Кропка апоры

Кропка апоры

 Фізіку ў сёмым класе вёў у нас Анатоль Яхімавіч. Ці не Яхімавіч... Не памятаю. Памятаю, высокі, худы, інтэлігентны, у шэрым класічным гарнітуры і белай кашулі. Ачкі ў металічнай аправе.
 Калі ён сердаваў, металічная аправа распалялася прама на вачах. І ён, гледзячы ва ўпор на вучня, які правініўся, казаў: "Шягом марьшь з клясса".

 Наспела алімпіяда па фізіцы. І адправіў наш настаўнік на яе тых, хто ўмеў палічыць хуткасць, ведаючы час і адлегласць.

 І прыйшлі мы, абраныя, на кансультацыю перад алімпіядай. А праводзіў кансультацыю Яўген Міхайлавіч, наш лепшы фізік. Пра яго казалі, што ён нікому пяцёрак не ставіць, аргументуючы гэта тым, што сам фізіку на пяць не ведае. Вонкава і голасам ён быў падобны на Аркадзя Райкіна і любіў яго цытаваць.

 І вось кансультацыя. Намаляваў Яўген Міхайлавіч на дошцы вялікі круг, а на ім зверху зусім маленькі кружок і пытае:
 - Калі пхнуць маленькі шарык, то калі ён адарвецца ад паверхні вялікага? Дакуль ён будзе каціцца па паверхні?
 "Адразу ж адарвецца і паляціць у бок, - падумала я. - Але гэта ў жыцці. А ў задачы як?"

 І выклікае мяне Яўген Міхайлавіч, і просіць распавесці, што я думаю па гэтым пытанні.
 - Шарык будзе каціцца да таго часу, пакуль пад ім будзе апора…
 - Гэта пра якую апору ты распавядаеш? - з'едліва спытаў Яўген Міхайлавіч, - ужо ці не пра тую кропку апоры,  з дапамогай якой Архімед збіраўся свет перавярнуць?
 "Здзекуецца", - падумала я, і, прыняўшы паставу партызана на допыце, не стала адказваць ні на гэта пытанне, ні на наступныя.
 -Ну, садзіся, - сказаў Яўген Міхайлавіч і выклікаў Рыту з класа "В", у якім сам вёў фізіку.

 Выйшла Рыта да дошкі і стала маляваць вакол шарыка мноства вектараў дзейсных на шарык сіл. І напісала формулу. І стала ўсё распавядаць...
 ...І гледзячы і слухаючы Рыту, я адчула сябе пітэкантропам побач з цывілізаванай Рытай...


Рецензии