхнула і вярнулася ў сядзібу.
Зацішша. Мроі
Рэшту ночы я правяла без сну. Баі на мяжы доўжыліся да світанку, і заснуць я змагла, толькі калі ўсё сцішылася.
Абудзілася я недзе апоўдні. Ложак Сташака быў пусты. У акно скрозь вецце пажоўклага язміну свяціла сонца, на дварэ пераклікаліся каўкі. Дзень быў ціхі і ясны, у небе ні аблачынкі, усё дыхала мірам і супакоем. Дзверы пакоя былі прыадчыненыя, з кухні даносіліся прыглушаныя галасы. Я спусціла ногі на падлогу – дотык гладкіх, нагрэтых сонцам масніц быў прыемным – і не абуваючыся, выйшла ў калідор.
На кухні Сташак і незнаёмы мужчына гаманілі, седзячы за сталом. Упоперак стала ляжала вайсковая вінтоўка. Мы павіталіся.
– Ігнась, – прадставіўся мужчына.
Гаспадар сядзібы быў, як і Гілярыя, сярэдняга веку, ладна скроены, хударлявы, волас меў русы з сівізной, аблічча загарэлае да бронзы, а вочы светлыя, усмешлівыя. Пышныя, да падбароддзя, вусы рабілі яго падобным да Францішка Багушэвіча, калі б толькі паэт апрануўся ў паношаны швэдар і камуфляжныя штаны ды, зашнураваўшы берцы, з вінтоўкай на плячы выправіўся правяраць мяжу.
– Там хаос, – Ігнась гаварыў па-расейску, вымаўляючы словы мякка, па-тутэйшаму. – З нашага боку білі спярша дальнабойнымі, потым пайшлі ў лабавую. Весела пайшлі, з песняй, ледзь не баяны цягаючы. А там падляскае войска, каліноўцы, яны першыя рвуцца ў бой. Знатна ўламілі, атрымаў цар-людажэр па жалезных зубах. Войскі, добра пашматаныя, зараз адпаўзлі да Брэста, мяжа амаль не ахоўваецца. Пад агароджай сноўдаецца ўсякая шушамець, марадзёры ды іншыя, многія ўзброеныя.
– Пакуль зацішша, можна рызыкнуць, – сказаў Сташак.
Гучала надта ўжо аптымістычна, асабіста я не ўяўляла, як мы будзем прарывацца цераз мяжу, цяпер, пад гарматамі, але і дарогі назад у нас не было.
– А дзе Гілярыя і Паўлюк? – спытала я.
– Водзяць мроі, – адказаў Ігнась.
Я не зразумела.
– М-м-м, як жа гэта патлумачыць… – Ігнась пабарабаніў пальцамі па стальніцы. – Ды самі зірніце.
Ён кіўнуў на дзверы.
Я выйшла на ганак. На прыступках, нагрэтых восеньскім сонцам, драмалі кошкі. Воддаль на пустцы, па той бок вузкакалейкі, я ўбачыла Гілярыю з пляменнікам. Плячо ў плячо яны няспешна крочылі па забалочанай нізіне. Паўлюк трымаў у руках бліскучую металічную чашу, накшталт тых, якімі карыстаюцца святары падчас храмавых цырымоній. Жанчына акунала ў чашу пэндзаль-крапіла і пырскала вадой у неба і на зямлю, на захад і на ўсход.
– Гілярыя водзіць мроі вакол сядзібы, апоўдні і апоўначы, – сказаў Ігнась, калі я вярнулася ў дом. – Морак наводзіць, так яшчэ можна сказаць. Таму хата не бачная ні з зямлі, ні з паветра. Прайсці сюды можна, толькі калі мы запальваем ліхтар, у ім знічка бэтлеемская. І ганчакі па перыметры – Стаўры ды Гаўры, Гаўры ды Стаўры. Добрыя вартаўнікі, зладзеяў не прапусцяць. І ў самой сядзібе мроя, мо вы заўважылі, як тут кантынуўм гуляе, якія каленцы выкідвае? Звонку глянеш – халупа наглядчыка, а ўвойдзеш – танцаваць можна.
– Вядзьмарства? – ахнула я.
Ігнась засмяяўся.
– Ды якое там вядзьмарства. Трэба проста ў Бога верыць.
– Гледзячы ў якога Бога, – заўважыў Сташак.
