Вуснами дзицяци глаголе исцина

Вуснамі дзіцяці глаголе ісціна

 Стас вяртаўся дахаты злёгку падпіўшы: ён з прыяцелямі ў гэту нядзелю адзначалі свята, дзень зарплаты.
 Пасярод сцяжынкі, па якой ён ішоў, злёгку пахістваючыся, сабралася група жанчын, і Рэнька, лепшая сяброўка Муські, жонкі Стаса, якая стаяла спіной да Стаса, штосьці ўзбуджана лапатала, а астатнія яе слухалі, прагна і ўважліва.
 Падыдучы бліжэй Стас пачуў, што гутарка ідзе пра яго жонку Муську, як яна забаўлялася, пакуль Стас быў у камандзіроўцы ў Дрысе.
 - Ах, ты, шалава-пляткарка, - раўнуў Стас і пхнуў спалоханую Рэньку проста на яе прыяцелек. Тая завішчала, насілу захаваўшы раўнавагу, учапіўшыся кіпцюрамі за Верку. Верка незадаволена сыкнула, а Рэнька, адпусціла яе і кінулася ў бок аддзялення міліцыі, крычучы на хаду:
 - Атрымаеш, хуліган-алкаголік!...
 А Стас, адразу працверазеўшы, спалохана пабег дахаты.

 ***
 Дома тры яго дочкі, Аня, Лёля і Варка, гулялі ў школу. Першакласніца Аня была настаўніцай. Яна строгім голасам дыктавала словы, а дзве малодшыя старанна запісвалі іх у сшыткі, раскладзеныя на зэдлічках. Самі вучаніцы сядзелі на падлозе, абапіраючыся на каленкі.
 - Дочкі, - сказаў задыханы Стас. - Я стукнуў цётку Рэню за тое, што яна дрэнна сябе вяла. І яна пабегла ў міліцыю жаліцца. Калі прыйдзе міліцыянер, скажыце яму, што тата ўвесь час быў дома і спаў.
 З гэтымі словамі Стас прайшоў у спальню, распрануўся, залез пад коўдру і прыкінуўся спячым.
 Тут жа ва ўваходныя дзверы пастукалі.
 У кватэру ўвайшоў міліцыянер, а за ім, няспына траскочучы, цётка Рэня.
 На пытанне:
 - Дзе бацька?
 Аня сказала:
 - Тата працаваў у трэцюю змену, і зараз спіць.
 Міліцыянер прайшоў у спальню, а за ім - Рэнька.
 Але пакуль яны туды зайшлі, тры дзяўчынкі іх апярэдзілі і сталі ўздоўж ложка, як ахова.
 Стас зрабіў выгляд, што толькі што прачнуўся. Адкрыў вочы і са здзіўленнем стаў глядзець на міліцыянера і Рэньку.
 - Тата ўвесь час быў дома, - паўтарыла Аня.
 - Ідзі адгэтуль, - сказаў міліцыянер Рэньцы, і сам таксама сышоў пасля яе. А на развітанне, калі Рэнькі ў кватэры ўжо не было, ціха сказаў Стасу:
 - Скажы дзякуй сваім дочкам. А то памахаў бы ты ў мяне венікам у парку, перадавік вытворчасці.


Рецензии