Вёски

Вёскі

 Як пацеркі на нітку, на прасёлкавую дарогу нанізаны тры маленькія вёскі: Кралькі, Баркі, Козікі. І трохі ўбаку, бліжэй да балота, яшчэ адна невялікая вёска Шэлягі.
 Абапал дарогі непаслядоўна перамяжоўваюцца загарадзі, частаколы, штыкетнікі, тыны, апавітыя кустамі маліны, ажыны, парэчкі, а таксама крапівай. Над імі ўзвышаецца шэраг вішань і сліў. Непасрэдна за плотам - кветнікі с кустамі бэзу. А за кветнікамі хаваюцца хаты, пакрытыя шыферам ці саломай, з разьбяной ліштвой, са сценамі, абабітымі дошкамі і пафарбаванымі, ці проста бярвеністымі. А вакол хат фруктовыя сады. Некаторыя хаты адступілі ўглыб саду, схаваўшыся за яблынямі і грушамі.
 …Сутокі, Шевякі, Баранькі, Тарасенкі, Кардон… - гэта я так, для сябе, каб не забыцца,  якія адметныя назвы ў вёсак у тым краі, дзе жыла мая бабуля. Раён не перспектыўны, вёскі выміраюць… Знікнуць вёскі - разам з імі сыдуць у нябыт і іх назвы…
 …Мая бабуля жыла ў вёсцы Козікі. У часы майго дзяцінства вёска была маленькай, чатырнаццаць хат, бабуліна хата чацвёртая, калі ісці з боку Баркоў. Справа ад дарогі - хата, двор, абгароджаны высокім, у тры метры вышынёй, бярвеністым плотам, і гарод. З другога боку ад дарогі - сад, у садзе расце самая высокая ліпа ў акрузе. У адрозненне ад іншых ліп, яна, як хвоя, больш расла ўгару, а не ў бакі. Унізе некалькі метраў голы просты ствол, ніжніх галінак рукой не дастаць, а далей крона, якая па форме нагадвае шышку чарота. Ствол не вельмі тоўсты, адзін чалавек яго не абхопіць, а два  здолеюць. І яшчэ ў садзе - брацкая магіла. Як мы ёй ганарыліся ў дзяцінстве - ні ў каго няма - а ў нас ёсць!!! Адразу пасля вайны магілу раскапалі, і рэшткі загінулых салдат звезлі ў раённы цэнтр, у больш агульную брацкую магілу. Але пасля гэтага бабуля выявіла, ускопваючы зямлю, што яны не ўсіх забралі, частка засталася. На гэтым месцы пасадзілі дзве бярозы, кусты шыпшынніка. Самі па сабе там разрасліся маліна і палявыя кветкі.
 Дарога, пакрытая пластом, у некалькі сантыметраў, мяккага шэрага пылу, ад Баркоў праз Козікі, ідзе далей у хваёвы бор, ён так і завецца, Бор. Бор абцякае вёску з усходу на захад, пераходзячы ў Лес.
 ***
 Сніцца сон: падыходжу да вёскі з боку Бору. Дарога пакрыта асфальтам, і на ёй вялікі паток машын. Нейкі кот крадзецца бакавінай, за кустамі, выбіраючы, дзе б яму пераскочыць вуліцу. На краю вёскі, дзе раней была хатка Валькі Шэдзькінай, выродліва ўзвышаюцца два блокавых трохпавярховіка, і ніводнага дрэўца побач. А за імі дзіўны шматпавярховы дом ў форме тэлевізара, у якога замест экрана - вокны ў некалькі паверхаў. Унізе "экрана" гаўбец з парэнчамі на ўсю шырыню "экрана", у канцы якога дзверы. І па гаўбцы прайшоў чалавек у спяцоўцы і схаваўся за дзвярамі.
 ..."А як там бабуліна хата?" - падумала я - "Што там?" - і прачнулася…


Рецензии