– І тое праўда, – пагадзіўся Ігнась. – У імперцаў ён свой, адмысловы, больш да Д'ябла падобны. А можа, сам Д'ябал і ёсць. І яны па падабенству ягонаму.
– Не ўсе, – запярэчыў Сташак.
Ігнась пахітаў галавой і сказаў, пасміхаючыся:
– Цемра ў іх Візантыйская. А ў астатнім людзі як людзі.
На сядзібе мы затрымаліся да ночы. Чакалі расейца. Ён сышоў на досвітку, пакуль я спала. Мне зрабілася млосна, калі Сташак паведаміў, што аддаў яму ўсе нашы грошы і дакументы.
– Сташак, ты ў сваім розуме?! – выклікнула я, не стрымаўшы пачуццяў.
– Віта, так трэба. Неабходна зрабіць рабочыя візы і рублі абмяняць хаця б на юані, на Захадзе нашы грошыкі, як рэзаная папера.
– Чорт, ну нельга быць такім даверлівым! Адкуль ты ведаеш, што ён увогуле вернецца? Якія яшчэ візы? – гаварыла я з прыкрасцю.
– Віта, не крычы, – адказаў ён спакойна. – Пра Захад расказваюць розныя жахі, там нібыта мужчыны ўсе спрэс садаміты, ходзяць у панчохах і туфлях на абцасах, а жанчыны выразаюць сабе ўлонні, каб не нараджаць дзяцей. Гэта перабольшанне, канешне. А праўда ў тым, што заходнікі тыя яшчэ бюракраты, не лепш за нашых. Бежанцаў без дакументаў могуць прыняць, а могуць і не прыняць. Белы казаў, што такое здараецца. Уцекачоў па некалькі месяцаў трымаюць у міграцыйным лагеры, а пасля адпраўляюць назад у Імперыю без тлумачэння прычын. Гэта смяротны прысуд, сама разумееш. А мы пойдзем з рабочымі візамі, то-бок зможам адразу ўладкавацца на працу, зняць жыллё. Не хвалюйся, Віта, ён вернецца. Я яму давяраю.
Белы вярнуўся на зыходзе дня. Ён зайшоў у кухню, кінуў на стол гатовыя візы.
– Чуеш, Віта, – сказаў ён, не гледзячы на мяне. – Прафесар гэты ваш...ён на Акрэсціна. Я, значыцца, Сяржуні маякнуў, ну вертухаю гэтаму, а ён сваім перадаў, каб за ім там прыгледзелі, у сэнсе, жратва каб, нары з матрацам, каб не крыўдзіў яго ніхто. І яшчэ звязаўся я з судзебным адным, з Масквы, нармальны мужык, вядзе палітычныя справы, ён прафесарам зоймецца. Карацей, выпусцяць хутка прафесара, пад падпіску, а там яго Гарабец падхопіць.
Ён паспешліва выйшаў з дома, перш чым я паспела вымавіць словы падзякі.
Мы са Сташакам збіраліся ў шлях, надзявалі заплечнікі з кнігамі. Гілярыя каля калодзежа набірала ваду ў пляшкі, нам у дарогу. Гаспадар з пляменнікам зараджалі ружжы. Яны падахвоціліся нас праводзіць, але толькі да лесу, далей павядзе Белы. Ігнась паклаў на стол чахол з разабраным ствалом і кіўнуў пляменніку: "Збірай!" Ружжо, мабыць, савецкай вытворчасці, мела складаную канструкцыю – цэлы россып металічных і драўляных дэталей. Паўлюк браў іх адну за другой і досыць спрытна складваў, падкручваў, бачна было, што яму не ўпершыню мець справу са зброяй. Ігнась назіраў з выглядам настаўніка, пахвальна ківаючы галавой ды часам робячы заўвагі альбо падказкі, што да чаго прыштукоўваць. Яны размаўлялі па-беларуску. Белы стаяў на парозе, прыхінуўшыся да дзвярэй, і напружана ўслухваўся ў іхнюю гутарку, але, здаецца, не разумеў ні слова.
– Гатова! – выклікнуў Паўлюк. Ён ускінуў на плячо сабранае ружжо і паглядзеў у прыцэл, скіраваўшы дула да столі.
– І ў каго ты збіраешся страляць, вось на пустцы? – прагаварыў Белы.
– Балотныя рысі, – адказаў Паўлюк, лёгка перайшоўшы на расейскую. – Забіваць іх нельга, але калі ўбачыш, што такая халера на цябе прэ, хапай ружжо ды смалі ў паветра са ўсёй дуры, тады яна пакрыўдзіцца і сыдзе. Страшныя звяругі, вымахваюць да памераў расамахі.
