Пиянерски гальштук

Піянерскі гальштук

 …Адправіла мяне, трохгадовую, мама транзітам у вёску Козікі…

 А праз гады, калі я ўжо ў школе вучылася, пажалілася мне:

 …- Калі я цябе тады ў Козікі адпраўляла, я перадала тады з табой піянерскі гальштук для Анькі. А Ядзя яго выкрала… Мы ім нічога тады не сказалі: навошта ганьбіць людзей...

 …Прыходзіла да нас надоечы тады Ядзя ў госці. Ужо сталая, прыгожая, у строгім класічным гарнітуры. І ўжо вельмі мне за яе стала крыўдна.

 - Не можа быць такога, - кажу я маме, - не памятаю я ніякага гальштука…
 -Ну як ты можаш памятаць? - сказала мама, - Табе ж тады толькі тры гады было…

 І тужліва мне стала. І нічога я не магла тады сказаць у абарону Ядзі, паколькі абсалютна нічога не памятала.

 Але, напэўна, зарабілі нейкія механізмы, і памяць, хоць не цалкам, а фрагментарна, пачала аднаўляцца…

 …Адправіла мяне тады мама ў вёску з татавай пляменніцай Нінкай, ужо сталай дзяўчынай. Рэчы мае склалі ў вялікі папяровы пакет і перавязалі яго чырвоным са штучнага шоўка гальштукам. У вёсцы тады такіх гальштукаў яшчэ не было. Тамтэйшыя піянеры насілі цёмныя баваўняныя гальштукі колеру вянознай крыві. А гэты быў - пунсовы, як кроў артэрыяльная.

 У піянераў у той час было модна насіць гальштук увесь час. Вось і адправіла мама са мной гальштук у вёску для Анькі.

 …Памятаю, як мы ехалі з Нінкай у аўтобусе. Нінка сядзела ля вакна і трымала мяне на каленах. А я з жахам глядзела ў вакно: цень аўтобуса на асфальце мне здавалася бяздоннай прорвай, у якую мы ў любы момант можам зваліцца. Паспрабавала запратэставаць, але Нінка строга сказала:
 - Ціха! - і я ўсю астатнюю дарогу ехала ціха, і ўсю дарогу з жахам глядзела ў гэту прорву…

 …Урэшце, мы прыехалі ў Обаль. І нікуды не праваліліся.
 Далей мяне Нінка несла на руках праз велічэзнае тарфяное балота, карычневае і маркотнае, перарэзанае паралельнымі вузкімі і глыбокімі канавамі. І праз гэтыя канавы пралягала вузкакалейка. І рэйкі пралягалі праз канавы, а шпалы віселі ў паветры, замацаваныя на рэйках. А паміж шпаламі - бездань.
 І Нінка бясстрашна скакала па шпалах праз гэтыя бездані.

 А я спалохалася, што Нінка сарвецца, і паляцім мы з ёй у прорву, і зноў закапрызіла:
 - Я сама…

 Тады Нінка спынілася перад чарговай канавай і кажа ласкава:
 - Ну, пакажы, як ты сама.

 А я, стаўшы нагамі на ніжнюю рэйку, і ўхапіўшыся рукамі за верхнюю, стала бокам перабірацца праз канаву.

 Але Нінка не дала зрабіць мне і двух крокаў. Яна тут жа падхапіла мяне на рукі, і, засмяяўшыся, ізноў бясстрашна паскакала далей па рэйках.

 А я больш не капрызіла, а баялася моўчкі.
 
 І даставіла мяне Нінка да сваіх бацькоў у Баркі.

 А на наступны дзень, калі ўсё разыйшліся хто куды, Ядзя, малодшая сястра Нінкі, стала збірацца, каб адвезці мяне ў Козікі. Паглядзела яна на мой пакет і ўразілася: як такі прыгожы гальштук выкарыстоўваюць замест аборкі для перавязвання пакетаў? Яны там, у горадзе, напэўна, з тлушчу шалеюць - так, напэўна, думала Ядзя.

 - Які прыгожы гальштук, - сказала яна ўслых. - І што з ім зрабілі? У аборку ператварылі. Можна я яго сабе вазьму? - звярнулася яна да мяне.

 - Бяры, - сказала я. Ядзя была тады такая цудоўная. А я тут жа забылася пра гэту чырвоную анучку.

 А потым Ядзя везла мяне на ровары, пасадзіўшы перад сабой на раму, з Баркоў у Козікі, і ўсю дарогу спявала вельмі прыемным голасам:

 "…Нагадал мне попугай счастье по билетику – я три года берегу эту арифметику…"

 …А потым, калі ў мяне пазней пыталіся, дзе гальштук, я казала, што не памятаю, і не бачыла ніякага гальштука.

 А мама потым Аньцы другі гальштук прывезла.


Рецензии