Чорныя Зорки
////Казка. Напісана ў 2009. Перакладзена ў 2014////
Аднойчы сонечнай летняй раніцай Даля выйшла на ганак сваёй хаты. Надвор'е было цудоўнае: ярка свяціла Сонца, на траве зіхацела ранішняя раса, а ў паветры пырхалі матылькі.
Адзін асабліва прыгожы матылёк з жоўтымі крылцамі апусціўся на кветку канюшыны. Далі захацелася яго злавіць. Дзяўчынка асцярожна падкралася да матылька і ўжо працягнула была руку, але матылёк пырхнуў і паляцеў. Даля пабегла следам. А наўкол было яшчэ гэтулькі матылькоў: белых з чорнымі плямкамі, ярка-фіялетавых, жоўтых ў гарошкі, цытрынавых, малінавых, шакаладных ...
Даля ўжо і раздумалася іх лавіць, ёй падабалася проста бегчы ўслед за матылькамі па роснай траве. І Сонца свяціла так ярка. Даля пачувалася такой шчаслівай і радаснай! Яна доўга бегала па лужках, ганяючыся за матылькамі, і раптам убачыла на траве чыйсьці цень.
Цень прыналежыў яе суседу, прафесару Шцюрму. Прафесар ляжаў у шэзлонзе і, насунуўшы на вочы сонечныя акуляры, чытаў кнігу "Аб паходжанні Сусвету". Ён быў страшна разумны, гэты Прафесар, але жыхары мястэчка яго недалюблівалі за кепскі характар. Аднак Даля з ім выдатна ладзіла. Ёй заўсёды было надзвычай цікава з ім пагаварыць. А гутарыць ён мог на любую тэму: пра далёкія зоркі, пра дагістарычных панцырных рыб, пра зніклыя цывілізацыі...Іншым людзям усё гэта здавалася сумным і нудным, але Даля заўсёды слухала яго стаіўшы дыханне. "Цікава, пра што ён мне распавядзе гэтым разам?" -- падумала Даля.
-- Добрай раніцы, прафесар Шцюрм! -- ветліва сказала яна.
-- Прывітанне-прывітанне! -- усміхнуўся Прафесар, зірнуўшы на яе паўзверх акуляраў.
-- А што гэта за кнігу вы чытаеце? -- пацікавілася Даля.
-- Гэта кніга пра Чорныя Зоркі. Ты калі-небудзь чула пра іх?
-- Не, ніколі. Раскажыце!
-- Чорныя Зоркі... – на абліччы Прафесара з’явіўся летуценны выраз. -- Іх шмат у Сусвеце. Яны халодныя, цёмныя і...драпежныя!
-- Драпежныя? -- здзівілася Даля.
-- Але. Яны, як галодныя драпежнікі, пажыраюць усё, што знаходзіцца паблізу. Планеты, зоркі, метэарыты, касмічны пыл...нават святло іншых зорак.
-- Як такое можа быць? -- недаверліва спытала Даля.
-- Як жа табе растлумачыць...ну ведаеш, калі ты адкрываеш зліў ў ванне, утвараецца варонка, якая ўсмоктвае ваду. Калі Космас -- гэта ванна з вадой, то Чорныя Зоркі -- гэта велізарныя касмічныя варонкі.
-- І ў гэтыя варонкі выцякае Космас?
-- Ха-ха-ха! -- развесяліўся Прафесар, -- Багатае ў цябе ўяўленне. А ўвогуле ты слушна сказала. Так, гэтыя "варонкі" пажыраюць Космас, яны ўсмоктваюць у сябе ўсё на свеце, і ніколі яны не насыцяцца. Калі-небудзь яны праглынуць увесь Сусвет, і тады ў свеце не застанецца нічога, апроч Чорных Зорак.
Даля памаўчала трохі, а потым спытала:
-- А наша Зямля? Яе таксама...праглынуць?
-- Абавязкова!-- радасна сказаў Прафесар. -- Але не хвалюйся, гэта адбудзецца яшчэ вельмі не скора.
Даля маўчала. Прафесар зноў паглыбіўся ў сваю кнігу і здавалася, зусім забыўся пра дзяўчынку. Даля павярнулася і паплялася дадому, нават не развітаўшыся. Наўкол па-ранейшаму пырхалі матылькі і ярка свяціла Сонца, але Далю гэта больш не цешыла. Ёй было страшна.
Яна спынілася і паглядзела ў неба. Дзесьці там, у глыбінях Космасу, утойваюцца драпежныя Чорныя Зоркі. Яны пажыраюць усё, што знаходзіцца паблізу. Калі небудзь яны зжаруць Сонца, і Зямлю, і ўсё-усё-усё...
"Які жах!..." -- падумала Даля.
Набліжаўся час абеду. Даля, журботная і задуменная, вярнулася дадому. На кухні смачна пахла пірагамі. Мама завіхалася каля пліты, а за сталом сядзела цётка Флора, мамчына сястра. Яна часцяком наведвалася да іх у госці на кубачак гарбаты.