Белы хмыкнуў.
– Ты хоць яе бачыў, тую расамаху?
Паўлюк заўсміхаўся, паказаўшы няроўныя белыя зубы.
– Бачыў надоечы. Хадзіла вакол сядзібы, пагранцоў убіенных аплаквала.
Белы прыкрыў вочы далонню, плечы яго затрэсліся – ён смяяўся.
– Павел, даўно хацеў хацеў спытаць – ты нармальны?
– А ты? – адпарыраваў Паўлюк.
– Чарноў, ты не стой на парозе, – умяшаўся Ігнась. – Давай, туды альбо сюды.
Расеец адступіў на ганак, з бразгатам зачыніўшы за сабой дзверы.
– От жа!.. – Ігнась пакруціў галавой.
– Вайна хутка скончыцца, а вось потым будзе цікава, – сказаў Паўлюк па-беларуску. – Я так адчуваю.
– Значыць, так і будзе, – прамовіў Ігнась. І дадаў, звяртаючыся да нас са Сташакам: – Гілярыя мроі навучаная, а пляменнічак мройнік ад нараджэння. Такія справы.
Мы выйшлі апоўначы. Я ў думках развіталася з кошкамі, з зачараванай сядзібай, з Радзімай, якую ахіналі светлыя мроі і чорныя кашмары, ды з усім сваім ранейшым жыццём. Наперадзе была мяжа.
Брат мой
Раўніна ў тумане, ён шчыльны, як вата, быльнік па шчыкалатку, увесь у кроплях вільгаці, у небе за хмарамі цьмее світанак. Крочу шпарка, зрываючыся на бег, гляджу сабе пад ногі – зямля ў выбоінах, потым наперад, каб не згубіць з вачэй Белага. Яго заплечнік маячыць на адлегласці выцягнутай рукі, то знікаючы, то вынырваючы з туману, і мне здаецца, што я ганюся за прывідам. За мной ідзе Сташак, я чую шоргат травы ў яго пад чаравікамі. Час ад часу ў шэрым мораку паказваюцца каркасы браніраваных машын – перакуленыя гарматы са звернутымі жароламі і парванымі гусеніцамі, пакарабачаныя згарэлыя бэтээры колеру іржы. Да загароды застаецца зусім нямнога.
Мы выйшлі апоўначы ў спадзеве дабрацца да мяжы перад світаннем. Спачатку ўсё ішло нядрэнна. Мінуўшы балоцістую пустку, мы занурыліся ў гушчар, дзе доўга кружлялі дзіковымі сцежкамі, потым рушылі па прасецы нядзейнай лініі электраперадачы, пад іржавымі мачтамі, што гратэскава паўставалі на тле зорнага неба, а ўяўленне дамалёўвала ім доўгія гнуткія шчупальцы, як у рамане "Вайна сусветаў". Прасека вывела на ўзлессе. Наперадзе была плоская раўніна – памежная зона абсягам у дзесяць кіламетраў, далей загарода і нейтральная паласа – наш паратунак. Не паспелі мы зрабіць і сотні крокаў, як на раўніне пачалася страляніна. Я ўбачыла ўспышкі і дым, пасля ўдарылі чэргамі. Хто па кім страляе, вызначыць было немагчыма, імаверна, цэллю былі мы, альбо гэта быў працяг учорашніх баёў, і мы толькі выпадкова трапілі па кулі. Ісці далей было б самагубствам.
Мы адпаўзлі ў закінуты ангар каля ўзлесся – "Стратэгічны сарайчык", як сказаў Белы, і да світанку праляжалі плазам на бетоннай падлозе. Калі я ўзнімала вочы, то бачыла ў аконных праёмах начное неба, скрэсленае святлівымі палосамі. Часам кулі ўразаліся ў бляшаныя сцены ангара, пакідаючы глыбокія ўмяціны, і тады я адчувала, як поруч мяне ходзіць смерць, але я гатова была лепш памерці, чым вяртацца назад. Пад раніцу ўсё сцішылася, і раўніну ахутала шчыльная смуга. Белы сказаў, што трэба прарывацца да загароды. Туман быў неблагім прыкрыццём.
