Пра лиманад, гарэлку и яблыки

Пра ліманад, гарэлку і яблыкі

 Непадалёк ад хаты цёткі Юзэпы ў вёсцы Мясаедава рос вялікі, з хату велічынёй, куст ракіты.
 Шасцігадовая Валька забралася ўнутр куста. Там было ўтульна, як у пячоры. І таксама таямніча. Ніхто цябе не бачыць, а ты бачыш усё скрозь лістоту. Валька абыйшла ўсю пячору, вялікую як пакой, і ля каменя знайшла бутэльку з гарэлкай.
 Вось, выдатна! Гарэлку можна выліць. Засталося знайсці яшчэ адну бутэльку і потым схадзіць у мясцовую краму. Там за дзве пустыя бутэлькі можна купіць адну з ліманадам.
 А пакуль другой пустой бутэлькі няма, Валька гэту, знойдзеную з гарэлкай, надзейна схавала тут жа пад кустом.
 І пайшла шукаць пустую бутэльку.
 Пасля беспаспяховых пошукаў прыходзіць дахаты, а ў цёткі Юзэпы ў гасцях яе брат, дзядзька Валодзя. Засмучаны такі. Жаліцца, што схаваў у куст бутэльку з гарэлкай, а зараз знайсці не можа.
 Вальцы стала яго шкада і яна сказала:
 - Я дапамагу знайсці.
 І пайшла яна і "знайшла" і прынесла гэту бутэльку дзядзьку Валодзю.
 Які ён быў шчаслівы.
 І з радасці запрасіў Вальку ў свой сад, за яблыкамі.
 А сад у дзядзькі Валодзі быў казачна велізарны. І яблынь там было безліч-шматліка. А яблыкі - вялікія, румяныя, як на малюнку.
 І набралі яны яблыкаў цэлую торбу.
 Але тут выскачыла на ганак жонка дзядзькі Валодзі, і пачала крычаць-лаяцца і кідацца яблыкамі.
 А дзядзька Валодзя засланяў сабой Вальку ад яблыкаў, якія ляцелі як снарады, і ўсё казаў сваёй жонцы, што ўсхадзілася як апантаная:
 - Ну, што крычыш, супакойся…
 Казалі, не пашанцавала дзядзьку Валодзю з жонкамі.
 Першая была скандальна-крыклівая. Памерла ад рака горла.
 І другая таксама скандальна-крыклівая…


Рецензии