-- Дабрыдзень, Далечка! Я так рада цябе бачыць! -- усклікнула цётка Флора ,і ўскочыўшы з-за стала, кінулася яе абдымаць і цалаваць.
-- Садзіся за стол, Даля. -- сказала Мама. -- Я прыгатавала твой любімы яблычны пірог з салодкай смятанкай.
-- Прабач, мама. Нешта мне не надта хочацца есці...-- адказала дзяўчынка.
- Што здарылася? -- устрывожылася Мама. -- Ты выпадкова не захварэла?
-- Ды не, -- сказала Даля, -- проста сёння я размаўляла з прафесарам Шцюрмам...
- -А-а-а, тады ўсё зразумела, -- уздыхнула Мама.
-- Гэты Прафесар...Ён страшны чалавек! Проста страшны!-- перапыніла яе цётка Флора. -- Уяўляеце, аднойчы я мела неасцярожнасць з ім загаварыць. Сказала: "Дабрыдзень, Прафесар! Якое цудоўнае, сонечнае сёння надвор'е!" Ведаеце, што ён мне адказаў? Сказаў, што ў наш час не надта разумна цешыцца сонечным надвор'ем, таму што ў атмасферы Зямлі ўтварыліся велізарныя дзюры! І праз гэтыя дзюры пранікаюць Касмічныя Прамяні, якія спакваля забіваюць усё жывое на Зямлі! Гэта жудасна. У мяне настрой быў сапсаваны на ўвесь дзень. Больш я з ім не размаўляю. Проста вітаюся з ветлівасці -- і ўсё!
-- Так, прафесар Шцюрм умее псаваць людзям настрой, -- сказала Мама.
-- Але ж усё, што ён кажа -- праўда! – усклікнула Даля.
-- Праўда-то праўда, -- пагадзілася Мама, -- але не ўсякую праўду варта ведаць, асабліва маленькім дзяўчынкам. Пра што вы размаўлялі з Прафесарам?
-- Пра Чорныя Зоркі. Яны пажыраюць Космас, і калі-небудзь зжаруць нашу планету...Мама, гэта праўда?
Мама кіўнула.
-- Так, гэта праўда. Але гэта будзе яшчэ не хутка. І гэтыя Зоркі так далёка... Не варта думаць аб падобных рэчах.
-- Але мама, гэта так жудасна! Усё знікне, увесь Сусвет знікне. Застануцца толькі Чорныя Зоркі -- і больш нічога...
- Даля, гэта будзе яшчэ вельмі, вельмі не скора, -- цярпліва сказала Мама. -- Да гэтага часу ўжо не будзе ні цябе, ні мяне, і нікога з нашых знаёмых. Магчыма, да таго часу ўжо і людзей-то не будзе...
-- Правільна, няма чаго турбавацца аб тым, што нас не датычыцца! -- умяшалася цётка Флора. -- Цяпер мяне турбуе толькі яблычны пірог, які можа астыць і зрабіцца зусім нясмачным. Давайце садзіцца за стол, я проста паміраю з голаду!
Пірог здаўся Далі зусім не салодкім. Удосталь нагаманіўшыся і напіўшыся чаю з пірагом, цётка Флора пачала збірацца дадому. Мама з Даляй праводзілі яе да аўтобуснага прыпынку. Вярнуўшыся дадому, Даля замкнулася ў сваім пакоі і не выходзіла аж да вечара.
Даля думала пра Чорныя Зоркі. Яна ў думках звярталася да іх, быццам яны маглі яе пачуць: "Вы такія злыя і небяспечныя. Як можна быць такімі? Чаму вы жадаеце знішчыць Космас? А што будзе, калі ў свеце больш нічога не застанецца? Вы пачнеце жэрці адна адну? Або злучыцеся ў адну велізарную Чорную Зорку?.."
Але Чорныя Зоркі маўчалі.
"Я мушу пагаварыць з Прафесарам! -- вырашыла Даля. -- Сёння ўжо позна, але заўтра раніцай я наведаюся да яго ў госці і папрашу распавесці пра Чорныя Зоркі."
Наступнай раніцай, Даля, нават не паснедаўшы, паспешліва апранулася і пабегла да Прафесара. Ён жыў у доме на суседняй вуліцы.
Прафесар Шцюрм сядзеў у сябе на кухні каля адчыненага акна. Убачыўшы Далю, ён ветла памахаў рукой, запрашаючы яе ўвайсці.
Прафесар спакойненька снедаў. На стале стаяла кава з вяршкамі, вінаградны сок, талеркі са свежымі памяранцамі, тостамі і сунічным джэмам.
Перад Прафесарам на стале ляжаў уключаны ноўтбук. Ён піў каву, не адрываючы вачэй ад манітора.
-- Добрай раніцы, Даля. Паснедаеш са мной? -- сказаў Прафесар.
- Дзякуй, але...Я хацела пагаварыць з вамі пра ... – пачала была Даля, але Прафесар яе перапыніў.
-- Чула свежыя навіны? Да нас ляцеў Астэроід!
-- Які Астэроід? -- здзівілася Даля.