Наша гонка доўжылася ўжо добрую гадзіну. Вось і прыдаліся мае бегавыя трэніроўкі – "яшчэ шэсць хвілін і пойдзеш! паўкіламетра і пойдзеш!" – хіба што мне ні разу не даводзілася бегчы па купінах, у густой траве, з бачнасцю ў паўтара метра. Спыніліся мы толькі аднойчы, калі ззаду пачуўся гуд рухавіка, і прамень пражэктара прарэзаў туман. Белы выцягнуў рэвальвер і зрабіў некалькі стрэлаў, цэлячыся ў пражэктар. Святло згасла, рухавік заглух на імгненне, пасля, раўнуўшы, запрацаваў ізноў, і яго татаканне стала імкліва аддаляцца. Невядома, хто гэта быў – ваенныя, грамадзянскі патруль або звычайныя марадзёры, але яны адышліся, вырашыўшы з намі не звязвацца, бо хто ведае, колькі ўзброеных людзей хаваецца ў тумане. Аднак яны маглі вярнуцца з падмацаваннем, і нам трэба было спяшацца.
Мы перамахнулі цераз равок, пракапаны ўздоўж лініі мяжы, і перад намі паўсталі шэрыя слупы загароды з нацягнутымі паміж імі радамі калючага дроту. Звычайна загарода знаходзіцца пад напружаннем, але цяпер ток быў адключаны, дрот безжыццёва вісеў на слупах, на ім паблісквалі кроплі вады. Я разгледзела ў смузе металічны корпус трансфарматара, ён быў чорны ад куродыму і злёгку аплаўлены. Слупы загароды каля трансфарматара былі паваленыя, дрот разадраны і ўбіты ў глебу. Можна было толькі здагадвацца, што тут адбылося – ці то пацэліла снарадам, ці то баявыя машыны прайшліся таранам. "Сюды!" – сказаў расеец. Адно за адным мы праслізнулі ў пралом, імкнучыся не наступаць на абрыўкі калючага дроту, раскіданыя па зямлі.
Апынуўшыся на нейтральнай тэрыторыі, мы запаволілі крок. Перад намі ляжала пляскатая раўніна, зрытая снарадамі і гусеніцамі бранятэхнікі. Панішчаных баявых машын з гэтага боку мяжы не было, прынамсі, я не ўгледзела ніводнай. Гуськом, след у след, мы ішлі скрозь шчыльны туман. Рухацца даводзілася ледзь не навобмацак, балазе Белы добра ведаў гэтую мясцовасць. Тут знаходзіўся адзін з бяспечных участкаў мяжы – "акон", якія кантраляваў асабіста губернатар. У пэўны час у памежнай зоне пераставалі хадзіць патрулі, камеры сачэння трансліравалі фальшывую карцінку, а на базе не спрацоўвала сігналізацыя, калі на загародзе прападала электрычнасць. Пагранічнікі дзейнічаюць у хаўрусе з кантрабандыстамі яшчэ з часоў "мігранцкіх войнаў", пра якія тут не любяць успамінаць.
Мы прайшлі недзе з паўкіламетра, калі я ўбачыла наперадзе высокую шэрую сцяну, якую я спачатку прыняла за крэпасць, збудаваную проста пасярод раўніны.
– Яловы лес. Зараз зробім прывал, – сказаў Белы.
У гушчары пад скляпеннямі дрэў панаваў паўзмрок, як у гатычным храме. Глеба была рудаватай ад апалай ігліцы, з яловых лап зрываліся кроплі вады, вяршыні губляліся ў смузе. Мы знялі заплечнікі і ў знямозе расцягнуліся на смарагдавым моху, мяккім, нібы пярына.
– Воўчак, ствалы трэба скінуць, са зброяй далей нельга, – сказаў расеец. – І пашпарты падрыхтуйце, у заходнікаў з гэтым сурова.
– Пачакай, Белы, дай аддыхацца, – папрасіў Сташак.
