Биць будзем
Бабуля адправіла мяне з Валеркам у поле, аднесці працаўнікам абед. Ідзём мы праз Козікі. На дарогу выходзяць два Валеркіных прыяцеля, браты двайняткі Колька і Толік.
- Валька, адыдзі ў бок. - кажа Толік, - А цябе, Валерка, мы будзем біць.
У руках у братоў доўгія тонкія дубцы.
Я ўзвар'явалася: як, у мяне на вачах збіраюцца біць майго брата! Я сама з ім часта б’юся, і пабіць магу, але каб дазволіць гэта рабіць камусьці іншаму? Так, ніколі!
Я перадала Валерку бідончык і авоську з ежай, а сама, ступіўшы насустрач братам, вырвала ў іх з рук дубцы. Толік адбег на бяспечную адлегласць, а я пачала хвастаць Кольку ніжэй спіны яго ж дубцамі. А ён стаяў, глядзеў на мяне, гучна роў і нікуды не ўцякаў.
Міма ідзе старая суседка, Ядвіся, і кажа:
- Так, яго, бандыта, так.
Падтрымка гэтай непрыемнай старой мяне астудзіла трохі. Я перастала хвастаць Кольку, дубцы паламала на дробныя кавалачкі і закінула ў крапіву.
А потым узяла Валерку за руку, і пайшлі мы далей, у поле.
Калі мы адышлі досыць далёка, браты запусцілі нам услед палена, але яно не даляцела. Толькі трэска, якая адшчапілася ад удару аб зямлю, усадзілася мне ў нагу. Але я зрабіла выгляд, што нічога не здарылася, і выцягнула трэску пасля таго, калі братоў ужо відаць не было.
Свидетельство о публикации №214061000645