Абдурыли

Абдурыли

 - Мы сёння абдурым Аўгустыніху, - сказала мне Лілька, калі мы з ёй пайшлі ірваць лён на выдзеленай нам палосцы. - Ты будзеш ірваць на тым баку, дзе ўсе. А я пайду на працілеглы…
 ***
 Учора мы таксама рвалі лён па суседству з Аўгустыніхай. Як мы ні намагаліся, Аўгустыніха працавала хутчэй нас дваіх, разам узятых. Яна, напэўна, магла б працаваць яшчэ хутчэй, але далёка наперад ісці не жадала: ёй было сумна, была патрэба з кім-небудзь размаўляць падчас працы.
 Таму яна трымалася наперадзе, не даючы нам яе дагнаць, толькі ледзь-ледзь наперадзе. На гэтым Лілька і вырашыла згуляць.

 ***
 Калі Аўгустыніха прыйшла, я ўжо досыць папрацавала, і ёй прыйшлося мяне даганяць. Дагнала яна мяне вельмі хутка, дагнала, перагнала, а потым зменшыла тэмп.
 Ірвём мы лён і па баках не глядзім: некалі. Я намагаюся на ўсе жылы.
 Да вечара, калі сонца стала хіліцца да захаду, мы сустрэліся з Лількай на сярэдзіне поля.
 Аўгустыніха паглядзела наперад, на нашу палоску і пляснула рукамі:
 - Ай, абдурылі вы мяне, дзеўкі! Спрытна абдурылі.


Рецензии