Ён выцягнуў з-за пазухі пляшку з вадой, адпіў з яе колькі глыткоў, працягнуў мне. Вада была летняя, з прысмакам медзі. Наталіўшы смагу, я перадала пляшку Беламу. Кіўнуўшы ў знак падзякі, ён паднёс пляшку да вуснаў і прыняўся піць прагна, смакуючы кожны глыток. Я сядзела, прыхінуўшыся да шурпатага ствала яліны, і моўчкі глядзела на яго. Прывал быў зроблены выключна дзеля нас са Сташакам. Яму самому адпачынак быў не надта і патрэбны – пасля шалёнай гонкі па раўніне ў яго нават не збілася дыханне. Ён не выглядаў выматаным, хаця, пэўна, толкам не спаў апошнія некалькі сутак. Нават п'яныя дэбошы – а напіваўся ён карцінна, як ёсць, так ёсць, – праходзілі для яго амаль без наступстваў. Зайздросная жыццяздольнасць, палкай не заб'еш. Але і такіх, як ён, Імперыя ламала цераз калена. Сташак мне расказаў. Тая начная гутарка з Белым не ішла ў мяне з галавы, і назаўтра я спытала Сташака, ці не гаварыў ягоны былы сукамернік, пры якіх абставінах ён атрымаў метку "палітычнага"? І ці ён сапраўды – крымінальнік? Сташак пачаў здалёку:
– Віта, у нас з табой даволі цынічнае стаўленне да Імперыі і тытульнай нацыі, што натуральна ў бягучых абставінах. Таму ўяві, што зараз гутарка вядзецца не пра Імперыю, а дапусцім, Трыдзявятае царства, дзе ўладарыць цар-псіхапат. І людзі, пра якіх я табе расказваю – не "этнічныя", а…проста людзі. Проста жылі. Ім было пляваць на палітыку. Яны цешыліся жыццём, працавалі, кахалі, нараджалі дзяцей. Пасмейваліся з прапаганды і нават трохі лаялі цара. Лаялі, канешне, з асцярожнасцю і толькі ў коле блізкіх сяброў, якім можна давяраць. Але і тут можна натрапіць на даносчыка.
Дык вось, аднойчы ў Трыдзявятым царстве, у самім стольным горадзе ладзілі свята – вясёлы фэст. Адзначалі гадавіну нейкай чарговай сваёй перамогі невядома над кім. На Краснай плошчы сабраўся натоўп, які весяліўся і лікаваў. Грымелі аркестры, луналі штандары, а з Крамлёўскай сцяны Самадзержац вітаў свой адданы народ. Вітаў, седзячы ў вазку, бо ноч быў не спаўшы, усё аб народзе думаў і пад ранак так стаміўся, што ногі не трымалі. Непасрэдна за вазком размяшчалася сядзелка, ды не простая, а з пагонамі і табельным пісталетам, схаваным пад фартушком.
Усё ішло па графіку і нішто не прадвяшчала драмы, але наш Самадзержац – дзядуля з дзівацтвамі. Ні для каго не сакрэт, што Яго Вялікасць мае слабасць да маладзенькіх эскортніц і на кожным свяце паяўляецца з новай. Эскортніца стаіць, як правіла, за спінамі ахоўнікаў, і з плошчы яе асабліва не бачна. Гэтым жа разам надарыўся казус. У самы ўрачысты момант, калі дыктар па гучнагаварыцелі абвясціў, што на плошчу выходзіць калона Іскандэраў, асоба юных гадоў, стройная, як бярозка, горліцай выпырхнула на трыбуну, локцем адпіхнула сядзелку, схапіла вазок з Самадзержцам і зрабіла з ім некалькі танцавальных па. Служба бяспекі пазней адсправаздачылася, што гэта была "Тарантэла"... На Крамлёўскай сцяне ўсе знямелі, сёй-той пацягнуўся да кабуры, хтосьці ўпаў, нехта пабег тэрмінова званіць. Скончылася ўсё шчасліва. Самадзержац лагодна пахіхікаў і на вачах усяго народа прысвоіў эскортніцы званне палкоўніка, урачыста паведаміўшы, што цяпер яна як асоба з пагонамі мае поўнае права дакранацца да вялікадзяржаўнага вазка і нават кружыцца з ім на трыбуне.
Тыднем пазней нехта грамадзянін Чарноў абмяркоўваў гэты казус, як вядзецца, на кухні ў кампаніі сяброў і таварышаў, якім можна давяраць. "Цяпер Дзядуля проста абавязаны жаніцца," – сказаў грамадзянін, маючы на ўвазе Самадзержца. І дадаў: "Хаця не, без шансаў, у яго ж ёсць губернатар Паўночна-Заходняга краю". Толькі дзве фразы, і гэтага хапіла. Хто ж ведаў, што сярод сяброў ды таварышаў зачасаўся адзін супрацоўнік спецслужбаў. Назаўтра той таварыш падрыхтаваў начальству справаздачу: такі і такі – дысідэнт, абразіў губернатара, назваў яго садамітам, але гэта не самае горшае – ён зняважыў Самадзержца!
