Гэта не твая сястра?
У маіх аднакласнікаў настаўнікі перыядычна пыталіся:
- Гэта, выпадкова, не твая сястра (твой брат) вучыцца ў класе …?
А мне ні разу такога пытання не задавалі. Як быццам у мяне няма ні сясцёр ні братоў. А я так жадала, каб мяне спыталі пра гэта. І я тады б ганарліва адказала:
- Так, Ліля мая сястра! Так, Аня мая сястра…
Не пыталіся, крыўдна.
Праз гады Лілька мне сказала:
- Я заўсёды крыўдзілася, калі настаўнікі мяне пыталі: "Гэта выпадкова не твая сястра, якая…?". І ўспрымала гэта, як быццам яны лічаць цябе больш здольнай вучаніцай. А я - усяго толькі твая сястра…
І не пытаюць - крыўдна. І пытаюць - крыўдна. Ніяк нам не дагодзіш.
Мяне неяк настаўніца па гісторыі Марыя Антонаўна спытала:
- Гэта не твой сваяк, лётчык, які ўдзельнічаў у абароне Масквы?
- Не, што вы, проста аднафамілец, - адказала я.
А пазней пазнала, што гэта татаў брат родны.
Свидетельство о публикации №214061800576