-- Вось! -- сказаў Прафесар, павярнуўшы ноўтбук так, каб Даля магла бачыць манітор. На ноўтбуку быў адкрыты нейкі сайт з навінамі.
-- Гіганцкі Астэроід ляцеў з глыбінь Космасу наўпрост да нас! -- сказаў Прафесар. -- Па падліках астраномаў, сёння раніцай, роўна ў шэсць гадзін сарок восем хвілін Астэроід павінен быў урэзацца ў Зямлю! Ён бы працяў нашу планету наскрозь, і Зямля разляцелася бы на мільёны аскепачкаў. Ты можаш сабе гэта ўявіць?
- Ох!... - толькі і здолела вымавіць Даля.
-- Ды ўжо - "Ох!". Лепш і не прыдумаеш, -- весела сказаў Прафесар.
-- Але... мы ўсё яшчэ жывыя. Нічога не здарылася, праўда? -- спытала Даля. -- Астэроід праляцеў міма?
-- Не,-- адказаў Прафесар. -- Ён проста не даляцеў. Яго злавіла Чорная Зорка.
-- Як гэта?
-- А вось так! Недалёка ад нашай планеты ёсць Чорная Зорка... Наогул па нашых мерках яна вельмі, вельмі далёка, але для Космасу гэта не адлегласць. Дык вось, Астэроід меў неасцярожнасць пралятаць занадта блізка ад Чорнай Зоркі, і яна яго злавіла і праглынула цалкам. Астэроіда больш няма.
Даля здзіўлена глядзела на манітор.
-- Значыць, Чорная Зорка выратавала нам жыццё? -- ціха прагаварыла яна.
-- Ну, можна і так сказаць.
-- Значыць...Выходзіць, што...гэтыя Чорныя Зоркі не такія ўжо і дрэнныя?...
-- Не, яны дрэнныя. Вельмі дрэнныя. Яны проста жудасныя. -- бадзёрым голасам сказаў Прафесар.-- Аднак усё ў свеце адносна...Хочаш памяранец?
-- Ага, дзякуй...Ведаеце, я ўчора цэлы дзень думала пра Чорныя Зоркі...
- Яны цябе палохаюць? -- пацікавіўся Прафесар.
-- Так, вельмі...Але сёння, калі я даведалася пра Астэроід...
Прафесар усміхнуўся.
-- Справа ў тым, Даля, што ўсё ў свеце адносна. Зрэшты, я ўжо пра гэта казаў. У гэтым свеце няма нічога абсалютна добрага і абсалютна дрэннага. Кожная рэч утойвае ў сабе небяспеку, і ў той жа час у кожнай рэчы ёсць штосьці добрае, карыснае. Разумееш?
-- Здаецца, так... -- адказала Даля.
-- Калі так, сядай за стол і будзем снедаць, -- сказаў Прафесар. -- Я ведаю, што ты любіш сунічны джэм.
Даля толькі цяпер адчула, што яна страшна галодная. Нічога дзіўнага, яна ж нават не павячэрала напярэдадні -- ўсё думала пра тыя страшныя Чорныя Зоркі... а падсмажаны хлеб выглядаў так апетытна...
-- Мяркую, што пра Чорныя Зоркі ты цяпер ведаеш дастаткова і больш не будзеш іх так баяцца,-- сказаў Прафесар, назіраючы, як Даля намазвае джэм на тосты. -- А зараз я распавяду табе пра астэроіды. Яны значна больш небяспечныя за Чорныя Зоркі, бо Зоркі далёка, а астэроід у любы момант можа апынуцца зусім блізка ад нашай Зямлі. Астэроіды... Яны блукаюць у касмічнай пустэчы, пакуль не сутыкнуцца з якой-небудзь планетай, альбо пакуль іх не зловіць Чорная Зорка...
"Усёткі добра, што ў свеўе ёсць Чорныя Зоркі, яны могуць абараніць Зямлю ад астэроідаў," -- падумала Даля і зразумела, што больш не баіцца. Зусім.
Яны яшчэ доўга сядзелі ў кухні ў Прафесара, пілі каву з вяршкамі і гутарылі пра розныя дзівосы.
Мама зазірнула ў пакой Далі, каб паклікаць яе снедаць і ўбачыла, што ложак акуратна засланы, а дзяўчынкі дома няма. "Зноў пабегла да свайго Прафесара, -- падумала Мама. – Пэўна, ён не такі ўжо дрэнны чалавек. Апроч таго, ён адзіны сябар Далі. Што ж, мусіць, лепш такі сябар, чым наогул ніякага."
-- Так, магчыма, ён не такі ўжо і дрэнны чалавек. А чаму б мне не запрасіць яго на кубачак гарбаты з пірагом? -- сказала ўслых Мама і ўсміхнулася.
(2009 г.)
Свидетельство о публикации №214061200692
...так, насамрэч, усё ў свеце адносна...
З цеплынёй,
Наташа Ружицкая 12.07.2014 00:26 Заявить о нарушении
Дзякуй за водгук! :)
Нероли Ултарика 12.07.2014 10:22 Заявить о нарушении