– Таварыш Жур, – сказала я. – Пазнаю маёра.
– Тады яшчэ не маёр, а лейтэнант, але так, яго справы хутка пайшлі ўгору. Грамадзяніна Чарнова арыштавалі ў той жа дзень. Ты пыталася, адкуль у яго метка – лічбы і літара "К"? У мяне такая ж, я атрымаў "Кантрольнага" за думкі не пра тое. Ён – за абразу Самадзержца. Страшныя злачынцы, і як нас зямля носіць? Таварыш Жур займеў новую зорачку на пагонах. Грамадзянін Чарноў пайшоў па этапе, дзесяць гадоў без права перапіскі – звычайны лёс, агульны для многіх у Імперыі.
– Дзе ён адбываў пакаранне?
– Тут. У Жодзінскай вязніцы.
– У яго быў хтосьці, так? – я ўспомніла той фотаздымак. Жанчына ў квяцістай сукенцы. Дзіця. – Яны жывыя?
– Жанчына, Ксюха ягоная, не стала чакаць, пакуль прыйдуць і за ёй, наглыталася снатворнага. Яе не адратавалі. Дзіця забралі ў прытулак. Вось і ўсё.
– Як ён выжыў?
– Амністыя. З умовамі, праўда, як для ўсіх палітычных. Ён выйшаў на волю з паражэннем у правах. Лішэнцам. На працу яго нідзе не бралі – ты ведаеш, як у нас ставяцца да былых палітзэкаў. Прыйшлося падацца ў кур'еры, то-бок, у кантрабанду, справа паўкрымінальная, але пад "дахам" у самога губернатара. Жыццё стала быццам наладжвацца, ды год таму ён зноў папаўся на "палітыцы", ды так недарэчна, помніш, я расказваў пра сварку з тым тхаром, інфарматарам палітычнай паліцыі? Здавалася б, дробязь, але для палітзэка гэта азначае рэцыдыў злачынстваў. Расстрэльны артыкул. Тады яго і вербанулі спецслужбы. Выбар быў просты – альбо стучаць на сваіх, альбо свінец у галаву. У кантрабандзе такіх завербаваных, як гразі, ледзь не кожны другі. Гэбісты мелі падазрэнне, што некаторыя з кур'ераў дапамагаюць палітбежанцам і праз інфарматараў разлічвалі выйсці на "Дарогу жыцця".
– Ты ведаў, што яго вербанулі?
– Здагадваўся. З першага ж дня, калі мы апынуліся ў адной камеры. "Кантрольных" трымаюць у адзіночках, ім забаронена камунікаваць з іншымі вязнямі. Я так і падумаў, што ён падсадны.
– І ты яму давяраеш?
– За ўвесь час ён не зрабіў ні аднаго даносу. Ні аднаго. Куратару аддаваў пустыя справаздачы. Вось ты пытаешся, чаму я лічу яго вартым даверу. Гучыць пафасна, але пагадзіся – ён прайшоў пекла ў поўным сэнсе слова, аднак не здолеў, не захацеў пераступаць цераз чырвоную лінію: данесці на чалавека і забіць чалавека.
– Таварыш маёр не ў лік? – сказала я з іроніяй. – Хаця, калі падумаць, чалавека там ужо не было, адна фуражка.
Ён пахітаў галавой.
– Віта, ты не зразумела. Таварыша маёра – я...
– Што? – мне падалося, што я недачула.
– Я спецыяльна не цэліўся, рука неяк сама пайшла. Нянавісць мая, пэўна, кулю панесла. Ты ведаеш, што такое нянавісць у тутэйшага – тлее пад сподам, як пажар на тарфяніку, і ніхто не ведае, калі рване. Ці я шкадую? Не, не шкадую, і кашмары не мучаць. Спаў, як пшаніцу прадаўшы, кананады нават не чуў.
– Мне здавалася, я цябе ведаю, як самое сябе, – прагаварыла я, калі да мяне вярнуўся дар мовы. – Аказваецца, ні халеры я не ведала. Ні пра цябе, ні пра сябе. Што ўжо казаць пра іншых. Мы быццам з розных сусветаў. Толькі боль аднолькавы для ўсіх. Гэта адзінае, што можа нас неяк зблізіць.
