Козлики пайшли у парасёнки

Козлікі пайшлі ў парасёнкі

 Купіла мне мама сукенку, ці то чырвоную ў белую палосачку, ці то белую ў чырвоную палосачку. Палосачкі былі вельмі тоненькія, як нітачкі, і аднолькавай шырыні. Самая распрыўкрасная сукенка ў свеце. Надзела я яе і сама стала такой жа распрыўкраснай, любуюся на сябе ў люстэрка і не магу налюбавацца. Каралева.
 І паехала я ў гэтай распрыўкраснай сукенцы разам з мамай да бабулі ў вёску Козікі на міжгародным аўтобусе. Люблю ездзіць у аўтобусах: сядзіш, у акенца глядзіш… Толькі адно мне не падабалася: чаму аўтобус увесь час едзе побач з нейкай страшнай чорнай бяздоннай прорвай. І я ўвесь час баялася, што мы туды звалімся. Гэта быў усяго толькі цень аўтобуса. А тады я думала, што гэта прорва, і баялася, і абуралася…
 …І вось прыехалі мы ў Козікі. Бабуля нам вельмі ўзрадавалася.
 - Пойдзем у Тарасёнкі, - сказала яна мне, - у госці да бабы Амілі.
 І мы пайшлі. Бабуля ішла вельмі хутка. Я, трымаючыся за яе руку, бегла за ёй падскокваючы, увесь час напяваючы на ходу:
 - Козлікі пайшлі ў парасёнкі…
 А бабуля весела смяялася.
 Наш шлях пралягаў праз вёску, поле і лес. У лесе дарогу перасякаў раўчук са стромкімі берагамі. Праз ваду былі пакладзены кладкі. Я пабаялася ісці па бярвенцах і сказала, што лепш я ўброд гэты раўчук перайду. Раўчук быў зусім мелкі, курыца пяройдзе, і прыблізна ў метр шырынёй. Вада празрыстая, светла-карычневая. Бабуля сказала, што яна першая паспрабуе, стала спускацца, спатыкнулася і ледзь не звалілася. Тады я спалохалася, схапіла бабулю за руку і стала цягнуць. Карысці ад гэтага ніякай не было, але бабуля вельмі расчулілася:
 - Ах, ты мая добрая. Бабулю ратуеш.
 На беразе раўчука раслі вельмі буйныя званочкі, і бабуля сарвала для мяне некалькі кветачак. І мы пайшлі далей.
 Прыходзім у Тарасенкі. Хата, велічэзны сад, побач з ганкам ляжыць вялікі валун. А побач з валуном дзяўчынка, прыблізна майго ўзросту. Дзяўчынка была ў звычайнай, белай, у дробныя кветачкі, сукенке. Я паглядзела на яе напышліва-жаласна. А яна паказала мне язык. Я здзівілася: як яна магла, мне, самай галоўнай у гэтым свеце, каралеве, ды яшчэ ў такой распрыўкраснай сукенцы, язык паказваць. Я паглядзела яшчэ больш напышліва і адвярнулася.
 …Тады я не ведала, што гэта дзяўчынка ў той час таксама была самай галоўнай у свеце.


Рецензии