Шпацыры пад месяцам

Шпацыры пад месяцам
 - Бабуля, можна я сёння пайду ўначы на шпацыр?
 - Нельга - адрэзала бабуля.
 "Ну, тады..."- падумала я. - "прыйдзецца ўцячы". З сяброўкамі я дамовілася, што яны, калі прыйдзе час, схаваюцца ў кустах бэзу, і будуць адтуль падаваць умоўны сігнал: "Ку-ку" - гэта каб атрымалася рамантычней, як у кнігах.
 Спалі мы на гарышчы, куды трэба было залазіць па прыстаўных усходах з сенцаў. Бабуля пракантралявала, што мы туды забраліся, потым зачыніла двор і сенцы на засаўкі і сышла ў хату.
 Я вытрымала некаторы час і вырашыла поціху спусціцца. Чым больш я намагалася, тым гучней у мяне атрымлівалася. Ліля потым пракаментавала: "Ну, ты як слон…"
 Спусцілася я па ўсходах з грукатам, адкрыла завалу з сенцаў, і кінулася да брамкі. Па дарозе ўчапілася за нейкі крук і парвала сукенку. Але гэта мяне не спыніла. Дабегшы да брамкі, стала тузаць засаўку, а яна не адчыняецца.  Тут выскачыла бабуля.
 - Ты куды? А, ну, назад!…
 …І паплялася я зваротна, на гарышча. Ляжым… Лілька хіхікае… І раптам чуем: "Ку-ку.--- Ку-ку…" - Лілька зусім скісла ад смеху.
 Бабуля таксама пачула гэтыя пазыўныя… Узброіўшыся вілкамі, яна выскачыла на вулку. Сябровак яна не ўбачыла, яны ў кустах сядзелі. Затое, на сваю бяду міма праходзілі Пецька з Воўкам.
 - Я вам пакукую - кінулася бабуля на іх з вілкамі. І прыйшлося ім уцякаць, не разумеючы, завошта іх так.
 ***
 У наступны раз я вырашыла не адпрошвацца, а проста сысці ўвечар шпацыраваць і вярнуцца раніцай.
 І вось мы шпацыравалі пад месяцам, шпацыравалі-шпацыравалі-шпацыравалі… Але чамусьці шпацыраваць хутка надакучыла, да таго ж моцна захацелася спаць. І мы разыйшліся па хатах.
 Прыходжу, брамка ў двор зачынена. Пералезла праз плот. Дзверы ў сенцы таксама знутры зачынены. Тут я доўга мучылася, але, урэшце, таксама адкрыла…
  …Раніцай я чула, як бабуля паднялася па ўсходах і пералічыла галовы…
 …Потым днём, калі мы дапамагалі бабулі варушыць сена, яна доўга бурчэла на мяне… А Лілька хіхікала…


Рецензии