Пасля кароткага адпачынку мы прадоўжылі шлях. Туман пачынаў рассейвацца, праглянула сонца. Неўзабаве наперадзе паказаўся блокпост і аўтаматчыкі ў камуфляжы. Белы выйшаў наперад і загаварыў з імі, здаецца, на ламанай англійскай. Тыя адказвалі сцісла, кідаючы на нас кароткія пільныя позіркі. Я ўжо чакала, што нас зараз развярнуць назад, але аўтаматчыкі раптам адышліся, даючы нам дарогу. Ідучы цераз блокпост, я на ўсякі выпадак трымала пашпарт навідавоку. Дакументаў у нас не спыталі.
За блокпастом стаяў джып з бела-чырвонымі сцяжкамі на лабавым шкле. Нам насустрач крочыў, усміхаючыся, дабрадушны на выгляд таўстун з пшанічнымі вусамі, апрануты ў сінюю джынсу і пінжак, за ім дзяўчына ў акулярах-матыльках і касцюме бэзавага адцення і дзіўнага фасону – мяккія штаны з кішэнямі, кофтачка, капюшон. "Дарога жыцця" трымала сувязь з Дыяспарай, пра нас ведалі і чакалі з ночы, хаця мы запазніліся гадзін на пяць. Беларуская салідарнасць нікуды не падзелася, яе проста выпхнулі за калючы дрот. Цяпер я была спакойная – за нас усіх, за нашу будучыню. Нават калі ў Імперыі не застанецца ні аднаго беларуса, мы будзем жыць у Дыяспары, раскіданыя па свеце, як некалі народ Ізраэля. І калі-небудзь мы вернемся дадому.
Учацвярых мы важдаліся каля машыны, клапатліва ўкладваючы выратаваныя кнігі. Белы нейкі час стаяў убаку, моўчкі назіраючы за намі. Потым ён павярнуўся і павольна пайшоў да блокпаста.
– Белы, пачакай! – выклікнула я, кінуўшыся ўслед за ім.
Ён спыніўся.
– Куды ты зараз? – спытала я.
– Дадому, – адказаў ён коратка.
– А ты не думаў застацца тут?
– Дзе – тут?
– У заходнікаў.
– Ты нармальная?
Ён глядзеў на мяне так, нібыта я звярзла несусветнае глупства.
– Табе небяспечна вяртацца, – сказала я.
– Я ў курсе. Разбяруся.
– Застанься. Там пекла, разумееш?
Ён усміхнуўся кутком вуснаў.
– Табе пекла, а мне – Радзіма. Разумееш, не? Радзіма, – прамовіў ён з націскам. – А тут што? Так...фантазія.
Больш я не спрачалася. Безнадзейна. Памарудзіўшы імгненне, я ступіла да яго і абняла, як абдымаюць сябра ці брата перад доўгай разлукай. Альбо калі развітваюцца назаўсёды.
– Бывай, – сказала я.
– Ну, годзе. Годзе ўжо. Нічога. Пажывём яшчэ, – прагаварыў Белы, вызваляючыся з маіх абдымкаў.
Ён махнуў рукой і закрочыў у бок мяжы. Я стаяла і глядзела яму ўслед. Наша доля – вечныя ўцёкі. Прадзеды нашы змагаліся, мы ж проста бяжым. Расеец – такі ж уцякач, як і мы. Мы, усе разам, бяжым ад Імперыі, ад яе цемры і шаленства. Калі-небудзь цемра развеецца, скончыцца наш дзікі бег, мы выйдзем на светлы абшар, і тады я змагу сказаць яму: "Брат мой".
Свидетельство о публикации №214060901862
Янина Пинчук 18.11.2014 14:06 Заявить о нарушении
Як раз рэдагавала (проста памылкі вычытвала). Так, мне гэтая частка падабаецца больш за астатнія, хаця тут ужо не фэнтэзі, а нейкі дызельпанк:))) Я калі толькі пачынала ўсё гэта пісаць (у 2012м), то Акупантаў уяўляла вельмі прыблізна - ці то оркі, ці то Арда, толькі тэхналагічна прасунутая. А калі скончыла раздзел "Пошасць" то мне, в обшчЭм, той Інспектар усё спокою не даваў, з'явіўся ў мяне тады падазрон, што не ўсё з імі так проста.)))
ПС Затое з гэтым рэдагаваннем усё астатняе зусім закінула, бяда:(
Нероли Ултарика 10.05.2015 15:21 Заявить о нарушении